Рымляне (саманазва — рамані (лац.: romani), і радзей ужываецца квірыты (лац.: Quirites); таксама рымскі народ — лац.: Populus Romanus) — народ, які зарадзіўся на тэрыторыі Апенінскага паўвострава, у рэгіёне Лацыум, у межах горада Рым. З прычыны заваяванняў, актыўнай каланізацыі і палітыкі асіміляцыі заваяваных народнасцяў, рымляне сталі асноўным насельніцтвам еўрапейскай часткі Рымскай імперыі. Рымскае насельніцтва правінцыі Італія стала асновай фарміравання сучаснай італьянскай нацыі.

Рымляне
   
   Юлій Цэзар, Марк Траян, Ціт Лівій, Вергілій;
Сцыпіён, Марк Катон, Баэцый, Карнелій Тацыт
Саманазва рамані, квірыты
Этнічныя мовы лацінская мова
Традыцыйныя рэлігіі (канфесіі) Рымская рэлігія, пасля хрысціянства
Расавы тып еўрапеоідная раса
Геаграфічна-моўная група раманскія народы
Блізкія этнасы ілірыйцы, іберы
Этна-моўная супольнасць італікі

Мова рымлян — лацінская мова, якая атрымала назву ад назвы племя лацінаў. Да IV стагоддзя н.э. прытрымваліся традыцыйных вераванняў, з IV стагоддзя большасць насельніцтва складалі хрысціяне.

Навука, якая вывучае рымскую мову і культуру, называецца раманістыкай.

Вытокі рымскага этнаса

правіць

Вядома, што на тэрыторыі Італіі пражывала некалькі розных народнасцей — плямёны італікаў, этрускаў, лігураў, грэкі і гальскія плямёны на поўначы. На тэрыторыі Лацыума, на поўдзень ад рэкі Тыбр, пражывала адно з буйных плямёнаў італікаў — лаціны, на поўнач ад Тыбра размяшчаліся гарады этрускаў, а на ўсход шэраг іншых плямёнаў італікаў — сабіны, умбры, эквы, вольскі і іншыя. Першым, хто грунтоўна паспрабаваў вывучыць пытанне каранёў рымскага народа, можна лічыць Б. Г. Нібура, хоць яго тэорыя і мае вельмі спецыфічны характар — так, этрускамі ён лічыць пеласгаў, лацінаў лічыць альбанцамі і да т.п. Аднак ён і не адпэчвае магчымасць траянскага паходжання рымлян, хоць і не лічыць магчымым гэта даказаць.

Тэорыя пра «траянскае паходжанне» рымлян бярэ пачатак у легендзе, якая апавядае пра тое, што Эней у XII стагоддзі да н.э., пасля разгрому Троі ў выніку Траянскай вайны, прыбыў на бераг Лацыума з рэшткамі свайго народа і аб'яднаўшыся з мясцовым племем стварыў новы народ — Лацінаў, названы па імі іх цара, з дачкой якога Эней ажаніўся, а таксама заснаваў горад Лавініум, названы ў гонар яго жонкі. Энея рымляне лічылі безумоўным прабацькам свайго народа, што адлюстроўвалася ва ўсіх іх вераваннях. Гэта легенда прыводзіцца ў народна-гістарычным творы Ціта Лівія «Гісторыя ад заснавання горада» і затым была выкладзена Вергіліем у нацыянальнай рымскай паэме «Энеіда». Пра траянскае паходжанне рымлян гаворыць Тацыт, называючы Трою «помнікам нашага паходжання»[1]. Пасля, пасля захопу рымлянамі Траады, рымскі сенат вызваліў жыхароў Іліёна ад падаткаў, лічачы іх «сваякамі рымскага народа».


Фарміраванне рымскага этнаса

правіць

Узнікненне рымскага народа сыходзіць каранямі ў VIII—V стагоддзя да н.э. Стратыграфічныя раскопкі на Форуме і Свяшчэннай дарозе, а таксама на Палаціне далі прыкладнае пацверджанне традыцыйнай даты заснавання Рыма (753 г. да н.э.). Археалагічны матэрыял дазваляе таксама вырашыць пытанне аб тым, ці развіваўся горад з адзінага цэнтра, як сцвярджае легенда. Большасць археолагаў у наш час схіляецца да пункта гледжання, які прызнае ўзнікненне Рыма вынікам працяглага і складанага працэсу зліцця (сінайкізму) асобных ізаляваных абшчын — паселішчаў на рымскіх узгорках[2]

