Перайсці да зместу

Какосавыя астравы

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Какосавыя астравы (Кілінг)
Cocos (Keeling) Islands
Герб
Сцяг Герб
Дэвіз: «Maju Pulau Kita»
«
Мы ўмацаваліся на востраве»
Дзяржаўны гімн
Афіцыйная мова англійская
Сталіца востраў Заходні (Вест)
Найбуйнейшыя гарады Бантам (востраў Хоўм)
Форма кіравання Канстытуцыйная манархія
Кароль
Адміністратар
Карл III
Джон Стэнхоўп
Плошча
• Усяго

14,3 км²
Насельніцтва
• Ацэнка (2010)
Шчыльнасць

596 чал.
43 чал./км²
Валюта аўстралійскі долар
Інтэрнэт-дамен .cc
Код ISO (Alpha-2) CC
Код ISO (Alpha-3) CCK
Тэлефонны код +61891
Часавыя паясы +06:30

Какосавыя (Кі́лінг) астравы (англ.: Cocos (Keeling) Islands) — аўстралійская залежная тэрыторыя ў Індыйскім акіяне. Уключае групу з 2 атолаў, якія складаюцца з 27 дробных каралавых астравоў і рыфаў. Плошча сушы — 14,3 км². Насельніцтва (2010 г.) — 596 чал.

Адміністрацыйны цэнтр на востраве Вест.

Карта Какосавых астравоў

Какосавыя астравы месцяцца на ўсходзе Індыйскага акіяна. Найбольш абжыты востраў Хоўм знаходзіцца ў 2118 км на паўночны захад ад узбярэжжа Аўстраліі і ў 1087 км на паўднёвы ўсход ад вострава Ява (Інданезія). У склад астравоў уваходзяць 2 атолы — Паўночны і Паўднёвы, аддзеленыя адзін ад аднаго 25,7 км акіянічнай прасторы.

Паўднёвы атол займае плошчу 13,1 км², падзяляецца на 24 астравы, якія разам з рыфамі атачаюць шырокую лагуну. Толькі 2 з гэтых астравоў населены (востраў Хоўм — 0,95 км², востраў Вест — 6,23 км²). Даўжыня самага вялікага вострава Вест — 11,5 км, найбольшая шырыня — 848,5 м. Дыяметр лагуны — прыкладна 9,7 км.

Плошча Паўночнага атола — усяго 1,2 км². Ён нагадвае формай чатырохвугольнік 2 км у даўжыню і 1,3 км у шырыню. Складаецца з 3 незаселеных астравоў. Берагі камяністыя, на поўначы вылучаецца пясчаны пляж. Вышыня атола — да 5 м[2].

Абодва атолы маюць каралавае паходжанне. У 1836 г. іх наведваў Чарлз Дарвін[3], які выкарыстаў назіранні на Паўднёвым атоле для фарміравання сваёй тэорыі паходжання атолаў. Аднак вывучэнне пазнейшага перыяду паказала, што ў адносінах да Какосавых астравоў яна не зусім верная. Астравы былі складзены рэшткамі каралаў на вяршынях старажытнага падводнага вулканічнага хрыбта каля 100 — 3 тысяч гадоў таму не ў выніку падняцця над узроўнем акіяна, а наадварот, у выніку паніжэння ўзроўню акіяна на 50 — 80 см[4]. Паверхня астравоў даволі плоская. У некаторых месцах з-пад тонкага пласту глебы, друзу і пяску заўважны выхад вапняковага карсту. Паверхневых вадацёкаў няма.

Клімат трапічны пасатны з падзелам на 2 асноўныя сезоны. Сухі сезон цягнецца са жніўня да студзеня. Вільготны сезон — з лютага да ліпеня. Сярэднегадавая тэмпература +26,8 °C. Сярэднегадавая колькасць ападкаў — 1988 мм[5].

