Уладзіслаў II Выгнаннік
Уладзіслаў II Выгнаннік | |||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|
польск.: Władysław II Wygnaniec | |||||||
| |||||||
| |||||||
|
|||||||
Папярэднік | Баляслаў III Крывавусты | ||||||
Пераемнік | Баляслаў IV Кучаравы | ||||||
|
|||||||
Нараджэнне |
1105[1][2] |
||||||
Смерць |
30 мая 1159[3] |
||||||
Месца пахавання | |||||||
Род | Пясты і Сілезскія Пясты[5] | ||||||
Бацька | Баляслаў III Крывавусты[2][6] | ||||||
Маці | Сбыслава Святаполкаўна[d][2][6] | ||||||
Жонка | Агнеса Бабенбергская[d][1][4][…] | ||||||
Дзеці | Баляслаў I Высокі[d][5][7], Мешка I Крываногі[d][1][8], Рыкса Сілезская[d][5][9], Конрад Танканогі[1][10] і Albert of Silesia[d][1][11] | ||||||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Уладзіслаў II Выгнаннік (польск.: Władysław II Wygnaniec; 1105 — 30 мая 1159, Альтэнбург) — князь-прынцэпс Польшчы ў 1138—1146 гадах, князь Кракава, Сандомежа, усходняй Вялікай Польшчы, Куявіі, Сілезіі і князь-прынцэпс Памор'і. Сын Баляслава III Крывавустага і Сбыславы Святаполкаўны, дачкі вялікага князя кіеўскага Святаполка II Ізяславіча.
Намеснік Сілезіі
[правіць | правіць зыходнік]Магчыма, яшчэ пры жыцці бацькі быў яго суправіцелем у Сілезіі. Ва ўсякім разе, падчас канфлікту Польшчы з Чэхіяй і Аўстрыяй з-за пераходу ў спадчыну венгерскага прастола ў 1133—1135 гадах (яго бацька Баляслаў падтрымаў прэтэндэнта Борыса, а праціўнікі — Белу II) яму было даручана адстойваць сілезскія землі, у чым ён, зрэшты, не вельмі атрымаў поспех, прапусціўшы чэхаў да самай ракі Одры. Дзякуючы палітычнаму збліжэнню Польшчы і Чэхіі пасля падпісання міру ўдзельнічаў у сустрэчы ў Немчы у 1137 годзе, дзе стаў хросным бацькам Вацлава, нованароджанага сына чэшскага князя Сабеслава I.
У перыяд 1125—1127 гадоў ажаніўся з Агнэсай фон Бабенберг, дачкой маркграфа Аўстрыйскага Леапольда III, сястрой ад адной маці будучага імператара Конрада III, у далейшым цёткай імператара Фрыдрыха Барбаросы.
Спадчына Баляслава Крывавустага
[правіць | правіць зыходнік]Паводле завяшчання бацькі, які сканаў 28 кастрычніка 1138 года, вядомага таксама як «Статут Баляслава Крывавустага», Уладзіслаў як старэйшы ў родзе атрымліваў сеньяратнае (няспадчыннае) уладанне, куды ўваходзілі ўсходняя Вялікая Польшча, уключаючы Гнезна, Заходняя Малая Польшча з Кракавам, серадзкая зямля і заходняя частка Куявіі. Ён атрымліваў кантроль над Гданьскім Памор'ем, дзе кіравалі мясцовыя князі, і сеньярыяльную ўладу над Заходнім Памор'ем. У якасці спадчыннага ўдзела яму даставалася Сілезія.
Паколькі да моманту смерці бацькі ён быў ужо сталым мужчынам (яму споўнілася 33 гады), быў жанаты і меў прынамсі аднаго сына, Баляслава (дата нараджэння другога сына спрэчная), Уладзіслаў разлічваў, што жыццёвы вопыт і вайсковае ўменне дазволяць яму, як Баляславу Храбраму ў 999 годзе, Мешку II у 1033 годзе і яго ўласнаму бацьку, ізноў аб'яднаць Польшчу.
З'езд у Лэнчыцы і рэакцыя Уладзіслава
[правіць | правіць зыходнік]У 1141 годзе мачаха Уладзіслава Саламея фон Берг і малодшыя браты склікалі з'езд магнатаў у Лэнчыцы, уладанні Саламеі, не запрасіўшы яго; з'езд прыняў рашэнне выдаць малодшую дачку Крывавустага, Агнешку, за аднаго з сыноў вялікага князя кіеўскага Усевалада Ольгавіча, каб уступіць у саюз з апошнім. Аднак Уладзіслаў прыняў контрзахады, у выніку якіх кіеўскі князь не толькі не пайшоў на пагадненне з «Баляславічамі», але і выдаў праз год сваю дачку Звеніславу за старэйшага сына князя-прынцэпса — Баляслава Высокага.
