Жак-Іў Кусто
Жак-Іў Кусто́ (па-француску: Jacques-Yves Cousteau; 11 чэрвеня 1910 — 25 чэрвеня 1997) — францускі ваенна-марскі афіцэр, дасьледнік, эколяг, рэжысэр, інаватар, навуковец, фатограф. Вывучаў мора і ўсё формы жыцьця ў вадзе.
Контар-адмірал. Чалец Францускай акадэміі (1989). З 1952 году кіраваў падводнымі дасьледаваньнямі на судне «Каліпсо», з 1985 году — на турбапарусным судзе «Алкіёна». З 1957 году дырэктар Акіянаграфічнага музэю ў Манака. Кіраўнік праграмы «Каншэльф» (дасьледаваньні кантынэнтальнага шэльфу: умоваў жыцьця й працы людзей у падводным асяродзьдзі). Вынаходнік (разам з Эдуардам Ганьянам) аквалянга (1943), падводных дамоў, апарата «ныраючы сподак»; прыстасаваў кінакамэру для падводных кіназдымак. Займаўся пытаньнямі аховы падводнага асяродзьдзя. Аўтар кніг і каля 90 дакумэнтальных фільмаў, сярод якіх «Сьвет маўчаньня» (1956), «Залатая рыба» (прэмія «Оскар», 1960) і «Сьвет бяз сонца» (прэмія «Оскар», 1965)[9].
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Раньнія гады
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Жак-Іў Кусто нарадзіўся ў невялікім мястэчку Сэнт-Андрэ-дэ-Кюбзак вінаробнага рэгіёну Бардо, у сям’і адваката Даніэля і Элізабэт Кусто. Ягоны бацька Даніель Кусто (1878—1969) эміграваў у Францыю з Лынтупаў (Сьвянцянскі павет, Віленская губэрня, Паўночна-Заходні край, Расейская імпэрыя; цяпер Пастаўскі раён, Віцебская вобласьць, Беларусь), перарабіўшы свае беларускія імя й прозьвішча Даніла Куст на францускі ўзор[10]. Хаця верагодна гэта толькі прыгожая легенда, бо на інтэрактыўным генеалагічным дрэве сям’і Кусто бліжэйшыя продкі Жак Іва Кусто паходзяць выключна з Францыі. У прыватнасці, яго бацька П’ер Даніэль Кусто нарадзіўся у 1878 годзе у сям’і Поль Жана і Мары Кусто у Сэнт-Андэр-дэ-Кюбзак. Заможны натарыюс здолеў даць сыну добрае выхаваньне і адукацыю. Даніель вывучаў права ў Парыжы, стаўшы самым маладым доктарам права ў Францыі. Працаваў у ЗША прыватным сакратаром багатага прадпрымальніка й франкафіла Джэймза Газэна Гайда(en). Ажнаўся з Элізабэт Д’юрантон, дачкой фармацэўта з Сэнт-Андэр-дэ-Кюбзак; сям’я пасялілася ў 17-й акрузе Парыжу па адрасе 12, правулак Дуазі. 18 сакавіка 1906 году ў іх нарадзіўся першынец П’ер-Антуан. Праз чатыры гады ў доме дзеда ў Сэнт-Андрэ-дэ-Кюбзак нарадзіўся Жак-Іў[11]. Сям’я Даніэля шмат падарожнічала. Жак-Іў стаў цікавіцца вадой у раньнім узросьце. У 7 гадоў яму паставілі дыягназ — хранічны энтэрыт, таму сямейны лекар не рэкамэндаваў вялікія нагрузкі. Праз хваробу Кусто стаў вельмі худым[12]. У часе Першае сусьветнае вайны Даніель Кусто стаў беспрацоўным, але пасьля вайны ён ізноў знайшоў працу ў кампаніі амэрыканца Юджына Гігінза(en). Яму прыйшлося шмат разьяжджаць па справах, ягоны сыны вучыліся ў школе і вялікую частку году праводзілі ў школе-інтэрнаце. Кусто рана навучыўся плаваць і на ўсё жыцьцё палюбіў мора.
