Конкурс выканаўцаў эстраднай песні «Віцебск»
Конкурс выканаўцаў эстраднай песні «Віцебск» — гэта традыцыйны міжнародны вакальны конкурс сярод выканаўцаў ад 18 да 31 года, які штогод праводзіцца падчас Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі Базар у Віцебску». Конкурс заснаваны ў 1992 годзе і з’яўляецца адзіным фестывальным мерапрыемствам, якое прысутнічала на ўсіх без выключэння віцебскіх фестывалях пачынаючы ад моманту заснавання «Славянскага базару». Паводле афіцыйнай фармулёўкі, конкурс мае за мэту «раскрыццё і падтрымку маладых талентаў, папулярызацыю музыкальнай культуры і мастацтва, узаемадзеянне і дыялог культур розных краін»[1].
Конкурс з’яўляецца адным з найбольш папулярных сярод выканаўцаў з краін СНД, Балтыі, а таксама Балканскіх краін. 8 разоў на конкурсе перамагалі прадстаўнікі краін былой Югаславіі. Для шмат каго з Беларускіх выканаўцаў конкурс зрабіўся пачатковым крокам на вялікую сцэну. У розныя гады Беларусь на конкурсе прадстаўлялі Іна Афанасьева, Ірына Дарафеева, Вікторыя Алешка, Пётр Ялфімаў, Георгій Калдун і іншыя беларускія спевакі і спявачкі. Конкурс адкрыў Еўропе такія імёны як Марыя Навумава, Руслана, Жэлька Ёксімавіч, Ташэ Праескі, Бобі Майсоскі, Таісія Павалій.
З 2003 года таксама праводзіцца і дзіцячы аналаг конкурсу «Віцебск».
Фармат і правілы
[правіць | правіць зыходнік]Да ўдзелу ў конкурсе запрашаюцца выканаўцы эстраднай песні, якія маюць досвед канцэртных выступаў і якія заявілі пра сябе сваімі поспехамі ў нацыянальных музычных конкурсах і фэстах. Канкурсанты павінны мець рэкамендацыі ад дзяржаўных міністэрстваў і ведамстваў культуры (абавязкова для краін СНД), прадзюсарскіх цэнтраў, музычных студый, музычных тэле-, радыёпраграм, дырэкцый музычных фэстаў і конкурсаў. Узрост канкурсантаў павінен быць ад 18 да 31 года. Папярэдні адбор удзельнікаў ажыццяўляе «Дзяржаўная ўстанова Цэнтр культуры „Віцебск“» на аснове афіцыйных заявак, творчых рэкамендацый, аўдыё- і відэаматэрыялаў, прадстаўленых на конкурс. Да ўдзелу ў конкурсе дапускаюць па аднаму выканаўцу ад краіны-ўдзельніцы. Усяго ў конкурсе могуць браць удзел не больш за 21 выканаўца.
Конкурс праводзіцца на сцэне Летняга амфітэатра ў Віцебску і доўжыцца 2 дня. Парадак выступлення выканаўцаў звычайна вызначаецца лёсаваннем, якое праходзіць напярэдадні першага конкурснага дня, і з’яўляецца нязменным і ў другім туры. Для канкурсантаў падрыхтоўка да конкурсу пачынаецца загадзя, у Мінску, на базе Нацыянальнага канцэртнага аркестра Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга.
Конкурс мае два этапы, кожны праходзіць у асобны дзень. У першы дзень канкурсант павінен выконваць эстрадную песню кампазітара краіны і на мове краіны, якую прадстаўляе канкурсант у суправаджэнні фанаграмы «мінус адзін» (правіла ўведзена ў 1993 годзе). Запіс дапаможнага голасу (бэк-вакалу) дапушчальны ў тым выпадку, калі ён не дублюе асноўны голас (меладычную лінію) і не замінае праслухоўванню выканаўца. Фанаграма забяспечваецца непасрэдна канкурсантам ці канкурсанткай. У другі дзень выконваецца песня кампазітара з славянскай краіны на адной з моў славянскай моўнай групы ў суправаджэнні Нацыянальнага канцэртнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга. Працягласць гучання песні ў кожны з дзён павінна быць не больш за чатыры хвіліны. За доўгую гісторыю правядзення конкурсу этапы часам мянялі месцамі, але правілы конкурсу для выканаўцаў амаль што не змяняліся і сталі традыцыйнымі.
