Сабіна Іваноўская
Сабіна Іваноўская (дзявоч. Ячыноўская; 7 снежня 1877 — 19 кастрычніка 1954) — педагог, жонка Вацлава Іваноўскага.
Сабіна Іваноўская | |
---|---|
Род дзейнасці | настаўніца, хатняя гаспадыня |
Дата нараджэння | 7 снежня 1877 |
Дата смерці | 19 кастрычніка 1954 (76 гадоў) |
Месца пахавання | |
Грамадзянства | |
Веравызнанне | Лацінская Царква[1] |
Бацька | Ян Ячыноўскі[d] |
Муж | Вацлаў Іваноўскі |
Дзеці | Ганна Іваноўская-Карнэцкая[d], Стэфан Іваноўскі[d] і Вацлаў Іваноўскі[d] |
Узнагароды і прэміі |
Біяграфія
правіцьНарадзілася ў 1877 годзе ў сям’і банкаўскага службоўца Яна Ячыноўскага і Стафаніі з роду Стравінскіх, была перадапошняй сярод дзевяцярых дзяцей. Бацькі паходзілі з Беларусі, але аселі ў Шаўлях. Бацькі рана памерлі, і Сабіна выхоўвалася пад апекай старэйшага брата Цэзарыя — шавельскага ксяндза. Пазней вучылася ў гімназіі і на курсах Лесгафта ў Санкт-Пецярбургу, жыла ў пансіёне св. Кацярыны, дзе выхавацелькай была яе сястра Станіслава, у замужжы Міхаловіч. Пазнаёмілася ў Санкт-Пецярбургу з Вацлавам Іваноўскім і Алаізай Пашкевіч. Распаўсюджвала разам з іншымі нелегальныя сацыялістычныя выданні, за гэта яе арыштавалі, была вызвалена пад заклад.
Шлюб Вацлава Іваноўскага з Сабінай Ячыноўскай справілі 10 студзеня 1905 года ў рымска-каталіцкім касцёле ў Шаўлях. Яна была на два гады старэйшая за мужа, што не надта адпавядала тагачасным звычаям, і Вацлаў «пастарыў» сябе да 27 гадоў, а Сабіна «памаладзела» да 25, так і было зафіксавана ў шлюбным пасведчанні. Захаплялася і маральна падтрымлівала дзейнасць Вацлава на ніве беларускага нацыянальнага адраджэння. Педагог і супрацоўнік бібліятэкі Пецярбургскага ўніверсітэта Сабіна Іваноўская ўвайшла з 1905 года ў праўленне выдавецкай суполкі «Загляне сонца і ў наша ваконца». У шлюбе нарадзілася трое дзяцей: Стэфан (1907), Вацлаў (1910) і Ганна (1915). Паводле ўспамінаў дачкі, «матка была ў захапленні ад беларускай дзейнасці бацькі, высока цаніла яго ідэйныя пазіцыі і працавала з ім разам. Дзецям спявала беларускія песні, вучыла беларускіх малітваў і вершаў».
У 1915 Вацлаў Іваноўскі ў часе Першай сусветнай вайны, пакінуўшы сям’ю ў Вільні, з’ехаў у Расію. Неўзабаве Сабіна з дзецьмі пераехалі ў сямейны маёнтак Лябёдку. Доўгае расстанне перарасло ў развал сям’і. Пасля смерці ўладальніка Лябёдкі Леанарда Іваноўскага (1919) з цягам пасляваеннай стабілізацыі распачалася спадчынная працэдура, у выніку якой Вацлаў атрымаў частку фальварка — Рагачоўшчыну і Баяры. Першую з іх ён аддаў Сабіне.
У 1920 г. Вацлаў Іваноўскі ўзяў шлюб з вільнянкай Лігіяй Федаровіч. Сабіна з дзецьмі тым часам жыла ў Вільні і працавала настаўніцай гімнастыкі ў жаночай гімназіі імя Элізы Ажэшкі . У 1930-я гады гаспадарыла ў Рагачоўшчыне. У лістападзе 1939 амаль усе Іваноўскія знаходзіліся ў Вільні, якая апынулася цяпер за літоўскай мяжой, асцерагаючыся, што як «эксплуататараў» іх рэпрэсуюць савецкія ўлады.
Нямецкую акупацыю Сабіна Іваноўская перажыла ў Лябёдцы. Тут схавалі ад нацыстаў дзвюх жанчын яўрэйскага паходжання — Эму Альтберг (1889—1983) і яе сястру Марыю Арнольд (1893—1995). 22 кастрычніка 2001 года за ўратаванне яўрэяў званне «Праведнікаў свету» было нададзена: Сабіне Іваноўскай з Ячыноўскіх, Алене Скіндэр з Іваноўскіх, Ганне Карнэцкай з Іваноўскіх і Адольфу Данілевічу[2].
Памерла ў 1954 годзе. Пахавана ў Варшаве на Вайсковых могілках на Павонзках, побач з сынамі, якія загінулі ў Варшаўскім паўстанні.
Дзеці
правіць- Стэфан (1907—1944), выпускнік Варшаўскай палітэхнікі, інжынер-электрык, лётчык, паручнік Арміі Краёвай, загінуў у Варшаўскім паўстанні.
- Вацлаў (1910—1944), выпускнік Варшаўскай палітэхнікі, інжынер-гідратэхнік, сержант падхарунжы Арміі Краёвай, удзельнік Варшаўскага паўстання, смяротна паранены.
- Ганна (1915—2017), выпускніца Галоўнай школы сельскай гаспадаркі ў Варшаве, інжынер-агратэхнік