Літаратура
Літаратура (лац.: lit(t)eratura — напісанае, ад lit(t)era — літара) — у шырокім сэнсе кожны пісьмовы тэкст.
Уся слоўная творчасць, зафіксаваная пісьмовым або друкарскім спосабам; адзін з відаў мастацтва — мастацтва слова. У шырокім значэнні літаратура — уся пісьменнасць агулам (тэхнічная, медыцынская, палітычная, рэлігійная, канцылярская, эпісталярная), у вузкім — толькі творы мастацкай пісьменнасці. Літаратура вылучаецца ў сістэме мастацкай культуры асаблівымі магчымасцямі глыбокага і рознабаковага адлюстравання жыцця і моцнага ўздзеяння на яго, а таксама асаблівай грамадскай значнасцю суб’екта творчасці.
Межы паняцця
правіцьНайчасцей пад «літаратурай» разумеюць мастацкую літаратуру, то-бок літаратуру як від мастацтва. Аднак такое разуменне склалася ў эпоху рамантызму, яго не варта напрост ўжываць да культуры аддаленых ад цяперашняга часу эпох. Старажытныя навуковыя трактаты і рэлігійна-міфалагічныя творы — напрыклад, як «Тэагонія» Гесіёда або «Пра прыроду рэчаў» Лукрэцыя — з пункту гледжання сучаснікаў не супрацьпастаўляліся як немастацкая літаратура мастацкай, напрыклад, эпічным паэмам («Іліядзе» Гамера або «Энеідзе» Вергілія). Адлучэнне мастацкай літаратуры іншых перыядаў ад літаратуры рэлігійнай, філасофскай, навуковай, публіцыстычнай — праецыраванне сучасных ўяўленняў на мінулае.
Аднак, літаратура мае шэраг універсальных уласцівасцей, нязменных ва ўсіх нацыянальных культурах і на працягу ўсёй чалавечай гісторыі, хаця кожная з такіх уласцівасцей звязана з пэўнымі праблемамі і агаворкамі.
- Да літаратуры адносяць аўтарскія тэксты (у тым ліку і ананімныя, то-бок такія, чый аўтар з розных прычын невядомы, і калектыўныя, то-бок напісаныя групай асоб — часам даволі шматлікай, як напрыклад у энцыклапедыях, але усё ж вызначанай. Тое, што тэкст належыць вызначанаму аўтару, створаны ім, важна ў гэтым выпадку не з юрыдычнага пункта гледжання (гл. аўтарскае права) і не з псіхалагічнага (аўтар як жывы чалавек, звесткі пра якога чытач можа паспрабаваць знайсці ў чытаным тэксце), а праз то, што наяўнасць у тэксту вызначанага аўтара забяспечвае яму завершанасць — аўтар ставіць кропку, пасля гэтага тэкст існуе сам па сабе. Гісторыя культуры ведае тыпы тэкстаў, якія існуюць паводле іншых правіл, — напрыклад, фальклорныя — праз адсутнасць аўтарства тэкст не завершаны, і той кожны, хто яго пераказвае або перапісвае, вольны рабіць змены, часам даволі значныя. Некаторыя запісы такога тэксту могуць быць звязаны з імем пісьменніка або навукоўца, які зрабіў запіс (напрыклад, «Народныя рускія казкі» Афанасьева), аднак такая літаратурная фіксацыя нелітаратурнага тэксту не скасоўвае магчымасці існавання іншых яго версій, і аўтару такога запісу належыць менавіта запіс, а не сама казка.
- З папярэдняй уласцівасцю звязана і другая — да літаратуры адносяць пісьмовыя тэксты і не адносяцца вусныя. Вусная творчасць гістарычна папярэднічае пісьмовай і раней, у адрозненне ад пісьмовай, не паддавалася фіксацыі. Фальклор заўсёды быў вусным (аж да XIX ст., калі пачалі з’яўляцца яго пісьмовыя формы — напрыклад, дзявочыя альбомы). У сучаснасці вядомы, аднак, пераходныя і памежныя выпадкі. Так, у нацыянальных культурах, якія ажыццявілі ў XX стагоддзі вялікі скачок у развіцці, былі або ёсць казачнікі, якія займаюцца вуснай (вершаванай, на мяжы песні) творчасцю, — раней такія песні сыходзілі б у фальклор і існавалі ў ім, змяняліся і развіваліся ў вуснах іншых выканаўцаў, аднак у найноўшы час творы, напрыклад Джамбула, фіксуюць пісьмова адразу па стварэнні і таму існуюць як літаратурныя. Іншы спосаб ператварэння вуснай творчасці ў пісьмовую — так званы «літаратурны запіс».
