Заходняя Ўкраіна
Захо́дняя Ўкраі́на (па-ўкраінску: Західна Україна) — тэрмін, якім у розныя часы ўкраінскай гісторыі пазначалі пэўную сукупнасьць украінскіх земляў, якія ўваходзілі ў склад Аўстра-Вугоршчыны (1867—1918), Польшчу (1918—1939), Вугоршчыну, Румынію, а таксама Галіцка-Валынскае княства ды Заходне-Ўкраінскую Народную Рэспубліку.
Гістарычныя мадыфікацыі тэрміну
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Па другім і трэцім падзелах Рэчы Паспалітай назва «Заходняя Ўкраіна» замацавалася пераважна за землямі, якія ўваходзілі ў склад Аўстрыі (з 1867 — Аўстра-Вугоршчына).
«Заходняя Ўкраіна» — назва, якая сустракаецца пераважна ў публіцыстыцы ў дачыненьні да Заходнеўкраінскай Народнай Рэспублікі (ЗУНР).
Пасьля таго, як паводле Рыскай мірнай дамовы 1921 року, заключанай паміж РСФСР, Украінай і Польшчай, заходняя частка Ўкраіны адышла Польшчы, тэрмін «Заходняя Ўкраіна» трывала замацаваўся менавіта за гэтай часткаю Ўкраіны ў адрозьненьне ад Усходняй Украіны, якая апынулася ў складзе УССР. У 1920-я тэрыторыю Ўкраіны складалі землі, якія афіцыйна ў Другой Рэчы Паспалітай называліся Крэсамі ўсходнімі — Галічына («Усходняя Малапольшча») з часткаю Заходняга Падольля, Заходняя Валынь, Холмшчына, Падляшша і Заходняе Палесьсе. У Заходнюю Ўкраіну ўваходзілі ваяводзтвы: Станіслаўскае, Тарнопальскае, Валынскае, Львоўскае (без васьмі заходніх паветаў), Палескае (бяз Косаўскага і паловы Пружанскага паветаў), Холмшчына Люблінскага ваяводзтва і палова Бельскага павету Беластоцкага ваяводзтва.
Як адзначае гісторык Яраслаў Вярменіч, такую «цераспалосіцу» польскія ўлады стварылі наўмысна — з палітычных меркаваньняў: польскі ўрад катэгарычна не ўспрымаў памкненьня ўкраінцаў мець (прынамсі ў Галіччыне) асобныя адміністрацыйныя адзінкі.
У шырокім сэнсе тэрмін «Заходняя Ўкраіна» адносна ўкраінскіх земляў у пэрыяд між Першай і Другой сусьветнай войнамі выкарыстоўваўся датычна толькі тых земляў, якія былі пад уладаю Польшчы, Румыніі і Чэхаславаччыны. Акрамя ўжо пералічаных тэрыторыяў, якія былі ў межах польскіх граніцаў, гэта былі таксама землі Паўночнай Букавіны і Закарпацьця. Пасьля далучэньня заходнеўкраінскіх земляў у склад УССР назва «Заходняя Ўкраіна» замацавалася за абласьцямі, утворанымі на працягу 1939—1946 (акрамя Ізмаільскай вобласьці).
Сучаснае выкарыстаньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Як адзначае «Энцыкляпэдыя гісторыі Ўкраіны» (2005), датычна тэрыторыяў сучаснай Украіны тэрмін «Заходняя Ўкраіна» ўжываецца ў двух значэньнях. У асноўным так называюць толькі тры галіцкія вобласьці — Івана-Франкоўскую, Львоўскую і Тарнопальскую. Аднак даволі часта тэрмінам карыстаюцца і для пазначэньня тэрыторыі васьмі абласьцей — акрамя трох галіцкіх, Валынскай, Ровенскай, Хмяльніцкай, Чарнавіцкай і Закарпацкай. Аднак «Геаграфічная энцыкляпэдыя Ўкраіны» (1990) пазначыла Заходнюю Ўкраіну як гістарычна-геаграфічную назву земляў Украіны (на то час — СССР), што складаюць тэрыторыю цяперашніх пяці абласьцей — Валынскай, Івана-Франкоўскай, Львоўскай, Ровенскай і Тарнопальскай. Надзвычай рэдка да Заходняй Украіны адносяць Віньніцкую і Жытомірскую вобласьці.
