Кнуд Вялікі
Кнуд Вялікі | |||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|
стар.-сканд.: Knūtr inn rīki | |||||||
| |||||||
|
|||||||
Папярэднік | Эдмунд Жалезнабокі | ||||||
Пераемнік | Гаральд I | ||||||
|
|||||||
Папярэднік | Харальд II | ||||||
Пераемнік | Хардэкнуд | ||||||
|
|||||||
Папярэднік | Олаф II Святы | ||||||
Пераемнік | Магнус I Добры | ||||||
|
|||||||
Нараджэнне |
994[1] |
||||||
Смерць |
12 лістапада 1035 |
||||||
Месца пахавання | |||||||
Род | Кнютлінгі | ||||||
Бацька | Свен I Вілабароды[2][3] | ||||||
Маці | Гунхільд Вендэнская[d][2][3] | ||||||
Жонка | Эльфгіфу Нартгемптанская[3][4] і Эма Нармандская[3][4] | ||||||
Дзеці | Свен Кнудсан[2], Гаральд I[2][3], Хардэкнуд[3][2], Гунхільда Дацкая[d][2] і unknown daughter (?)[d][2] | ||||||
Веравызнанне | хрысціянства | ||||||
Бітвы | |||||||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Кнуд Вялікі (стар.-сканд.: Knūtr inn rīki, стар.-англ.: Cnūt se Micela, дацк.: Knud den Store, англ.: Canute the Great, нарв.: Knud den mektige; 994/995-1035) — кароль Даніі, Англіі і Нарвегіі, уладар Шлезвіга і Памераніі. Прадстаўнік дынастыі Кнютлінгаў, сын дацкага караля Свена Вілабародага і Гунхільды. Паводле канадскага гісторыка Нормана Кантара, Кнуд — «найпаспяховейшы кароль усяе англа-саксонскай эпохі» нягледзячы на тое, што ён не быў англасаксам.
Маленства
[правіць | правіць зыходнік]Бацька Кнуда — кароль Даніі Свен I Вілабароды, маці — магчыма Гунхільда. Летапіс XII стагодздя Codex Flateyensis паведамляе, што выхавальнікам маладога Кнуда быў вядомы правадыр так званых ёмсвікінгаў Торкель Высокі . Ані дата нараджання Кнуда, ні імя яго маці невядомыя (імя Гунхільды ўзята з нарвежскіх саг, так звалася дачка міфічнага князя вендаў Бурыслейва , ў якім хутчэй за ўсё аб’яднаныя асобы польскіх каралёў Мешка і Баляслава). Старэйшы брат Кнуда, Харальд, быў спадчыннікам дацкага прастола. У Сазе пра нашчадкаў Кнута XIII стагоддзя можна знайсці такое апісанне маладога Кнуда:
Кнуд быў надзвычайна высокі і моцны, і прыгожы ва ўсім акрамя носа, які быў тонкі, высока пасаджаны і кручкаваты. Ён меў добры целасклад і густыя валасы. Вочы яго былі лепей за вочы іншых людзей, прыгажэй і бачылі далей.
—Сага пра нашчадкаў Кнута |
Амаль нічога не вядома пра будучага караля да 1013 года, калі летам яго бацька, кароль Свен Вілабароды, выправіўся на заваяванне Англіі. Напад быў паспяховы: вікінгі высадзіліся ў вусці ракі Хамбер, і скора мясцовая ўлада пала — у канцы года кароль Этэльрэд Неразумны ўцёк у Нармандыю, пакінуўшы сваё каралеўства Свену. Кнуд кіраваў дацкім флотам, размешчаным у Гейнсбара.
Заваёва Англіі
[правіць | правіць зыходнік]Пасля дачаснай смерці караля Свена на Грамніцы 1014 года ўдзельнікі нападу абвясцілі Кнуда каралём Англіі. Аднак англійскае веча (вітэнагемот) вярнула карону Этэльрэду II, якога зрынуў нябожчык Свен, і Кнуд мусіў вярнуцца ў Данію.
