Пракоп Вялікі
Пракоп Голы Prokop Holý | |
к. 1380 — 30 траўня 1434 | |
Мянушка | Пракоп Вялікі |
---|---|
Месца нараджэньня | |
Месца сьмерці | пад Ліпанамі |
Прыналежнасьць | сьвятар |
Званьне | камандуючы гусіцкімі войскамі |
Бітвы/войны | Гусіцкія войны |
Прако́п Го́лы (па-чэску: Prokop Holý), пазьней Вялі́кі (чэск. Prokop Veliký; к. 1380 — 30 траўня 1434, Ліпаны) — гусіцкі сьвятар, палітычны дзяяч, па сьмерці Яна Жыжкі кіраўнік гусіцкіх войскаў.
Жыцьцяпіс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Паходзіў зь мяшчанскай сям’і. Па сьмерці бацькі ім апекаваўся стрый Генрых Пуш з Цах — адзін з найзаможнейшых чэскіх патрыцыяў, дзяржаўца замку Енштэйн, дзе прайшло Пракопава дзяцінства. Стрый забясьпечыў яму выхаваньне і даў магчымасьць падарожнічаць па Гішпаніі, Францыі, Італіі і ў Ерусалім. Вярнуўшыся на радзіму, пасьвячоны ў капланы.
Неўзабаве прыняў гусіцтва. У 1421 року патрапіў за гэта ў вязьніцу. З выбухам гусіцкай рэвалюцыі (г. зв. I дэфэнэстрацыя) далучыўся да Яна Жыжкі ў Пільзені, а пасьля пераехаў у Табар. Спачатку трымаўся пікардзкіх поглядаў, з 1420 заняў памяркоўнейшую пазыцыю.
Па сьмерці Яна Жыжкі ўзначаліў даводзтва войскам. З 1426 лічыўся найважнейшым палітыкам табарытаў і лідэрам духоўнага руху. У 1427 выцясьніў з Маравіі Альбрэхта Аўстрыйскага і спустошыў аўстрыйскія землі да Дунаю, а пасьля разам зь іншым гусіцкім гетманам Пракопам Малым — і Сылезію. Здабыўшы верх над памяркоўнымі гусітамі і авалодаўшы Прагаю, Пракоп Вялікі яшчэ раз разьбіў немцаў і спустошыў Сылезію, Маравію і Вугоршчыну да Прэсбургу, а ў 1429 і 1430 роках — Майсэн, Франконію і Ніжнюю Баварыю.
Посьпехі гусітаў у Чэхіі змусілі каталіцкія дзяржавы пачаць перамовы. У 1433 року Пракоп Голы ўзначаліў гусіцкую дэлегацыю на Базэльскім саборы. У 1434 вярнуўся на пасаду галоўнакамандуючага. Загінуў у бітве пад Ліпанамі, дзе табарыты супрацьстаялі зьвязу памяркоўнага гусіцкага крыла ўтраквістаў з каталікамі.
Мянушка «Голы» паходзіць ад таго факту, што ў адрозьненьне ад іншых гусіцкіх сьвятароў галіў бараду.