Перайсці да зместу

Мяцеж ПВК «Вагнер»

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Версія для друку болей не падтрымліваецца і можа мець памылкі апрацоўкі. Калі ласка, абнавіце закладкі браўзеру і выкарыстоўвайце ўбудаваную функцыю друку браўзеру.
Мяцеж ПВК «Вагнер»
Дата з 23 па 24 чэрвеня 2023 года
Месца  Расія: Растоўская вобласць, Варонежская вобласць, Ліпецкая вобласць, Тульская вобласць, Маскоўская вобласць
Прычына канфлікт «вагнераўцаў» з ваенным ведамствам
Вынік дамова ўрада з наймітамі, вяртанне сіл ПВК у пункты дыслакацыі
Праціўнікі
ПВК «Вагнер» Мінабароны РФ
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Мяцеж Яўгена Прыгожына, таксама Мяцеж ПВК «Вагнер» — узброенае выступленне фарміраванняў ПВК «Вагнер», якія прымалі ўдзел ва ўварванні Расіі ва Украіну. Паводле заявы Яўгена Прыгожына, кіраўніка кампаніі, акцыя накіравана супраць Мінабароны РФ. Падзеі былі расцэнены расійскімі ўладамі як спроба ўзброенага мецяжа[1][2].

Перадгісторыя

Расійскі ваенны дзеяч, прадпрымальнік, лідар ПВК «Вагнер» Яўген Прыгожын неаднаразова крытыкаваў міністра абароны Расіі Сяргея Шайгу. Падчас ваеннай аперацыі ў Сірыі ён казаў, што расійскія вайскоўцы дзейнічаюць там «састарэлымі метадамі». У сваю чаргу, Шайгу не падабалася забеспячэнне харчавання расійскай арміі з боку кампаній Прыгожына[3].

На фоне ўварвання ва Украіну ў 2022 годзе ўплыў Я. Прыгожына пашыраны. Калі ў 2017—2018 гадах колькасць яго байцоў ацэньвалася ў некалькі тысяч байцоў, то да студзеня 2023 года паводле ацэнак заходніх разведак колькасць «Вагнера» дасягнула 50 тысяч чалавек[4]. Прыгожын атрымлівае значныя рэсурсы, уключаючы ўласную авіяцыю. ПВК «Вагнер» фактычна ператвараецца ў прыватнае войска Прыгожына, якое дзейнічае па-за расійскім заканадаўствам і па-за вайсковай іерархіяй. Мінабароны і Генштаб былі незадаволены гэтай сітуацыяй і пачалі спрабаваць абмежаваць рост уплыву наймітаў[4].

10 чэрвеня 2023 года стала вядома аб загадзе міністра абароны Расійскай Федэрацыі, якім вызначана падпісанне добраахвотніцкімі атрадамі да 1 ліпеня кантрактаў з Мінабароны[5]. 11 чэрвеня Яўген Прыгожын заявіў, што яго ПВК не будзе падпісваць такіх кантрактаў[6]. Далей ён публічна ў рэзкіх выразах крытыкаваў Мінабароны РФ[7], заяўляючы пры тым, што яго ПВК «абсалютна поўнасцю падпарадкоўваецца» інтарэсам Расіі і вярхоўнаму галоўнакамандуючаму[6].

Ход падзей

Днём 23 чэрвеня 2023 года Яўген Прыгожын выступіў з рэзкімі абвінавачваннямі на адрас кіраўніцтва Міністэрства абароны Расіі, ён заявіў, што ведамства падманвала расійскую грамадскасць і Уладзіміра Пуціна[8]. Пазней Прыгожын паведаміў аб нанясенні расійскімі вайскоўцамі ракетных удараў па тылавых базах ПВК. У мінабароны заявілі, што інфармацыя не адпавядае рэчаіснасці і з’яўляецца правакацыяй[9]. Пасля гэтага ў дачыненні да Прыгожына ФСБ распачала крымінальную справу (артыкул 279 КК РФ, «узброены мяцеж»)[10].

