Албанія
| |||||
Дэвіз: ««алб.: Ti, Shqipëri, më jep nder, më jep emrin Shqiptar" «Ты, Албанія, даеш мне гонар, даеш мне імя албанца»» | |||||
Гімн: «Hymni i Flamurit (Аб'яднаныя вакол сцяга)» | |||||
Дата незалежнасці | 28 лістапада 1912 (ад Асманскай імперыі) | ||||
Афіцыйная мова | албанская | ||||
Сталіца | Тырана | ||||
Найбуйнейшыя гарады | Тырана, Шкодэр, Влёра, Дурэс, Эльбасан | ||||
Форма кіравання | Парламенцкая рэспубліка | ||||
Прэзідэнт Прэм’ер-міністр |
Байрам Бегай Эдзі Рама | ||||
Плошча • Усяго • % воднай паверхні |
139-я ў свеце 28 748 км² 4,7% | ||||
Насельніцтва • Ацэнка (2022) • Перапіс (2023) • Шчыльнасць |
2,776 міл[1] чал. 2 412 113[2] чал. 103,6 (2020)[1] чал./км² | ||||
ВУП (ППЗ) • Разам (2022) |
$18 852 095 518[1] | ||||
ІРЧП (2020) | 0,795[1] (высокі) (69-ы) | ||||
Валюта | лек | ||||
Інтэрнэт-дамен | .al | ||||
Код ISO (Alpha-2) | AL | ||||
Код ISO (Alpha-3) | ALB | ||||
Код МАК | ALB | ||||
Тэлефонны код | +355 | ||||
Часавыя паясы | +2 |
Алба́нія (алб.: Shqipëria), Рэспу́бліка Алба́нія (алб.: Republika e Shqipërisë) — паўднёва-еўрапейская краіна на Балканскім паўвостраве.
Краіна мяжуе з Чарнагорыяй на паўночным захадзе, з часткова прызнанай Рэспублікай Косава на паўночным усходзе, з Паўночнай Македоніяй на ўсходзе і з Грэцыяй на поўдні і паўднёвым усходзе. Ад Італіі краіну аддзяляе праліў Отранта шырынёй у 72 км. Албанія абмываецца Адрыятычным морам на захадзе і Іанічным морам на паўднёвым захадзе.
Большую частку тэрыторыі Албаніі займаюць сярэдневысокія горы. Клімат узбрэжжа субтрапічны міжземнаморскі, у гарах — умераны кантынентальны. Памежныя азёры — Скадарскае, Ахрыдскае, Прэспа — маюць вялікія памеры і славяцца сваёй прыгажосцю. Прыродныя раслінны і жывёльны свет захаваліся лепш, чым у іншых міжземнаморскіх краінах. Уражвае разнастайнасць ландшафтаў у краіне плошчай (28 748 км²), меншай нават за Магілёўскую вобласць.
Унітарная парламенцкая рэспубліка. Падзяляецца на 12 абласцей, у склад якіх уваходзіць 61 муніцыпалітэт, на самым нізкім узроўні налічваецца амаль 3000 камун. Сталіца краіны і яе фінансава-прамыловы цэнтр — горад Тырана.
Албанія з’яўляецца членам Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, НАТА, Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе, Савета Еўропы, Сусветнай гандлёвай арганізацыі і Арганізацыі ісламскага супрацоўніцтва. Дзяржава з’яўляецца адным з заснавальнікаў Энергетычнай супольнасці, Арганізацыі чарнаморскага эканамічнага супрацоўніцтва і Міжземнаморскага саюза, а таксама з’яўляецца афіцыйным кандыдатам на сяброўства ў Еўрапейскім Саюзе.
Этымалогія
[правіць | правіць зыходнік]Назва краіны з’яўляецца экзонімам і паходзіць ад ілірыйскага «olba» — «паселішча». Упершыню назва з падобным коранем — Albanopolis — сустракаецца на карце Пталамея (150 н.э.), дзе яна маркіруе паселішча на паўночны ўсход ад сучаснага Дурэса. Самі ж албанцы называюць сваю краіну Шкіперыяй, што паводле народнай этымалогіі азначае «зямля арлоў».
