Кастусь Маскалік
Канстанцін Маскалік | |
Род дзейнасьці | сьвятар БГКЦ |
---|---|
Дата нараджэньня | 28 траўня 1918 |
Месца нараджэньня | Гарадзея, Нясьвіскі павет |
Дата сьмерці | 12 красавіка 2010 (92 гады) |
Месца сьмерці | Лёндан, Вялікабрытанія |
Месца пахаваньня | |
Грамадзянства | Вялікабрытанія |
Занятак | сьвятар |
Месца працы | |
Бацька | Тодар Маскалік |
Маці | Ганна Шыманская |
Касту́сь Маска́лік (28 траўня 1918, Гарадзея — 12 красавіка 2010, Лёндан) — беларускі грэка-каталіцкі сьвятар.
Жыцьцяпіс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Канстанцін Маскалік нарадзіўся ў сялянскай сям’і Тодара і Ганны (з роду Шыманскіх) ў заходнебеларускім мястэчку Гарадзея, што недалёка ад Нясьвіжу. Рана застаўся сіратою: маці памерла, калі яму было ўсяго 8 месяцаў, а ў васьмігадовым узросьце памёр і яго бацька. Апеку і выхаваньне над сіратою ўзялі сваякі.
Скончыў сямігодку ў Гарадзеі, потым цягам двух гадоў жыў у Жыровіцкім праваслаўным манастыры. Яшчэ перад вайной гэты вельмі пабожны юнак зацікавіўся грэка-каталіцтвам і некаторы час быў у грэка-каталіцкім манастыры айцоў студытаў ва Уніве каля Львова. У траўні 1941 з роднага Гародзея быў мабілізаваны ў Чырвоную Армію і вывезены ў Расею, але як «ненадзейны» ў хуткім часе апынуўся ў працоўным батальёне.
Як польскі грамадзянін ён здолеў трапіць у Армію Андэрса, разам зь якой праз Іран, Ірак, Палестыну і Эгіпет зрабіў сваеасаблівую пілігрымку ў Сьвятую Зямлю. Урэшце ў 1944 апынуўся ў Італіі. Ганарыўся, што праз усю вайну не забіў аніводнага чалавека і не зрабіў аніводнага стрэлу (працаваў пры кухні).
У 1947 годзе Кастусь Маскалік паступіў у калегію Русікум у Рыме, дзе праходзіў сваю сьвятарскую фармацыю і навучаньне. 10 красавіка 1955 ўкраінскі грэка-каталіцкі архібіскуп Іван Бучко ўдзяліў яму сьвятарскія сьвячаньні.
Праз паўгады а. Кастусь Маскалік прыехаў у Лёндан, дзе служыў у Беларускай каталіцкай місіі ў Лёндане.
У 1958 годзе а. Кастусь Маскалік выехаў у Парыж на пасаду кіраўніка Беларускай каталіцкай місіі ў Францыі, аднак у 1962 годзе быў пераведзены ў Рым як памочнік а. Пятра Татарыновіча ў працы на Ватыканскім радыё.
У 1985 айцец Кастусь Маскалік вярнуўся ў Лёндан на працу ў Місіі. Ад 2000 году ён жыў доме састарэлых у Лёндане.
Пахаваны на могілках сьв. Панкрата ў Лёндане, побач з магіламі біскупа Часлава Сіповіч, а. Язэпа Германовіча і іншых беларускіх каталіцкіх сьвятароў.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Нарадзіліся 28 траўня
- Нарадзіліся ў 1918 годзе
- Памерлі 12 красавіка
- Памерлі ў 2010 годзе
- Пахаваныя на Лёнданскіх могілках Сьвятога Панкрата
- Нарадзіліся ў Гарадзеі
- Удзельнікі бітвы пад Монтэ-Касына
- Беларускія каталіцкія сьвятары
- Беларускія каталіцкія сьвятары ўсходняга абраду
- Беларуская грэка-каталіцкая царква
- Памерлі ў Лёндане