Нягледзячы на адносна бедныя вапняковыя глебы і ізаляванасць ад знешняга свету, дастатковая колькасць дажджавых ападкаў робіць Какосавыя астравы спрыяльным месцам для развіцця флоры. На астравах зафіксавана 130 відаў розных раслін, прычым толькі 1 з іх эндэмічны — мясцовы від пандануса  (англ.). 59 відаў раслін былі інтрадуцыраваны чалавекам[6]. Першародная флора блізкая па паходжанню да флоры іншых каралавых астравоў Індыйскага акіяна, перш за ўсё Мальдыўскіх і паўднёвых Сейшэльскіх[7]. Яна прадстаўлена рознымі хмызнякамі, травамі, вільготным лесам з пізоній і какосавых пальм.

Жывёльны свет даволі бедны. Астравы насяляюць сухапутныя і марскія крабы, 24 віды птушак, 1 від яшчарак і зялёная чарапаха[8]. Разам з чалавекам на астравы трапілі пацукі, якія наносяць значную шкоду першародным відам.

Найлепш захавалася першародная прырода Паўночнага атола. Для яе аховы быў створаны нацыянальны парк Пулу-Кілінг[9]. Ён лічыцца адным з найменшых па плошчы прыродных нацыянальных паркаў Аўстраліі.

Акіянічную прастору вакол Какосавых астравоў насяляюць больш за 500 відаў рыб, 600 відаў малюскаў, 100 відаў каралаў, 200 відаў ракападобных, каля 100 відаў ігласкурых[10]. Недалёка ад берага можна бачыць дэльфінаў і скатаў-матылёў[11].

Праца на плантацыі, фота першай паловы XX ст.

Першаадкрывальнікам астравоў лічыцца капітан Вільям Кілінг, служачы англійскай Ост-Індскай кампаніі, які ўбачыў іх у 1609 г.[12] У той перыяд яны былі ненаселены. Толькі ў пачатку XIX ст. Какосавыя астравы былі картаграфаваны, тут спыняліся гандлёвыя караблі пад час плавання паміж Аўстраліяй і Індыяй. У 1826 г. брытанскі гандляр Аляксандр Хэр заснаваў невялікую калонію на востраве Хоўм[13]. У 1827 г. на Паўднёвы востраў разам з сям’ёй пераехаў шатладзец Джон Клуніс-Рос. Паміж дзвюма групамі каланістаў адбыўся канфлікт, у выніку якога Аляксандр Хэр быў вымушаны пакінуць заснаванае ім паселішча.

У 1857 г. Вялікабрытанія афіцыйна далучыла Какосавыя астравы да сваіх валоданняў[14]. У 1886 г. каралева Вікторыя зацвердзіла маёмасныя правы на астравы за сям’ёй Клуні-Рос[15]. Яе прадстаўнікі стварылі камерцыйныя плантацыі, на якіх працавалі прывезеныя з тэрыторыі сучаснай Інданезіі рабочыя-малайцы. Карыстаючыся ізаляцыяй астравоў і малой цікавасцю з боку ўладаў, Клуні-Рос усталявалі паўфеадальныя парадкі. Рабочыя не маглі пакінуць новае месца жыхарства нават пасля заканчэння кантрактаў, атрымоўвалі заробак у рупіях Какосавых астравоў, унутраных незаконна ўведзеных грошах, за якія нельга было набываць тавары ў выпадковых знешніх гандляроў[16].

У пачатку XX ст. праз Паўднёвы атол прайшла лінія трансакіянскага кабелю. На востраве Дырэкшн была пабудавана невялікая кабельная станцыя. 9 лістапада 1914 г. яна была захоплена экіпажам германскага ваеннага карабля «Эмдэн», які імкнуўся перарваць кабельную сувязь[17]. У гады II сусветнай вайны на востраве Вест быў пабудаваны ваенны аэрадром для бамбавання японскіх пазіцый у Інданезіі. У сваю чаргу, паселішча і невялікі гарнізон на астравах таксама былі абстраляны ў 1942 г. з японскай ваеннай субмарыны.