Геаграфічнае становішча
[правіць | правіць зыходнік]Плошча Албаніі складае 28,7 тыс. км². Краіна выцягнутая на 340 км з поўначы на поўдзень і на 150 км з захаду на ўсход. Агульная даўжыня марскога ўзбярэжжа 362 км. У Адрыятычным моры Албаніі належыць востраў Сазані.
Прырода
[правіць | правіць зыходнік]Цэнтральная частка ўзбярэжжа — раўніна; астатняя тэрыторыя (каля 70 %) занятая гарамі, што агулам вядомыя як Балканскія: Паўночнымі Албанскімі Альпамі (або Праклецце); хрыбтамі Таморы, Карабі (да апошняга належыць найвышэйшая кропка краіны — гара Кораб (або па-албанску Карабі, 2764 м) на мяжы з Паўночнай Македоніяй); на паўднёвым захадзе размешчаны Акракераўнскія горы, што спускаюцца адхонамі проста ў Іанічнае мора; на паўднёвым усходзе — горы Пінд,
На тэрыторыі Албаніі ёсць радовішчы нафты, прыроднага газу, вуглю, хрому, медзі, нікеля.
Клімат субтрапічны, на ўзбярэжжы міжземнаморскі, на ўсходзе — кантынентальны. У гарах клімат умераны. Сярэдняя тэмпература складае −1 °C узімку і 21.8 °C улетку, але чаргаванне гор і раўнін стварае значныя кантрасты паміж рознымі часткамі невялікай краіны. На ўзбярэжжы, у вобласці міжземнаморскага клімату, сярэдняя тэмпература студзеня складае 8—9°С, ліпеня — 24—25°С, у гарах зімовыя тэмпературы адмоўныя. Ападкаў 800—2000 мм у год, што болей чым у сярэднім па Міжземнамор’і, большая частка выпадае зімой у выглядзе дажджу. Некаторыя схілы Паўночных Албанскіх Альпаў атрымліваюць больш за 3000 мм ападкаў, што робіць іх адным з самых "вільготных куткоў" Еўропы.
Самая вялікая рака — Дрын, што, пачынаючыся ў Праклецці са зліцця Чорнага і Белага Дрынаў, цячэ свае 148 км з усходу на захад у паўночнай частцы краіны. Самая доўгая рака — В’ёса (192 км), што мае выток у Грэцыі. Найбуйнейшыя азёры: Скадарскае (памежнае з Чарнагорыяй), Ахрыдскае, Прэспа (абодва на мяжы з Паўночнай Македоніяй). Усе азёры чымсьці геаграфічна адметныя: Скадарскае — найбуйнейшае ў Паўднёвай Еўропе; Ахрыдскае возера занесена ў спіс Сусветнай спадчыны, да таго ж, лічыцца адным з самых старажытных азёр свету; Прэспа — надзвычай высакагорнае. На Дрыне маецца нізка вадасховішчаў. З Праклецця спускаюцца ледавікі, прычым снегавая лінія дзе-нідзе праходзіць на вышыні 2000 м. — з’ява незвычайная для гэткіх цёплых шырот.
Раслінны і жывёльны свет Албаніі, дзякуючы рэльефу, клімату і гідраграфіі, вельмі разнастайны; а дзякуючы невялікай шчыльнаці насельніцтва ў гарах — яшчэ і няблага захаваны. Звыш 2/5 тэрыторыі Албаніі пакрыта лясамі з сасны, елкі, бярозы і дубу ды хмызнякамі, каля 1/4 — лугамі. Лясы лепей захаваліся ў гарах. На месцы зведзеных лясоў утварыліся фармацыі тыпу маквісу. Жывёльны свет даволі багаты, сустракаюцца буйныя млекакормячыя: мядзведзь, алень, рысь — усе яны знаходзяцца пад пагрозай знікнення; шмат ліс, шакалаў, ваўкоў, лясных катоў. У эстуарыях рэк, на азёрах і балотах гняздуецца мноства птушак, у тым ліку фламінга, малы баклан, курчавы пелікан; на узбярэжжах кладуць яйкі розныя віды чарапах. У эстуарыі ракі В’ёса створаны рэзерват В’ёса–Нарта, даліна ж самой ракі лічыцца адной з рэдкіх малакранутых чалавекам рачных далін у Еўропе і яе сённяшні стан выклікае заклапочанасць эколагаў. Усягоў Албаніі 14 нацыянальных паркаў, 4 водна-балотных угоддзі, 1 марскі парк.[3] Албанія займае самыя высокія сярод краін Паўднёвай Еўропы пазіцыі ў розных экалагічных рэйтынгах.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Паходжанне албанцаў часцей за ўсё звязваюць з ілірыйскімі плямёнамі, аднак адзінай версіі этнагенезу албанскага народа не існуе.
