Еўдакім Раманавіч Раманаў

(Пасля перасылкі з Еўдакім Раманаў)

Еўдакім Раманавіч Раманаў (30 жніўня (11 верасня) 1855, м. Нова-Беліца, Гомельскі павет, Магілёўская губерня, цяпер у межах г. Гомеля — 20 студзеня 1922, Стаўрапаль) — беларускі этнограф, фалькларыст і археолаг.

Еўдакім Раманавіч Раманаў
Дата нараджэння 30 жніўня (11 верасня) 1855
Месца нараджэння
Дата смерці 20 студзеня 1922(1922-01-20)[1] (66 гадоў)
Месца смерці
Месца пахавання
Грамадзянства
Род дзейнасці літаратуразнавец, краязнавец, журналіст, збіральнік народных казак, археолаг, этнограф, фалькларыст, пісьменнік, беларусазнавец, педагог, публіцыст, літаратар
Навуковая сфера этнаграфія, літаратуразнаўства, археалогія, краязнаўства, беларусістыка
Альма-матар
Вядомы як адзін з заснавальнікаў беларускай этнаграфіі
Член у
Лагатып Вікікрыніц Творы ў Вікікрыніцах
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Біяграфія

правіць

Нарадзіўся ў беднай мяшчанскай сям’і. У 1867 паступіў у Гомельскую прагімназію, няглядзячы на нястачу сродкаў. У 1869 памірае маці, Е. Раманаў застаецца сіратою. Каб мець магчымасць працягваць вучобу, ён наймаецца да купца рэпетытарам. Скончыўшы ў 1870 курс прагімназіі, спрабуе паступіць у Магілёўскую гімназію, але нягледзячы на паспяхова здадзеныя ўступныя экзамены «не аказалася вакансій». Няўдачай скончылася спроба паступіць вольным слухачом ва ўніверсітэт. Здаў экзамены на атрыманне звання народнага настаўніка экстэрнам. У 1872 17-гадовы Е. Раманаў накіраваны на працу ў Герасімаўскае народнае вучылішча Хлыстоўскай воласці Аршанскага павета Магілёўскай губерні. Працаваў настаўнікам 14 гадоў, 20 гадоў выконваў абавязкі інспектара народных вучылішчаў.

З самага пачатку Е. Р. Раманаў спалучаў педагагічную, этнаграфічную і навуковую дзейнасць, у якой важнае месца займала і мовазнаўчая тэматыка. На жаль, не ўсе сабраныя ім моўныя матэрыялы і завершаныя мовазнаўчыя даследаванні былі апублікаваны, не ўсе нават захаваліся ў рукапісах. Займаўся збіраннем твораў вусна-паэтычнай творчасці і даследаваннем культуры і быту беларускага народа. У 1877 Е. Р. Раманаў паведамляў Расійскай акадэміі навук, што за пяць гадоў настаўніцкай працы ім сабрана 2000 беларускіх слоў і з гэтага матэрыялу складзена «Спроба беларускага слоўніка», а ў якасці ўводзін да яго — «Кароткая беларуская граматыка». Аддзяленнем рускай мовы і славеснасці Акадэміі навук даследчыку прапанавалі аформіць свой слоўнік як дапаўненне да слоўніка І. І. Насовіча. На працягу наступных пяці гадоў Е. Р. Раманаў збіраў не зафіксаваныя І. І. Насовічам словы на тэрыторыі Магілёўшчыны, лексікаграфічна апрацоўваў іх. Далейшая праца над слоўнікам была спынена, бо Е. Р. Раманаў заняўся падрыхтоўкай да друку сваёй асноўнай фальклорна-этнаграфічнай працы — «Беларускага зборніка», своеасаблівай энцыклапедыяй побыту, творчасці, матэрыяльнай і духоўнай культуры беларускага народа 19 — пач. 20 ст. Планавалася выдаць матэрыялы ў 15 кнігах. Аднак пры жыцці Е. Р. Раманава выйшла 9 тамоў (1886—1912), 10-ы том выпусціў Інбелкульт (1928), падрыхтаваныя 11-14-я тамы загінулі ў 2-ую сусветную вайну, лёс 15-га тому невядомы.