Летам 1015 флот Кнуда, які складаўся прыкладна з 10000 воінаў на 200 ладдзях, выправіўся ў Англію. Сам Кнуд стаяў на чале ар'ергарда вікінгаў са ўсёй Скандынавіі. Наступныя чатырнаццаць месяцаў прайшлі ў цяжкіх і крывавых баях, у якіх англічан часцей за ўсё ўзначальваў сын Этэльрэда Эдмунд Жалезнабокі.
Па Англа-саксонскай хроніцы, у пачатку верасня 1015 Кнуд увайшоў у Сэндвіч у Кенце і паплыў прама ў Уэсекс, руйнуючы Дорсет, Уілтшыр і Сомерсет.
Уэсекс, якім здаўна кіравала дынастыя Альфрэда і Этэльрэда, прызнаў уладу Кнуда у канцы 1015. Тады ж элдармен Мерсіі Эдрык Стрэана з 40 караблямі і войскам перайшоў да Кнуда. Здрадзіў англічанам і былы выхавацель Кнуда Торкель Высокі, які з 1012 года быў са сваімі ёмсвікінгамі наймітам англійскай кароны.
Прасоўванне на поўнач
[правіць | правіць зыходнік]У пачатку 1016 года вікінгі перайшлі Тэмзу і разбурылі Уорвікшыр не сустрэўшы амаль ніякага супраціўлення ад англійскага войска, якое проста разбеглася, бо, як паведамляе летапіс, ні караля, ні лонданскіх часцей з ім не было. Зімой Кнуд зруйнаваў усходнюю Мерсію. Наступнае наступленне англічан было больш паспяховым, але яно ні да чаго не прывяло, і кароль Этэльрэд вярнуўся ў Лондан, апасаючыся здрады. Эдмунд тым часам прасунуўся на поўнач, дзе аб’яднаўся з Ухтрэдам , графам Нартумбрыі , разам яны набеглі на заходнюю Мерсію — Стафардшыр, Шропшыр і Чэшыр. Але акупацыя Нартумбрыі прымусіла Ухтрэда вярнуцца на радзіму і прызнаць уладу Кнуда. Хутчэй за ўсё іменна Кнуд падаслаў да Ухтрэда забойцу — магната Турбранда . Затым да Кнуда далучыўся яшчэ адзін саюзнік, Эйрык Хокансан, якога Кнуд прызначыў графам Нартумбрыі. Няскораны Эдмунд заставаўся па-за гарадскімі межамі Лондана, дзе 23 красавіка, пасля смерці караля Этэльрэда, яго абралі каралём.
Аблога Лондана
[правіць | правіць зыходнік]Кнуд вярнуўся на поўдзень, а дацкае войска разлучылася: адна частка праследвала Эдмунда, які вырваўся з Лондана да таго, як Кнуд канчаткова акружыў горад, і ад’ехаў збіраць войска да Уэсекса, у спадчынныя ўладанні англійскіх каралёў; другая — прадоўжыла асаду Лондана, прорыні па паўнёвых і паўночных ускраінах горада, каб блакіраваць зносіны ўверх па цячэнню.
Адбылася бітва ў Селвудскім лесе , пры Пензельвудзе ў Сомерсеце, а праз два дні — пры Шэрстане , у Уілтшыры, але яна скончылася нічыёй.
Часова Лондан перайшоў да Эдмунда, які перабраўся цераз Тэмзу ля Брэнтфарда і даў датчанам бой, але страты ў войску былі вялікія, і Эдмунду зноў прыйшлося варочацца ў Уэсекс, каб папоўніць войска свежымі воінамі. Тым часам датчане паспрабавалі асадзіць Лондан, але пасля некалькіх няўдалых спроб і бою, які далі ім англічане ў Отфардзе , яны адышлі ў Кент. Тут Эдрык Стрэана перайшоў да Эдмунда, Кнуд пераправіўся морам у Эсекс і, прайшоўшы на ладдзях па рацэ Орвел углыб краіны, зруйнаваў Мерсію.