Пачатак барацьбы з братамі
[правіць | правіць зыходнік].
Узброеную барацьбу з братамі Уладзіславаў пачаў яшчэ ў 1142—1143 гадах з дапамогай саюзных рускіх атрадаў. Канфлікт абвастрыўся пасля смерці 27 ліпеня 1144 года Саламеі, яго мачахі. Паводле завяшчання яе ўдовін удзел павінен быў адысці ў сеньяратны надзел, але браты Уладзіслава, Баляслаў Мазавецкі і Мешка, запрацівіліся гэтаму.
Ход далейшых падзей у розных летапісах асвятляецца па-рознаму: польскі храніст Вінцэнты Кадлубак, які непрыязна ставіцца да Уладзіслава, сцвярджае, што пасланыя апошнім атрады былі разбіты ў 1145 годзе мазавецкім ваяводай Ушэбарам у бітве на забалочаным беразе Піліцы, і ад поўнага паражэння Уладзіслава выратаваў толькі падыход рускіх саюзнікаў. Аднак рускі летапіс паведамляе, што ніякага бою не было і Ігар Ольгавіч з братамі, якія прыйшлі на дапамогу па клічы Уладзіслава, сустрэліся з абодвума малодшымі «Баляславічамі», якія пагадзіліся саступіць Уладзіславу чатыры гарады (кастэляніі), а рускім — горад Візна ў Мазовіі. Так ці інакш, Уладзіслаў далучыў удзел Саламеі, Лэнчыцкую зямлю, да сеньяратнага надзелу і заключыў выгодны мір з братамі. Але на гэтым ён не супакоіўся.
Справа Пятра Уласта
[правіць | правіць зыходнік]Тым часам абвастраўся канфлікт Уладзіслава з палацінам (ваяводай) Пятром Уластам (Уластовіцам), найбліжэйшым паплечнікам яго бацькі і вельмі ўплывовым вяльможам. Пётр Уласт як душапрыказчык Крывавустага імкнуўся, каб завяшчанне апошняга выконвалася, не ўхваляў прэтэнзіі князя-прынцэпса на надзелы братоў і імкнуўся іх памірыць. Але на Уладзіслава з іншага боку аказвала націск яго славалюбівая жонка Агнэса (Агнешка). Яшчэ ў 1145 годзе адносіны заставаліся знешне звычайнымі, калі хутка Уласт нават запрасіў князя на вяселле сына. Але ў пачатку наступнага года падбухтораны жонкай Уладзіслав загадаў свайму двараніну Добаку (Добешу) тайна захапіць і прывезці палаціна. Той быў кінуты ў турму, Агнэса патрабавала яго смерці, але па загадзе Уладзіслава яго толькі асляпілі і пазбавілі языка, а потым выгналі з краіны. Той з'ехаў на Русь, да сваякоў жонкі. Паводле легенды, пазней да яго цудоўна вярнуліся зрок і мова. Учынак з Уластам выклікаў выбух абурэння сярод польскай знаці, і многія яе прадстаўнікі перайшлі на бок малодшых братоў.
Апошняя сутычка з братамі і ўцёкі
[правіць | правіць зыходнік]У пачатку 1146 года Уладзіслаў II вырашыў канчаткова выгнаць братоў з іх вотчын. Спачатку ён лёгка захапіў Мазовію, вымусіўшы братоў адступіць ва ўмацаваны горад Познань, які аблажыў. Але тут яму не пашчасціла. У яго тылах пачалі ўспыхваць мецяжы знаці, сілы яго праціўнікаў хутка раслі. Падтрымала іх і царква: Якуб са Жніна, гнезненскі архібіскуп, прыехаў у яго лагер і запатрабаваў ад Уладзіслава спыніць братазабойчую вайну, а пасля адмовы адлучыў яго ад царквы. Нарэшце ўдар праціўнікаў Уладзіслава з тылу, узгоднены з вылазкай абложаных, прывёў да поўнага паражэння войскаў князя-прынцэпса і вымусіў яго бегчы з Польшчы. Неўзабаве да яго далучылася і Агнэса з двума старэйшымі сынамі, не здолеўшы ўтрымаць Кракаў. Спачатку Уладзіслаў з'ехаў у Прагу, да свайго цёзкі і швагра — чэшскага князя Уладзіслава II (жанатага на іншай дачцэ Леапольда III Аўстрыйскага), але актыўнай падтрымкі не знайшоў і перабраўся да швагра, імператара Конрада III.
