Эрнэст Гэмінгўэй
Эрнэст Гэмінгўэй | |
анг. Ernest Hemingway | |
Пісьменьнік на борце ўласнай яхты. Прыблізна 1950 год. | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Імя пры нараджэньні | Эрнэст Мілер Гэмінгўэй |
Нарадзіўся | 21 ліпеня 1899[1][2][3][…] |
Памёр | 2 ліпеня 1961[1][2][3][…] (61 год) |
Пахаваны | |
Бацькі | Кларэнс Гэмінгўэй[d] Грэйс Гол Гэмінгўэй[d] |
Сужэнец | Гадлі Рычардсан[d], Паўліна Пфайфэр[d], Марта Гелгарн[d] і Мэры Ўэлш Гэмінгўэй[d] |
Дзеці | Джэк Гэмінгўэй[d][7], Патрык Гэмінгўэй[d] і Грэгары Гэмінгўэй[d] |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | пісьменьнік, публіцыст |
Гады творчасьці | 1917—1961 |
Кірунак | мадэрнізм |
Жанр | проза, публіцыстыка і мэмуары[d] |
Мова | ангельская мова[8], француская мова і гішпанская мова |
Дэбют | Стары чалавек і мора |
Прэміі | Пуліцэраўская прэмія (1953), Нобэлеўская прэмія па літаратуры (1954) |
Узнагароды | |
Подпіс | |
Творы на сайце Knihi.com | |
Эрнэст Мілер Гэмінгўэй (па-ангельску: Ernest Miller Hemingway; 21 ліпеня 1899 — 2 ліпеня 1961) — амэрыканскі пісьменьнік. Ляўрэат Нобэлеўскай прэміі ў галіне літаратуры (1954). Шырокае прызнаньне Гэмінгўэй атрымаў дзякуючы сваім раманам і шматлікім апавяданьням і дзякуючы свайму жыцьцю, поўнаму прыгодаў і нечаканасьцяў. Ягоны стыль, кароткі й насычаны, значна паўплываў на літаратуру XX стагодзьдзя. Большую частку сваіх твораў Гэмінгўэй стварыў у пэрыяд зь сярэдзіны 1920-х гадоў да сярэдзіны 1950-х гадоў, і атрымаў Нобэлеўскую прэмію па літаратуры ў 1954 годзе. Ён апублікаваў сем раманаў, шэсьць зборнікаў аповядаў і два навукова-папулярныя творы. Дадатковыя працы, у тым ліку тры раманы, чатыры зборнікі аповядаў і тры навукова-папулярныя творы былі апублікаваныя пасьмяротна. Многія зь ягоных працаў лічацца клясыкай амэрыканскай літаратуры.
Творы Гэмэнгўэя перакладзеныя больш як на 50 моў[9].
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Маладыя гады
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Эрнэст Гэмінгўэй нарадзіўся 21 ліпеня 1899 году ў прывілегіяваным прадмесьці Чыкага — мястэчку Оўк-Парк, штат Іліной, ЗША. Ягоны бацька Кларэнс Эдмант Гэмінгўэй быў лекарам, а маці Грэйс Гол прысьвяціла жыцьцё выхаваньню дзяцей. Бацька з раньняга дзяцінства спрабаваў прышчапіць да Эрнэста любоў да прыроды, марачы аб тым, што той пойдзе па ягоных сьлядох ды зоймецца мэдыцынай і прыродазнаўствам. Калі Эрні было 3 гады, Кларэнс Гэмінгўэй падараваў яму першую вуду й узяў з сабой на рыбалку. Да 8 гадоў будучы пісьменьнік ужо ведаў на памяць назвы ўсіх дрэваў, кветак, птушак, рыбаў і зьвяроў, якія насялялі Сярэдні Захад. Іншым улюбёным заняткам для Эрнэста стала літаратура. Хлопчык гадзінамі сядзеў за кнігамі, якія мог знайсьці ў хатняй бібліятэцы, асабліва яму падабаліся працы Дарвіна й гістарычная літаратура.
