Ямайка
Яма́йка (англ.: Jamaica) — астраўная дзяржава ў Карыбскім моры, на адным з Вялікіх Антыльскіх астравоў. За 630 км ад кантынентальнай Цэнтральнай Амерыкі, за 145 км ад Кубы і 191 км ад Гаіці. Чацвёртая па плошчы і колькасці насельніцтва дзяржава Вест-Індыі. Насельніцтва пераважна складаюць нашчадкі былых афрыканскіх рабоў. Трэцяя па колькасці насельніцтва англамоўная дзяржава Амерыкі. Найбуйнейшы горад: сталіца Кінгстан. Буйны вытворца баксітаў і гліназёму; значны экспарцёр сельскагаспадарчай прадукцыі: кавы, бананаў; і прадуктаў харчовай прамысловасці (цукру, рому).
| |||||
Дэвіз: «Out of Many One People (Са шматлікіх людзей — адзіны народ)» | |||||
Гімн: «Jamaica, Land We Love» | |||||
Дата незалежнасці | 6 жніўня 1962 (ад Вялікабрытаніі) | ||||
Афіцыйная мова | англійская | ||||
Сталіца | Кінгстан | ||||
Найбуйнейшы горад | Кінгстан | ||||
Форма кіравання | Канстытуцыйная манархія | ||||
Кароль Генерал-губернатар Прэм’ер-міністр |
Карл III Патрык Ален Эндру Холнес | ||||
Плошча • Усяго • % воднай паверхні |
160-я ў свеце 10 991 км² 1,5 | ||||
Насельніцтва • Ацэнка (2017) • Шчыльнасць |
2 990 тыс.[1] чал. 272 чал./км² | ||||
Валюта | ямайскі долар | ||||
Інтэрнэт-дамен | .jm | ||||
Код ISO (Alpha-2) | JM | ||||
Код ISO (Alpha-3) | JAM | ||||
Код МАК | JAM | ||||
Тэлефонны код | +1876 | ||||
Часавыя паясы | -5 |
Этымалогія
правіцьСлова «хаймака» з мовы індзейцаў таіна перакладаецца як «краіна вады і лесу» ці «зямля крыніц».[3]
Геаграфія
правіцьЯмайка — астраўная дзяржава. Найбуйнейшы востраў Ямайка займае плошчу 10911 км² і з’яўляецца трэцім па велічыні ў Карыбскім моры. Галоўны востраў размешчаны за 145 км на поўдзень ад Кубы, за 191 км на захад ад Гаіці, за 290 км на паўднёвы ўсход ад Кайманавых астравоў. Бліжэйшы пункт кантынента — мыс Грасіяс-а-Д’ёс (Нікарагуа), размешчаны за 630 км у паўднёва-заходнім накірунку. Працягласць вострава з захаду на ўсход складае 225 км, з поўначы на поўдзень — ад 35 да 82 км. Даўжыня берагавой лініі складае 1022 км[4]
Прырода
правіцьВостраў Ямайка мае вулканічнае паходжанне. Вылучаюцца тры ландшафтныя рэгіёны: вапняковае плато ў цэнтральнай частцы вострава; Блакітныя горы (Blue Mountains) і горы Джон-Кроў на паўночным захадзе; прыбярэжныя раўніны. Найвышэйшы пункт Блу-Маўнтын-Пік — 2256 м над узроўнем мора. Вапняковы карст займае дзве трэція вострава. Для яго характэрныя ўзгорыстыя і грабнявыя ўзняцці, гроты і пячоры, віры, у якіх губляюцца рэкі. На паўночным усходзе карст падыходзіць да самага ўзбярэжжа. Паўночнае ўзбярэжжа прадстаўлена доўгай вузкай прыбярэжнай раўнінай з белымі пляжамі. Дзякуючы каралаваму рыфу мора тут заўсёды спакойнае. Заходняе і паўднёвае ўзбярэжжа сфарміравана шырокімі далінамі. На заходнім узбярэжжы вылучаецца вялікая пясчаная каса ў раёне курорта Негрыл.
