Перайсьці да зьместу

Генуя

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Генуя
італ. Genova
Новая біржа Генуі
Новая біржа Генуі
Герб Генуі Сьцяг Генуі


Краіна: Італія
Гістарычная вобласьць: Лігурыя
Правніцыя: Генуя
Кіраўнік: Марка Буччы[d]
Плошча: 243 км²
Вышыня: 20 м н. у. м.
Насельніцтва (2017)
колькасьць: 578 710 чал.[1]
шчыльнасьць: 2381,52 чал./км²
Часавы пас: UTC+1
Тэлефонны код: 010
Паштовы індэкс: 16100
Нумарны знак: GE
Геаграфічныя каардынаты: 44°24′25.87″ пн. ш. 8°56′2.34″ у. д. / 44.4071861° пн. ш. 8.9339833° у. д. / 44.4071861; 8.9339833Каардынаты: 44°24′25.87″ пн. ш. 8°56′2.34″ у. д. / 44.4071861° пн. ш. 8.9339833° у. д. / 44.4071861; 8.9339833
Генуя на мапе Італіі
Генуя
Генуя
Генуя
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы
http://www.comune.genova.it/

Ге́нуя (па-італьянску: Genova [dʒɛːnova]) — партовы горад на поўначы Італіі, сталіца правінцыі Генуя і гістарычнай вобласьці Лігурыя. Разьмешчаны на беразе Генуэскай бухты ў Лігурыйскім моры (частка Міжземнага мора), за 120 км на поўдзень ад Міляну. З поўначы да гораду ўшчыльную падыходзяць Апэніны. Насельніцтва — 578 710 чалавек (на 2017 год).

У пэрыяд антычнасьці на тэрыторыі цяперашняга гораду разьмяшчалася маленечкая грэцкая калёнія — тут знойдзеныя рэшткі грэцкіх пахаваньняў. У час Пунічных войнаў Лігурыя выступала на баку Рыму. У 209 годзе да н. э. рыбацкае паселішча Лігурыя было разбуранае войскамі Картагену.

Раньняе сярэднявечча

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пасьля падзеньня Рымскай імпэрыі мясцовасьць была захопленая спачатку остготамі, у VI ст. — Бізантыйцамі, потым лянгабардамі. У VIII ст. гэтая тэрыторыя была заваяваная франкамі.

Ператварэньне Генуі ў адзін з найбуйнейшых партоў Міжземнамор’я пачалося ў Х ст., асабліва пасьля набегу фатымідаў ў 934 г., пасьля якога гараджане пад кіраўніцтвам біскупа і мясцовага фэўдальнага валадара (віконта) пабудавалі новыя гарадзкія ўмацаваньні і пачалі ўмацоўваць сувязі зь іншымі хрысьціянскімі цэнтрамі. З тых часоў генуэскія караблі сталі рэгулярна заходзіць у порты Гішпаніі і Палестыны.

Горад-дзяржава і росквіт рэспублікі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Банк Сан-Джорджа — адзін з найстарэйшых у Эўропе

Да пачатку ХІІ ст. Генуя становіцца незалежным горадам-дзяржавай. Фармальна прызнаючы ўладу імпэратара Сьвятой Рымскай імпэрыі і біскупа, Генуя фактычна кіравалася радаю выбарных консулаў. Асаблівасьць генуэскай талясакратыі складалася ў тым, што найбольш уплывовыя сем’і — Фіескі, Сьпіноля, Дарыяна, Грымальды — прадстаўлялі гандлёвыя інтарэсы розных гільдыяў і тым самым ўраўнаважвалі адзін аднаго. Горадам кіравалі як гандлёвай кампаніяй, аднак пастаянныя палітычныя разлады доўгі час ніколькі не перашкаджалі яго разьвіцьцю. У часы крыжовых паходаў па сваім багацьці і ўплыве Генуя пераўзыходзіла многія каралеўствы Эўропы. Нароўні зь Пізай, Вэнэцыяй, Гаэтой і Амальфі гэта была марская рэспубліка з 100 000 жыхароў (сярод якіх шмат выхадцаў зь іншых зямель), разьвітым гандлем, суднабудаўнічай прамысловасьцю і нават банкаўскай сыстэмай.

Эканамічны дабрабыт Генуі залежаў ад разгалінаванай сеткі калёніяў. Часам гэта былі асобныя будынкі (гандлёвыя факторыі), месцамі — гарадзкія прадмесьці (напрыклаў, Галятаў пад Канстантынопалем), а часам генуэзцы завалодвалі цэлымі астравамі і ўзьбярэжжамі (напрыклад, Корсыкай і паўночнай часткай Сардыніі). Пранікненьне генуэзцаў ва ўсходнія моры ажыцьцяўлялася як пры дапамозе дыпляматычных дамоўленасьцяў, так і шляхам прамога ваеннага ўварваньня. Дзякуючы саюзу зь бізантыйскім імпэратарам (1261) і манголамі, у генуэзцаў атрымалася ўладкавацца ў Кафе, Тамані, Тані і іншых ключавых пунктах Паўночнага Прычарнамор’я. Перамогі над пізанскім флётам пры Мэлёрыі (1284) і над вэнэцыянцамі пры Курцоле (1298) адзначылі пачатак кароткага часу генуэскага панаваньня ўва ўсім Міжземнамор’і.