У XV стагоддзі населеныя албанцамі тэрыторыі былі захоплены Асманскай імперыяй. Да гэтага часу адносіцца дзейнасць албанскага нацыянальнага героя Георгія Кастрыёці (Скандэрбега), які здолеў аб’яднаць народ у барацьбе з туркамі і забяспечыць незалежнасць Албаніі на 25 гадоў. Пасля смерці Скандэрбега Албанія канчаткова трапіла пад уплыў асманаў. Турэцкая акупацыя працягвалася аж да пачатку XX стагоддзя, калі ў ходзе Першай балканскай вайны Албанія абвясціла незалежнасць 28 лістапада 1912 года.
Пасля здабыцця незалежнасці краіна доўгі час знаходзілася ў стане палітычнага хаосу, знаходзячыся часам пад вонкавым кіраваннем. У 1924 годзе да ўлады на кароткі тэрмін прыйшоў урад на чале з праваслаўным святаром Феанам Нолі, што неўзабаве быў звергнуты аўтарытарным праітальянскім лідэрам Ахметам Зогу, які ў 1928 годзе абвясціў сябе «каралём усіх албанцаў».
7 красавіка 1939 года Албанія была акупаваная фашысцкай Італіяй, кароль збег з краіны. Пасля капітуляцыі Італіі ў верасні 1943 года краіна была занятая гітлераўскай Германіяй. Сіламі мясцовага партызанскага руху цалкам вызвалена ад захопнікаў 29 лістапада 1944 года.
Пасля Другой сусветнай вайны ўлада ў Албаніі была сканцэнтравана ў руках камуністаў на чале з Энверам Ходжа. 11 студзеня 1946 года абвешчана Народная Рэспубліка Албанія (НРА). Да пачатку 1960-х гадоў НРА падтрымлівала цесныя сувязі з Савецкім Саюзам, якія ўнеслі вызначальны ўклад у яе пасляваеннае аднаўленне. У 1961 годзе дыпламатычныя адносіны з СССР былі разарваныя. З канца 1970-х гадоў, пасля згортвання адносін з Кітаем, рэжым Э. Ходжа знаходзіўся практычна ў поўнай самаізаляцыі.
У 1991 годзе камуністычны рэжым упаў: адбыліся першыя шматпартыйныя выбары, абвешчаны грамадзянскія і палітычныя свабоды[4].
Дзяржаўны лад і палітыка
[правіць | правіць зыходнік]Албанія — парламенцкая рэспубліка. Вышэйшы орган заканадаўчай улады — аднапалатны парламент Сход Албаніі. Прэзідэнт абіраецца парламентам тэрмінам на 5 гадоў.
Вышэйшы орган выканаўчай улады — Савет міністраў (урад).
У Албаніі зарэгістраваныя некалькі дзясяткаў палітычных партый, у тым ліку: Сацыялістычная партыя Албаніі, Дэмакратычная партыя, Партыя свабоды, партыя за справядлівасць, інтэграцыю і адзінства, Рэспубліканская партыя, Хрысціянска-дэмакратычная партыя, Саюз за правы чалавека. Законам забаронена дзейнасць партый шавіністычнага, расісцкага, таталітарнага, фашысцкага характару. У 1998 годзе легалізаваная раней забароненая Кампартыя Албаніі[4].
