ISO 3166-1
ISO 3166-1 — частка стандарту ISO 3166 Міжнароднай арганізацыі па стандартызацыі, якая вызначае коды назваў краінаў, залежных тэрыторыяў і асаблівых раёнаў геаграфічнага інтарэсу. Для кожнага аб’екту стандарт вызначае тры розныя коды:
- ISO 3166-1 alpha-2, дзьвюхлітарная сыстэма, найбольш ужываная з трох. Выкарыстоўваецца, напрыклад, для пазначэньня ў Інтэрнэце дамэнаў першага ўзроўню.
- ISO 3166-1 alpha-3, трохлітарная сыстэма, у каторай скарачэньне (код) мае большае падабенства на сыходную назву.
- ISO 3166-1 numeric, трохлічбавая сыстэма, ідэнтычная той, каторая распрацавана і падтрымліваецца Статыстычным аддзяленьнем ААН. Не залежыць ад сыстэмы напісаньня і, адпаведна, можа выкарыстоўвацца ў не-лацінскіх альфабэтах.
Літарныя коды былі ўпершыню ўведзены ў ISO 3166 у 1974 годзе, а лічбавыя — у 1981. З 1997 году, з таго часу, як стандарт ISO 3166 быў падзелены на тры часткі[1], коды краінаў публікуюцца ў асобным ISO 3166-1.[2]
ISO 3166-1 шырока выкарыстоўваецца іншымі стандартамі і міжнароднымі арганізацыямі[3] для ўніфікацыі абмену таварамі і інфармацыяй. Тым ня менш, гэта не адзіны стандарт кодаў краінаў. Іншыя сыстэмы кодаў, якія выкарыстоўваюцца шматлікімі міжнароднымі арганізацыямі, часткова альбо цалкам не сумяшчальныя з ISO 3166-1[4].
Крытэры ўключэньня ў стандарт
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Стандартам на дадзены момант прысвоены афіцыйныя коды 246 краінам, тэрыторыям і раёнам геаграфічнага інтарэсу. У адпаведнасьці з правіламі Агенцтва падтрымкі стандарту ISO 3166 (па-ангельску: ISO 3166 Maintenance Agency, скарочана ISO 3166/MA) адзіны шлях увесьці новы код/назву краіны ў стандарт — гэта апублікаваць яго ў адной з наступных дзьвюх крыніц[5]:
- Тэрміналягічны бюлетэнь ААН «Назвы краінаў» (па-ангельску: «Country Names»), ці
- Коды краінаў і рэгіёнаў для статыстычнага выкарыстаньня[6] Статыстычнага аддзяленьня ААН.
Для таго, каб быць уключанай у бюлетэнь «Назвы краінаў», краіна або тэрыторыя павінна задавальняць любой зь ніжэйпералічаных умоваў:
- быць краінай-чальцом ААН,
- быць чальцом любога з спэцыялізаваных агенцтваў ААН,
- быць суб’ектам міжнароднага права ў адпаведнасьці са Статутам Міжнароднага Суду.
Як толькі краіна альбо тэрыторыя зьявіцца ў адной зь дзьвюх вышэйзгаданых крыніц, яна аўтаматычна будзе даданая ў ISO 3166-1.
Інфармацыя, каторую зьмяшчае стандарт
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]ISO 3166-1 афіцыйна публікуецца на ангельскай і францускай мовах. Пачынаючы з другой рэдакцыі ISO 3166-1, для кожнага запісу стандарт вызначае наступныя даныя:
- Кароткае імя краіны на ангельскай (францускай) мове
- Кароткае імя краіны на ангельскай (францускай) мове малымі літарамі
- Поўнае імя краіны на ангельскай (францускай) мове
- Код Alpha-2
- Код Alpha-3
- Лічбавы код
- Заўвагі
- Незалежнасьць (наяўнасьць сымбаля # азначае, што краіна зьяўляецца сувэрэннай дзяржавай)
- Дадатковая інфармацыя: адміністрацыйная(-ыя) мова(-ы) alpha-2
- Дадатковая інфармацыя: адміністрацыйная(-ыя) мова(-ы) alpha-3
- Дадатковая інфармацыя: лякалізаваная кароткая назва краіны.
Цяперашнія коды
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Афіцыйна назначаныя коды
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Ніжэй прыведзены поўны сьпіс краінаў і тэрыторыяў у адпаведнасьці з ISO 3166-1 у альфабэтнай пасьлядоўнасьці.