Місіс Гэмінгўэй марыла аб іншай будучыні для свайго сына. Яна прымушала яго сьпяваць у царкоўным хоры й граць на віялянчэлі. Праз шмат гадоў, будучы пажылым чалавекам, Эрнэст скажа:
Мая маці цэлы год не пускала мяне ў школу, каб я вучыўся музыцы. Яна думала, што ў мяне ёсьць здольнасьці, але ў мяне не было аніякага таленту. | ||
Тым ня менш, супраціў гэтаму быў задушаны маці — Гэмінгўэй мусіў быў штодня займацца музыкай. У сям’і акрамя зімовага дому ў Оўк-Парку быў яшчэ катэдж «Ўіндмір» на возеры Валун. Штолета Гэмінгўэй з бацькамі, братамі й сёстрамі адпраўляўся ў гэтыя ціхія мясьціны. Для хлопчыка паездкі ў «Ўіндмір» азначалі поўную волю. Яго ніхто не прымушаў граць на віялянчэлі, і ён мог займацца сваімі справамі — сядзець на беразе з вудай, блукаць па лесе, гуляць зь дзецьмі зь індзейскага пасяленьня. У 1911 годзе, калі Эрнэсту споўнілася 12 гадоў, дзядуля падараваў яму адназарадную стрэльбу 20-га калібру. Гэты падарунак умацаваў сяброўства дзеда й унука. Хлопчык любіў слухаць апавяданьні старога й на ўсё жыцьцё захаваў пра яго добрыя ўспаміны, пазьней часта пераносячы іх у свае творы.
Паляваньне стала для Эрнэста галоўным запалам. Кларэнс навучыў сына ладзіць са зброяй і высочваць зьвера. Аднаму зь першых сваіх апавяданьняў аб Ніцы Адамз, сваім альтэр эга, Гэмінгўэй прысьвеціць менавіта паляваньні й постаці бацькі. Ягоную асобу, жыцьцё й трагічны канец — Кларэнс скончыць жыцьцё самагубствам — будуць заўсёды хваляваць пісьменьніка. Будучы ад прыроды здаровым і моцным хлопцам, Гэмінгўэй актыўна займаўся боксам ды футболам. Эрнэст пазьней казаў:
Бокс навучыў мяне ніколі не заставацца ляжаць, заўсёды быць гатовым ізноў атакаваць… хутка і жорстка, падобна быку. | ||
У школьныя гады Гэмінгўэй дэбютаваў у якасьці пісьменьніка ў невялікім школьным часопісе «Скрыжаль». Спачатку быў надрукаваны «Суд Маніту» — сачыненьне з паўночнай экзотыкай, крывёю й індзейскім фальклёрам. А ў наступным нумары новае апавяданьне «Уся справа ў колеры скуры» — пра закулісны й брудны камэрцыйны бок боксу. У гэты час Гэмінгўэй ужо цьвёрда для сябе вырашыў, што будзе пісьменьнікам.
Пасьля выпуску са школы ён вырашыў не паступаць ва ўнівэрсытэт, як гэтага патрабавалі бацькі, а пераехаў у Канзас-Сіці, дзе ва ўзросьце 17 гадоў уладкаваўся працаваць у мясцовую газэту «Star». Тут ён адказваў за невялікі раён гораду, у які ўваходзілі галоўная лякарня, вакзал і паліцэйскі ўчастак. Малады рэпартэр выяжджаў на ўсе здарэньні, знаёміўся з прытонамі, сутыкаўся з прастытуткамі, наёмнымі забойцамі й ашуканцамі, бываў на пажарах і ў вязьніцах. Эрнэст назіраў, запамінаў, стараўся зразумець матывы чалавечых учынкаў, улаўліваў манэру гутарак, жэсты й пахі. Усё гэта адкладалася ў ягонай памяці, каб потым стаць сюжэтамі, дэталямі й дыялёгамі ягоных будучых апавяданьняў. Тут сфармаваўся ягоны літаратурны стыль і звычка быць заўсёды ў цэнтры падзеяў. Рэдактары газэты навучылі яго дакладнасьці й яснасьці мовы й імкнуліся спыніць любое шматслоўе і стылістычныя нядбайнасьці.