- Да літаратуры адносяць тэксты, матэрыял якіх складаецца выключна са слоў чалавечай мовы, і не адносяць тэксты сінтэтычныя і сінкрэтычныя, то-бок такія, дзе слоўны кампанент не можа быць адарваны ад музычнага, візуальнага або любога іншага. Песня або опера самі па сабе не часткі літаратуры. Калі песня напісана кампазітарам на раней напісаны паэтам тэкст, то праблемы няма; у XX ст., аднак, зноў шырока распаўсюдзілася старажытная традыцыя, калі адзін аўтар стварае адразу слоўны тэкст і музыку і, звычайна, сам спявае і (або) іграе твор. Пытанне, наколькі правамерна здабываць з атрыманага сінтэтычнага твора толькі слоўны кампанент і разглядаць яго як самастойны літаратурны твор, застаецца дыскусійным. У шэрагу выпадкаў сінтэтычныя творы ўсё ж успрымаюць і кваліфікуюць як літаратурныя, калі няслоўных элементаў у іх адносна няшмат (напрыклад, знакамітая «загагуліна» ў «Прыгодах Трыстрама Шэнді» Лорэнса Стэрна або малюнкі ў вядомай дзіцячай кнізе Сінкен Хоп «Чароўная крэйдачка») або іх роля прынцыпова падпарадкаваная (як роля формул у матэматычнай, хімічнай, фізічнай літаратуры, нават калі яны і займаюць большую частку тэксту). Часам, аднак, месца дадатковых візуальных элементаў у літаратурным тэксце настолькі вялікае, што разглядаць яго як чыста літаратурны з навуковага пункта гледжання ўжо цяжка, найбольш вядомы з такіх тэкстаў — казка Сэнт-Экзюперы «Маленькі прынц», важная частка якога аўтарскія малюнкі.
Усім тром названым крытэрыям не зусім адпавядаюць некаторыя старажытныя тэксты, якія традыцыйна разумеюць як літаратурныя, — напрыклад, «Іліяда» і «Адысея»: імаверна[1], што Гамер не быў аўтарам гэтых дзвюх паэм, а іх тэксты склаліся са старажытнагрэчаскага фальклору, які спявалі казачнікі як песні. Аднак пісьмовая фіксацыя гэтых тэкстаў у іх завершаным варыянце адбылася настолькі даўно, што такі традыцыйны падыход можна лічыць апраўданым.
Ёсць яшчэ адзін крытэрый, які адносяць ужо не да структуры літаратурных тэкстаў, а да іх функцыі.
- Да літаратуры адносяць тэксты, якія маюць сацыяльнае значэнне або разлічаны на то, каб яго мець. То-бок не разглядаюць як літаратуру прыватную і службовую перапіску, асабістыя дзённікі, школьныя сачыненні і падобнае. Гэты крытэрый здаецца простым і відавочным, але на праўдзе мае шэраг цяжкасцяў. З аднаго боку, асабістая перапіска можа стаць фактам літаратуры (мастацкай або навуковай), калі яе вядуць значныя аўтары — таму зборы твораў і пісьменнікаў, і навукоўцаў уключаюць раздзел лістоў, у лістах часам змешчаны важныя і каштоўныя для літаратуры і навукі звесткі; тое сама тычыцца і школьных твораў будучых пісьменнікаў, навукоўцаў, палітыкаў: яны заднім чыслом могуць быць уцягнутыя ў прастору літаратуры, адкрываючы з нечаканых бакоў пазнейшую творчасць сваіх аўтараў (так, у казцы, напісанай па школьным заданні 14-гадовым Сэнт-Экзюперы, знаходзяць перакліканне з «Маленькім прынцам»). Больш таго, у некаторых выпадках пісьменнікі, філосафы, публіцысты наўмысна ператвараюць прыватную перапіску або дзённік у факт літаратуры: пішуць іх з разлікам на старонняга чытача, публічна зачытваюць урыўкі, выдаюць друкам і іншымі спосабамі. З іншага боку, застаецца праблематычным статус мастацкай творчасці аўтараў-дылетантаў, чые тэксты застаюцца здабыткам іх саміх і вузкага кола іх сяброў і знаёмых: ці правамерна разглядаць як з’яву літаратуры вершаванае віншаванне, складзенае групай службоўцаў да дня нараджэння свайго начальніка? Новыя складанасці што да гэтага ўзніклі са з’яўленнем інтэрнэту і распаўсюджаннем сайтаў са свабоднай публікацыяй, дзе свае творы можа публікаваць кожны ахвочы. Сучасныя навукоўцы (напрыклад, французскі сацыёлаг П’ер Бурдзье і яго паслядоўнікі) спрабуюць апісаць сацыяльныя механізмы, якія вызначаюць літаратуру, мастацтва, навуку і адмяжоўваюць іх ад дылетанцкай дзейнасці рознага роду, але прапанаваныя імі схемы не агульнапрынятыя і застаюцца прадметам жорсткай дыскусіі.