Паступовы заняпад рэспублікі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Прыкметы палітычнага і эканамічнага крызісу выявіліся ў Генуі ў сярэдзіне XIV стагодзьдзя. Спробы пакласьці канец унутраным спрэчкам выліліся ў 1339 г. ва ўвядзеньне інстытуту выбарных дожаў на вэнэцыянскі манер. У 1394—1409 гг. Генуя апынулася ў палітычнай залежнасьці ад французаў, у 1421—1435 гг. — ад мілянцаў. Да сярэдзіны XV ст. рэспубліка канчаткова страціла статус вялікай дзяржавы: Корсыка бунтавала, Сардыніяй завалодалі арагонцы, калёніі ў Левантэ паддаліся набегам турак і мамэлюкаў. Гішпанцы, французы і мілянцы часьцяком ўрываліся нават у рэспубліканскую мэтраполію — Лігурыю.

Сярэднявечны маяк ў Генуі
Помнік Хрыстафору Калюмбу ў Генуі

У 1528 г. адмірал Андрэо Дарыяна пераканаў гараджан прыняць новы парадак кіраваньня, паводле якога дожы абіраліся на два гады, але вырашальнае слова захоўвалася за купецкай алігархіяй. У 1470 г. быў заснаваны Генуэскі ўнівэрсытэт, а 20 гадоў праз самы знакаміты выхадзец Генуі Хрыстафор Калюмб адкрыў Амэрыку (нягледзячы на тое, што пераканаўчых доказаў яго генуэскага паходжаньня не існуе, турыстам нават паказваюць хатку, дзе нібыта нарадзіўся вялікі мараплавец). Дарыяна зрабіў стаўку на саюз з Гішпаніяй, які дазволіў генуэзцам «здымаць вяршкі» з гішпанскай калянізацыі Амэрыкі, пускаючы ў гандлёвы абарот здабытае там золата. Дзякуючы гэтай стратэгіі ў канцы XVI і пачатку XVII стст. Генуя заставалася адной з найбольш пасьпяховых зямель у Італіі і вяла вялікае будаўніцтва.

Да XVIII ст. залежная ад амэрыканскага золата эканоміка Генуі, як і Гішпаніі, прыйшла ў поўны заняпад, а ў 1768 г. рэспубліка была вымушана саступіць французам сваё апошняе «заморскае валоданьне» — Корсыку.

Францускі пратэктарат

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1797 годзе Напалеон ператварыў слабую Генуэскую рэспубліку ў францускі пратэктарат пад назвай Лігурыйская рэспубліка, а праз восем гадоў і ўвогуле далучыў яе да Францыі.

Паводле ўмоваў Венскага кангрэса горад адышоў да П’емонту, пасьля чаго пачалося яго хуткае разьвіцьцё ў якасьці галоўнага порта Сардынскага каралеўства, а потым і ўсяе Італіі.

У складзе аб’яднанай Італіі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Да пачатку XX стагодзьдзя Генуя ўжо змагла аспрэчыць у Марсэля званьне самага ажыўленага порту ўва ўсім Міжземнамор’і.

У 2001 г. у Генуі прайшоў саміт «Вялікай васьмёркі», які суправаджаўся найбуйнейшымі пратэстамі антыглябалістаў (адзін чалавек загінуў).

У горадзе субтрапічны клімат з прахалоднай зімой і гарачым летам.

Выдатныя мясьціны

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Сярэднявечныя вароты Генуі

Цэнтрам жыцьця Генуэскай рэспублікі была плошча Банкі, упрыгожваньнем якой зьяўляецца лёджыя-Дэі-Мэрканці — месца, дзе была адкрытая першая ў Італіі таварная біржа. Цэнтральнай плошчай сучаснага горада зьяўляецца плошча Фэрары. Вуліца Сан-Лярэнца выводзіць да сабора сьв. Лаўрэнція, асьвячонаму ў 1118 г. Папам Гэласіем II; асноўныя пераробкі яго аблічча належаць да пачатку XIV і да сярэдзіны XVI стст. Саборная капэла Сан-Джаваньні (1450—1465) задумвалася як месца захаваньня хрысьціянскіх рэліквіяў Генуі, пераважна зьвязаных зь імем Яна Хрысьціцеля. Найбольш каларытным напамінам аб сярэднявечным магутнасьці Генуі зьяўляюцца высокія вароты Порта-Сапрана — ацалелы фрагмэнт гарадзкога мура XII стагодзьдзя.

Палац Дожаў будаваўся за некалькі заходаў і адлюстроўвае густы розных эпох; агульная плошча збудаваньняў, якія адносяцца да яго перавышае 35 тыс. м². У горадзе захаваліся Палацца-Дэі-Рол — палацы, якія некалі належалі вядучым родам рэспублікі; у 2006 г. яны былі аб’яўленыя помнікамі Сусьветнай спадчыны і знаходзяцца пад абаронай ЮНЭСКО. Палац сардынскіх каралёў належыць да больш позьняе эпохі, ён вытрыманы ў стылі барока. Галоўны гарадзкі тэатар Карлё Фэліча (1828) цалкам выгарэў у час Другой сусьветнай вайны, але пасьля быў адноўлены. Цікавая этнаграфічная калекцыя прадстаўлена ў музеі культур сьвету.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Генуясховішча мультымэдыйных матэрыялаў