Астатнія астравы каралавага паходжання, невялікія і не маюць пастаяннага насельніцтва.
Клімат Ямайкі трапічны, пасатны. Тэмпературны рэжым амаль нязменны на працягу года: 25 — 30 °C на раўнінах і 15 — 20 °C у гарах. На паўночна-заходнім узбярэжжы заўсёды дзьмуць свежыя брызы. Сярэдняя колькасць ападкаў — 1960 мм у год, на поўдні — 762 мм у год. На наветраных схілах гор Джон-Кроў на паўночным усходзе вострава выпадае да 7600 мм. У летнія месяцы часта завітваюць моцныя ўраганы. У зімовыя месяцы на поўдні вострава зрэдку здараюцца засухі.
Самая доўгая рака — Міньё (93 км). Суднаходная на значную адлегласць рака Блэк-Рывер — невялікія судны могуць падымацца па ёй на 48 км ад вусця.
У канцы XV ст., калі Ямайка была адкрыта еўрапейцамі, большая частка вострава была пакрыта густымі лясамі і саваннамі. Некаторыя дзікарослыя расліны (какосавая і саламяная пальма, тытунь, бавоўна, какава, ямайскі перац і інш.) актыўна выкарыстоўваліся чалавекам. У наш час раслінны полаг у асноўным мае другасны характар. Сёння лясамі пакрыта толькі 20 % вострава. Карэнная лясная расліннасць часткова захавалася на паўночным усходзе. У лясах распаўсюджаныя зараснікі бамбуку, папараці, шыпшыны, чырвонага і чорнага дрэваў, сейбы, дальбергіі. На поўдні сустракаюцца месцы з паўпустыннай жорсткалісцевай расліннасцю і кактусамі.
Жывёльны свет Ямайкі таксама моцна змяніўся пад уплывам чалавека. Частка эндэмічных жывёлін (чырвоны ара, ямайскі голуб, кайман і інш.) была знішчана. У астатнім захавалася тыповая для карыбскіх краін фаўна: яшчаркі, рэптыліі, мноства птушак, у тым ліку папугаі, калібры, зязюлі і пласкадзюбы. Прыбярэжныя воды багатыя рыбай. Прыродаахоўныя тэрыторыі вострава ўключаюць у сябе Какпіт-Кантры, лясныя запаведнікі Хелшайр-Хілс і Літчфілд. У 1992 годзе быў арганізаваны першы марскі парк у бухце Мантэга плошчай 15 кв.км. У 1993 былі створаны нацыянальныя паркі ў гарах Блу-Маўнтынс і Джон-Кро.
Гісторыя
правіцьВостраў, заселены плямёнамі аравакаў (зборная назва — таіна), быў адкрыты Хрыстафорам Калумбам ў 1494 годзе. Калумб назваў яго ў гонар каралеўскай пары востравам Фердынанда і Ізабелы, але назва не прыжылася. Першае паселішча на Ямайцы іспанцы заснавалі ў 1509 годзе. Іспанцы каланізавалі востраў, названы імі Сант’яга, не надта актыўна, што не выратавала індзейцаў: колькасць аравакаў скарацілася з 60 тыс. у год адкрыцця да 74 чалавек у 1611 годзе. Затое ў 1655 годзе Ямайку захапілі англічане і заснавалі форт, што за паўстагоддзя ператварыўся ў пірацкую сталіцу Порт-Роял. Землятрус 1692 года разбурыў Порт-Роял, аднак англічане да таго часу ўжо трывала замацаваліся на Ямайцы, ператварыўшы востраў у сваю «цукровую сталіцу». Прамысловасць Ямайкі вырабляла цукар-сырэц, патаку-меласу і знакаміты ямайскі ром. На плантацыях працавалі завезеныя з Афрыкі рабы, якія неаднаразова паўставалі (да пачатку XIX стагоддзя было падаўлена больш за 150 