Знешняя палітыка
[правіць | правіць зыходнік]Ад часу падзення камунізму Албанія імкнецца будаваць добрасуседскія адносіны з балканскімі краінамі і добразычлівыя — з краінамі ўсяго свету. Шматлікая албанская дыяспара працуе на паляпшэнне іміджу сваёй радзімы. Вялікім поспехам міжнароднай палітыкі стала членства ў НАТА (2009). Асноўнай палітычнай мэтай на бліжэйшыя дзесяцігоддзі застаецца членства ў ЕС, іншая важлівая мэта — пашырэнне міжнароднага прызнання Косава. Прыяцельскія сувязі ў Албаніі з ЗША: у 2007 Тырану ўпершыню наведаў прэзідэнт ЗША — Джордж Буш Малодшы.
Складаныя — фактычна, невырашальны канфлікт — адносіны Албаніі з Сербіяй звязаныя з узнікненнем на карце Еўропы незалежнага Косава. Даволі напружаныя адносіны з Грэцыяй вынікаюць з парушэнняў (на думку Грэцыі) правоў грэчаскай меншасці ў Албаніі з аднаго боку і патэнцыяльных (на думку Албаніі) тэрытарыяльных прэтэнзій з боку Грэцыі да Албаніі з боку іншага.
Адносіны з Беларуссю
[правіць | правіць зыходнік]Дыпламатычныя адносіны паміж Рэспублікай Беларусь і Рэспублікай Албанія былі ўсталяваны 17 траўня 1993 г. Албанскія паслы ў Расіі па сумяшчальніцтве акрэдытуюцца ў Беларусі. 16 сакавіка 2015 года ў Маскве адбылася рабочая сустрэча Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі Ігара Петрышэнкі з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Албанія ў Расійскай Федэрацыі Арбенам Газіёні. Асаблівая ўвага была нададзена магчымасцям рэалізацыі існуючага патэнцыялу пашырэння гандлёва-эканамічных сувязяў, павелічэння наменклатуры і аб’ёмаў паставак беларускай прадукцыі ў Албанію, фарміраванню дагаворна-прававой базы двухбаковых адносінаў, абмеркаванню перспектыў узаемадзеяння ў рамках міжнародных арганізацый.[5]
Адміністрацыйны падзел
[правіць | правіць зыходнік]Тэрыторыя Албаніі дзеліцца на 12 абласцей, якія, ў сваю чаргу, дзеляцца на 61 муніцыпалітэт. У складзе муніцыпалітэтаў выдзяляецца 2980 камун. Такое ўладкаванне было прынята ў 2015 годзе, да таго часу вобласці складаліся з 36 акруг, якія, ў сваю чаргу, дзяліліся на 309 камун і 65 гарадоў.
Вобласць | Сталіца | Акругі | Плошча, км² | Насельніцтва | Карта | |
---|---|---|---|---|---|---|
Берат | Берат | Берат (1[ап 1]), Кучава (16), Скрапары (29) | 1798 | 139,815 | ||
Дыбра | Пешкопія | Булькіза (2), Дыбра (7), Мат (22) | 2586 | 134,153 | ||
Дурэс | Дурэс | Дурэс (6), Круя (13) | 766 | 278,775 | ||
Эльбасан | Эльбасан | Грамш (5), Лібражд (18), Пекін (25), Эльбасан (36) | 3199 | 298,913 | ||
Фіеры | Фіеры | Люшня (19), Малакастра (20), Фіеры (33) | 1890 | 312,448 | ||
Гіракастра | Гіракастра | Гіракастра (4), Перметы (26), Тэпелена (32) | 2884 | 70,331 | ||
Корча | Корча | Дэвол (8), Калонья (11), Корча (12), Паградзец (24) | 3711 | 221,706 | ||
Кукес | Кукес | Кукес (14), Трапоя (30), Хас (34) | 2374 | 84,035 | ||
Лежа | Лежа | Курбін (15), Лежа (17), Мірдыта (23) | 1620 | 135,613 | ||
Шкодэр | Шкодэр | Малесія-э-Мадзі (21), Пука (27), Шкодэр (35) | 3562 | 215,483 | ||
Тырана | Тырана | Кавая (10), Тырана (31) | 1652 | 811,649 | ||
Влёра | Влёра | Влёра (3), Дэльвіна (9), Саранда (28) | 2706 | 183,105 |
- ↑ Нумары акруг у дужках адпавядаюць нумарам дадзеных перыферый на карце справа.