Паводле легенды, з роду цароў, заснаванага ў Лацыуме Энеем, паходзіць «заснавальнік Рыма» і ўласна рымскага народа — Ромул. Момант заснавання ім Рыма старажытнарымскія гісторыкі «вылічылі» з вялікай дакладнасцю: яны датуюць яго 21 красавіка 753 г. да н.э. Зразумела, дата гэта цалкам штучная, і можа быць прынята толькі вельмі ўмоўна. Аднак дзень 21 красавіка — найстаражытнае пастухоўскае свята Парыліі — важнае ў тым плане, што пацвярджае прыярытэт жывёлагадоўлі над земляробствам у адносінах да дагарадскога, «дарымскага» насельніцтва даліны Тыбра.

Паводле гэтай жа легенды, насельніцтва Рыма фарміравалася з рабоў і ўцекачоў Цэнтральнай Італіі. Гэта ж акалічнасць падштурхнула цара Ромула пачаць вайну і захапіць жанчын суседняга племя Сабінаў, паколькі невялікая колькасць новых жыхароў мела жонак, а вайна ўмацавала б і згуртавала насельніцтва.

Браты стаялі перад выбарам: або распусціць беглых рабоў, якія ў мностве сабраліся вакол іх і тым самым страціць усю сваю магутнасць, або заснаваць разам з імі новае паселішча. А што жыхары Альбы не жадалі ні змешвацца з беглымі рабамі, ні падаваць ім права грамадзянства, з поўнай відавочнасцю вынікае ўжо з выкрадання жанчын: людзі Ромула адважыліся на яго не з дзёрзкага свавольства, але толькі па неабходнасці, бо добраю воляй замуж за іх ніхто не ішоў. Нездарма яны з такой незвычайнай павагай адносіліся да сваіх сілаю ўзятых жонак.

Плутарх. Сравнительные жизнеописания. — М.: Наука, 1994. «Ромул», 23, 24

Пашырэнне межаў рымскай дзяржавы характарызуецца адной асаблівасцю: рымляне, захопліваючы горад Лацыума перасялялі палову яго жыхароў у свой горад, а частку карэнных рымлян у зноў захоплены. Такім чынам адбывалася змешванне і асіміляцыя жыхароў суседніх гарадкоў з рымлянамі.[3] Пра гэта згадвае і Тацыт[4]. Такая доля спасцігла Фідэны, Веі, Альба-Лонгу і іншыя гарады. Крукаў[5] і Нібур[6] у сваіх працах прыводзяць тэорыю змяшанага этнічнага характару першапачатковых рымлян, прычым абаіх саслоўяў, так што патрыцыі — лаціны з малаважнай прымешкай сабінаў, а плебс — лаціны з моцнай прымешкай этрускаў. Калі абагульніць увесь «царскі перыяд» рымскай гісторыі, калі адбывалася ўзнікненне рымскага этнаса, можна сказаць, што ў выніку асіміляцыі рымскі народ сфарміраваўся з трох асноўных складнікаў — лацінаў, этрускаў і плямёнаў, якія былі роднаснымі лацінам і пражывалі на ўсход ад Тыбра, асноўным з якіх былі сабіны — як пра гэта піша Момзен[3]. Паводле легенды, найстаражытнае насельніцтва Рыма было падзелена на тры трыбы — Рамны (лаціны), Тыцыі (сабіны) і Луцэры (этрускі).

Паводле Ціта Лівія, з 616 па 510 г. да н.э. у Рыме кіравала дынастыя этрускіх цароў: Тарквіній Старажытны, Сервій Тулій, Тарквіній Горды, што было следствам актыўнай этрускай экспансіі на поўдзень. Мела месца этруская іміграцыя, якая прывяла да ўзнікнення ў Рыме цэлага этрускага квартала (лац.: vicus Tuscus), і значны культурны ўплыў этрускаў на рымскае насельніцтва. Аднак, як паказвае Кавалёў у сваёй «Гісторыі Рыма», этрускі элемент у параўнанні з лацінска-сабінскім быў не такім значным.

Рымскі народ у часы Рэспублікі

правіць

Далейшае развіццё рымскі народ атрымаў у часы Рэспублікі. Пасля звяржэння царскай улады ў дзяржаве, два сацыяльныя класы, патрыцыянскія роды і плебеі, пачалі паміж сабой актыўную барацьбу. Патрыцыі — відаць карэннае насельніцтва горада мела перавагу над плебеямі не столькі маёмасную колькі ў прававую, паколькі плебеі, якія ў сутнасці папаўняліся за кошт прышлых элементаў-імігрантаў, вольнаадпушчанікаў і г.д. — былі цалкам пазбаўлены палітычных правоў, аднак пасля рэформаў Сервія Тулія складалі аснову рымскай арміі. Паступова ў выніку барацьбы між сенатам і плебсам, плебеі дамагліся роўных правоў з патрыцыямі і багатыя плебейскія роды ўліліся ў рымскую арыстакратыю сфарміраваўшы набілітэт.