паўстанняў). Адмена рабства ў 1838 годзе істотна падарвала эканоміку Ямайкі: многія былыя рабы сталі апрацоўваць уласныя надзелы замест працы на плантацыях. У XX стагоддзі эканамічная сітуацыя на Ямайцы істотна змянілася ў выніку інвестыцый ЗША, якія арганізавалі тут плантацыйную гаспадарку для забеспячэння свайго рынку. Знаходзячыся пад амерыканскім уплывам, Ямайка прыняла ўдзел у дзвюх сусветных войнах, даслаўшы сваіх жаўнераў у Еўропу. У 1944 востраў атрымаў частковае самакіраванне. У 1958—1962 уваходзіў у склад Вест-Індскай федэрацыі, што так і не стала дзяржавай. У 1959 годзе Ямайка атрымала ўнутранае самакіраванне, у жніўні 1962 года Брытанія дазволіла Ямайцы незалежнасць у складзе Брытанскай Садружнасці. У перыяд незалежнасці характар знешняй палітыкі Ямайкі залежыць ад таго, якая партыя стаіць каля руля. Калі лейбарысты — востраў арыентуецца на ЗША ці Вялікабрытанію, калі сацыял-дэмакраты — на Кубу, Лацінскую Амерыку, Рух недалучэння. У 2012 годзе прэзідэнт Ямайкі заявіў аб жаданні вострава атрымаць поўную незалежнасць. Букінгемскі палац адказаў, што сваё меркаванне павінен выказаць увесь ямайскі народ.
Насельніцтва
правіцьНатуральны прырост 1,12 % (2017), міграцыйны — −0,43 %[5]. У пачатку XXI стагоддзя больш за 2,5 млн ямайцаў жылі за межамі вострава, пераважна ў Вялікабрытаніі, ЗША і Канадзе. Буйныя ямайскія грамады ёсць таксама на Трынідадзе і Табага, Пуэрта-Рыка і Барбадасе. Ямайскі нацыянальны дэвіз «З многіх людзей» адсылае да мультынацыянальных этнічных каранёў. У сучасным насельніцтве абсалютна пераважаюць негры (92,1 %); на другім месцы — мулаты (6,1 %), далей — індыйцы з усходняй Індыі (0,8 %); каля 20 тыс. ямайцаў мае ліванскае паходжанне. Астатнія — кітайцы, еўрапейцы, кубінцы, выхадцы з краін Лацінскай Амерыкі і асобы так званага змяшанага паходжання. Продкі большасці ямайцаў жылі пераважна ў Заходняй Афрыцы (Гана, Камерун).[6] Сярод афраямайцаў вылучаецца група марунаў (некалькі сот чалавек), якая мае асобны культурны і юрыдычны статус. Многія ямайскія мулаты ідэнтыфікуюць сябе як «чарнаскурыя». Асноўнай гутарковай мовай з’яўляецца ямайская крэольская («Патуа») на аснове англійскай, афіцыйнай мовай служыць англійская. 46 % ямайцаў білінгвы. Ямайка — трэцяя па насельніцтве англамоўная краіна Амерыкі. 70 % насельніцтва — пратэстанты («Царква Бога» (24 %), царква адвентыстаў сёмага дня (11 %), пяцідзясятнікі (10 %), баптысты (7 %), англікане (4 %); 2 % насельніцтва вызнаюць каталіцтва, каля 1 % — растафары[7]. Урбанізацыя — 55 % (2017). У агламерацыі Кінгстана пражывае 661 тыс. чал. (перапіс 2011), у Партморы, спадарожніку Кінгстана — 182 тысячы, Спаніш-Таўн (147 тыс.). Найбуйнейшы горад паўночнага ўзбярэжжа — Мантэга-Бей (110 тыс.) Узровень пісьменнасці — 88,7 % (2015)[5], сярод жанчын ён вышэй чым сярод мужчын. у 1962—2009 Ямайка скацілася з апошняга месца ў свеце па ўзроўні забойстваў на адно з першых.