Першая сусьветная вайна
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пасьля таго, як ЗША ўступілі ў Першую сусьветную вайну, напачатку 1918 году Гэмінгўэй адгукнуўся на заклік Чырвонага Крыжа ў Канзас-Сіці ды паехаў у Італію кіроўцам машыны хуткай дапамогі[10]. У траўні ён пакінуў Нью-Ёрк, і калі прыехаў у Парыж, яго бамбавала нямецкая артылерыя[11]. У чэрвені яго накіравалі на Італьянскі фронт. Верагодна, менавіта ў гэты час ён сустрэў Джона Дос Пасаса.
8 ліпеня 1918 году на вайне Гэмінгўэй, ратуючы параненага італьянскага снайпэра, патрапіў пад агонь аўстрыйскіх кулямётаў і мінамётаў, але застаўся жывы. У шпіталі зь яго вынялі 26 аскепкаў, пры гэтым на целе Эрнэста было больш за дзьвесьце ранаў. Неўзабаве яго перавезьлі ў Мілян, дзе прастрэленае калена лекары замянілі алюмініевым пратэзам. 21 студзеня 1919 году Эрнэст вярнуўся ў ЗША героем — аб ім пісалі ўсе цэнтральныя газэты як аб першым амэрыканцы, параненым на італьянскім фронце. А кароль Італіі ўзнагародзіў яго срэбным мэдалём «За доблесьць» і «Ваенным крыжам». Пасьля вяртаньня з Эўропы Гэмінгўэй працаваў рэпартэрам канадзкіх і амэрыканскіх газэт[12].
Сталыя гады
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Першы сапраўдны пісьменьніцкі посьпех прыйшоў да Эрнэста Гэмінгўэя ў 1926 годзе пасьля выхаду ў сьвет «І ўзыходзіць сонца» (па-ангельску: The Sun Also Rises) — пэсымістычнага, але ў той жа час бліскучага раману пра «страчанае пакаленьне» маладых людзей, якія жылі ў Францыі і Гішпаніі ў 1920-х гадох. У 1927 годзе выйшаў зборнік апавяданьняў Эрнэста Гэмінгўэя «Мужчыны без кабетаў», а ў 1933 годзе — «Пераможца не атрымлівае нічога». Яны канчаткова зацьвердзілі Гэмінгўэя ў вачах чытачоў як унікальнага аўтара кароткіх апавяданьняў. Сярод іх асабліва вядомыя «Забойцы», «Нядоўгае шчасьце Фрэнсіса Макомбэра» і «Сьнягі Кіліманджара». І ўсё ж большасьці Гэмінгўэй памятны раманам «Бывай, зброя!» (1929) — гісторыяй няшчаснага каханьня амэрыканскага добраахвотніка і ангельскай мэдсястры, якая разьвівалася на фоне бітваў Першае сусьветнае вайны. Кніга мела ў Амэрыцы небывалы посьпех — продажам не перашкодзіў нават эканамічны крызіс. За пэрыяд, які доўжыўся больш за дзесяць гадоў, Гэмінгўэй наведаў Флорыду, Афрыку, пабываў на Другой сусьветнай вайне.
