Перайсьці да зьместу

Вітольд Бялыніцкі-Біруля

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Гэта актуальная вэрсія старонкі Вітольд Бялыніцкі-Біруля, захаваная ўдзельнікам Taravyvan Adijene (гутаркі | унёсак) у 11:33, 15 жніўня 2023. Гэты адрас зьяўляецца сталай спасылкай на гэтую вэрсію старонкі.
(розьн) ← Папярэдняя вэрсія | Цяперашняя вэрсія (розьн) | Наступная вэрсія → (розьн)
Вітольд Бялыніцкі-Біруля
Вітольд Бялыніцкі-Біруля
Імя пры нараджэньні Вітольд Каэтанавіч Бялыніцкі-Біруля
Дата нараджэньня 12 лютага 1872(1872-02-12)[1][2][3]
Месца нараджэньня
Дата сьмерці 18 чэрвеня 1957(1957-06-18)[4][1][2][…] (85 гадоў)
Месца сьмерці
Месца пахаваньня
Месца вучобы
Занятак маляр
Сябра ў Саюз маляроў СССР[d], Union of Russian Artists[d], Таварыства мастакоў імя А. І. Куінджы[d], Таварыства перасоўных мастацкіх выставак[d] і АМРР[d]
Жанры пэйзаж
Плынь рэалізм
Узнагароды
ордэн Працоўнага Чырвонага Сьцяга СССР ордэн Працоўнага Чырвонага Сьцяга СССР
Народны мастак Беларускай ССР заслужаны дзяяч мастацтваў РСФСР Народны мастак РСФСР

Вітольд Каэтанавіч Бялыніцкі-Біруля (29 лютага 1872, в. Крынкі, Аршанскі павет, Магілёўская губэрня, цяпер Бялыніцкі раён Магілёўскай вобласьці — 18 чэрвеня 1957, Масква) — беларускі жывапісец-пэйзажыст. Разьвіваў традыцыю лірычнага пэйзажа канца 19 стагодзьдзя.

Нарадзіўся 29 лютага 1872 году ў вёсцы Крынкі пад Бялынычамі. Па паходжаньні — беларус. Бацька быў арандатарам, служыў у Дняпроўскім параходзтве. Мастацкую адукацыю атрымаў спачатку ў Кіеве ў малявальнай школе Мікалая Мурашкі (1885—1889), пасьля ў Маскоўскай вучэльні жывапісу, скульптуры і дойлідзтва ў Іларыёна Пранішнікава, Сяргея Каровіна, Мікалая Неўрава, Васіля Паленава (1889—1896). Пасьля вярнуўся на радзіму, дзе правёў восем плённых гадоў, шмат працуючы і выяжджаючы на выставы ў Санкт-Пецярбург, Маскву і Заходнюю Эўропу.

Яшчэ ў пэрыяд навучаньня, у 1890-я гг., творы В. Бірулі выклікалі сур’ёзную зацікаўленасьць у аматараў прыгожага мастацтва. Так, палатно «Навакольле Пяцігорска» (1892) было набыта Паўлам Трацьцяковым для яго галерэі.

Творчасьць В. Бялыніцкага-Бірулі шчыльна злучана з асобай слыннага мастака Ісака Левітана, які паспрыяў Вітольду Бірулі ў выставачнай справе. З 1897 году мастак удзельнічае ў выставах Маскоўскага аб’яднаньня аматараў мастацтваў і Маскоўскага таварыства мастакоў. З 1899 году прадстаўляў працы разам з Таварыствам перасоўных мастацкіх выставаў, а ў 1904 стаў яго правадзейным сябрам.

Тройчы — у 1934, 1935, 1938 гг. — В. Біруля наведваў Запаляр’е (Кольскі паўвостраў). Пісаў Баранцава мора і Белае мора, раку Церыберку, горы Хібіны, возера Вуд’яр. Працаваў у мясьцінах, зьвязаных з творчасьцю Льва Талстога, Аляксандра Пушкіна і Пятра Чайкоўскага. У 1944 годзе працаваў у Архангельску, дзе адлюстроўваў помнікі старажытнарускага драўлянага дойлідзтва XVi—XVII стагодзьдзяў.