Няўдалы паход Конрада III
[правіць | правіць зыходнік]Прыехаўшы ў Саксонію, Уладзіслаў неадкладна прынёс амаж Конраду III і стаў патрабаваць ад яго дапамогі ў вяртанні земляў. У жніўні 1146 года Конрад сапраўды выступіў на Польшчу з параўнальна невялікай войскам, але з-за разліва Одры і нежадання палякаў прымаць бой нічога не мог дамагчыся; па настойлівым закліку Альбрэхта Мядзведзя і маркграфа Конрада Мейсенскага ён уступіў у перамовы з Баляславам, але дамогся толькі абяцання звярнуцца да імперскага арбітражу (так і не выкананага). Улетку 1147 года ён адправіўся ў другі крыжовы паход, і яму стала не да польскіх спраў.
Тым не менш ён вылучыў Уладзіславу для пражывання замак Альтэнбург у Цюрынгіі. Уладзіслаў звярнуўся па дапамогу і да Рыма, і пасланы Папам Яўгенам III у 1148 годзе легат Гвіда сапраўды запатрабаваў ад польскіх князёў вярнуць уладу былому прынцэпсу і нават адлучыў іх ад царквы за адмову, але польская царква не падпарадкавалася Папе ў гэтым пытанні.
Польскі паход Фрыдрыха Барбаросы і смерць Уладзіслава
[правіць | правіць зыходнік]Толькі ў жніўні 1157 года новы германскі імператар Фрыдрых Барбароса ізноў рушыў у паход на Польшчу пад маркай аднаўлення праў Уладзіслава, чыя жонка даводзілася яму цёткай. Ён падступіў да Познані, Баляслаў Кучаравы прынёс яму амаж, выплаціў даніну, абавязаўся ўдзельнічаць у паходзе ў Італію, але ў дачыненні да Уладзіслава абмежаваўся толькі абяцаннямі прыбыць на суд у Магдэбург для разгляду. Верны тактыцы паравалок, Баляслаў не спяшаўся выконваць абяцанае, і Уладзіслаў так і сканаў 30 мая 1159 года ў Альтэнбургу, дзе яго і пахавалі.
Сям'я
[правіць | правіць зыходнік]Жонка і дзеці
[правіць | правіць зыходнік]У перыяд паміж 1125 і 1127 гадамі ажаніўся з Агнэсай фон Бабенберг, дачкой маркграфа Аўстрыйскага Леапольда III, пазней прылічанага да ліку святых, і Агнэсы фон Вайблінген, дачкі імператара Генрыха IV і былой жонкі герцага Фрыдрыха I Швабскага.
Дзеці:
- Баляслаў I Высокі (1127—1201), з 1163 года князь Сілезіі
- Мешка I Крываногі (1131/46—1211), з 1163 фармальны суправіцель князя Сілезскага, з 1173 князь Рацібужа, з 1177 — Бытама і Асвенціма, з 1202 — Опельна, з 1210 — Кракава
- Конрад Танканогі (1146/57—1180/1190), з 1177 князь Глогава
- Альберт (пам. пасля 1168)
- Рыкса (1130/40—1185), у 1152—1157 жонка караля Кастыліі і Леона Альфонса VII, у 1162—1166 жонка графа Праванскага Раймунда Берэнгера II (III), далей, паводле некаторых звестак, жонка графа Тулузскага Раймунда V, паводле іншых — графа Альбрэхта II фон Эверштэйна
Зноскі
- ↑ а б в г д Jirásek Z., Antonín R., Čapský M. et al. Slezsko v dějinách českého státu I. Od pravěku do roku 1490 — Nakladatelství Lidové noviny, 2012. — С. 569. — 708 с. — ISBN 978-80-7422-168-2
- ↑ а б в Jasiński K. (unspecified title) — 2 — С. 57.
- ↑ Jasiński K. (unspecified title) — 2 — С. 57–58.
- ↑ а б Jasiński K. (unspecified title) — 2 — С. 58.
- ↑ а б в Jirásek Z., Antonín R., Čapský M. et al. Slezsko v dějinách českého státu I. Od pravěku do roku 1490 — Nakladatelství Lidové noviny, 2012. — С. 568. — 708 с. — ISBN 978-80-7422-168-2
- ↑ а б Мякотин В. А. Владислав II, король польский // Энциклопедический словарь — СПб.: Брокгауз — Ефрон, 1892. — Т. VIа. — С. 659.
- ↑ Jasiński K. (unspecified title) — 2 — С. 62–66.
- ↑ Jasiński K. (unspecified title) — 2 — С. 66–71.
- ↑ Jasiński K. (unspecified title) — 2 — С. 71–73.
- ↑ Jasiński K. (unspecified title) — 2 — С. 74–75.
- ↑ Jasiński K. (unspecified title) — 2 — С. 76–77.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Уладзіслаў II Выгнаннік
- Foundation for Medieval Genealogy. Poland (англ.)
- GENEALOGY.EU The Piast family Архівавана 2 ліпеня 2017. (англ.)