У 1949 годзе пісьменьнік пераехаў на Кубу, дзе аднавіў літаратурную дзейнасьць. Там была напісаная аповесьць «Стары чалавек і мора» (1952). Кніга сьведчыць аб гераічным і асуджаным супрацьстаяньні сілам прыроды, пра чалавека, які самотны ў сьвеце, дзе яму застаецца разьлічваць толькі на ўласную ўпартасьць, сутыкаючыся з адвечнай несправядлівасьцю лёсу. У 1953 годзе Эрнэст Гэмінгўэй атрымаў Пуліцэраўскую прэмію за аповесьць «Стары чалавек і мора». Гэты твор паўплываў гэтаксама на прысуджэньне Гэмінгўэю Нобэлеўскае прэміі па літаратуры ў 1954 годзе. У 1956 годзе Гэмінгўэй пачынае працу над аўтабіяграфічнай кнігай аб Парыжы 1920-х гадоў — «Сьвята, якое заўсёды з табой», якая выйдзе толькі пасьля сьмерці пісьменьніка. Ён працягваў падарожнічаць і ў 1953 годзе ў Афрыцы трапіў у сур’ёзную авіякатастрофу. У 1960 годзе Гэмінгўэй пакінуў востраў і вярнуўся ў ЗША.
Старасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Гэмінгўэй пакутаваў ад шэрагу сур’ёзных фізычных захворваньняў, у тым ліку ад гіпэртаніі і дыябэту, аднак для «лекаваньня» быў зьмешчаны ў псыхіятрычную клініку Маё, дзе псыхіятар ігнараваў гэтыя відавочныя фактары і займаўся толькі «псыхічнымі засмучэньнямі». Ён пагрузіўся ў глыбокую дэпрэсію і параною з нагоды сачэньня. Яму здавалася што за ім усюды ідуць агенты ФБР, і што паўсюль расстаўленыя жучкі, тэлефоны праслухоўваюцца, пошта прачытваецца, банкаўскі рахунак стала правяраецца. Ён мог прыняць выпадковых людзей за агентаў.
Гэмінгўэя спрабавалі лячыць па законах псыхіятрыі таго часу. У якасьці лячэньня ўжывалася электрасутаргная тэрапія. Пасьля 20 сэансаў Эрнэст Гэмінгўэй страціў памяць і здольнасьць фармуляваць думкі пісьмова: калі спатрэбілася, ён ня змог напісаць нават некалькіх словаў афіцыйнага прывітаньня. Падчас лячэньня ён тэлефанаваў свайму сябру з тэлефона ў калідоры клінікі, каб паведаміць, што жучкі расстаўленыя і ў клініцы. Спробы лячыць яго аналягічным чынам былі паўтораныя й пазьней. Аднак гэта не давала аніякіх вынікаў. Ён ня мог працаваць, знаходзіўся ў дэпрэсіі й параноі, і ўсё часьцей пагаворваў пра самагубства. Былі й спробы (напрыклад, нечаканы рывок у бок прапелера летака і г. д.), ад якіх атрымоўвалася яго зьберагчы.
2 ліпеня 1961 году ў сваім доме ў Кетчуме, празь некалькі дзён пасьля выпіскі з псыхіятрычнае клінікі Маё, Гэмінгўэй застрэліўся зь любімае стрэльбы, не пакінуўшы перадсьмяротнае запіскі. Некалькі дзесяцігодзьдзяў пасьля ў ФБР быў зроблены афіцыйны запыт аб справе пісьменьніка, на што прыйшоў адказ: сачэньне і праслухоўваньне мелі месца, у тым ліку ў той псыхалякарні, бо ўладам падалася падазронай ягоная актыўнасьць на Кубе.