 
Еўдакім Раманаў

У 1897—1903 Е. Р. Раманаў узначальваў неафіцыйную частку «Могилевских губернских ведомостей». Значнай працай з’яўляюцца «Матэрыялы па гістарычнай тапаграфіі Віцебскай губерні. Павет Веліжскі» (1898), навуковыя вывады ў якой зроблены на аснове асабістых даследаванняў. У гэты перыяд апублікавана каля 100 розных прац. Пад рэдакцыяй Раманава выйшлі тры выпускі «Магілёўскай даўніны» (1900, 1901, 1903), два выпускі «Матэрыялаў па этнаграфіі Гродзенскай губерні» (1911, 1912), адзін выпуск «Крыніц для гісторыі Магілёўскага краю» (1916). У 1886—1894 Е. Р. Раманаў займаецца археалагічнымі раскопкамі на тэрыторыі Магілёўскай і Віцебскай губерняў як самастойна, так і па даручэнні і на сродкі Маскоўскага археалагічнага таварыства, правадзейным членам якога ён з’яўляўся, і Археалагічнай камісіі. Археалагічныя і этнаграфічныя калекцыі Е. Р. Раманава ўзбагацілі многія айчынныя і замежныя музеі. Цяпер у Эрмітажы захоўваецца 1017 экспанатаў Е. Р. Раманава, у Музеі антрапалогіі і этнаграфіі імя Пятра I АН Расіі — 1007, у Дзяржаўным музеі этнаграфіі народаў СССР — звыш 1100, у Гісторыка-этнаграфічным музеі Акадэміі навук Літоўскай ССР — 242, якія даюць багацейшыя матэрыялы для вывучэння гісторыі Беларусі, Літвы і Латвіі. За гэты перыяд Е. Р. Раманаў надрукаваў каля 60 артыкулаў, нарысаў, рэцэнзій і заметак па беларускай этнаграфіі, археалогіі, гісторыі і філалогіі, склаў археалагічныя карты Магілёўскай, Віцебскай і Гродзенскай губерняў, сабраў звесткі пра 1000 гарадзішчаў Беларусі, выявіў шмат стаянак першабытнага чалавека, удзельнічаў у рабоце дзевятага археалагічнага з’езда ў Вільні (1893). Каля в. Высокі Гарадзец (цяпер Талачынскі р-н) адкрыў помнік эпіграфікі 12 ст. — «Рагвалодаў камень». Займаўся раскопкамі курганоў і могільнікаў 10-12 ст. Адкрыцці вучонага добра дакументаваныя і апрацаваныя, яны пакладзены ў аснову наступных даследаванняў па археалогіі. Па ініцыятыве Е. Р. Раманава і пры яго актыўным удзеле былі заснаваны Віцебскі, Магілёўскі і Віленскі этнаграфічныя музеі (куды даследчык перадаў шмат уласных знаходак), неаднаразова наладжваліся выстаўкі. У 1907 Е. Р. Раманаў пераехаў у Вільню, дзе таксама быў інспектарам народных вучылішчаў (1907—1914). Навуковец больш не мог шмат часу аддаваць археалогіі і пагатоў праводзіць раскопкі, але напісаў шмат артыкулаў на назапашаным раней матэрыял (у віленскі перыяд жыцця надрукавана 34 працы па этнаграфіі, фальклору і археалогіі). Найбольш важныя археалагічныя артыкулы гэтага часу апублікаваны ў «Запісках» Паўночна-Заходняга аддзялення Рускага геаграфічнага таварыства (з 1910 Е. Р. Раманаў быў загадчыкам секцыі этнаграфіі і археалогіі РГТ). У кастр. 1917 Е. Р. Раманаў пераязджае ў Стаўрапаль, дзе апынуўся цяжкім становішчы і памёр. Пахаваны на Данілаўскіх могілках. Багацейшы архіў вучонага, які знаходзіўся з ім, загінуў.