Рэлігія
правіцьНа Ямайцы колькасць рэлігійных аб’яднанняў у дачыненні да колькасці насельніцтва найвялікшая ў свеце. Большасць вернікаў (61,3 %) належаць да пратэстанцкіх цэркваў і кангрэгацый: баптыстаў, англікан, уніяністаў, метадыстаў і г. д. Незалежна ад арганізацыйнай прыналежнасці сярод пратэстантаў Ямайкі распаўсюджаны фундаменталісцкі і радыкальны рухі. Меншасць вернікаў прадстаўлена рыма-каталікамі (4 %), маранітамі, індусамі, бахаямі і мусульманамі. Акрамя таго, існуюць афрахрысціянскія культы абеа, куміна, пакамана і растафары. Каля 20 % ямайцаў дэкларуюць незалежнасць у адносінах да пэўных рэлігійных аб’яднанняў, аднак колькасць атэістаў і агностыкаў адносна невысокая (каля 6 %). Уплыў рэлігіі традыцыйна прасочваецца на грамадскіх і палітычных адносінах. Так, у каланіяльныя часы большасць белага насельніцтва належала да англікан і прэсвітарыян. Сярод неграў-рабоў і марунаў панавалі афрыканскія культы. З другой паловы XVIII ст. усё большы ўплыў сярод афраямайцаў набываюць баптысты. Баптысцкія прапаведнікі ўдзельнічалі ў падрыхтоўцы паўстанняў 1798, 1831, 1865 і 1938 гг. У наш час баптысты, пратэстанты-радыкалы і прадстаўнікі рэлігійных меншасцей звычайна падтрымліваюць Народную Нацыянальную партыю, а англікане, уніяністы і пратэстанты-фундаменталісты — Лейбарысцкую партыю. Назіраецца рэлігійнае раз’яданне сярод прадстаўнікоў буйнога бізнесу, прафсаюзаў і крымінальных груповак.
Дзяржаўнае кіраванне і палітыка
правіцьЯмайка — незалежная краіна, уваходзіць у брытанскую Садружнасць. Палітычны лад — канстытуцыйная манархія. Згодна Канстытуцыі 1962 г., глава дзяржавы — каралева Вялікабрытаніі, якая афіцыйна мае тытул каралевы Ямайкі. Яна са згоды ўраду прызначае генерал-губернатара, пры якім дзейнічае Патаемная рада з 10 чалавек (звычайна ў яе склад уваходзяць прадстаўнікі заканадаўчай, выканаўчай і судовай улады). Заканадаўчая ўлада належыць двухпалатнаму парламенту. У ніжэйшую Палату прадстаўнікоў (House of Representatives) уваходзіць 60 членаў, выбраных грамадзянамі Ямайкі у час галасавання па партыйных спісах. Прадстаўнікі партыі, што набрала большасць галасоў, прызначаюць спікера Палаты і прэм’ер-міністра. Астатнія прадстаўнікі фарміруюць апазіцыю. Вышэйшая палата — Сенат, у склад якога генерал-губернатар па радзе прэм’ер-міністра і лідара апазіцыі прызначае частку прадстаўнікоў ніжэйшай Палаты (усяго 21 член, якія размяркоўваюцца прапарцыянальна складу ніжэйшай Палаты). Выканаўчую ўладу прадстаўляе ўрад, прызначаны генерал-губернатарам па рэкамендацыі прэм’ер-міністра. Судовую ўладу прадстаўляе Сход Правасуддзя (Court of Justice), члены якога прызначаюцца генерал-губернатарам. Большую частку ўзброеных сіл складаюць прафесійныя Ямайскія сілы самаабароны (Jamaica Defense Force). Акрамя таго дзейнічаюць агульнадзяржаўныя Ямайскія сілы службы канстэбляў (Jamaica Constabulary Force), якія выконваюць ваенныя і паліцэйскія функцыі. Ахову грамадскага парадку здзяйсняюць парафіяльная паліцыя і добраахвотная міліцыя. На Ямайцы дзейнічае 51 палітычная арганізацыя, аднак большасць галасоў традыцыйна збіраюць Лейбарысцкая партыя (лідар Брус Голдынг, з 2007 — кіруе) і Народная Нацыянальная партыя (лідар Портыя Сімпсан-Мілер). Абедзве партыі не маюць істотных адрозненняў у праграмах і дэкларуюць прынцыпы пабудовы сацыяльна-арыентаванага грамадства і незалежнай знешняй палітыкі.