У 1920 году Юджын Гігінз вярнуўся ў Нью-Ёрк, сямейства Кусто паехала зь ім. Жак-Іў і П’ер-Антуан сталі вучыцца ў школе ў ЗША і навучыліся мяльком гаварыць па-ангельску. Там жа, у часе сямейнага адпачынку ў штаце Вэрмонт, браты зьдзейсьнілі свае першыя пагружэньні. У 1922 годзе Гігінз і Сям’я Кусто вярнуліся ў Францыю. У ЗША Жак-Іў зацікавіўся мэханікай і дызайнам. У Францыі ён пабудаваў аўтамабіль з батарэйным сілкаваньнем. Гэтае захапленьне дапамагло яму ў ягонай працы ў далейшым. На зэканомленыя й заробленыя грошы Кусто купіў сабе сваю першую кінакамэру.
Хоць Жак-Іў цікавіўся многімі рэчамі, вучоба яму не давалася. Празь некаторы час бацькі вырашылі адправіць яго ў адмысловы інтэрнат, які ён скончыў з высокай адзнакай.
Вайсковая служба
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1930 годзе ён паступіў у ваенна-марскую акадэмію. Ваенную акадэмію ён скончыў у чыне прапаршчыка, па разьмеркаваньні быў адпраўлены на ваенна-марскую базу ў Шанхай, таксама пабываў у СССР, дзе шмат фатаграфаваў, але амаль усе матэрыялы былі адабраныя. Кусто вырашыў пайсьці ў Акадэмію марской авіяцыі, яго вабіла неба, але пасьля аўтамабільнай аварыі на горнай дарозе ад авіяцыі прыйшлося адмовіцца. Кусто зламаў некалькі рэбраў і пальцы на левай руцэ, пашкодзіў лёгкія, і ў яго паралізавала правую руку. Курс рэабілітацыі праходзіў восем месяцаў. Для рэабілітацыі ў 1936 годзе паступіў інструктарам на крэйсэр «Сюфрэн», прыпісаны да порту Тулён. Аднойчы ён пайшоў у краму і ўбачыў акуляры для падводнага плаваньня. Пасьля таго, як ён нырнуў зь імі, ён вырашыў прысьвяціць сваё жыцьцё дасьледаваньню мора.
З канца 1930-х
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1937 годзе ажаніўся з Сымонэ Мэльхіёр(en), якая нарадзіла яму двох сыноў, Жан-Мішэль(en) (1938) і Філіп(en) (1940—1979, загінуў у авіякатастрофе). У часе Другой сусьветнай вайны — удзельнік францускага руху супраціву[13].
З пачатку 1950-х гадоў Кусто вёў акіянаграфічныя дасьледаваньні з дапамогай судна «Каліпса» (Сьпісаны мінны тральшчык Брытанскіх Каралеўскіх ВМС). Прызнаньне прыйшло да Кусто з выхадам кнігі «Ў сьвеце маўчаньня» ў 1953 годзе, напісанай у суаўтарстве з Фрэдэрыкам Дзюма. Фільм, зьняты подле матываў кнігі, у 1956 годзе атрымаў прэмію «Оскар» і «Залатую пальмавую галіну».
У 1957 годзе Кусто быў прызначаны дырэктарам Акіянаграфічнага музэю Манака. У 1973 ён заснаваў некамэрцыйнае «Таварыства Кусто» па ахове марскога асяродзьдзя.
У 1991 годзе, праз год пасьля сьмерці жонкі Сымоны ад раку, ён жаніўся з Франсінэ Трыплет. Да таго часу ў іх ужо была дачка Дыяна (1979) і сын П’ер (1981), народжаныя да шлюбу.
Кусто памёр ва ўзросьце 87 году ад інфаркту міякарда ў выніку ўскладненьня рэсьпіраторнага захворваньня. Пахаваны на фамільным участку на могілках Сэн-Андрэ-дэ-Кюбзак.
Дасьледаваньні
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Марскія дасьледаваньні
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Подле ягонай першай кнігі, «У сьвеце маўчаньня», Кусто пачаў апускацца ў ваду, выкарыстоўваючы маску, трубку й ласты, разам з Фрэдэрыкам Дзюма й Філіпам Тальле ў 1938 годзе. У 1943 годзе ён выпрабаваў першы прататып аквалангу, распрацаваны ім сумесна з Эмілем Ганьянам. Гэта ўпершыню дазволіла праводзіць працяглыя падводныя дасьледаваньні, што ў значнай ступені спрыяла паляпшэньню сучасных ведаў пра падводны сьвет. Кусто стаў стваральнікам воданепранікальных камэр і асьвятляльных прыбораў, а таксама вынайшаў першую падводную тэлевізійную сыстэму.
