Інгеборг Бахман
Інгеборг Бахман | |
---|---|
ням.: Ingeborg Bachmann | |
Асабістыя звесткі | |
Дата нараджэння | 25 чэрвеня 1926[1][2][…] |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 17 кастрычніка 1973[1][2][…] (47 гадоў) |
Месца смерці | |
Пахаванне | |
Грамадзянства | |
Прафесійная дзейнасць | |
Род дзейнасці | пісьменніца |
Гады творчасці | 1950—1973 |
Мова твораў | нямецкая |
Грамадская дзейнасць | |
Член у | |
Прэміі | Вялікая аўстрыйская дзяржаўная прэмія (1968) і інш. |
Узнагароды | |
Подпіс | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Інгеборг Бахман (ням.: Ingeborg Bachmann; 25 чэрвеня 1926, Клагенфурт, Аўстрыя — 17 кастрычніка 1973, Рым, Італія) — аўстрыйская пісьменніца.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]У 1945 — 50-х гг. Інгеборг Бахман вывучала філасофію, псіхалогію, філалогію і права ва ўніверсітэтах Інсбрука, Граца і Вены. У 1950 годзе яна абараніла дысертацыю на тэму «Крытычнае ўспрыманне экзістэнцыяльнай філасофіі Марціна Хайдэгера». Найбольш вялікі след у творах пісьменніцы пакінула яе знаёмства з філасофіяй мовы венскага лінгвіста і філосафа Людвіга Вітгенштэйна.
У літаратуру Інгеборг Бахман увайшла як лірык, выдаўшы ў 1950-я гады два зборнікі вершаў: «Адтэрмінаваны час» (Die Gestundete Zeit, 1953) і «Заклік да Вялікай Мядзведзіцы» (Anrufung des großen Bären, 1956). Адна з найважнейшых праблем яе лірыкі — праблема тоеснасці ўласнага «я». У асноўным Бахман выкарыстоўвала свабодныя рытмы і старанна зашыфраваныя вобразы і метафары. Вершаваная спадчына Інгеборг Бахман невялікая па памеры: 67 асобных вершаў, тры вершаваныя цыклы і «Маналог князя Мышкіна» да пантамімы «Ідыёт».
50-я гады — гэта таксама час працы над радыёп’есамі «Цыкады» (1955) і «Добры бог з Манхэтэна» (1958). Зварот пісьменніцы да гэтага жанру быў абумоўлены новымі магчымасцямі радыёп’есы: выкарыстаннем акустычных эфектаў, зменай часавых узроўняў, рэальнай і ўяўнай прасторы, — што дазваляла больш яскрава адлюстраваць псіхічныя памежныя сітуацыі.
У 1959—1960 навучальным годзе Бахман чытала лекцыі ва ўніверсітэце Франкфурта-на-Майне, якія ў далейшым склалі зборнік з падзагалоўкам «Праблемы сучаснай паэзіі».
Зварот Інгеборг Бахман да прозы адбыўся ў 60-я гады. Зборнік «Трыццаты год» (Das dreißigste Jahr, 1961) мае шмат у чым аўтабіяграфічны характар. Гэта сем апавяданняў-маналогаў, напісаных метафарычнай мовай, у цэнтры якіх — канфлікт паміж памкненнямі чалавека і недасканаласцю навакольнага свету.
У сярэдзіне 60-х гадоў пісьменніца пачала працу над цыклам раманаў пад агульнай назвай «Віды смерці», які мусіў паказаць сучаснае грамадства як «арэну забойстваў», звярнуць увагу на існаванне латэнтных формаў фашызму ў палітычным і сацыяльным жыцці. Першым і адзіным раманам з гэтага цыклу, дапісаным да канца, стаў раман «Мáліна» (Malina), апублікаваны ў 1971 годзе. Пасмяротна былі надрукаваныя фрагменты яшчэ двух раманаў — «Рэквіем па Фані Гольдман» і «Кніга Франца». «Маліну» аўтар лічыла ўверцюрай да гэтага цыклу. Раман мае вельмі складаную структуру: тэлефонныя размовы, лісты, гісторыі, снабачанні і г.д. У кнізе існуе фрагмент пад назвай «Таямніцы прынцэсы Кагранскай» — устаўное паданне, пабудаванае на шэрагу алюзій да творчасці іншых пісьменнікаў, філосафаў, псіхолагаў і кампазітараў.
