Кінематограф Беларусі
Кінематограф Беларусі адлічвае сваю гісторыю ад 17 снежня 1924 года, калі Саўнаркам БССР выдаў пастанову «Пра ўрэгуляванне кінасправы ў БССР». 17 снежня лічыцца прафесійным святам — Днём беларускага кіно[1].
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Дэманстрацыя кінафільмаў на Беларусі пачалася ў канцы 19 стагоддзя, а ў пачатку 20 стагоддзя дзейнічала ўжо 58 кінатэатраў.
Трэст «Белдзяржкіно» быў створаны ў 1924 годзе, а першыя ігравыя фільмы выйшлі на экран у 1926-м. Яны спачатку здымаліся ў Маскве, а ў 1928 годзе «Белдзяржкіно» атрымала памяшканне ў Ленінградзе, дзе была арганізавана кінастудыя «Савецкая Беларусь» (з 1939 — у Мінску). Першыя фільмы здымалі запрошаныя рэжысэры-небеларусы. У выніку з 21-й кінастужкі, створанай з 1926-га па 1930-ы, толькі 10 былі прысвечаныя беларускаму жыццю і гісторыі. Гэта тлумачылася тым, што для ўсесаюзнага «касавага пракату» патрэбны «агульнацыянальныя», зразумелыя ва ўсіх куточках Савецкага Саюзу фільмы[2].
Першым менавіта нацыянальным стаў фільм «Лясная быль», створаны рэжысёрам Юрыем Тарычам паводле аповесці беларускага пісьменніка Міхася Чарота «Свінапас». Стужка «Лясная быль» здымалася згодна з праграмай беларусізацыі, таму куратарамі стужкі былі асабіста члены кіраўніцтва БССР Я. Адамовіч, А. Чарвякоў, якія сумесна В. Кнорыным выканалі ролі кіраўнікоў рэўкома[3].
Дзень прэм’еры «Лясной былі» (26 снежня 1926) у мінскім кінатэатры «Культура» лічыцца пачаткам нацыянальнальнага беларускага кіно.
Ствараць ігравое кіно ў Мінску пачалі толькі пасля вайны, калі запрацавала кінастудыя «Беларусьфільм» (1946). Плённа беларускае кіно развівалася ў пасляваенны перыяд, асабліва на працягу 1960-х—1980-х гадоў. Тады працягвалі працаваць майстры старэйшага пакалення (Уладзімір Корш-Саблін, Мікалай Фігуроўскі, Аляксандр Файнцымер і іншыя), з’явіліся маладыя таленавітыя кінарэжысёры (Віктар Тураў, Міхаіл Пташук, Вячаслаў Нікіфараў, Барыс Сцяпанаў, Валерый Рыбараў, Валерый Рубінчык і іншыя). У іх атрымалася стварыць мноства арыгінальных, змястоўных кінастужак, прысвечаных Вялікай Айчыннай вайне, гістарычнага мінулага і сучаснага стану грамадства, маральна-этычным праблемам («Я родам з дзяцінства» Віктара Турава, 1967; «Я, Францыск Скарына» Барыса Сцяпанава, 1970; «Вянок санетаў» Валерыя Рубінчыка, 1977; «Белыя росы» Ігара Дабралюбава, 1984; «Мяне завуць Арлекіна» Валерыя Рыбарава, 1988 і іншыя).
Важным напрамкам развіцця кінамастацтва Беларусі стала экранізацыя вядомых твораў беларускай літаратуры:
- Васіля Быкава — «Альпійская балада» (1966; рэж. Барыс Сцяпанаў), «Знак бяды» (1986; рэж. Міхаіл Пташук), «Узыходжанне» (1976; рэж. Ларыса Шапіцька )
- Алеся Адамовіча — «Вайна пад стрэхамі» (1966; рэж. Віктар Тураў), «Ідзі і глядзі» (1984; рэж. Элема Клімаў)
- Івана Мележа — «Людзі на балоце» (1981) і «Подых навальніцы» (1982); рэж. абодвух Віктар Тураў)
- Уладзіміра Караткевіча — «Дзікае паляванне караля Стаха» (1980; рэж. Валерый Рубінчык), «Чорны замак Альшанскі» (1983); рэж. Міхаіл Пташук) і іншыя.
Пры кінастудыі «Беларусьфільм» створаны творчыя аб’яднанні «Тэлефільм» і «Летапіс», майстэрня мультыплікацыйных фільмаў, а таксама Тэатр-студыя кінаакцёра. Каардынуе творчую і арганізацыйную дзейнасць у галіне айчыннага кінамастацтва створаны ў 1962 годзе Саюз беларускіх кінематаграфістаў. З пачатку 1990-х гадоў на Беларусі праводзіцца Міжнародны фестываль постсавецкага кіно «Лістапад» і Міжнародны фестываль жаночага кіно.
У 2004 годзе выйшаў 4-томнік «Гісторыя кінамастацтва Беларусі», прысвечаны развіццю беларускага кіно за 75 год яго існавання.
Сучаснасць
[правіць | правіць зыходнік]17 снежня 2018 года адбылася першая цырымонія ўзнагароджання Нацыянальнай кінапрэміяй Беларусі.
Характэрным фактам з’яўляецца тое, што амаль ўсе ігравыя фільмы беларускага кінематографа, як дзяржаўнага, так і незалежнага, знятыя на рускай мове. З некалькіх соцен стужак знятых за усю гісторыю беларускага кіно па-беларуску агучаны менш за дваццаць. Прычым, усе гэтыя карціны выпушчанаы да 1994 года. На беларускай мове зараз выпускаюцца некаторыя анімацыйныя працы і дакументальныя фільмы, якія не маюць шырокага пракату. Адзіным выключэннем з ігравога кіно за апошнія 25 год стаў фільм рэжысёра Аляксандра Меліхаўца «Народныя мсціўцы», зняты паводле аднайменнага твора Васіля Быкава на беларускай мове[4].
Сярод незалежных кінастудый найбольш паспяховай з’яўляецца «Без буслоў Артс», фільмы каторай часта становяцца паспяховымі і прыбытковымі, і адзначаны прэміямі. Напрыклад, трагікамедыя «ГараШ» стала самым прыбытковым беларускім фільмам у нацыянальным кінапракаце і адначасова лідарам пракату сярод беларускіх карцін[5].
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Зноскі
- ↑ 17 декабря – День белорусского кино (руск.). СБ. Беларусь сегодня (17 снежня 2019). Праверана 16 студзеня 2020.
- ↑ Як стваралі «савецкага беларуса» // svaboda.org 7 лютага 2020
- ↑ Сегодня — День белорусского кино // tvr.by 17 снежня 2018
- ↑ "Беларускамоўны фільм пакажуць у менскіх кінатэатрах. Апошні раз такое было 25 гадоў таму". БелСат. 2018.08.24 19:09. Праверана 2019-08-30.
{{cite news}}
: Праверце значэнне даты ў:|date=
(даведка) - ↑ Грушэцкі А.. «Без буслоў» адсвяткавалі свой першы юбілей . Новы Час (17 студзеня 2018). Праверана 16 студзеня 2020.