У 2003, 2004 і 2014 гадах праграма складалася з паўфіналу і фіналу, які складаўся з двух дзён.
Міжнароднае журы
[правіць | правіць зыходнік]Міжнароднае журы фармуецца Дырэкцыяй фэсту на кантрактнай аснове з ліку папулярных выканаўцаў эстраднай песні, кампазітараў, паэтаў, менеджараў, прадзюсараў, журналістаў, грамадска-палітычных дзеячаў, прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі, якія маюць міжнароднае прызнанне і спрыяюць папулярызацыі ідэй фестывалю. Члены журы не павінны з’яўляцца менеджарамі ці прадзюсарамі ўдзельнікаў конкурсу. Колькасць членаў журы ад года на год мянялася: максімальная колькасць членаў журы была ў 1992 і 1993 гадах — 15 чалавек, мінімальная колькасць — 10 чалавек. Журы ацэньвае канкурсантаў па 10-бальнай сістэме, з пэўнай умовай не ацэньваць ніжэй за 4 бала. У 1994 годзе падчас галасавання старшыня журы Мішэль Легран ацэньваў канкурсантаў па 5-бальнай сістэме, у той час як астатнія сябры журы — па 10-бальнай. Галасаванне членаў журы адбываецца па заканчэнні выступу кожнага канкурсанта ў кожны дзень конкурсу. Вынікі галасавання адлюстроўваюцца на тэлевізійных экранах.
Ацэнкі журы падсумоўваюць балы за два тура конкурсу і па выніках выяўляюць уладальнікаў Гран-пры, першай, другой і трэцяй прэміі. Па ўмовах конкурсу журы мае права не ўручаць Гран-пры, калі немагчыма вызначыць удзельніка, які падыходзіць паводле патрабаваных крытэрыяў для ўручэння прэміі. За ўсю гісторыю конкурсу такое здаралася толькі ў 1992, 1994 і 2017 гадах[2]. Журы мае права дзяліць прэмію (акрамя Гран-пры і першай прэміі) у роўных долях паміж дзвюма канкурсантамі, якія набралі роўную колькасць балаў ці з невялікай розніцай балаў (да 2-х балаў).
У розныя гады старшынямі журы былі Уладзімір Мулявін, Мішэль Легран, Ігар Лучанок, Ала Пугачова, Марыа Марэна, Анатоль Ярмоленка, Рыкарда Качантэ.
Пераможцы і лаўрэаты
[правіць | правіць зыходнік]Найбольш паспяховымі сярод удзельнікаў конкурсу былі прадстаўнікі Беларусі — 7 Гран-пры, а таксама Югаславіі і Украіны, якія атрымлівалі перамогу 5 разоў. Тройчы Гран-пры конкурсу атрымлівалі выканаўцы з Расіі і Казахстана.
Сярод небеларускіх удзельнікаў конкурсу найбольшых поспехаў дасягнулі Марыя Навумава з Латвіі і Руслана з Украіны, якія рабіліся пераможцамі конкурсу Еўрабачанне ў 2002 і 2004 гадах адпаведна. Вялікую папулярнасць у сваіх краінах і Еўропе атрымалі Жэлька Ёксімавіч з Сербіі, Ташэ Праескі і Бобі Майсоскі з Македоніі, Таісія Павалій з Украіны, а таксама Данатас Монтвідас з Літвы.