З раніцы 24 чэрвеня байцы ПВК «Вагнер» блакавалі работу вайсковых і цывільных органаў улады ў Растове-на-Доне. Яны пачалі прасоўвацца на поўнач у Варонежскую вобласць[11]. Хутка яны ўзялі пад кантроль ваенныя аб’екты ў Варонежы[12], загарэлася нафтабаза[13]. Падчас гэтых падзей у Варонежскай вобласці пацярпеў крушэнне самалёт Ан-24, паведамлялася аб стратах трох верталётаў у раёне трасы М-4 — два Мі-8 і Мі-35[14], загінулі лётчыкі. Вагнераўцы таксама захапілі «Камаз» і «Тыгр-М», але страцілі знішчаным адзін аўтамабіль УАЗ[15]. Паведамлялі аб нападах авіяцыі на калону ПВК, калі тая рухалася па аб’язной дарозе міма Варонежа, быў знішчаны грузавік[16]. Таксама адбыліся сутыкненні ў раёне вёсак Рагачоўка і Верхні Мамон[17][18].

Удзень тэхніка ПВК «Вагнер» перамяшчалася па тэрыторыі Ліпецкай вобласці[19].

Увечары, пры пасярэдніцтве беларускага лідара Аляксандра Лукашэнкі, Яўген Прыгожын дамовіўся з расійскімі ўладамі аб спыненні бунту і вяртанні падраздзяленняў ПВК «Вагнер» у месцы дыслакацыі[20] дзеля дээскалацыі напружання. На той момант «вагнераўцы» знаходзіліся ў 200 км ад Масквы[21]. Калона тэхнікі групы «Вагнер» таксама пачала пакідаць цэнтр Растова-на-Доне[19].

Крэмль прыпыніў крымінальную справу аб ваенным мяцяжы, а сам заснавальнік ПВК, паводле дамовы, «сыдзе» ў Беларусь. Мяцежнікаў, як заяўляў прэс-сакратар прэзідэнта Расіі, пераследваць не будуць з прычыны іх «заслуг на фронце»[22].

Рэакцыя ўлад

Уладзімір Пуцін выступае са зваротам па тэлебачанні, 24 чэрвеня.

Уладзімір Пуцін у звароце па дзяржаўных тэлеканалах раніцай 24 чэрвеня назваў мяцеж «здрадай», а таксама «ўдарам у спіну», параўнаўшы сітуацыю з 1917 годам, і паабяцаў, што ўсе, хто стаў на шлях бунту, «панясуць немінучае пакаранне»[23]. Пасля заявы прэзідэнта з падтрымкай у яго адрас выступілі кіраўнікі расійскіх рэгіёнаў, спікеры Дзярждумы і Савета Федэрацыі, Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл[19]. Намеснік сакратара Савета бяспекі Расіі Дзмітрый Мядзведзеў назваў узброены мяцеж добра прадуманай і спланаванай аперацыяй, мэтай якой з’яўляецца захоп улады[19].

24 чэрвеня рэжым контртэрарыстычнай аперацыі быў уведзены ў Маскве, Маскоўскай і Варонежскай абласцях, у многіх рэгіёнах адмянілі масавыя мерапрыемствы[19]. У Ліпецкай вобласці абмежаваны аўтобусны рух. Былі адменены ўсе рэйсы на галоўным аўтавакзале Растова-на-Доне, па некаторых напрамках перакрыты рух транспарту[24].

У Санкт-Пецярбургу супрацоўнікі АМАПу і Расгвардыі зайшлі ў будынак «ПВК Вагнер цэнтр»[25]. Таксама праведзены ператрус у прыналежным Прыгожыну гатэлі «Трэзіні»[26]. У аэрапорце Пулкава былі апячатаны арандаваныя яго структурамі самалёт і верталёт[27].

Следчым упраўленнем ФСБ РФ было ўстаноўлена, што ўдзельнікі ўзброенага мецяжа 24 чэрвеня «спынілі дзеянні, непасрэдна накіраваныя на здзяйсненне злачынства». З улікам гэтага і «іншых маючых значэнне для расследавання акалічнасцей» следчым органам 27 чэрвеня вынесена пастанова аб спыненні крымінальнай справы[28].