Эканоміка
правіцьГрашовая адзінка — ямайскі долар, аднак паралельна яму легальна ўжываецца долар ЗША (USD). ВУП на душу насельніцтва — каля 9300 долараў (2017)[5]. Важнейшая крыніца даходаў у канверсоўнай валюце — абслугоўванне турыстаў (20 % ВУП). На працах, звязаных з абслугоўваннем турызму працуюць да 30 % эканамічна актыўнага насельніцтва. Тым не менш спецыялісты лічаць, што магчымасці для развіцця турызму далёка не вычарпаны. Развіццё галіны стрымліваецца канкурэнцыяй з боку Карыбскіх краін і нялёгкай крымінальнай сітуацыяй. Важную ролю ў эканоміцы адыгрываюць грашовыя паступленні ад працаўнікоў за мяжой (20 % ВУП) і экспарт сельскагаспадарчай прадукцыі, прадукцыі харчовай прамысловасці, баксітаў і гліназёму, штучнага карунду. Значная частка прадпрыемстваў (баксітная прамысловасць, унутраны транспарт і энергетыка, лясная і камунальная гаспадарка) належаць дзяржаве. Для прыцягнення знешніх інвестыцый заснавана некалькі свабодных эканамічных зон са спрошчанымі формамі рэгістрацыі і падаткаабкладання.
Галоўныя галіны прамысловасці — здабыча баксітаў і вытворчасць гліназёму. Баксітная прамысловасць адыгрывала значную ролю ў эканамічным развіцці краіны ў 1956—1980 гг., аднак падзенне кошту алюмінію і баксітнай сыравіны ў 1980-х гг. выклікалі працяглы эканамічны крызіс гэтай галіны гаспадаркі. Харчовая і лёгкая прамысловасць прадстаўлены дробнымі прадпрыемствамі, якія заняты вытворчасцю цукру, рому, тканін, мэблі, цыгар, сувеніраў. На ЗША прыходзіцца 40 % знешняга гандлю. Іншыя важныя знешнегандлёвыя партнёры: ЗША, Канада, Вялікабрытанія, краіны ЕС. Імпарт пераважна складаецца з прадуктаў харчавання і паліва.
Сельская гаспадарка дае 7,5 % ВУП[5] і яе роля ў эканамічным жыцці краіны зніжаецца. Аднак у сельскагаспадарчай вытворчасці занята каля 17 % працаздольнага насельніцтва. Усяго выкарыстоўваецца каля 1 млн гектараў зямлі. 40 % плантатарскіх гаспадарак лічацца буйнымі і займаюць больш за 20 гектараў зямельных угоддзяў. Астатнія — невялікія фермерскія гаспадаркі — не перавышаюць 2 — 3 гектараў. У каланіяльны час эканоміка вострава базавалася на вырошчванні цукровага трыснягу, плантацыі размяшчаліся на поўдні вострава. У пачатку XX стагоддзя амерыканскія кампаніі арганізавалі на Ямайцы буйную экспартную вытворчасць бананаў, а таксама какавы, кавы і какосаў. Амерыканцы заняліся і развіццём інфраструктуры Ямайкі (чыгуначная сетка і т. п.). Сёння вырошчванне бананаў, кавы, цукровага трыснягу і вытворчасць рому застаюцца важнымі галінамі гаспадаркі і найважнейшай экспартнай прадукцыяй. Іншыя экспартныя культуры: бананы, какосы, кава, тытунь, бавоўна і г. д. Для ўнутранага ўжытку вырошчваюць рыс, кукурузу, амарант, садавіну і гародніну. Ва ўнутраных раёнах займаюцца жывёлагадоўляй. У заходніх раёнах краіны незаконна вырошчваюцца індыйскія каноплі, з якіх робіцца марыхуана
Культура і адукацыя