Пераможцы і лаўрэаты міжнароднага конкурсу «Віцебск»[3]:
Год | Гран-пры | Першая Прэмія | Другая прэмія | Трэцяя прэмія |
---|---|---|---|---|
1992 | не прысуджаўся | Олэкса Берэст | Андрэй Хлястоў Іна Афанасьева Сабіна |
Тарас Жыцінскі Моніка Ростэк Ігар Шышоў |
1993 | Таісія Павалій | Вадзім Азарх | Ліліяна Ранчыч | Андрэй Шпак |
1994 | не прысуджаўся | Мілан «Шчэпа» Шчэпавіч | Аляксандр Панамароў | Тэона |
1995 | Філіп Жмахер | Наталля Магілеўская | Тэймураз Боджгуа | Тоні Чакыраў Вольга Прадзіна |
1996 | Руслана Лыжычка | Хакан Сулейман Азкая | Мая Каркарашвілі | Таццяна Анісімава |
1997 | Святлана Слаўкавіч | Вольга Сяргеева | Вольга Жалудова | Інеш Кдырава |
1998 | Рафаэль Даган | Таня Банянін | Вікторыя Дземянчук | Яўгенія Уласава Радасціна Колева Эва Улязлоўска |
1999 | Жэлька Ёксімавіч | Ірына Дарафеева | Яўгенія Чобіч Караліна Гочава |
Дыяна Гурцкая Кася Станкевіч |
2000 | Ташэ Праескі | Нэлі Чабану Аляксандра Рахманькова |
Вардуі Варданян Марыян Навіна |
Алеся Азнобіна |
2001 | Тэона Дольнікава | Дзмітрый Качароўскі | Зоран Шандораў Каці Карнай |
Нато Метанідзэ Барыс Рэжак |
2002 | Зікі | Дзяніс Барканаў Тамара Гачэчыладзэ |
Тодар Георгіеў Аляксандра Кірсанава |
Наталля Падольская Елена Гуляева |
2003 | Максім Сапацькоў | Надзея Трохін | Уладзімір Аўчароў Елена Тамашэвіч |
Сяргей Дземянчук Ігар Вукоевіч |
2004 | Пётр Ялфімаў | Яўген Гор | Маржан Арапбаева | Родзіка Новак |
2005 | Паліна Смолава | Мар’ян Стаянаскі | Гюнэш Шай |
Наталля Валеўская Эмілія Валенці |
2006 | Аксана Багаслоўская | Наталля Гардзіенка | Аляксей Гоман | Карынэ Асіран Чыкс |
2007 | Наталя Краснянска | Георгій Калдун Нушка |
Аліна | Ана Міленкавіч Себасцьян Плявіньскі |
2008 | Данатас Монтвідас | Віталь Гардзей Лена Валеўская |
Надзіко | Пламен Патаў Уладзіслаў Лявіцкі |
2009 | Дзмітрый Даніленка | Паша Парфеній | Андрэй Коласаў Улатка Лазанаскі |
Еранімус Мілюс Пятро Дмітрычэнка |
2010 | Дамір Кеджа | Лаша Рамішвілі | Анаіт Шахбазян Іна Воранава |
Дзінара Султангаліева Дзяніс Вяршэнка Ёцэ Панаў |
2011 | Алена Ланская | Уладзімір Квасніця | Рута Дэвід Дэйл |
Алішэр Карымаў Крысціна Скарлат |
2012 | Бобан Майсоскі | Саманта Ціна | Галіна Конах | Федэрыка Марынары Славіна Калканджыева |
2013 | Міхал Качмарэк | Сабрына Кунштэк | Яўген Андрыянаў Арчыл |
Крысці Аляксандр Салаўёў |
2014 | Радрыга де ла Кадэна | Віталіэ Нэгруца | Вераніка Дораш Дына Елушыч |
Дыана Голбі Мархаба Сабіева |
2015 | Дзімаш Кудайберген[4] | Валерыя Грыбусава | Мікалай Манолаў | Сафі Ганна Цвердаступ |
2016 | Аляксей Грос[5] | Адам | Элеанора Век’ё Анна Адабеску |
Андрыа Гвілісіані Ганна Цімафей |
2017 | не прысуджаўся | Улад Сытнік[6] | Ягор Шаранкоў | Невена Божавіч |
2018 | Марчэл Рошка[7] | Ернар «Амрэ» Садырбаеў | Міла Ніціч | Яўген Курчыч Сільвія Зэлек |
2019 | Адыльхан Макін[8] | Георгій Путкарадзэ | Ілай Альмані Ваня Зданюк |
Іван Дзятлаў Дзмітры Бабак |
2020 | Раман Волазнеў[9] | Эліна Івашчанка | Караліна Лында | Хансултан Івона Адзіцкі |
2021 | Рухія Байдукенава[10] | Ірына Арсеніевіч | Данііл Мышкавец Рэната Шціфель |
Тофік Гаджыеў Івана Марыя Багова |
2022 | Ганна Трубяцкая[11] | Марта Верэк’я | Дзмітрына Германава | Бек Ісраілаў |
2023 | Маша Мнджаян[12] | Самір Ёльчыеў | Agape | Куралай Мейрамбек |
2024 | Караліна Балан[13] | Ерназар Жубан | Мар'ям Танкрэдзі | Валеры Чучман |
Міжнародны дзіцячы музыкальны конкурс «Віцебск»
[правіць | правіць зыходнік]З 1996 года падчас Славянскага Базара ў Віцебску праходзіў Міжнародны конкурс дзіцячых шоу-праграм, які пасля стаў звацца Міжнародным конкурсам дзіцячых канцэртных праграм. Міжнародны дзіцячы музыкальны конкурс «Віцебск» стаў заменай апошняму з 2003 года.