Найістотнейшыя месты
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Львоў — адміністрацыйны цэнтар Львоўскай вобласьці, традыцыйна лічыцца эканамічным, культурным і палітычным цэнтрам Заходняй Украіны, адно з галоўных местаў Украіны, найістотнейшы навукова-адукацыйны, прамысловы, турыстычны, дзелавы горад Заходняга рэгіёну.
- Чарнаўцы — адміністрацыйны цэнтар Чарнавіцкай вобласьці, галоўнае прамысловае, гандлёвае, навукова-адукацыйнае і культурнае места Букавіны, найістотнейшы навукова-адукацыйны, турыстычны і культурны цэнтар Заходняй Украіны.
- Хмяльніцкі — адміністрацыйны цэнтар Хмяльніцкай вобласьці, прамысловы, гандлёвы і культурны цэнтар Падольля і Паўднёвай Валыні.
- Тарнопаль — адміністрацыйны цэнтар Тарнопальскай вобласьці, турыстычны, навуковы і культурны цэнтар Галіччыны і Падольля.
- Камянец-Падольскі — места абласнога значэньня ў Хмяльніцкай вобласьці, колішні адміністрацыйны цэнтар вобласьці, прамысловы, гісторыка-культурны і турыстычны цэнтар Падольля.
- Івана-Франкоўск — адміністрацыйны цэнтар Івана-Франкоўскай вобласьці, значны прамысловы і культурны цэнтар Прыкарпацьця.
- Ужгарад — адміністрацыйны цэнтар Закарпацкай вобласьці, галоўны прамысловы, культурны і турыстычны цэнтар Закарпацьця.
- Роўна — адміністрацыйны цэнтар Ровенскай вобласьці, прамысловы і культурны цэнтар Заходняга Палесься і Валыні.
- Луцак — адміністрацыйны цэнтар Валынскай вобласьці, гісторыка-культурны, навукова-адукацыйны і галоўны турыстычны цэнтар Паўночна-Заходняга краю Ўкраіны.
- Драгобыч — колішні адміністрацыйны цэнтар Драгобыцкай вобласьці, другое паводле патэнцыялу прамысловае места на Львоўшчыне пасьля Львову.
- Няцешын — места абласнога значэньня ў Хмяльніцкай вобласьці, спадарожнік Хмяльніцкай АЭС.
- Дубна — места абласнога значэньня ў Ровенскай вобласьці, другі прамысловы і культурны цэнтар вобласьці.
- Мукачава — места абласнога значэньня, раённы цэнтар на Закарпацьці, адно з ключавых у Закарпацкім рэгіёне.
- Берагава — места абласнога значэньня Закарпацьця, цэнтар вугорскай культуры ва Ўкраіне.
- Стрый — адзін з прамысловых цэнтраў Львоўскай вобласьці, істотны чыгуначны вузел.
Глядзіце таксама
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Усходняя Ўкраіна
- Усходнія Крэсы
- Заходняя Беларусь
- Усходняя Малапольшча
- Галіцыя
- Падольле
- Паўднёва-ўсходнія рэгіёны Ўкраіны
- Савецкае ўварваньне ў Польшчу
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1998. — Т. 7: Застаўка — Кантата. — 604 с. — ISBN 985-11-0130-3
- Енциклопедія українознавства(uk) : Словникова частина : [в 11 т.] / Наукове товариство імені Шевченка ; гол. ред. проф., д-р В. Кубійович(uk). — Париж — Нью-Йорк: Молоде життя, 1957. — Т. 2, [т. 2] : Голинський — Зернов. — ISBN 5-7707-4049-3 — С. 761.
|