Крыху больш за палову албанскага народа жыве у гарадах — 54 %, што надта мала нават для адносна аграрнай Паўднёвай Еўропы. Адміністрацыйным, культурным, эканамічным і прамысловым цэнтрам Албаніі з’яўляецца Тырана, насельніцтва агламерацыі якой перавышае 800 тысяч чалавек, у самой жа Тыране перапіс 2011 налічыў 418 тыс.чалавек. Іншыя буйныя гарады з колькасцю насельніцтва, большай за 100 тысяч жыхароў, уключаюць у сябе Дурэс (каля 300 тыс.), Влёру (каля 200 тыс.) і Эльбасан.
Найбуйнейшыя гарады Албаніі
http://www.geonames.org/AL/largest-cities-in-albania.html | |||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
№ | Горад | Рэгіён | Нас. | ||||||
Тырана Дурэс |
1 | Тырана | Тырана | 610,070 | Влёра Эльбасан | ||||
2 | Дурэс | Дурэс | 299,989 | ||||||
3 | Влёра | Влёра | 194,147 | ||||||
4 | Эльбасан | Эльбасан | 120,703 | ||||||
5 | Шкодэр | Шкодэр | 77,075 | ||||||
6 | Фіеры | Фіеры | 55,845 | ||||||
7 | Корча | Корча | 51,152 | ||||||
8 | Берат | Берат | 32,606 | ||||||
9 | Люшня | Фіеры | 31,105 | ||||||
10 | Саранда | Влёра | 20,227 |
Насельніцтва
[правіць | правіць зыходнік]Колькасць насельніцтва Албаніі — 2 412 113 чалавек, па выніках перапісу 2023 года. З 2011 па 2023 гады насельніцтва Албаніі скарацілася на 14,5%.
Хоць эміграцыя скарацілася пасля посткамуністычнага зыходу ў 1990-х гадах, яна застаецца праблемай для албанскага грамадства. Паводле дадзеных Міжнароднай арганізацыі па міграцыі ў 2022 годзе з Албаніі выехала на 10 600 чалавек больш, чым пераехала ў яе[2].
Высокі ўзровень эміграцыі захоўваецца таму, што Албанія — гэта адна з самых бедных краін Еўропы.
Эканоміка
[правіць | правіць зыходнік]З сярэдзіны 1940-х па канец 1980-х гадоў эканоміка Албаніі мела планавы характар, з 1988 года пачаўся паступовы пераход да эканомікі рынкавай. Хуткі эканамічны рост пачаўся ў 2000 годзе, у 2000-х штогадовы рост ВУП склаў 6—7 %, адначасова колькасць замежных інвестыцый дасягала 50 % ВУП (у 2004 годзе замежныя інвестыцыі склалі 5,7 млрд еўра, €1780 на кожнага жыхара). Албанія стала адным з трох еўрапейскіх краёў, хто найхутчэй акрыяў ад крызісу 2008–09, і ўсе 2010-я дэманстравала высокія паказчыкі эканамічнага росту. У другой палове 2010-х урад распачаў амбіцыйную праграму рэформаў для паляпшэння бізнес-клімату.
Але, нягледзячы на ўсё гэта, Албанія застаецца адной з самых бедных краін Еўропы, нароўні з Босніяй, апярэджваючы толькі Малдову. У 2012 ВУП на душу насельніцтва (ППЗ) складаў усяго 35 % ад сярэдняга па ЕС Існуюць меркаванні, што рост эканомікі Албаніі, які можа вывесці яе на ўзровень, дастатковы для яе прыняцця ў Еўрапейскі Саюз, можа заняць да дваццаці гадоў. Да мільёна албанцаў працуюць за мяжой і адпраўленыя імі грашовыя сродкі з’яўляюцца важнай крыніцай прыбыткаў насельніцтва (да 2008 яны складалі 12–15 % ад ВУПу Албаніі, у 2015 — усяго 6 %). Узровень беспрацоўя складае 14 %, што для балканскай краіны не так і блага.