Лондан здабыты па дагаворы
[правіць | правіць зыходнік]18 лістапада войска Эдмунда ўступіла ў бой з датчанамі, калі тыя адхадзілі да сваіх караблёў. У гісторыю гэты бой увайшоў як бітва пры Асандуне , якая адбылася на месцы сучаснага Ашынгдана ў паўднёва-ўсходнім Эсексе або на паўночным захадзе, ля Ашдана . У гэтай бітве Эдрык Стрэана, чый зварот да англічан быў, відаць, ваеннай хітрасцю, не рушыў сваіх воінаў у бой, што прывяло амаль да поўнага разгрому англійскага войска.
Эдмунд уцёк на захад, у Глостэршыр, дзе ля Дынскага лесу адбыўся яшчэ адзін бой, у якім да Эдмунда далучыліся яго саюзнікі з Уэльса.
На востраве каля Дырхёрста Кнуд і паранены Эдмунд сустрэліся, каб абмеркаваць умовы пагаднення. Вырашана было, што ўся Англія на поўнач ад ракі Тэмзы пяройдзе дацкаму каралевічу, а паўднёвая частка ўключаючы Лондан застанецца за англійскім каралём. Паводле дагавора пасля эдмундавай смерці паўднёвая Англія таксама мусіла адысці да Кнуда. Эдмунд памёр 30 лістапада, праз некалькі тыдняў пасля дагавора. Нейкія крыніцы сцвярджаюць, што Эдмунда забілі, але абставіны яго смерці невядомыя.
Кароль Англіі
[правіць | правіць зыходнік]Дзевятнаццаць гадоў Кнуд уладарыў над Англіяй. Яго абарона ад нападаў вікінгаў дапамагла аднавіць дабрабыт краіны, які хутка пагаршаўся з васьмідзесятых гадоў X стагоддзя. Рэсурсы з Англіі, ў сваю чаргу, дапамаглі Кнуду ўстанавіць сваю ўладу над большай часткай Скандынавіі.
Узмацненне ўлады і Дацкая даніна
[правіць | правіць зыходнік]17 ліпеня 1017 Кнуд ажаніўся са ўдавою караля Этэльрэда Эмай Нармандскай. Пасля смерці караля Эдмунда Кнуд як мага скарэй хацеў спыніць усе спробы Уэсекскай дынастыі дабіцца каралеўскага трона. Першыя гады яго кіравання вызначаныя радам смяротных пакаранняў значных англійскіх арыстакратаў, западозраных у змове. Сын Этэльрэда Эдвіг уцёк з Англіі, але па загадзе Кнуда яго дагналі і забілі. Сыны Эдмунда таксама ўцяклі за мяжу: Эдвард-Выгнаннік у Венгрыю, а Эдмунд Этэлінг да кіеўскага князя Яраслава Мудрага. Дзеці Эмы ад Этэльрэда, Эдвард-Спаведнік і Альфрэд Этэлінг, адправіліся ў ссылку да сваякоў у Нармандыю. Кнуд прызначыў сваім пераемнікам Хардэкнуда, сына ад Эмы, а не Свена Кнутсана або Гаральда Заечую Лапу, дзяцей ад сваёй заручонай Эльфгіфу. У 1018 годзе Дацкая даніна (данегельд) была сабрана ў нябачаным памеры — 72000 фунтаў са ўсяе краіны і дадаткова 10500 фунтаў з Лондана. Гэтымі грашыма Кнуд расплаціўся са сваім войскам і большасць выправіў дадому. 40 караблёў і войска ён пакінуў у Англіі, на ўтрыманне іх збіраўся штогодні падатак, так званы гэрэгельд, які ўпершыню яшчэ ў 1012 годзе ўвёў кароль Этэльрэд, каб плаціць сваім скандынаўскім наймітам.
Кнуд прадоўжыў пабуйненне адносна невялікіх зямель Англіі — ён падзяліў тэрыторыю краіны на чатыры вялікія графствы і прызначыў кіраваць імі ўраднікаў: Нартумбрыяй Эрыка Глатырскага, Усходняй Англіяй Торкеля Высокага, Мерсіяй — Эдрыка Строну, а сам уладарыў Уэсексам.