Рымская арыстакратыя працягнула актыўную знешнюю палітыку цароў. Пастаянныя войны з суседзямі прывялі Рым да падпарадкавання ім усёй Італіі. Падпарадкоўваючы суседнія народы рымляне рэгулявалі ўзаемаадносіны з імі з дапамогай правы грамадзянства.

Рымскі сенат з неахвотай раздаваў грамадзянства і імкнуўся закансерваваць статус-кво. Члены Лацінскага саюза атрымалі грамадзянства пасля Лацінскіх войнаў, а большая частка астатніх італікаў толькі пасля Саюзніцкай вайны паводле закона Луцыя Юлія Цэзара 90 г. да н.э., і то, рымляне даравалі права грамадзянства ўсім італікам, але прыпісалі іх толькі да 8 (або да 10) новых трыб, а не да ўсіх 35, што не давала ім практычна ніякага сацыяльна-палітычнага ўплыву.

Пасля падпарадкавання Апенінскага паўвострава, рымляне сталі актыўна набіраць у армію італікаў. Насельніцтва Рыма таксама расло за кошт масы італікаў, якая прыбывала ў горад. Гэтаму спрыяў працэс спусташэння і абеззямельвання італійскага сялянства. Для ветэранаў і часткі жыхароў Рыма засноўваліся калоніі па ўсёй Італіі.

Праз сістэму грамадзянства, ваенную службу а таксама сетку рымскіх калоній, якія раскінуліся на Апенінскім паўвостраве, рымляне паступова асімілявалі многія плямёны і народнасці, што пражывалі ў Італіі. Лацінская мова стала дамінуючай і паступова выцесніла ўсе іншыя мовы. Арыстакратыя італікаў паступова ўлілася ў рымскую арыстакратыю.

Акрамя таго, у выніку рымскіх заваяванняў па-за межамі Італіі, у рымскі народ паступова пачынаюць пранікаць неіталійскія народнасці — галоўным чынам у якасці рабоў і вольнаадпушчанікаў, а таксама перасяленцаў у г. Рым з правінцый. Гэтыя іншародныя элементы характарызуюцца пярэстасцю этнічнага складу — грэкі, фінікійцы, сірыйцы, галы, германцы і да т.п. Усе яны паступова ўліваліся ў рымскі плебс.

У выніку грамадзянскіх войнаў загінула вельмі шмат прадстаўнікоў старой рымскай арыстакратыі. З вядомых 56 патрыцыянскіх родаў, да пачатку III стагоддзя да н.э. іх застаецца толькі 18. Іх месца паступова займаюць выхадцы з рэгіёнаў. Плебс тым часам актыўна папаўняецца прышэльцамі з заваяваных абласцей і вольнаадпушчанікамі.

Трансфармацыя рымскага этнаса ў часы Імперыі

правіць

У I—II стст. н.э. адбываецца паступовае растварэнне рымскага этнаса ў асіміляваным ім больш шматлікім італійскім (італа-рымскім) этнасе. Гэты працэс пагаршаецца яшчэ больш у часы Імперыі. У сувязі з тым, што рымскі народ утварыўся з італікаў, атрымліваў з іх пастаяннае падсілкоўванне ў відзе перасяленцаў, якія сцякаліся з усёй Італіі і ўліваліся ў плебс, само паняцце рымскі грамадзянін прадугледжвала пэўную пераемнасць — як фамільную, так і культурна-этнічную.

У часы імперыі сітуацыя пачала змяняцца. Ужо не сенат, а імператар вызначаў, каму дараваць грамадзянства, кіруючыся асабістымі матывамі. Старая рымская арыстакратыя знікала. Яе месца займала новая, якая фармуравался па прынцыпе багацця, і этнічнае паходжанне яе ў большасці выпадкаў было не італійскім, а ўсходнім.