Значныя мінеральныя багацці краіны ляжаць у аснове развіцця здабыўной прамысловасці. У наш час вядзецца здабыча хрому (адно з першых месцаў у свеце па здабычы і экспарце), медзі, жалеза, нікелю, нафты (у тым ліку цяжкай), прыроднага газу, вуглю і баксітаў. Каля возера Прэспа знаходзіцца адно з багацейшых радовішчаў прыроднага асфальту. Аб'ёмы здабычы паліўных рэсурсаў нязначныя: так нафты здабываецца каля 22 тыс барэляў у суткі — крыху меней чым у Беларусі, нягледзячы на значныя запасы чорнага золата.[6] Здабычай нафты і газу займаюцца кампаніі Taçi Oil, Albpetrol, каляровых металаў — AlbChrome.
Большую частку электрычнасці краіна выпрацоўвае на гідраэлектрастанцыях. Тры найбуйнейшых ГЭС пабудаваны на Дрыне. У Албаніі існуюць прадпрыемствы будаўнічай (цэментавай), электратэхнічнай, металаапрацоўчай, харчовай прамысловасці і тытунёвых вырабаў. Найбольш імкліва развіваюцца тэкстыльная і швейная галіны, што ў 2010-х сталі галінамі спецыялізацыі краіны — буйныя еўрапейскія кампаніі прываблівае танная працоўная сіла.
Сучасная сельская гаспадарка, у якой занята дзве пятых насельніцтва, дае адну пятую ВУП краіны. Пераважаюць невялікія сямейныя зямельныя надзелы, механізацыя і хімізацыя недастатковыя. Зрэшты, на шляху да сяброўства ў ЕС урад мадэрнізуе галіну і фінансава падтрымлівае фермераў. Пераважае раслінаводства: вырошчваюцца пшаніца, кукуруза, бульба, гародніна, садавіна, цукровыя буракі, тытунь, вінаград; Албанія славутая сваімі шалфеем і размарынам. Даўнія традыцыі вінаградарства, да таго ж у Албаніі, адной з нешматлікіх краін свету, расце дзікі вінаград. У жывёлагадоўлі перавага аддаецца авечкам ды буйной рагатай жывёле. Рыбалоўства развіта недастаткова, але багатыя рыбай (карп, фарэль, марскі лешч), мідыямі і ракападобнымі прыбярэжныя воды даюць падставу казаць пра будучыню гэтай галіны.
Галоўнымі варотамі краіны служыць Міжнародны аэрапорт Тыраны са штогадовым абаротам у больш за 2,5 млн пасажыраў. Плануецца будаўніцтва міжнародных аэрапортаў у Влёры, Гіракастры і Сарандзе — турыстычных цэнтрах на поўдні краіны. Унутраныя перавозкі ажыццяўляюцца галоўным чынам аўтамабільным транспартам, у 2010-х працягваецца будаўніцтва аўтамагістраляў, што звяжуць Албанію з усімі суседзямі і інтэгруюць транспарт краіны ў агульнаеўрапейскую сетку. Знешні гандаль ляжыць на плячах марскога транспарту, галоўным портам з’яўляецца Дурэс, за ім ідзе Влёра.