У 1947 годзе В. Біруля вяртаецца на Беларусь. Тут быў створаны вялікі цыкль этудаў і шэраг карцінаў: «Зялёны май», «Зазелянелі беларускія бярозкі», «Яблыні ў квецені», «Беларусь. Зноў зацьвіла вясна» і інш. Пра сваё дачыненьне да Беларусі В. Біруля пісаў:

Блукаючы са стрэльбай і фарбамі па палетках, далінах і пералесках Беларусі, сустракаючы і праводзячы зоры ля вогнішчаў, начуючы ў лесе, прыслухоўваючыся да галасоў прыроды, я глыбей адчуў яе прыгажосьць, навучыўся яе разумець.

Анатоль Кудравец. Трое ў адным пакоі. Эсэ // Дзеяслоў. — Мн: 2002. — № 1.

Памёр знакаміты пэйзажыст у 85 гадоў у 1957 годзе ў Маскве, пакінуўшы ў спадчыну вялікую колькасьць сваіх твораў. Пахаваны ў Маскве на Новадзявочых могілках.

Палотны Бялыніцкага-Бірулі ўражваюць гледача эмацыйнасьцю, неабходнай мерай абагульненьня, якая не губляе пры гэтым канкрэтыку месца. Пэйзажыст па-майстэрску распрацоўваў ледзь прыкметныя нюансы, характэрныя для таго ці іншага часу дня, пэўнай пары году. Карціны і шматлікія этуды вылучаюцца асаблівай тонкасьцю, мяккасьцю і непаўторным лірызмам, глыбінёй успрыманьня і перадачы жывой прыроды.

Творчасьць таленавітага мастака выклікала зацікаўленасьць у выбітнага прадстаўніка расейскага рэалізму Ільлі Рэпіна:

На выстаўцы, калі я даведаўся, што няма Вашых карцін, вельмі засумаваў па Вас. Я так звыкся асьвяжацца душою перад вашымі жывымі павевамі праўды, простасьці і свабоды. І… я заўсёды з новым і большым задавальненьнем гляджу на Ваш пагорак, з хатамі занесенымі сьнегам; люблю гэтыя беражкі, што белымі краямі люструюцца ў горнай рэчцы.

— Репин. И. Письма. Москва, 1969, Т. 2, С. 263

Найбуйнейшая калекцыя работаў Вітольда Бялыніцкага-Бірулі (444 палотны) знаходзіцца ў Нацыянальным мастацкім музэі Рэспублікі Беларусь. Таксама некаторыя зь яго твораў захоўваюцца ў Маскве (Дзяржаўная Трацьцякоўская галерэя, прыватныя зборы), іншых гарадах Расеі, ва Ўкраіне і нават Кыргыстане.

Узнагароды і памяць

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Народны мастак Беларусі (1944) і РСФСР (1947). Ганаровы акадэмік АН БССР (1947), правадзейны сябра Акадэміі мастацтваў СССР (1947).

Пасьля сьмерці яго імем назвалі Бялыніцкі мастацкі музэй, У Магілёве працуе музэй Бялыніцкага-Бірулі — філія Нацыянальнага музэю, дзе найбольш шырока прадстаўлена творчая спадчына нашага суайчыньніка.

У Магілёве і Бялынічах названыя вуліцы ў гонар мастака.

  1. ^ а б Архіў прыгожых мастацтваў — 2003.
  2. ^ а б в БЯЛЫНИЦКИЙ-БИРУЛЯ // Большая российская энциклопедия (рас.)Москва: Большая российская энциклопедия, 2004.
  3. ^ LIMIS (лет.)
  4. ^ а б Бялыницкий-Бируля Витольд Каэтанович // Большая советская энциклопедия (рас.): [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохорова — 3-е изд. — Москва: Советская энциклопедия, 1969.
  • Аляксей Харак. Вітольд Бялыніцкі-Біруля // Роднае слова. — Мн: 2008. — № 1. — С. 105. — ISBN 0234-1360.
  • Віктар Карамазаў «Крыж на зямли и поўня на небе»