правіцьТрадыцыйная культура Ямайкі ўвабрала ў сябе многія рысы еўрапейскай, афрыканскай і ў меншай ступені азіяцкай культурных традыцый. На аснове англійскай мовы пад уплывам афрыканскіх і раманскіх моў на Ямайцы сфарміравалася новая крэольская мова патва (patwa), на ёй штодзённа гаворыць большасць ямайцаў. У ёй вылучаюць рад гаворак (мантэга патва, раста-крэоль, марун-крэоль і г. д.). З канца XIX ст. ямайская патва ўжывалася ў літаратуры. У вусным фальклоры распаўсюджаны калядныя казкі і легенды, цыкл казак пра павука Энэнсі (Anansi), міфы і паданні аб стварэнні свету, духах і прывідах. Найбольш вядомыя англамоўныя пісьменнікі ямайскага паходжання: Клод Мак-Кі (Claude McKay), Хэзл Кэмпбел (Hazel Campbell), акцёр і паэт Луіс Бенет-Коверлі (Louise Bennett-Coverly). На востраве жылі і працавалі пісьменнікі Ян Флемінг і Дэрак Вэйлкот (лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры 1993 г.). У краінах Паўночнай Амерыкі і Карыбскага басейну вядомы журналіст, філосаф і палітык ямайскага паходжання, барацьбіт за правы негрыцянскага насельніцтва ў ЗША, Маркус Гарві (Marcus Harvey).
Для ямайскай музычнай і танцавальнай культуры характэрна спалучэнне шматлікіх тутэйшых і знешніх традыцый. У міжваенны перыяд у ЗША і некаторых еўрапейскіх краінах папулярным быў ямайскі джаз. У другой палове ХХ ст. на Ямайцы ўзнік музычны стыль рэгі (reggae). Найбольш вядомыя выканаўцы — Боб Марлі (Bob Marley), Джымі Кліф (Jimmy Cliff) і Пітар Тош (Peter Tosh). Акрамя рэгі на Ямайцы ёсць многа іншых мясцовых стыляў і напрамкаў. Дзейнічае Ямайская Танцавальная асацыяцыя, якая праводзіць штогадовыя конкурсы і фестывалі. З запазычаных стыляў найбольш папулярныя — рок, ска, рэп, джангл. Многія ямайскія музыкі і спевакі працуюць у ЗША, Вялікабрытаніі і Канадзе.
У сярэдзіне ХХ ст. сфарміраваўся «ямайскі» стыль жывапісу. Вядомыя прадстаўнікі: Эдна Мэнлі (Edna Manley), Альберт Х’ю (Albert Huie), Капо (Kapo).
Ва ўсім свеце добра вядома ямайскае кулінарнае мастацтва (галоўным чынам, алкагольныя напоі, кандытарскія вырабы і стравы на аснове ямайскага перцу).
Найбольш папулярныя віды спорту: футбол, лёгкая атлетыка, крыкет, бабслей. На Алімпійскіх гульнях у Пекіне (2008 г.) нацыянальная зборная Ямайкі атрымала 6 залатых медалёў, з якіх 3 на рахунку лёгкаатлета Усейна Болта.
Хаця абавязковая пачатковая адукацыя была ўведзена ў краіне ў 1860 — 1870-ых гг., да другой паловы ХХ ст. не было адзінай сістэмы адукацыі. Рэформы 1972—1976 і 1982 гг. стварылі сістэму, набліжаную да амерыканскай. На яе развіццё траціцца каля 11 % дзяржаўнага бюджэту. Працуе 6 вышэйшых навучальных устаноў.
Турызм
правіцьЯмайка — сусветна вядомы кліматычны курорт. Большасць турыстаў наведваюць яго для адпачынку на моры. Найбольш папулярныя пляжы на заходняй і паўночнай частках вострава (так званая Ямайская Рыўера). У Спаніш-Таўне захаваўся стары каланіяльны горад, пабудаваны ў XVII — пачатку ХХ стст. У Кінгстане працуе рад музеяў, у тым ліку Гістарычны музей і музей Боба Марлі. Іншыя цікавыя месцы: вадаспады на рацэ Дэнс-Рывер, гістарычны нацыянальны парк на месцы плантацыі Бельведэра і інш. На працягу года праводзяцца фестывалі, у тым ліку штогадовы забаўляльны карнавал. Грамадзянам Беларусі для наведвання Ямайкі абавязковая віза. Турыстычную візу (без права на працу) да 30 дзён можна аформіць прыбыўшы (пры ўмове забраніраванага жылля).