Надзвычайную папулярнасць здаўна маюць і марскія пасажырскія перавозкі: паромныя пераправы злучылі Дурэс з мноствам астравоў і берагамі Італіі, Грэцыі, Харватыі. Чыгуначны транспарт, што інтэнсіўна развіваўся за часам Энвера Ходжы, сёння грае другарадную ролю. Аднак плануецца новая чыгунка Тырана – Дурэс, якая мае даць старт чыгуначнаму адраджэнню Албаніі.[7]
Імкліва развіваецца міжнародны турызм: ў 2013 годзе Албанію наведалі 3,3 млн чалавек, у 2017 — 5,2 млн.[8]
Для Албаніі характэрны адмоўны гандлёвы баланс. Траціну экспарту складаюць турыстычныя паслугі, яшчэ 17 % — ІТ-паслугі. Сярод тавараў пераважаюць абутак (асабліва скураны!) і адзенне, хромавыя руды.[9] Імпартуюцца прадукты харчавання, медыкаменты, нафтапрадукты, аўтамабілі і электроніка. Асноўны гандлёвы партнёр — Італія, за ёй з вялікім адрывам ідуць Грэцыя, Кітай, Сербія. Аб'ём двухбаковага тавараабароту з Беларуссю па выніках 2014 года склаў 16,15 млн. долараў ЗША.[5]
Культура і мастацтва
[правіць | правіць зыходнік]Кінематограф
[правіць | правіць зыходнік]Кінематограф Албаніі ўзнік ў 1911—1912 гадах з першымі паказамі замежных фільмаў і здымкамі дакументальных фільмаў у перадваенны і міжваенны перыяд. Пасля Другой сусветнай вайны ў 1945 годзе камуністычны ўрад заснаваў Албанскі кінаінстытут, які ў 1952 годзе стаў вядомым як «Kinostudio Shqipëria e Re». У 1953 годзе ў супрацоўніцтве з кінематаграфістамі СССР быў зняты першы албанскі эпічны фільм пра нацыянальнага героя Албаніі «Скандэрбег», які атрымаў міжнародны прыз на Канскім фестывалі. Фільм «Тана» 1958 года стаў першым поўнаметражным фільмам, а таксама фільмам з першай сцэнай пацалунка ў гісторыі албанскага кінематографа. У 1960-я гады асноўнымі тэмамі албанскіх фільмаў была акупацыя Албаніі італьнскімі і нямецкімі войскамі ў часы Другой сусветнай вайны і барацьба за вызваленне. Стужкі мелі моцную станоўчую канатацыю ў бок камуністычных партызан і адмоўную — у адносінах да сілаў Балі Камбетар і разглядаліся ў якасці дзяржаўнай прапаганды. У 1970-х і 1980-х гадах было знята 20–40 дакументальных стужак, якія, у большасці, былі прапагандысцкімі фільмамі, але мелі культурную вартасць. У гэты ж перыяд у кінематографе краіны адбылося нараджэнне анімацыйных фільмаў. Да 1990 года ў краіне было выраблена каля 200 фільмаў і налічвалася каля 450 кінатэатраў, аднак большая частка іхняга абсталявання была састарэлай.
У 1990-х гадах «Kinostudio Shqipëria e Re» распалася на шэраг дробных прыватных студый, дзе фільмы здымалі як албанскія рэжысёры так і замежныя, сумесна з новым «Нацыянальным цэнтрам кінематаграфіі» (алб.: Qendra Kombëtare е Kinematografisë). Сярод албанскіх фільмаў апошніх гадоў найбольшай папулярнасцю карыстаюцца такія стужкі як «Палкоўнік Бункер» рэжысёра Куйтыма Кашку, «Слоганы» рэжысёра Гергі Шувані, «Амністыя» рэжысёра Бухара Алімані, якія былі абраныя ад краіны на прэмію «Оскар» у намінацыі «Найлепшы фільм на замежнай мове», а таксама «Тырана, нулявы год» і іншыя. Пасля падзення камуністычнага ўрада ў Албаніі быў пабудаваны шэраг сучасных кінатэатраў (такіх як «Міленіум» у Тыране), дзе дэманструюцца, у асноўным, заходнія (пераважна амерыканскія) фільмы.
Кухня
[правіць | правіць зыходнік]Албанская кухня сфарміравалася з уплывам кулінарных традыцый Грэцыі, Італіі і Турцыі. Яна характарызуецца выкарыстаннем як міжземнаморскіх траў, такіх як арэгана, мята, базілік, размарын і іншыя ў мясных і рыбных стравах, так і перца чылі і часнака. Амаль у кожную страву дадаецца гародніна.
