Перайсці да зместу

Механізм

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Механізм паравой машыны мае адну ступень свабоды.
Радуктар з чарвячнай перадачай (разрэзаны).

Механізм (ад грэч. прылада, машына) — сістэма злучаных паміж сабой цел (звёнаў) для пераўтварэння (перадачы, узнаўлення) руху аднаго або некалькіх цел у патрэбныя рухі іншых цел; аснова машын, апаратаў, прылад, тэхнічных прыстасаванняў.

Усякі механізм складаецца з аднаго нерухомага звяна (стойкі) і аднаго ці некалькіх рухомых звенняў. 3вяно механізма можа складацца з аднаго або некалькіх нерухома злучаных дэталей. Звёны, законы руху якіх прыняты зададзенымі, называюцца пачатковымі або вядучымі. Законы руху вядзёных звенняў вызначаюцца законам руху вядучых. Спалучэнне двух судатыкальных звёнаў, якое дапускае іх адносны рух, называецца кінематычнай парай. Найбольш пашыраныя кінематычныя пары: вярчальная (шарнір), паступальная (паўзун і накіравальная), вінтавая (вінт і гайка), сферычная (шаравы шарнір). Звязаная сістэма звенняў, якія ўтвараюць паміж сабою кінематычныя пары, называецца кінематычным ланцугом. Асноўная ўласцівасць механізма — пэўнасць руху яго звенняў: пры зададзеных рухах аднаго ці некалькіх звенняў усе астатнія звенні маюць пэўныя рухі. Звычайна ў механізме ёсць уваходнае (вядучае) звяно, што атрымлівае рух ад якога-небудзь рухавіка, і выхадное звяно, злучанае з нейкім рабочым органам.

Паводле канструкцыі механізмы падзяляюцца на групы: рычажныя, кулачковыя, зубчастыя, клінавыя і вінтавыя, фрыкцыйныя, механізмы з гнуткімі звеннямі, механізмы з гідраўлічнымі, пнеўматычнымі і электрычнымі прыстасаваннямі. Паводле прызначэння адрозніваюцца: механізмы рухавікоў і пераўтваральнікаў, перадатачныя і выканаўчыя, кіравання, кантролю і рэгулявання і інш. Перадатачныя механізмы — карданныя (карданны шарнір), а таксама зубчастая перадача, ланцуговая перадача і інш. Пераўтваральныя (узнаўляльныя) — крывашыпныя механізмы, кулачковыя механізмы, кулісныя механізмы, шарнірныя механізмы, мальтыйскія механізмы.

Механізм называецца гідраўлічным або пнеўматычным, калі ў пераўтварэнні руху, акрамя цвёрдых цел (звёнаў), удзельнічаюць вадкасці або газы. Адрозніваюць таксама механізмы: плоскія (траекторыі руху пунктаў усіх звёнаў ляжаць у паралельных плоскасцях) і прасторавыя (траекторыі ляжаць у непаралельных плоскасцях або некаторыя э іх з'яўляюцца прасторавымі крывымі; прасторавымі з'яўляюцца, напрыклад, чарвячныя перадачы, шарнірныя муфты, часткі некаторых маніпулятараў); Механізмы рухавікоў, пераўтваральнікаў, прылад; кіроўныя, выканаўчыя механізмы і інш. Найбольш пашыраны механізмы з адной ступенню свабоды, у якіх для пэўнага руху ўсіх звёнаў трэба задаць закон руху аднаго (вядучага) звяна; ёсць і механізмы э дзвюма ступенямі свабоды (напр., дыферэнцыялы ў транспартных сродках).

Навуковым даследаваннем будовы, кінематыкі і дынамікі механізмаў займаецца тэорыя механізмаў і машын. Рухі механізмаў і іх звёнаў, рэакцыі элементаў кінематычных пар вывучаюць кінематыка механізмаў, кінетастатыка механізмаў, дынаміка механізмаў і машын; метады даследавання і праектавання механізмаў складаюць частку тэорыі механізмаў і машын.