Акрамя таго, сродкам асіміляцыі заваяваных неіталійскіх народнасцей была служба ў рымскай арміі, якая стала найбольш інтэнсіўнай пасля рэформы арміі Гаем Марыем 157 да н.э. — 86 да н.э.. Перэгрыны, адслужыўшы ў дапаможных войсках, а пасля і ў легіёнах атрымлівалі права грамадзянства. У перыяд імперыі легіёны, якія размяшчаліся на межах, сталі камплектавацца па месцы дыслакацыі, што прывяло да актыўнай раманізацыі насельніцтва наваколляў.

Тым не менш, нягледзячы на тое, што ўласна рымскі народ «патануў у масе італікаў», рымская культура і лацінская мова сталі дамінуючымі ў заходняй частцы імперыі. Імператары раздавалі грамадзянства жыхарам імперыі і ўводзілі ў сенат арыстакратыю з правінцый. Гэты працэс быў юрыдычна аформлены эдыктам імператара Каракалы 212 года, які падаваў рымскае грамадзянства ўсяму свабоднаму насельніцтву імперыі (Эдыкт Каракалы). Праз сістэму грамадзянства, калоніі і службу ў арміі да III стагоддзя н.э. неіталійскія народнасці, якія пражывалі ў Галіі, Іспаніі, Паўночна-заходняй Афрыцы і Балканах паступова асіміляваліся і сталі лічыць сябе рымлянамі — так званы «працэс раманізацыі», а гэтыя тэрыторыі сталі называцца «Старая Раманія». Гэты працэс толькі паверхнева закрануў Рымскую Брытанію, у сувязі з яе аддаленасцю ад цэнтра, і практычна не закрануў усходнія правінцыі, таму што іх культура, галоўным чынам элінская, ні ў чым не саступала рымскай. Такім чынам, у Галіі ўзнікла народнасць, званая гала-рымляне, у Іспаніі — ібера-рымляне, у Італіі — італа-рымляне, на Балканах — іліра-рымляне, у Дакіі — дака-рымляне, у Рымскай афрыцы — афра-рымляне. Усіх іх аб'ядноўвала агульная культура — рымская, адзіная мова — народная латынь, прыналежнасць да адной дзяржавы, агульныя законы, і яшчэ больш кансалідавала этнасы з'яўленне адзінай рэлігіі — хрысціянства.

Трансфармацыя рымскага народа ў сучасныя раманскія народы

правіць

Пасля страты рымлянамі дзяржаўнасці, рымскі народ працягнуў сваё існаванне пад кіраваннем германскіх каралёў. Характэрнай этнічнай асаблівасцю рымлян у гэты перыяд была палітычная і ваенная пасіўнасць, якая неаднаразова адзначаецца гісторыкамі, а таксама інтэнсіўная дзейнасць на рэлігійнай ніве. Падчас распаду Заходняй Імперыі, які фармальна завяршыўся ў 476 г., а фактычна ў 480 г., пасля смерці апошняга законнага імператара Юлія Непата была парушана цэласнасць міжземнаморскіх камунікацый, а рымскія правінцыі патрапілі пад уладу германцаў, і кожны з раманскіх рэгіёнаў былой імперыі пачаў развівацца самастойна на аснове аўтахтоннага элемента, рымскай культуры і прышлых варварскіх плямёнаў.

Пракоп Кесарыйскі пазначыў Аэцыя Флавія як «апошняга рымляніна» — апошняга выдатнага рымскага палкаводца, які праславіўся перамогамі. Апошняй нацыянальнай дзяржавай рымлян лічыцца Суасонская вобласць коміта Сіягрыя ў Галіі, якая пала пад націскам франкаў у 486 г. Такія рымскія анклавы існавалі як у Галіі так і ў Іспаніі і магчыма ў Брытаніі — напр. Амброзій Аўрэліян прататып караля Артура.

Самасвядомасць насельніцтва як рымлян і тых, хто належаў да рымскага народа часткова, захоўвалася яшчэ ў перыяд ранняга Сярэднявечча, што бачна па «варварскіх кодэксах», дзе супрацьпастаўляўся германец і рымлянін, напрыклад, Салічная праўда ў Галіі, якая напісаная на вульгарнай латыні. У Галіі, раманскае насельніцтва пасля страты дзяржаўнасці і заваявання франкамі імкнулася зблізіцца з заваёўнікамі, гэта праяўлялася і ў змяшаных шлюбах і прыняцці германскіх імёнаў. Гэтаму ж спрыяла агульная рэлігія і палітыка франкскіх каралёў, што можна назіраць у «Гісторыі франкаў» Рыгора Турскага. Такія тэндэнцыі назіраліся і ў Іспаніі.