Біялёгія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Да таго як стала вядома пра здольнасьць марскіх сьвіньняў да рэхалякацыі, Кусто выказаў здагадку пра магчымасьць яе існаваньня. У сваёй першай кнізе, «У сьвеце маўчаньня» ён паведаміў, што яго дасьледчае судна «Elie Monier» рухаецца да Гібральтарскага праліву і заўважыў групу сьвіньняў, які рухаліся за імі. Кусто зьмяніў курс судна на некалькі градусаў ад аптымальнага, і сьвіньні некаторы час ішлі за караблём, а затым паплылі да цэнтру праліву. Было відавочна, што яны ведалі, дзе ляжыць аптымальны курс, нават калі людзі ня ведалі. Кусто зрабіў выснову пра тое, што кітападобныя маюць штосьці накшталт сонару, які быў у той час адносна новым элемэнтам на падводных лодках. У выніку ён меў рацыю.
Узнагароды
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Камандор ордэну Ганаровага легіёну
- Кавалер Вялікага крыжа Нацыянальнага ордэну «За заслугі»
- Ваенны крыж 1939—1945
- Афіцэр ордэну Марскіх заслуг
- Камандор ордэну мастацтваў і літаратуры
- Мэдаль прагрэсу (Фатаграфічнае таварыства Амэрыкі) (1977)
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б Jacques Cousteau // Encyclopædia Britannica (анг.)
- ^ а б Jacques-Yves Cousteau // Энцыкляпэдыя Бракгаўза (ням.)
- ^ Jacques-Yves Cousteau // Gran Enciclopèdia Catalana (кат.) — Grup Enciclopèdia, 1968.
- ^ а б Fichier des personnes décédées
- ^ IMDb (анг.) — 1990.
- ^ Француская акадэмія — 1635.
- ^ https://alacademia.org.ma/membre/%d8%ac%d8%a7%d9%83%d9%92-%d8%a5%d9%8a%d9%81-%d9%83%d9%88%d8%b3%d8%b7%d9%92%d9%88-2/
- ^ https://philatelie-pour-tous.fr/jacques-yves-cousteau-officier-de-marine-et-explorateur-oceanographique/
- ^ Беларуская энцыклапедыя: У 18 т.. — Мн.: 1999 Т. 9: Кулібін — Малаіта. — С. 58.
- ^ Настасься Беленькая (9 чэрвеня 2015) Почему отец Жак-Ива Кусто сменил свою белорусскую фамилию и уехал во Францию (рас.). Салідарнасць. Праверана 22 ліпеня 2015 г. Архіўная копія ад 22 ліпеня 2015 г.
- ^ Yves Paccalet Jacques-Yves Cousteau dans l'océan de la vie. — JC Lattes, 1997. — 542 с.
- ^ Markham, Lois: Jacques-Yves Cousteau: Exploring the Wonders of the Deep, s. 8
- ^ Кто есть кто в мире : 1500 имен — Google Книги
- Нарадзіліся 11 чэрвеня
- Нарадзіліся ў 1910 годзе
- Нарадзіліся ў Францыі
- Памерлі 25 чэрвеня
- Памерлі ў 1997 годзе
- Памерлі ў Францыі
- Камандоры францускага Ордэна мастацтваў і літаратуры
- Камандоры ордэна Ганаровага легіёну
- Узнагароджаныя Прэзыдэнцкім мэдалём Свабоды
- Ганаровыя дактары Гарвардзкага ўнівэрсытэту
- Францускія кінарэжысэры
- Францускія літаратары
- Францускія навукоўцы
- Чальцы Францускай акадэміі
- Сябры і сябры-карэспандэнты Нацыянальнай акадэміі навук ЗША
- Дасьледнікі Ціхага акіяна
- Дасьледнікі Арктыкі
- Ляўрэаты канскага фэстывалю
- Ляўрэаты прэміі «Эмі»
- Памерлі ад інфаркту міякарда
- Беларусы ў Францыі