Некаторыя цікавінкі
правіць- Порт-Роял меў славу «самага грэшнага горада ва ўсім хрысціянскім свеце», паколькі туды з выспы Тартуга перамясцілася «сталіца» марскіх разбойнікаў. У канцы XVII стагоддзя ў горадзе Порт-Роял было 8 тысяч жыхароў, з іх — паўтары тысячы піратаў. Аднак 7 чэрвеня 1692 года большая частка гэтага «распуснага Вавілона» пасля землетрасення знікла ў марской бездані. Узрадаваная царква каталіцкай Іспаніі паспяшалася паведаміць, што «Бог пакараў бязбожны горад за грахі».
- Ужо ў другой палове XVII стагоддзя ў найбольш аддаленых горна-лясістых раёнах Ямайкі пасяліліся мароны — збеглыя негры-рабы і іх нашчадкі, якія стварылі нешта накшталт уласнай дзяржавы. Яны рабілі набегі, захаплялі жывёлу і рабавалі, і ў выніку ў канцы XVIII стагоддзя англічане правялі дэпартацыю маронаў ў Афрыку (у С’ера-Леонэ, дзе яны заснавалі горад Фрытаўн). Але не ўсіх. Многія ямайскія мароны па-ранейшаму маюць свае ўласныя традыцыі і размаўляюць на сваёй уласнай мове, вядомай тут як «краманці». Ямайскія мароны вынайшлі тэхніку падрыхтоўкі ежы Jerk з выкарыстаннем курыцы і спецый.
- Многія ямайцы азіяцкага паходжання сталі сусветна вядомымі: мадэль Наомі Кэмпбэл, жакей Шон Брыдгмахан, канадскі мільярдэр Мішэль Ле Чын.
Зноскі
- ↑ The CIA World Factbook - Jamaica
- ↑ https://data.iana.org/time-zones/tzdb-2021e/northamerica
- ↑ http://www.vokrugsveta.ru/vs/article/5529/
- ↑ http://www.vokrugsveta.ru/encyclopedia/index.php?title=%D0%AF%D0%BC%D0%B0%D0%B9%D0%BA%D0%B0
- ↑ а б в г https://www.cia.gov/library/publications/resources/the-world-factbook/geos/jm.html Архівавана 4 сакавіка 2016.
- ↑ https://books.google.by/books?id=IeM1rrKiQosC&pg=PA141&redir_esc=y#v=onepage&q&f=false
- ↑ https://www.state.gov/j/drl/rls/irf/2007/90259.htm
Літаратура
правіць- Carnegie Ch. V. Garvey and the Black Transnation. // Small Axe, No 5, vol.3, 1999. — p. 48 — 66 Chevannes B. Rastafari: Roots and Ideology. — Syracuse: Syracuse University Press, 1994.
- Jamaica: A Plantation Community in Slavery and Freedom. / Higman B. W., Aarons G. A., Karklins K., Reitz E. J. — Barbados: University of West Indies Press, 1998
- Maroon Heritage: Archaeological, Ethnographic, and Historical Perspectives. / Ed. E. K. Agorsah. — Barbados: Canoe Press, University of West Indies Press, 1994
- Senior O. The Encyclopedia of Jamaican Heritage. — Kingston: Twin Guinep Publishers Ltd, 2004
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Ямайка
- Рэсурс пра розныя бакі жыцця Ямайкі
- Рэсурс для наведвальнікаў Ямайкі
- Банк Ямайкі
- Паштовая карпарацыя Ямайкі
- Кіраўніцтва па прыёму паштовых адпраўленняў Ямайкі на сайце Белпошты Архівавана 29 верасня 2008.
- Інфармацыя для наведвальнікаў Ямайкі на сайце Interfax.by Архівавана 22 сакавіка 2009.