 
Е. Р. Раманаў. Прамалёўка выявы на Барысавым камені ў вёсцы Высокі Гарадзец, выкананая Еўдакімам Раманавым

Дзейнасць Е. Р. Раманава адзначана Малым і Вялікім залатымі медалямі, а таксама дыпломамі навуковых таварыстваў. Лаўрэат імянных прэмій Расійскай акадэміі навук.

  • Археологическая карта Могилевской губернии (не выдавалася)
  • Заметки по поводу учреждения Полоцкого археологического кружка // Витебские губернские ведомости. 1886. № 73.
  • Раскопки в Могилёвской губернии в 1888 г. // Древности: тр. Моск. археол. о-ва. М., 1889. Т. 13, вып. 1.
  • Материалы по исторической топографии Витебской губерни. Уезд Велижский. Могилёв, 1898.
  • Под польским игом : Очерки и штрихи из жизни могилев. православ. белоруссов в XVIII в. / Е. Белицкий. — Вильна : тип. "Рус. почин", 1907. — 166 с.; 21.
  • Борисов камень в селе Высоком Городце Сенненского уезда Могилёвской губернии. Вильна, 1912.

Памяць і ўшанаванне

правіць

Імя Е. Р. Раманава носяць:

Мемарыяльныя шыльды ў яго гонар усталяваны:

  • у Магілёве на будынку абласнога краязнаўчага музея[4];
  • у Гомелі на будынку бібліятэкі-філіяла № 3[5].

Зноскі

  1. а б Романов Евдоким Романович // Большая советская энциклопедия: [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохорова — 3-е изд. — М.: Советская энциклопедия, 1969. Праверана 28 верасня 2015.
  2. Бібліятэка-філіял № 3 ім. Я. Раманава.
  3. Гомель. Атлас туриста. / Справоч. изд. Ред. Ю. М. Нестеровская. — Минск : РУП «Белкартография», 2019. — С. 29.
  4. Минченко, П. Человек-университет. Евдоким Романов // Беларусь Сегодня. — 24.06.2010.
  5. Романов Евдоким Романович / Почётные доски // городгомель.бел.

Літаратура

правіць
  • Алексеев, Л. В. Евдоким Романович Романов (1855—1922) / Л. В. Алексеев // Археология и краеведение Беларуси XVI в. — 30-е годы XX в. / Л. В. Алексеев. Мн., 1996. С. 145—148;
  • Беларусы. У 8 т. Т. 3. Гісторыя этналагічнага вывучэння / В. К. Бандарчык; НАН Беларусі, Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы. — Мн.: Бел. навука, 1999. — 365 с. : іл. С. 126—133;
  • Невядомая спадчына Еўдакіма Раманава: матэрыялы да археал. карты Магілёўс. губерні : археаграф. зб. / аўт.-склад. І. А. Марзалюк. — Магілёў: МДУ імя А. А. Куляшова, 2001. — 57 с.;
  • Марзалюк, І. А. Еўдакім Раманавіч Раманаў — археограф і археолаг Магілёўшчыны / Марзалюк Ігар Аляксандравіч // Магілёўская даўніна. Магілёў, 1993. С. 37-45;
  • Раманаў Еўдакім Раманавіч // Бел. энцыкл.: у 18 т. Мн., 2001. Т. 13. С. 291;
  • Раманаў Еўдакім Раманавіч// Энцыкл. гісторыі Беларусі: у 6 т. Мн., 2001. Т. 6, кн. 1. С. 90;
  • Раманаў Еўдакім Раманавіч // Беларуская мова: энцыклапедыя. Мн., 1994. С. 452—453;
  • Раманаў Еўдакім Раманавіч // Археалогія і нумізматыка Беларусі: энцыклапедыя. Мн., 1993. С. 533—534;
  • Раманаў Еўдакім Раманавіч // Этнаграфія Беларусі: энцыклапедыя. Мн., 1989. С. 426;
  • Раманаў Еўдакім Раманавіч // Асветнікі зямлі беларускай, X — пач. XX ст.: энцыкл. давед. Мн., 2001. С. 348—349;
  • Раманаў Еўдакім Раманавіч // Беларускія лінгвісты — ураджэнцы Магілёўшчыны. Магілёў, 2001. С. 21-24.

Спасылкі

правіць