Але першапачатковае размеркаванне ўлады не было даўгачасным: нядобранадзейнага Эдрыка Строну пакаралі смерцю праз год пасля ўступлення Кнуда на трон. Мерсія адышла да магутнага тамтэйшага роду, магчыма перш да Лёфвайна, а потым да яго сына Лёфрыка. Торкель Высокі таксама страціў каралёву ласку і быў выгнаны. Пасля смерці Эрыка Глатырскага ў 1021 годзе яго месца ўладара Нартумбрыі заняў сваяк Кнуда, Сівард, чыя бабка была Кнуду сястрой. Берніцыя, паўночная частка Нартумбрыі, тэарэтычна заставалася пад уладаю Эрыка і Сіварда, але ўвесь час Кнудавага кіравання ёю валодала мясцовая дынастыя з асяродкам у месце Бамбург. К 1030-м гадам скончылася непасрэдная ўлада Кнуда ва Уэсексе, дзе герцагам быў прызначаны Годвін, англічанін з заможнай сасекскай сам’і. Увогуле, пасля першых гадоў спадзявання на ўраджэнцаў Скандынавіі, пад канец сваяго кіравання Кнуд дазволіў старым англійскім сем’ям, якія набылі яго давер, вярнуць сабе ўладу над герцагствамі.
Мастацтва кіравання
[правіць | правіць зыходнік]Кнуда памятаюць як даволі паспяховага кіраўніка, ў гістарычнай навуцы стварыўся вобраз мудрага і набожнага караля, хоць ён быў дваяжэнцам, а яго суровыя расправы над праціўнікамі не ўкладваюцца ў рамкі хрысціянскае маралі. Пад яго панаваннем надышоў залаты век як для Скандынавіі, так і для Брытанскіх астравоў. Ён аднавіў законы Эдгара Мірнага, выдаў некалькі важных указаў, у тым ліку ўказ «Аб спадчыне пры адсутнасці завяшчання» і «Аб херыётах і рэльефах»[5]. Таксама была ўмацавана валюта — пачалася чаканка англійскіх грошай роўнае вагі з дацкімі.
Кароль Даніі
[правіць | правіць зыходнік]Харальд II памёр у 1018 годзе, і Кнуд адправіўся ў Данію, каб каранавацца дацкім каралём. У пісьме 1019 года ён тлумачыць гэта жаданнем засцерагчы ад небяспекі Англію. Мяркуючы па ўсім, у самой Даніі Кнуд меў нейкае процістаянне, на што можа праліць святло яго напад на паморскіх вендаў. Вайна з вендамі, пэўна, была адказам на збліжэнне Швецыі і Нарвегіі і дэманстрацыяй сілы на балтыйскім моры, і канчатковаю мэтай мела, хутчэй за ўсё, вотчыну апальнага Торкеля Высокага — Ёмсборг, крэпасць ёмсвікінгаў на востраве ля берагоў Памор’я. Пасля гэтых падзей, у 1023 годзе адбылося перамір’е Кнуда з Торкелем. Умацаваўшы сваё становішча на радзіме, Кнуд вярнуўся ў Англію ў 1020 годзе, пакінуўшы ў Даніі свайго швагра Ульфа Ярла ў якасці рэгента, а сына Хардэкнуда прызначыўшы пераемнікам прастола. Калі каралі Нарвегіі і Швецыі Олаф Харальдсан і Анунд Якаў, скарыстаўшы адсутнасць Кнуда, Ульф Ярл пайшоў на хітрасць і абвясціў малога Хардэкнуда каралём, што прымусіла Кнуда вярнуцца ў Данію. Войскі Кнуда з аднаго боку і шведаў з нарвежцамі з другога сышліся ля вусця ракі Гэльгэ. Кнуд атрымаў перамогу і вярнуў уплыў на паўвостраў, але Ульфу не дараваў. Крыніцы (часта супярэчныя) паведамляюць, што на банкеце ў Роскіле, ў час гульні ў шахматы, паміж шваграмі выбухнула сварка. Наступнага дня, на Каляды, Кнуд падаслаў сваіх целаахоўнікаў, якія і забілі Ульфа ў царкве Св. Тройцы.