Фармат дзіцячага конкурсу
[правіць | правіць зыходнік]Паводле афіцыйнай фармулёўкі, мэтай конкурсу з’яўляецца папулярызацыя дзіцячай музычнай творчасці, выяўленне юных таленавітых выканаўцаў, актывізацыя стварэння новых сучасных твораў для дзяцей і юнацтва, выхаванне мастацкага густа і павагі прафесіяналізму, адраджэнне найлепшых традыцый эстраднага жанру. Да ўдзелу ў конкурсе дапускаюцца дзеці ва ўзросце ад 7 да 12 гадоў уключна, якія маюць досвед канцэртных выступаў.
Конкурс звычайна складаецца з двух конкурсных выступаў, якія праходзяць у два дні, і гала-канцэрта. У першы дзень конкурсу ўдзельнікі выконваюць песню кампазітара краіны і на мове краіны, якую прадстаўляе канкурсант. У другі дзень выконваецца эстрадная песня па выбары канкурсанта, якая найлепш адлюстроўвае выканальніцкае майстэрства і артыстычныя здольнасці канкурсанта. Асноўным патрабаваннем да песень з’яўляецца адпаведнасць дзіцяча-юнацкай тэматыцы, сугучнасць з узростам і светапоглядам выканаўцы. Пераможца конкурсу робіцца ўладальнікам Гран-пры і Залатой Ліры.
Пераможцы і лаўрэаты дзіцячага конкурсу
[правіць | правіць зыходнік]Найбольшы поспех сярод удзельнікаў дзіцячага конкурсу маюць прадстаўнікі Беларусі з 6-цю гран-пры і Румыніі з 4-ма гран-пры, з іх 3 гады запар. Тройчы перамагалі на конкурсе ўдзельнікі з Расіі. Сярод беларускіх пераможцаў конкурсу Ксенія Сітнік і Андрэй Кунец паспяхова прадстаўлялі Беларусь на дзіцячым Еўрабачанні. Шмат хто з удзельнікаў з іншых краін таксама прымалі ўдзел у дзіцячай версіі Еўрабачання пасля ўдалых выступленняў у Віцебску.
Пераможцы міжнароднага дзіцячага музыкальнага конкурсу «Віцебск»:
Год | Пераможца |
---|---|
2003 | Ноні Разван Энэ |
2004 | Раман Грычушнікаў |
2005 | Ксенія Сітнік |
2006 | Катажына "Кася-Бэла" Меднік |
2007 | Андрэй Кунец |
2008 | Лара1 |
2009 | Марыя Крысціна Крэчун |
2010 | Марыа Галатану |
2011 | Ралука-Элена Урсу |
2012 | Марыям Бічашвілі |
2013 | Персіяна Дзімітрава |
2014 | Анастасія Багінская[14] |
2015 | Луіза Нуркуатава[15] |
2016 | Настасся Гладзіліна[16] |
2017 | Марыя Магільная[17] |
2018 | Аляксандр Балабанаў[18] |
2019 | Ксенія Галецкая[19] |
2020 | Ангеліна Ламака[20] |
2021 | Комнен Вукавіч[21] |
2022 | Елісей Касіч[22] |
2023 | Шэрхан Арыстан[23] |
2024 | Ясміна Хуснідынава[24] |
- Заўвагі
- ↑ — Армянская выканаўца Луара Айрапецян прадстаўляла на конкурсе 2008 года Расію пад псеўданімам Лара.