Даўжэй усяго рымская народнасць пратрымалася ў Італіі, як у сувязі з тым, што Італія была галоўным рымскім і найбольш раманізаваным рэгіёнам і тут знаходзіўся г. Рым, так і тым, што заваёўнікам — чужакам не ўдавалася ўтрымацца тут на доўга і стварыць сваю дзяржаву. Насельніцтва Італіі і прылеглых абласцей у часы Остгоцкага каралеўства — было бясспрэчна рымскім. У гэты перыяд жыве «апошні выдатны рымскі дзяржаўны дзеяч» і апошні філосаф антычнасці — Баэцый. Рымляне не змешваюцца з готамі нягледзячы на спробы Тэадорыха зблізіць абодва народы, готы жывуць адасоблена і вызнаюць арыянства ў адрозненні ад мясцовага насельніцтва. Цяжкая Гоцкая вайна паміж візантыйцамі і готамі прывяла да знішчэння готаў і іх сыходу ў невядомым кірунку з Італіі і істотнаму скарачэнню рымскай арыстакратыі, якая бязлітасна знішчалася готамі, пра што пісаў яшчэ Пракоп Кесарыйскі. Гэта вайна прывяла да амаль пагалоўнага знішчэння арыстакратаў рымскага сената — найстарэйшых рымскіх родаў і зніжэння колькасці насельніцтва горада.

Рымская самасвядомасць існавала ў часы ўварвання і кіравання лангабардаў. Уварванне гэтага германскага племя пад правадырствам Альбаіна нанесла яшчэ большую шкоду рымскаму насельніцтву Італіі. Як піша Павел Дыякан у «Гісторыі Лангабардаў»: «…ён (Альбаін) многіх знатных рымлян вынішчыў мячом, многіх выгнаў з Італіі…»

У гэтай вайне рымская арыстакратыя вельмі пацярпела, асабліва ў паўночнай Італіі, а карэннае насельніцтва было размеркавана па трыбах і вымушана плаціць 1\3 частку сваіх даходаў заваёўнікам. Лангабарды доўгі час не змешваліся з рымскім насельніцтвам, складаючы малалікую кіруючую верхавіну рэгіёнаў, хоць шлюбы і небылі забаронены. Але ўрэшце лангабарды растварыліся сярод больш шматлікага і культурнага раманскага насельніцтва.

Працэс раманізацыі працягваўся нават пасля страты рымлянамі нацыянальнай дзяржавы, напрыклад — растварыліся лангабарды ў Італіі, готы ў Іспаніі і да т.п. У гэты перыяд інструментам раманізацыі была не армія, а рэлігія — хрысціянства, якое ўвабрала ўсё асаблівасці рымскай культуры і выкарыстоўвала лацінскую мову як агульнацаркоўную.

Апошняй згадкай пра рымскі народ можна лічыць кіраванне Карла Вялікага — у раёне 800 г н.э. Карл прыняў тытул «Імператар рымлян», знаходзячыся ў Рыме, пра што можна прачытаць у Грэгоравіуса. У далейшым, пасля распаду імперыі Карла, жыхары Італіі разглядаюцца ўжо як італьянцы.

Афра-рымляне і іліра-рымляне паступова зніклі растварыўшыся і асіміляваўшыся ў народах-заваёўніках — арабах і славянах адпаведна. Італа-рымляне, гала-рымляне, дака-рымляне і ібера-рымляне ляглі аснову сучасных нацый — італьянцаў, французаў, румынаў, і іспанцаў. На Балканскім паўвостраве раманізаванае насельніцтва часткова захавалася дагэтуль, хоць і не стварыла сваёй дзяржаўнасці.

Пазней, у Сярэднявеччы, рымлянамі сябе ідэнтыфікавалі выключна жыхары горада Рыма і прылеглых да горада раёнаў.

Зноскі

  1. Тацыт, Ann., II, 54, IV, 55; XII, 58, IV, 9; 43; XII, 58; XVI, 27.
  2. Утченко С. Л. Становление Римской державы // Цицерон и его время. — 2-е изд. — М.: Мысль, 1986. — С. 19. — 352 с.
  3. а б Моммзен Т. История Рима, гл. 3, М., 1936.
  4. Тацыт, Ann., XI, 24: pleros populos
  5. Крюков Д. Л. Мысли о первоначальном развитии римских патрициев и плебеев в религиозном отношении // Пропилеи, 1854, т. IV
  6. Niebuhr G. В. Romische Geschichte, 5 Aufl., Berlin, 1863, S. 25 — 26, 162—169, 212, 215