23 лістапада 1955 г. у сувязі з ліквідацыяй брытанскай каланіяльнай адміністрацыі ў Сінгапуры, якой фармальна падпарадкоўваліся Какосавыя астравы, кіраванне астраўной тэрыторыяй было перададзена Аўстраліі. Пры гэтым сям’я Клуні-Рос захавала правы ўладальніка і распараджалася на астравах да 1978 г. У 1977 г. была створана пасада адміністратара Какосавых астравоў, з 1979 г. было ўведзена мясцовае самакіраванне[18]. У 1978 г. аўстралійскі ўрад прымусіў сям’ю Клуні-Рос прадаць свае зямельныя валоданні, пасля чаго яна хутка прыйшла да банкруцтва. У 1993 г. улады выкупілі апошнюю маёмасць Клуні-Рос — іх рэзідэнцыю на востраве Хоўм.

У 1984 г. у сувязі з патрабаваннем ААН аб дэкаланізацыі залежных тэрыторый на Какосавых астравах адбыўся рэферэндум. Большасць выбаршчыкаў прагаласавала за далейшае ўваходжанне ў склад Аўстраліі. У 1992 г. правы мясцовага самакіравання былі пашыраны.

У 2010 г. насельніцтва Какосавых астравоў складала 596 чал. Асноўная частка астравіцян — малайцы, нашчадкі перасяленцаў з астравоў на поўдзень ад паўвострава Малака[19]. Большасць насельніцтва жыве на востраве Хоўм, дзе знаходзіцца вёска Бантам — найбуйнейшы населены пункт на Какосавых астравах. Іншыя жыхары астравоў — выхадцы з Аўстраліі.

Кіраванне Какосавымі астравамі адбываецца ў згодзе з Законам аб Какосавых астравах 1955 г., вынікамі рэферэндуму 1984 г. і аўстралійскім законам аб тэрытарыяльнай прававой рэформе 1992 г.[20]

Заканадаўчыя дзяржаўныя функцыі

[правіць | правіць зыходнік]

На Какосавыя астравы распаўсюджваецца заканадаўства штата Заходняя Аўстралія. Жыхары залежнай тэрыторыі ўдзельнічаюць у выбарах у федэральны парламент Аўстраліі, прычым галоўная частка іх выбарчай акругі знаходзіцца на Паўночнай тэрыторыі.

Выканаўчыя дзяржаўныя функцыі

[правіць | правіць зыходнік]

Агульная адказнасць за дзяржаўныя паслугі належыць аўстралійскаму Дэпартаменту рэгіянальнага кіравання, мясцовага кіравання, мастацтва і спорту. Акрамя таго, пэўныя спецыяльныя дзяржаўныя паслугі аказваюцца ўрадам штата Заходняя Аўстралія і галіновымі органамі ўрада Аўстраліі. Дзяржаўныя органы кантралююць і забяспечваюць функцыі адукацыі, паліцыі, пошты, мытні, сертыфікацыі, кансультацый па прававых пытаннях, аховы здароўя, аховы прыроды, дастаўкі электрычнасці, кіраўніцтва аэрапорта, ліцэнзавання алкагольных напояў і г. д. На месцы дзейнасцю дзяржаўных выканаўчых органаў кіруе адміністратар, прызначаны Дэпартаментам рэгіянальнага кіравання, мясцовага кіравання, мастацтва і спорту Аўстраліі. Офіс адміністратара знаходзіцца на востраве Вест.

Мясцовае самакіраванне

[правіць | правіць зыходнік]

Органам мясцовага самакіравання з’яўляецца Мясцовая Рада (Shire Council)[21], члены якой выбіраюцца насельнікамі астравоў шляхам прамога галасавання кожныя 3 гады. Першыя выбары адбыліся ў 1993 г. Раду ўзначальвае прэзідэнт, што выбіраецца кожныя 2 гады з ліку ўжо выбраных чальцоў Рады[22]. Рада адказвае за пытанні мясцовага развіцця, будаўніцтва дарог, абслугоўвання ўнутранага транспарту, размеркавання фінансавых сродкаў і г. д.