Націснуўшы на кнопку каля тэксту любой з калёнак, можна зьмяніць сыходную пасьлядоўнасьць адсартаваўшы табліцу па гэтай калёнцы.
Зарэзэрваваныя і ўласна назначаныя коды
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Акрамя афіцыйна назначаных кодаў сыстэма кадаваньня можа быць пашыраная зарэзэрваванымі кодамі і кодамі, каторыя могуць ўжываць у сваіх сыстэмах карыстальнікі стандарту.[7]
Каб пазьбегнуць у сыстэмах кадаваньня праблем пры зьменах у сьпісе кодаў, а таксама для большай гнуткасьці стандарту, Агенцтва падтрымкі стандарту можа вылучаць коды, якія абавязваецца не выкарыстоўваць для іншых мэтаў, акрамя вызначаных, на працягу абмежаванага часу або нявызначанага тэрміну. Яны называюцца абароненымі ці зарэзэрваванымі кодамі і іх выкарыстаньне, як правіла, абмяжоўваецца ўжываньнем, для якога яны былі зарэзэрваваныя.
Рэзэрваваньні могуць быць наступных катэгорыяў:
- Пераходнае рэзэрваваньне, як вынік зьменаў у стандарце. Такія коды могуць ужывацца толькі цягам пераходнага пэрыяду, пакуль новыя коды, прызначаныя іх замяніць, ня ўступяць у сілу.
- Нявызначанае рэзэрваваньне, калі існаваньне падобных кодаў у зьвязаных сыстэмах апраўдана і важна для іх пасьпяховага ўжываньня. Выкарыстаньне гэтых кодаў па-за межамі такіх сыстэм не ўхваляецца і чакаецца, што яны будуць альбо выключаны з ужываньня, альбо замененыя на афіцыйныя коды ISO 3166-1.
- Выключнае рэзэрваваньне, у выніку запыту нацыянальных прадстаўнікоў у ISO, урадаў ці міжнародных арганізацыяў. Тычыцца некаторых кодаў, якія патрэбны для працы пэўных сыстэмаў і абмяжоўваюцца ўжываньнем, на які яны былі першапачаткова запрошаны.
Уласна назначаныя коды — коды, якія карыстальнікі ISO 3166-1 могуць выкарыстоўваць на свой погляд, калі ім трэба дадаць дадатковыя назвы краінаў, тэрыторыяў ці іншых геаграфічных адзінак у сыстэмы ўласнага карыстаньня. Агенцтва падтрымкі стандарту ніколі ня будзе выкарыстоўваць іх пры ўводзе новых кодаў у стандарт. Гэтыя коды:
- Alpha-2: AA, QM—QZ, XA—XZ і ZZ
- Alpha-3: AAA—AAZ, QMA—QZZ, XAA—XZZ і ZZA—ZZZ
- Лічбавыя: 900—999
Рэдакцыі і абнаўленьні
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Існуе дзьве рэдакцыі ISO 3166-1. Першая зь іх (ISO 3166-1:1997) была апублікаваная 25.09.1997, другая (ISO 3166-1:2006) — 20.11.2006.
Паміж рознымі рэдакцыямі Агенцтва падтрымкі стандарту ўносіць зьмены ў сьпіс кодаў праз адпаведныя бюлетэні.[8] Звычайна краіне назначаецца новы код, калі зьмяняецца яе назва ці тэрытарыяльныя межы. Калі зьмяняецца значная частка назвы краіны, назначаецца новы альфабэтны код. Калі ж зьмяняюцца межы краіны, назначаецца новы лічбавы код. Коды былых краінаў выдаляюцца з ISO 3166-1 і пераносяцца ў ISO 3166-3.