Падарожжа ў Рым
[правіць | правіць зыходнік]Аслабленне ворагаў на Скандынаўскім паўвостраве дазволіла Кнуду ў бяспецы зрабіць падарожжа ў сэрца хрысціянскага свету, Рым, каб прысутнічаць на каранаванні імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі Конрада II, якое адбылося на Вялікдзень 1027 года. Пасланне ад 1027 да сваіх англійскіх падданых у Кнуд падпісвае як «кароль усёй Англіі і Даніі, нарвежцаў і некаторых шведаў».
Разумеючы сваю ролю хрысціянскага ўладара, Кнуд адправіўся ў Рым каб атрымаць адпушчэнне грахоў, памаліцца за сябе і сваіх падданых, абмеркаваць з Папам цэны на мафоры для англійскіх архібіскупаў, а таксама каб атрымаць рашэнне ў спрэчцы паміж Кентэрберыйскаю і Брэменскаю дыяцэзіямі за ўладу над Даніяй. Яшчэ кароль хацеў забяспечыць недатыкальнасць багамолаў і купцоў, якія падарожнічаюць у Рым:
... Мы размаўлялі з самім Цэзарам і Папам, і каралевічамі пра патрэбы Нашых падданых у Англіі і ў Даніі па дарозе ў Рым. Ім павінны быць забяспечаныя мір і закон у падарожжах, нельга прыціскаць і абіраць іх. Паводле ўказаў купцы і багамолы могуць ісці ў Рым без затрымак на межах і непатрэбных падаткаў. Кнудава пасланне ад 1027 года |
Абяцанні былі дадзены Папам і каралём Бургундыі ў прысутнасці чатрырох архібіскупаў, дваццаці біскупаў і «безлічы ваявод і вяльмож». Кнуд з годнасцю выконваў сваю ролю, ролю хрысціянскага караля, палітыка і дыпламата, а таксама і воіна супраць няпраўды.
Добрым адлюстраваннем становішча Кнуда ў Еўропе служыць тое, што ён разам з каралём Бургундыі ішоў у каранавальнай працэсіі і стаяў побач імператарскага трона. Крыніцы паведамляюць, што Кнуд і Конрад паводзілі сябе як браты, бо яны былі аднаго ўзросту. У знак сяброўства Конрад падарыў Кнуду землі шлезвігскай маркі, мост паміж мацерыком і Скандынаўскім паўвостравам. Гэты рэгіён стагоддзямі быў каменем спатыкнення між Даніяй і Германіяй, што прывяло да пабудовы вялізнага вала Даневірке ад Балтыйскага да Паўночнага мора ў 737—968 гадах.
Кнудавы адведзіны Рыма сталі трыумфам. Скальд Сігвар Тордасан славіць свайго караля як «дарагога імператара, блізкага к Св. Пятру». Поспехі караля разглядалі як адзнаку асаблівае ласкі Божай над ім. Кнуд займаў трывалую пазіцыю не толькі сярод насельніцтва і ў вачах царквы, але і сярод сваіх паўднёвых саюзнікаў, якія былі яму дапамогай у справах на поўначы. У пасланнях да народу кароль піша не толькі пра сваі поспехі ў Рыме, але і пра планы наконт скандынаўскага свету:
... паведамляем вам, што вяртацца дадому Мы будзем тым жа шляхам, праз Данію, дзе будзе ўстаноўлены трывалы мір з тымі народамі, што пазбавілі б Нас жыцця і ўлады, калі б не Пан Бог, знішчыўшы іхнія сілы. Хай бароніць Ён нас у сваёй ласцы і знішчыць моц нашых ворагаў. І калі мір запануе ў Нашым каралеўстве тут, на ўсходзе, і мы не будзем страшыцца ані войн ні з якога боку, ні зламыснасці людзей, Мы спадзяваемся вярнуцца ў Англію у пачатку лета, калі караблі будуць напагатове. Кнудава пасланне ад 1027 года |
Кароль Нарвегіі і часткі Швецыі
[правіць | правіць зыходнік]Паводле Яна Вустэрскага, ў 1027 годзе Кнуд даведаўся, што нейкая частка нарвежцаў выказвае незадавальненне ўладаю, і паслаў ім грошай, каб здабыць падрымку ў сваім дамаганні на нарвежскі трон. У 1028 годзе ён сам выправіўся ў Нарвегію, у горад Трондхейм, разам з флотам з 50 караблёў.