Творы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Тры апавяданьні і дзесяць паэм (1923)
- Ды ўсходзіць сонца (The Sun Also Rises, таксама Фіэста, 1926)
- Узгоркі нібы белыя сланы (Hills Like White Elephants,1927)
- Бывай, зброя! (A Farewell to Arms, 1929)
- Сьмерць апоўдні (Death in the Afternoon, 1932)
- Зялёныя ўзгоркі Афрыкі (The Green Hills of Africa, 1935)
- Сьнягі Кіліманджара (The Snows of Kilimanjaro, 1936)
- Мець і ня мець (To Have and To Have Not, 1937)
- Першыя 49 апавяданьняў (The First Fourty-Nine Stories,1938)
- Па кім званіць звон (For Whom the Bell Tolls, 1940)
- Пятая калёна (The Fifth Column, 1938) — апавяданьні
- За ракою, сярод дрэваў (Across the River and Into the Trees, 1950)
- Стары чалавек і мора (The Old Man and the sea., 1952)
- Рухомае сьвята або Сьвята, якое заўсёды з табою (A Moveable Feast, 1964)
- Подпіс: Эрнэст Гэмігўэй. Артыкулы і рэпартажы 1920—1956 (By-line Ernest Hemingway — selected articles and dispathes of four decades,1967)
- Выспы на Гальфстрыме (Islands in the Stream, 1970)
- Апавяданьні Ніка Адамза (1972)
- Небясьпечнае лета (The Dangerous Summer, 1985)
- Райскі сад (The Garden of Eden, 1986)
- Праўда досьвіткам (True at First Light, 1999)
Беларускія пераклады
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На беларускую мову творы Гэмінгуэя пераклалі Аляксей Арцёмаў, Алесь Асташонак, Анатоль Бутэвіч (Максім Валошка), Віталь Воранаў, Віктар Гардзей, Юрка Гаўрук, Алесь Квіткевіч, Павал Марціновіч, Яўген Міклашэўскі і Вадзім Небышынец.
- Бывай, зброя / Пер. з англ. А. Бутэвіча. — Мн., 1996;
- Вельмі кароткае апавяданне / Пер. з англ. В. Воранава // «Далягляды», 3 мая 2010;
- Забойцы: Апавяданне / Пер. з англ. А. Асташонка // Крыніца № 11-12, 1992. — С. 46-49;
- Індзейскі пасёлак: Апавяданне / Пер. з англ. А. Асташонка // Крыніца № 9 (3), 1994. — С. 97-98;
- І ўзыходзіць сонца (Фэст): Раман / Пер. з англ. Ю. Гаўрука. — Мн.: Маст. літ., 1976;
- Па кім звоніць звон: Раман / Пер. з англ. В. Небышынца. — Мн.: Маст. літ., 1991;
- Стары і мора / Пер. з англ. В. Небышынца;
- Стары чалавек і мора / Пер. з англ. П. Марціновіча.
- Віно Ваямінгу (пераклад Алеся Квіткевіча)
- Дзесяць індзейцаў (пераклад Аляксея Арцёмава)
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б Young P. Ernest Hemingway // Encyclopædia Britannica (анг.)
- ^ а б Ernest Hemingway // Internet Broadway Database (анг.) — 2000.
- ^ а б Ernest Hemingway // Nationalencyklopedin (шв.) — 1999.
- ^ https://www.hemingwaybirthplace.com/
- ^ https://www.ocregister.com/2015/08/12/ernest-hemingways-idaho-house-listed-on-national-register-of-historic-places/
- ^ https://www.forbes.com/sites/jimclash/2016/09/02/homage-visit-to-ernest-hemingways-idaho-grave-unsettles/
- ^ Record #97006051 // Virtual International Authority File (мн.) — [Dublin, Ohio]: OCLC, 2003.
- ^ Hemingway, Ernest, 1899-1961 // CONOR.SI
- ^ How many languages was Hemingway's book translated? (анг.) Answers
- ^ Mellow, James. (1992). Hemingway: A Life Without Consequences. Boston: Houghton Mifflin. ISBN 978-0-395-37777-2, сс. 48-49
- ^ Meyers, Jeffrey. (1985). Hemingway: A Biography. New York: Macmillan. ISBN 978-0-333-42126-0, сс. 27—31
- ^ Ernest Hamingway - Biographical Nobelprize.org. Nobel Medi AB 2014. Праверана 6 Dec 2015 г.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Лявонава, Ева. Хемінгуэй // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2003. — Т. 17: Хвінявічы — Шчытні. — 512 с. — ISBN 985-11-0279-2
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Працы Гэмінгўэя на Open Library (анг.)