Абед звычайна складаецца з рагу (алб.: gjellë), павольна прыгатаванага мяса з рознай гароднінай, і салата з свежай гародніны, такой як таматы, агуркі, зялёны перац і масліны. Салат запраўляецца соллю, аліўкавым алеем, воцатам або цытрынавым сокам. Сярод супаў папулярнасцю карыстаюцца таратор, халодны суп з ёгурта і агуркоў, а таксама суп з цытрынай.
У горных раёнах шырока распаўсюджаны вэджанае мяса і марынаваныя кансервы. Сярод жывёльных органаў дэлікатэсам лічацца кішачнікі і галовы. Неад’емнае значэнне маюць малочныя прадукты, якія, як правіла, суправаджаюцца хлебам і алкагольнымі напоямі, такімі як ракія і брага. Морапрадукты, у асноўным, распаўсюджаны ў прыбярэжных раёнах і гарадах краіны, такіх як Дурэс, Влёра, Шкодэр, Лежа і Саранда.
Апроч таго, характэрны бурэк, пластовая выпечка з сырам, мясным фаршам або лукам, і флія, пластовая выпечка з крэмам альбо каймаком. Кандытарскія вырабы прысутнічаюць у кожным албанскім горадзе. Найбольш распаўсюджаныя дэсерты тыповыя для ўсіх балканскіх краін: пахлава, рысавы пудынг, тулумба, бісквіт, лукум і іншыя.
Некаторыя цікавінкі
[правіць | правіць зыходнік]- У камуністычную эпоху Энвер Ходжа загадаў усім албанцам рыхтавацца да ядзернай вайны — кожная албанская сям'я мусіла пабудаваць сабе бункер. Сёння многія з 700 тысяч пабудаваных бункераў захаваліся і ствараюць цікавы гістарычны антураж. А шмат якія сем'і захоўваюць у іх бульбу.
- Албанію нярэдка называюць "маленькай Італіяй", што справядліва як з боку антычнай гісторыі і адрыятычнага пляжнага адпачынку, так і з боку хаатычнага руху на аўтадарогах.
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]- Ісмаіль Кадарэ
- Петрэльскі замак
- Італьянскае ўварванне ў Албанію
- Акадэмія навук Албаніі
- Тэлекамунікацыі ў Албаніі
- Узброеныя сілы Албаніі
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ а б в г ТАСС. Албания (руск.)
- ↑ а б <Население Албании сократилось на 14,5% с 2011 по 2023 год – перепись (руск.)
- ↑ https://www.undp.org/content/dam/albania/docs/short_report_design.pdf Архівавана 26 ліпеня 2020.
- ↑ а б Об Албании (руск.)
- ↑ а б http://www.soyuz.by/news/geopolitics/14777.html Архівавана 2 ліпеня 2019.
- ↑ https://www.eia.gov/beta/international/data/browser/#/?pa=00000000000000000000000000000000002&c=ruvvvvvfvtvnvv1vrvvvvfvvvvvvfvvvou20evvvvvvvvvvvvuvo&ct=0&tl_id=5-A&vs=INTL.57-1-AFG-TBPD.A&vo=0&v=H&end=2018
- ↑ https://web.archive.org/web/20170928055749/http://top-channel.tv/lajme/artikull.php?id=329857
- ↑ https://nashaniva.by/?c=lr&i=212862&lang=ru
- ↑ http://atlas.cid.harvard.edu/explore/?country=4&partner=undefined&product=undefined&productClass=HS&startYear=undefined&target=Product&year=2017
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 1: А — Аршын / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 1. — 552 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0036-6 (т. 1).
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Эвалюцыя Албанскай сацыялістычнай партыі(недаступная спасылка)
- Албанія і Косава Архівавана 5 лютага 2008.
- Гісторыя Албаніі Архівавана 21 красавіка 2008.
- Гісторыя Албаніі-2 Архівавана 27 сакавіка 2008.
- Адпачынак у Албаніі Архівавана 5 мая 2008. Падборка аповядаў турыстаў аб Албаніі
- Што трэба ведаць, перш чым ехаць у падарожжа ў Албанію
- Інвестыцыі ў Албанію
- Ад «Вялікай Албаніі» да Еўропы «пабітых дзяржаў», Віталь Дзюба, 14.03.2008