Кароль Олаф Святы цераз сваю суровую палітыку гвалтоўнага хрышчэння, узмацнення цэнтралізацыі ўлады і знішчэння спрадвечных вольнасцей не меў патрымкі з боку паноў, якім не хацелася бачыць як з іх жонак, западозраных каралеўскаю ўладаю ў вядзьмарстве, будуць лупіць скуру, чым пагражаў кароль. Олаф уцёк на Русь, а Кнуд каранаваўся і каралём Нарвегіі. Сваім намеснікам ён абраў Хокана Эрыксана, які даводзіўся Кнуду сваяком, быў ярлам зямлі Ладэ, ля Трондхейма, а таксама кіраўніком Гебрыдскіх астравоў. Гэтыя астравы былі ключавым звяном паміж Скандынавіяй і Брытаніяй. У 1029 годзе або у пачатку наступнага Хокан патануў дзесьці між Аркнейскімі астравамі і Шатландыяй, Олаф вярнуўся ў Нарвегію пры падтрымцы шведаў, але ў бітве пры Стыклэстадзе загінуў ад рук свайго жа народу.
Спроба Кнуда кіраваць Нарвегіяй без падтрымкі ярлаў Ладэ была марнаю. Уладу ўзялі ў рукі Эльфгіфу і старэйшы сын Кнуда Свен Кнудсан. Гэты час, вядомы як «Верамье Эльфгіфу», адзначаны празмернымі падаткамі, скончыўся паўстаннем і аднаўленнем старой дынастыі з пазашлюбным сынам Олафа Магнусам I Добрым на чале.
Адносіны з царквою
[правіць | правіць зыходнік]Удзел Кнуда ў паходах вікінгаў і нялітасцівая расправа над прадстаўнікамі зрынутай дынастыі пахіснулі яго стан у вачах царквы. На момант каранавання ён ужо быў ахрышчаны пад імем Ламберт, але ў той час хрышчэнне Скандынавіі было яшчэ не закончана. Яго адкрытыя адносіны з дзвюма жанчынамі, заручонай Эльфгіфу на поўначы і жонкай Эмай на поўдні, таксама супярэчылі хрысціянскай маралі. Намагаючыся пагадзіцца са сваімі святарамі Кнуд аднавіў усе цэрквы і кляштары, пацярпелыя ад вікінгавай навалы. Будаваліся новыя цэрквы, манастыры атрымлівалі шчодрыя ўклады. У Даніі, дзе хрысціянства толькі набірала сілу, пры Кнудзе быў збудавана першая мураваная царква, чыёй апякункай была Эстрыд, Кнудава сястра.
Нельга сказаць чым была канутава адданасць царкве — сапраўдным глыбокім пачуццем альбо толькі сродкам узмацніць сваю ўладу. Сагі захавалі весткі пра тое, што Кнуд паважаў і старую паганскую веру, тым часам іншія скандынаўскія ўладары, як напрыклад Олаф Святы, былі значна стражэйшыя ў пытаннях веры.
