Перайсьці да зьместу

Арвідас Сабоніс

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Арвідас Сабоніс
Пазыцыя: цэнтравы
Рост: 220 см
Вага: 127 кг[1]
Грамадзянства:
Нарадзіўся: 19 сьнежня 1964(1964-12-19) (59 гадоў)
Драфт

Портлэнд Трэйл Блэйзэрз

Клюбы
Гады Клюб
1981—1989 Жальгірыс
1989—1992 Вальядалід[d]
1992—1995 Рэал Мадрыд
1995—2001 Портлэнд Трэйл Блэйзэрз
2001—2002 Жальгірыс
2002—2003 Портлэнд Трэйл Блэйзэрз
2003—2004 Жальгірыс
Асабістыя ўзнагароды і дасягненьні
Мэдалі
Алімпійскія гульні
Золата Сэул, 1988
Бронза Барсэлёна, 1992
Бронза Атланта, 1996
Чэмпіянаты сьвету
Золата Калюмбія, 1982
Срэбра Гішпанія, 1986
Чэмпіянаты Эўропы
Бронза Францыя, 1983
Золата ФРН, 1985
Бронза Загрэб, 1989
Срэбра Афіны, 1989
Статыстыка на NBA.com

Арвідас Сабоніс (нар. 19 сьнежня 1964, Коўна) — савецкі і летувіскі прафэсійны баскетбаліст, алімпійскі чэмпіён 1988 году, чэмпіён сьвету і Эўропы ў складзе нацыянальнай зборнай СССР.

20 жніўня 2010 году Арвідас Сабоніс быў уведзены ў Залю славы ФІБА ў знак прызнаньня яго таленту[2].

Нарадзіўся ў Коўне. Пачаў займацца баскетболам ва ўзросьце 9 гадоў у ковенскай баскетбольнай школе. Першы трэнер — Юры Фёдараў. У 1981 годзе ў складзе зборнай школьнікаў Летувы стаў чэмпіёнам школьнай алімпіяды і атрымаў прапанову ад галоўнага трэнэра ковенскага «Жальгірысу» Владаса Гарастаса перайсьці ў яго клюб. У гэтым жа годзе ў складзе юнацкай зборнай СССР стаў чэмпіёнам Эўропы.

У 1981 годзе ў 16 гадоў дэбютаваў у дарослай камандзе «Жальгірысу» ў матчы супраць «Калева» і набраў першыя 14 ачкоў. Прывёў «Жальгірыс» да трох запар перамог у чэмпіянаце СССР, атрымаўшы званьне «Гульца году» ў Эўропе ў 1984 і 1985 гадах паводле вэрсіі італьянскай газэты La Gazzetta dello Sport.

У гэтым жа сэзоне атрымаў запрашэньне ў галоўную каманду краіны. Зборная СССР заваявала залатыя мэдалі чэмпіянату сьвету 1982 году, абыграўшы ў фінале зборную ЗША зь лікам 95-94. У фінальным матчы, а таксама і ў іншых найважнейшых матчах турніру, галоўны трэнэр Аляксандар Гомельскі не задзейнічаў Сабоніса, спасылаючыся на адсутнасьць досьведу.

У 1984 году савецкі ўрад у адказ на байкот Алімпійскіх гульняў у Маскве ў 1980 годзе адмовіўся ад удзелу ў Алімпіядзе ў Лос-Анджэлесе, а ў 1985 годзе зборная СССР у нямецкім Штутгарце стала найлепшай у Эўропе. У фінале баскетбалісты СССР з буйным лікам абыгралі зборную ЧССР (120:89). Па выніках турніру Арвідас Сабоніс быў прызнаны найлепшым гульцом Эўропы.

У 1989 годзе Сабонісу дазволілі зьехаць з СССР. Але замест таго, каб падпісаць кантракт з «Портлэнд Трэйл Блэйзэрз», ён абраў гішпанскую лігу, дзе правёў шэсьць сэзонаў. У 1995 годзе дэбютаваў у НБА ў камандзе «Портлэнд Трэйл Блэйзэрз». На працягу ўсіх сямі сэзонаў, праведзеных у НБА, Сабоніс штогод выходзіў са сваёй камандай у плэй-оф.

Свой апошні сэзон 2003/2004 гадоў правёў у «Жальгірысе». Афіцыйна завяршыў прафэсійную кар’еру ў 2005 годзе.