Апошняй кнігай Інгеборг Бахман, выдадзенай пры яе жыцці, стаў зборнік апавяданняў «Сінхронна» (Simultan, 1972), куды, па словах пісьменніцы, увайшло тое, што пісалася падчас працы над раманам, але не ўкладвалася ў яго рамкі. Зборнік складаецца з пяці апавяданняў — замалёвак з жыцця пяці жанчын. Гераіні гэтых твораў адрозніваюцца самастойнасцю, халоднасцю, яны выпрацавалі сваю стратэгію паводзінаў у свеце, дзе ўладарыць мужчына.
У 1973 годзе Інгеборг Бахман памерла ад апёкаў, якія атрымала падчас пажару ў сваёй рымскай кватэры.
Узнагароды
[правіць | правіць зыходнік]Інгеборг Бахман — лаўрэат мноства літаратурных прэмій: прэміі «Групы-47» за паэтычную творчасць (1953), прэміі горада Брэмена (1954), прэміі Таварыства сляпых інвалідаў вайны за радыёп’есу «Добры бог з Манхэтэна» (1959), прэміі Саюза нямецкіх крытыкаў за зборнік апавяданняў «Трыццаты год» (1961), Бюхнераўскай прэміі (1964), Вялікай аўстрыйскай дзяржаўнай прэміі (1968), прэміі імені Антона Вільдганса (1972).
Памяць
[правіць | правіць зыходнік]У 1977 годзе ў Клагенфурце заснаваная прэмія імя Інгеборг Бахман для нямецкамоўных аўтараў.
Беларускія пераклады
[правіць | правіць зыходнік]На беларускую мову яе творы перакладалі Сяргей Законнікаў[4], Вольга Гронская.
Зноскі
- ↑ а б Ingeborg Bachmann // Encyclopædia Britannica Праверана 9 кастрычніка 2017.
- ↑ а б Ingeborg Bachmann // ISFDB — 1995. Праверана 9 кастрычніка 2017.
- ↑ а б Gadzinski A. Ingeborg Bachmann // KALLIOPE Austria: Frauen in Gesellschaft, Kultur und Wissenschaft — Wien: Bundesministerium für Europa, Integration und Äußeres, 2015. — S. 141–142. — ISBN 978-3-9503655-5-9
- ↑ Галасы з-за небакраю: анталогія паэзіі свету ў беларускіх перакладах ХХ ст. Склад. М. Скобла. — Мн.: Лімарыус 2008. — 896 с.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Peter Beicken: Ingeborg Bachmann. Beck, München 1988. ISBN 3-406-32277-8
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.2: Аршыца — Беларусцы / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1996. — 480 с. іл.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Інгеборг Бахман на сайце «Internet Movie Database» (англ.)
- Ingeborg Bachmann — сайт, прысвечаны жыццю і творчасці Інгеборг Бахман (ням.)
- Ingeborg Bachmann Архівавана 8 чэрвеня 2007. — біяграфія (англ.)
- Старонка ў Журнальнай зале
- Старонка на сайце Вавілон
- Проза on line (руск.)
- «Таямніцы прынцэсы Кагранскай» (Урывак з рамана «Мáліна») Архівавана 24 лютага 2013. у перакладзе на беларускую мову
- Да пары адтэрмінаваны час. Вершы (бел.)
- Нарадзіліся 25 чэрвеня
- Нарадзіліся ў 1926 годзе
- Нарадзіліся ў Клагенфурце
- Памерлі 17 кастрычніка
- Памерлі ў 1973 годзе
- Памерлі ў Рыме
- Пахаваныя ў Карынтыі
- Члены Нямецкай акадэміі мовы і паэзіі
- Асобы
- Пісьменнікі паводле алфавіта
- Пісьменнікі Аўстрыі
- Паэты Аўстрыі
- Драматургі Аўстрыі
- Нямецкамоўныя паэты
- Жанчыны-філосафы
- Лаўрэаты прэміі Георга Бюхнера