Кнудавы падарункі цэрквам былі вельмі шчодрымі. Кляштары і саборы атрымвалі землі, вызваленні ад выплат падаткаў, рэліквіі. Кафедра ў Кентэрберы атрымала кіраўніцтва над буйнай прыстанню Сэндвіч, вызваленне ад падаткаў, а таксама мошчы Св. Альфежа. Вінчэстэру былі падараваны Вінчэстэрскі крыж, 500 марак серабра і 30 марак золата і мошчы святых. Стары Кляштар у Вінчэстэры атрымаў мошчы Св. Бірына. Эвешамскі кляштар, чыім плябанам быў Кнудаў сваяк Эльфверд, атрымаў мошчы Св. Уігстана Мерсійскага. Замежным цэрквам таксама даставаліся падарункі ад караля: сабор у Кёльне атрымаў багатыя псалтыр і сакрамантарый, вядомыя сваімі ілюмінаванымі выявамі, а герцаг Аквітаніі Уільям Вялікі — залатую кнігу жыція Св. Марцыяла, заступніка краіны, для кнігарні ліможскага абацтва.
Кнуд памёр 12 лістапада 1035 года. У Даніі яго пераемнікам стаў Хардэкнуд, які каранаваўся пад імем Кнуд III. З-за вайны, якую ён вёў з каралём Нарвегіі Магнусам, Хардэкнуд быў, паводле летапісу, «выкляты англічанамі, бо столькі часу правёў у Даніі». Прыбочныя канутава старэйшага сына, Гаральда Зайчнай Лапы, вымусілі каралеву-ўдаву Эму ўцячы ў Бругэ. Харальд увогуле панаваў з 1035 да сваёй смерці ў 1040. Мір у Скандынавіі дазволіў Хардэкнуду заявіць прэтэнзію на англійскі трон, вярнуць маці з выгнання і аднавіць дацка-англійскую унію. Пасля яго смерці ў 1042 годзе Данія апусцілася ў хваляванні і змаганне за ўладу, а на англійскім троне запанавала Уэсекская дынастыя: Эдвард-Спаведнік, які вярнуўся з Нармандыі, атрымаў трон па дагаворы з Хардэкнудам, згодна з якім улада павінна была перайсці да Эдварда, калі Хардэкнуд памрэ без пераемніка мужчынскага полу. Пры двары запанаваў нармандскі ўплыў, што праз 20 гадоў прывяло да новага заваявання краіны Вільгельмам Заваёўнікам.
Калі б сыны Кнуда, а таксама яго дачка, не памерлі так скора праз 10 гадоў пасля смерці самога Кнуда, яго кіраванне магло абярнуцца поўнай уніяй паміж Англіяй і Скандынавіяй.
Прах у Вінчэстэры
[правіць | правіць зыходнік]Кнуд памёр у Шэфтсберы, ў Дорсеце, а пахаваны быў у Старым Манастыры Вінчэстэра. Новая нармандская дынастыя мела схільнасць да вялізных цэркваў-гмахаў — на месцы Старога Манастыра быў збудаваны Вінчэстэрскі сабор, куды перанеслі прах англа-саксонскіх каралёў. У час рэвалюцыі 17 стагоддзя паўстанчыя салдаты разбурылі многія труны з астанкамі каралёў, а пасля аднаўлення манархіі косці Кнуда і Уільяма Рудога былі складзены ў супольнай труне.
Жонкі і дзеці
[правіць | правіць зыходнік]- 1 — Эльфгіфу Нортхэмптанская
- Свен Кнудсан, кароль Нарвегіі
- Харальд Заечая Лапа
- 2 — Эма Нармандская
- Хардэкнуд, кароль Даніі і Англіі
- Гунхільда альбо Кунігунда Дацкая, нарачоная Генрыха III, імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі.
Зноскі
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ https://web.archive.org/web/20090612185753/http://www.battle1066.com/canute.shtml#
- ↑ а б в г д е ё Lundy D. R. The Peerage
- ↑ а б в г д е Kindred Britain
- ↑ а б (unspecified title) Праверана 7 жніўня 2020.
- ↑ Херыёт і рэльеф — падаткі, якія, адпаведна, залежны селянін і рыцар плацілі свайму сеньёру пры ўступленні ў спадчыну.
Зноскі
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- БЭ ў 18 тамах. Т.8, Мн., 1999, С.363
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Кнуд Вялікі
- Англа-саксонская хроніка 920—1014 гады (англ.)
- Афіцыйны сайт Брытанскага каралеўства Архівавана 29 лістапада 2014. (англ.)