Крыніцы

  1. Выступление Пригожина звучит как объявление о начале военного переворота (хотя, кажется, перевороты начинаются не с этого) Вот что он сказал. Полная расшифровка. Архівавана з першакрыніцы 23 чэрвеня 2023. Праверана 23 чэрвеня 2023.
  2. Генпрокуратура РФ заявила, что ФСБ завела на Пригожина уголовное дело о призывах к вооружённому мятежу (руск.). Meduza. Архівавана з першакрыніцы 23 чэрвеня 2023. Праверана 23 чэрвеня 2023.
  3. Грубо говоря, мы начали войну Как отправка ЧВК Вагнера на фронт помогла Пригожину наладить отношения с Путиным — и что такое «собянинский полк». Расследование «Медузы» о наемниках на войне в Украине. Meduza (13 ліпеня 2022). Праверана 23 чэрвеня 2023.
  4. а б Блеф или военный мятеж? Что означает ультиматум Евгения Пригожина. Belsat (5 мая 2023). Праверана 23 чэрвеня 2023.
  5. t.me/mod_russia
  6. а б rtvi.com
  7. ЧВК "Вагнер" задержал подполковника российской армии и заставил извиниться. Что происходит?. Русская служба Би-би-си (5 чэрвеня 2023). Праверана 23 чэрвеня 2023.
  8. RUSSIAN OFFENSIVE CAMPAIGN ASSESSMENT, JUNE 23, 2023(нявызн.). Institute study of war (23 чэрвеня 2023). Архівавана з першакрыніцы 24 чэрвеня 2023. Праверана 24 чэрвеня 2023.
  9. Пригожин обвинил МО РФ в ударах по ЧВК "Вагнер" и намерен мстить. Радио «Свобода» (23 чэрвеня 2023). Праверана 23 чэрвеня 2023.
  10. Евгений Жуков. Бунт ЧВК "Вагнер": ФСБ возбудила уголовное дело (руск.). Deutsche Welle (23 чэрвеня 2023). Праверана 23 чэрвеня 2023.
  11. Основатель «Вагнера» вступил в открытое противостояние с Кремлем: международная реакция // Русская служба «Голоса Америки», 24 Июнь 2023
  12. Reuters и «Би-би-си»: «ЧВК Вагнера» взяли под контроль военные объекты в Воронеже (руск.). Медиазона. Праверана 24 чэрвеня 2023.
  13. В Воронежской области взорван автомобильный мост. В Воронеже горит нефтебаза, в которую вагнеровцы попали из ЗРК, целясь в вертолет (руск.). Медиазона (24 чэрвеня 2023). Праверана 24 чэрвеня 2023.
  14. Baza: В Воронежской области потерпел крушение самолет Ан-24, он мог быть сбит (руск.). The Insider (24 чэрвеня 2023). Праверана 24 чэрвеня 2023.
  15. Проект Oryx: Минобороны потеряло в конфликте с ЧВК Вагнера три вертолета и самолет (руск.). Meduza (24 чэрвеня 2023). Праверана 24 чэрвеня 2023.
  16. «Медуза» сделала обновляемую карту, на которой вы можете увидеть, как продвигается наступление ЧВК Вагнера на Москву (руск.). Meduza (24 чэрвеня 2023). Праверана 24 чэрвеня 2023.
  17. Воронежский губернатор заявил, что вооруженные силы РФ проводят в области «оперативно-боевые мероприятия». Телеграм-каналы публикуют видео со стрельбой (руск.). Meduza (24 чэрвеня 2023). Праверана 24 чэрвеня 2023.
  18. Воронежский губернатор сообщил, что в области проводят «оперативно-боевые мероприятия»; телеграм-каналы пишут о боях между «ЧВК Вагнера» и Минобороны (руск.). Медиазона. Праверана 24 чэрвеня 2023.
  19. а б в г д ria.ru
  20. Пресс-служба Лукашенко заявила, что он провел переговоры с Пригожиным — и тот согласился остановить движение наемников (руск.). Meduza. Праверана 24 чэрвеня 2023.
  21. Пригожин заявил об прекращении вооруженного мятежа ЧВК «Вагнер» (руск.) (24 чэрвеня 2023). Праверана 24 чэрвеня 2023.
  22. "Песков заявил, что уголовное дело о военном мятеже закроют, а Пригожин «уйдет» в Беларусь". Meduza. 24 июня, 2024. {{cite news}}: Праверце значэнне даты ў: |date= (даведка)
  23. Обращение к гражданам России (руск.). Президент России (24 чэрвеня 2023). Праверана 24 чэрвеня 2023.
  24. ria.ru
  25. В «ЧВК Вагнер Центр» в Петербурге вошли силовики (руск.). Фонтанка.ру (24 чэрвеня 2023). Праверана 24 чэрвеня 2023.
  26. Пригожин подтвердил информацию «Фонтанки» и объяснил, что за деньги в «Газели» и двух автобусах (руск.). Фонтанка.ру (24 чэрвеня 2023). Праверана 24 чэрвеня 2023.
  27. В аэропорту Петербурга опечатаны самолет и вертолет, которыми пользовался Пригожин (руск.). Фонтанка.ру (24 чэрвеня 2023). Праверана 24 чэрвеня 2023.
  28. tass.ru