Бюлетэні першай рэдакцыі ISO 3166-1 (ISO 3166-1:1997) | ||
Бюлетэнь | Дата публікацыі | Зьмест |
---|---|---|
V-1 (анг.) | 05.02.1998 | Зьмена назвы Самоа |
V-2 (анг.) | 01.10.1999 | Уключэньне новай краіны і коду (Акупаваныя палестынскія тэрыторыі) |
V-3 (анг.) | 01.02.2002 | Зьмены коду alpha-3 Румыніі |
V-4 (анг.) | 20.05.2002 | Зьмены назваў (Аўганістан, Азэрбайджан, Бахрэйн, Босьнія і Герцагавіна, Фіджы, Ганконг, Казахстан, Кірыбаці, Макао, Ніуе, Самалі, Вэнэсуэла) |
V-5 (анг.) | 20.05.2002 | Зьмена назвы і альфабэтных кодаў Ўсходняга Тымору |
V-6 (анг.) | 15.11.2002 | Зьмена назваў Ўсходняга Тымору |
V-7 (анг.) | 14.01.2003 | Зьмена афіцыйнай назвы Каморскіх выспаў |
V-8 (анг.) | 23.07.2003 | Выдаленьне Югаславіі, уключэньне Сэрбіі і Чарнагорыі з новымі альфабэтнымі кодамі |
V-9 (анг.) | 13.02.2004 | Уключэньне ў сьпіс Аляндзкіх астравоў |
V-10 (анг.) | 26.04.2004 | Зьмена назваў Аўганістану і Аляндзкіх астравоў |
V-11 (анг.) | 29.03.2006 | Уключэньне ў сьпіс запісаў пра Джэрзі, Гернсі і востраў Мэн. Зьмена заўвагі пра Вялікабрытанію |
V-12 (анг.) | 26.09.2006 | Уключэньне новых запісаў асобна пра Сэрбію і асобна пра Чарнагорыю (замест ранейшага запісу пра Сэрбію і Чарнагорыю) |
Бюлетэні другой рэдакцыі ISO 3166-1 (ISO 3166-1:2006) | ||
Бюлетэнь | Дата публікацыі | Зьмест |
VI-1 (анг.) | 21.09.2007 | Прысваеньне кодаў Сэн-Бартэльмі і Сэн-Мартэн, абнаўленьне запісу пра Францыю і францускія тэрыторыі (Француская Палінэзія, Францускія Паўднёвыя Тэрыторыі, Ґвадэлюпа і Рэюньён) |
VI-2 (анг.) | 31.03.2008 | Зьмена назваў Малдовы, Чарнагорыі і іншыя дробныя выпраўленьні (Мадаґаскар, Акупаваныя палестынскія тэрыторыі, Сэн-Бартэльмі) |
VI-3 (анг.) | 09.09.2008 | Зьмена назвы Нэпалу і іншыя дробныя выпраўленьні (Грэнляндыя, Гернсі, Малдова, Ніґерыя) |
VI-4 (анг.) | 07.01.2009 | Зьмена назвы Рэспублікі Малдова і іншыя дробныя выпраўленьні (Цэнтральна-Афрыканская Рэспубліка, Каморскія выспы) |
VI-5 (анг.) | 03.03.2009 | Зьмена назвы Вэнэсуэлы і іншыя дробныя выпраўленьні (Кірыбаці і Тувалу) |
VI-6 (анг.) | 08.05.2009 | Зьмена назвы Балівіі |
VI-7 (анг.) | 22.02.2010 | Зьмена назвы Выспаў Сьвятой Гелены, Ушэсьця і Трыстан-да-Кунья |
Глядзіце таксама
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Сучасны стандарт ISO 3166 акрамя пазначанай у гэтым артыкуле часткі, мае яшчэ ISO 3166-2 — коды адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак першага ўзроўню асобных краінаў і рэгіёнаў, і ISO 3166-3 — коды былых краінаў
- ^ Гісторыя разьвіцьця ISO 3166. ISO. (анг.)
- ^ Рэалізацыя ISO 3166-1. ISO. (анг.)
- ^ Карысныя вонкавыя спасылкі ад ISO. (анг.)
- ^ ISO 3166 and ccTLDs (анг.)
- ^ http://unstats.un.org/unsd/methods/m49/m49alpha.htm
- ^ Выключнае ўжываньне ISO 3166-1. ISO. (анг.)
- ^ Зьмены ў ISO 3166. ISO. (анг.)
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ISO 3166/MA (анг.) — Агенцтва падтрымкі стандарту ISO 3166
- Аддзяленьне статыстыкі пры ААН (анг.) — Коды краінаў і тэрыторыяў для выкарыстаньня ў статыстыцы. Уключае трохлітарныя і лічбавыя коды
- Коды і назвы краінаў на сямі мовах
- Коды і назвы краінаў на трыццаці мовах