Тэрытарыяльныя сімвалы

[правіць | правіць зыходнік]

Тэрытарыяльнымі сімваламі Какосавых астравоў з’яўляюцца сцяг і герб Какосавых астравоў. Мясцовая Рада Какосавых астравоў мае свой лагатып.

Эканамічная актыўнасць насельніцтва абмежавана галоўным чынам працай у дзяржаўным і адміністрацыйным апараце і сферай паслуг. Мясцовае насельніцтва займаецца сельскай гаспадаркай, пераважна земляробствам. Развіццё турызму мае абмежаваны характар. На востраве Вест працуе міжнародны транзітны аэрапорт. Вялікая колькасць тавараў завозіцца з Аўстраліі.[23].

Унутраны гандаль і транспарт у значнай ступені кантралююцца Кааператыўным таварыствам Какосавых астравоў, створаным у 1978 г. з мэтай забеспячэння кіравання і інфраструктуры некаторых паслуг, не прадугледжаных у дзяржаўным сектары[24]. Акцыянерамі кааператыўнага таварыства з’яўляюцца 263 сям’і, паміж якімі размяркоўваецца прыбытак. Кааператыву належаць абсталяванне для паромных перапраў паміж астравамі, супермаркет, матэль, сталярная майстэрня і г. д. Ён дае працу прыкладна 60 чалавекам.

У 2013 г. сярэдні прыбытак сям’і на Какосавых астравах склаў 1420 долараў ЗША ў тыдзень[25].

Афіцыйная валюта — аўстралійскі долар.

Малайцы Какосавых астравоў размаўляюць на мясцовым дыялекце малайскай мовы[26]. Малайская і інданезійская мовы выкладаюцца ў школе нароўні з англійскай. Усё насельніцтва пісьменнае.

Малайцы Какосавых астравоў захоўваюць мусульманскія звычаі, шырока святкуюць Хары Рая Пуаса, дзень заканчэння рамадана[27]. Захаваліся традыцыйныя рамёствы — пляценне кошыкаў, выраб лодак.

На востраве Хоўм працуе мясцовы музей[28], экспазіцыя якога прысвечана гісторыі і культуры малайскай абшчыны.

  1. https://data.iana.org/time-zones/tzdb-2021e/australasia
  2. Geology
  3. Charles Darwin, KEELING ISLAND: CORAL FORMATIONS Архівавана 28 мая 2014.
  4. Colin D. Woodroffe, The Cocos (Keeling) Islands, and what coral reefs can tell us about changes of sea level
  5. Climate of Cocos/ Keeling Islands
  6. Jeff Claussen, David Slip, The Status of Exotic Plants on the Cocos (Keeling) Islands, Indian Ocean
  7. Flora
  8. Wildlife
  9. Welcome to Pulu Keeling National Park
  10. Marine life Архівавана 15 снежня 2013.
  11. Turtles, dolphins, manta rays Архівавана 15 снежня 2013.
  12. Cocos (Keeling) Islands history
  13. Cocos Histor Архівавана 15 снежня 2013.
  14. John George Clunies Ross (1823—1871)
  15. Cocos (Keeling) Islands
  16. Nick Squires, The man who lost a 'coral kingdom'
  17. Direction Island Cable Station and the Battle of Cocos
  18. The Cocos (Keeling) Islands — Fact sheet 103 Архівавана 26 красавіка 2013.
  19. First settlers Архівавана 15 снежня 2013.
  20. Cocos (Keeling) Islands governance and administration
  21. Profile The Shire
  22. Council Elections
  23. Cocos Islands (Keeling Islands) Economic Statistics and Indicators(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 14 студзеня 2014. Праверана 3 снежня 2013.
  24. THE COCOS ISLANDS CO-OPERATIVE SOCIETY(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 28 студзеня 2022. Праверана 28 студзеня 2022.
  25. Cocos Islands economics
  26. Language Архівавана 15 снежня 2013.
  27. Culture Архівавана 17 жніўня 2013.
  28. Home Island Архівавана 16 снежня 2013.