Зноскі
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Пастанова Міністэрства культуры РБ аб Міжнародным фестывалі мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску"(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 21 чэрвеня 2010. Праверана July 26, 2013. (руск.)
- ↑ Гран-при конкурса "Витебск-2017" не присуждался, первая премия у украинца (руск.) . www.belta.by (17 ліпеня 2017). Праверана 15 верасня 2023.
- ↑ Лаўрэаты міжнароднага конкурса выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск"(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 30 кастрычніка 2011. Праверана July 29, 2013. (руск.)
- ↑ Найлепшым славянскім спеваком стаў казах . Праверана July 14, 2015.
- ↑ Гран-пры на «Славянскім базары» атрымаў беларус Аляксей Грос . Праверана July 19, 2016.
- ↑ Першы прыз «Віцебска» дастаўся ўкраінцу з Луганска . Праверана July 18, 2017.
- ↑ Музычны конкурс на «Славянскім базары» выйграў рэгент царквы з Бухарэста . Праверана August 3, 2018.
- ↑ Гран-пры «Славянскага базару» прысудзілі прадстаўніку Казахстана . Праверана March 10, 2020.
- ↑ Гран-пры «Славянскага базара» атрымаў беларускі выканаўца з песняй на словы Багдановіча . Праверана July 20, 2020.
- ↑ Гран-пры "Славянскага базару" атрымала прадстаўніца Казахстана . Праверана July 19, 2021.
- ↑ Дзве перамогі — у Беларусі! У Віцебску адбылося маштабнае закрыццё «Славянскага базару» . Праверана February 10, 2023.
- ↑ Гран-пры конкурсу маладых выканаўцаў на "Славянскім базары ў Віцебску" заваявала Маша Мнджаян . Праверана July 19, 2023.
- ↑ На «Славянскім базары» перамагла прадстаўнічка Малдовы . Наша Ніва (15 ліпеня 2024). Праверана 16 ліпеня 2024.
- ↑ Украінка Анастасія Багінская стала пераможцай дзіцячага конкурсу «Віцебск-2014» . Праверана July 13, 2014.
- ↑ Луіза Нуркуатава з Казахстана заваявала Гран-пры дзіцячага музычнага конкурсу "Віцебск-2015"(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 2 жніўня 2015. Праверана July 13, 2015.
- ↑ Расіянка Настасся Гладзіліна заваявала Гран-пры дзіцячага музычнага конкурсу "Славянскага базару"(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 19 ліпеня 2016. Праверана July 19, 2016.
- ↑ Беларуска Марыя Магільная перамагла ў дзіцячым конкурсе на «Славянскім базары» . Праверана July 18, 2017.
- ↑ Сталі вядомыя імёны пераможцаў XVI Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу "Віцебск-2018"(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 18 верасня 2020. Праверана August 3, 2018.
- ↑ Ксенія Галецкая заваявала Гран-пры дзіцячага конкурсу на "Славянскім базары ў Віцебску"(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 17 жніўня 2020. Праверана March 10, 2020.
- ↑ Гран-пры дзіцячага конкурсу «Славянскага базару» заваявала Ангеліна Ламака" . Праверана July 20, 2020.
- ↑ Гран-пры дзіцячага конкурсу "Славянскага базару" заваяваў Комнен Вукавіч з Чарнагорыі(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 19 ліпеня 2021. Праверана July 19, 2021.
- ↑ Дзве перамогі — у Беларусі! У Віцебску адбылося маштабнае закрыццё «Славянскага базару» . Праверана February 10, 2023.
- ↑ Гран-пры ў Казахстана, другое месца ў Беларусі. Як размеркаваліся месцы дзіцячага конкурсу "Віцебск" . Праверана July 19, 2023.
- ↑ Гран-пры дзіцячага музычнага конкурсу "Віцебск" едзе ва Узбекістан(нявызн.). blr.belta.by (11 ліпеня 2024). Праверана 16 ліпеня 2024.