Класіфікацыі літаратуры
правіцьПрынцыпы і крытэрыі
правіцьЗвычайна вылучаюць паводле зместу — мастацкую (падзяляецца на вусна-паэтычную творчасць (фальклор) і пісьмовую), інфармацыйна-даведачную і навукова-тэхнічную літаратуру, паводле прызначэння — навучальную, тэхнічную, публіцыстычную і іншыя літаратуры, паводле крыніц — арыгінальную і перакладную літаратуру.
Аднак, строга трымацца прынцыпу адзінага крытэрыя пры класіфікацыі літаратуры цяжка. Таксама класіфікацыя можа ўводзіць у зман, можа аб’ядноўваць непадобныя і абсалютна розныя з’явы. Часта тыпалагічна розныя тэксты адной эпохі значна бліжэйшыя адзін да аднаго, чым тыпалагічна аднолькавыя тэксты розных эпох і культур — у Платонавых «Дыялогаў», якія ляжаць у аснове еўрапейскай філасофскай літаратуры, значна болей агульнага з іншымі помнікамі старажытнагрэцкай славеснасці (напрыклад, з Эсхілавымі драмамі), чым з працамі філосафаў Новага часу, Гегеля або Расела. Лёс некаторых тэкстаў складаецца такім чынам, што ствараліся яны у межах аднаго віду літаратуры, а з часам аказваюцца бліжэй да іншага віду, напрыклад, «Падарожжы Гулівера», напісаныя Джонатанам Свіфтам, чытаюцца цяпер хутчэй як твор дзіцячай літаратуры, а пісаліся не проста як твор мастацкай літаратуры для дарослых, але як вострасацыяльны памфлет са знайчнай роляй публіцыстычнасці. Таму пералік асноўных відаў літаратуры можа быць толькі арыенціровачны, а пэўная структура літаратурнай прасторы вызначаецца толькі ў адносінах да нейкай пэўнай культуры і пэўнага перыяду. Для ўжытку, аднак, гэтыя цяжкасці не маюць прынцыповага значэння, таму практычныя патрэбы кніжнага гандлю і бібліятэк забяспечваюць даволі разгалінаваныя, хоць і павярхоўныя сістэмы бібліятэчна-бібліяграфічнай класіфікацыі.
Мастацкая літаратура
правіцьМастацкая літаратура — від мастацтва, які ўжывае як адзіны матэрыял словы і канструкцыі натуральнай (пісьмовай) чалавечай мовы. Спецыфіка мастацкай літаратуры выяўляецца ў супастаўленні, з аднаго боку, з відамі мастацтва, якія ўжываюць іншыя матэрыялы замест моўнага (музыка, выяўленчае мастацтва) або разам з ім (тэатр, кіно, песня), з другога боку — з іншымі тыпамі слоўнага тэксту: філасофскім, публіцыстычным, навуковым і іншымі. Акрамя таго, мастацкая літаратура, як і іншыя віды мастацтва, аб’ядноўвае аўтарскія (у тым ліку і ананімныя) творы ў адрозненне ад твораў фальклору, якія прынцыпова не маюць аўтара.
Дакументальная проза
правіцьДакументальная проза — від літаратуры, для якога характэрна пабудова сюжэтнай лініі выключна на рэальных падзеях, з рэдкімі ўкрапваннем мастацкай выдумкі. Дакументальная проза ўключае біяграфіі выдатных людзей, гісторыі падзей, краіназнаўчыя апісанні, расследаванні злачынстваў.
Мемуарная літаратура
правіцьМемуары — запіскі сучаснікаў, ўдзельнікаў пра мінулыя падзеі. Важная асаблівасць мемуараў — устаноўка аўтараў на «дакументальны» характар тэксту, які прэтэндуе на дакладнасць узнаўлення мінулага.
Навуковая і навукова-папулярная літаратура
правіцьНавуковая літаратура — сукупнасць пісьмовых прац, якія створаны як вынікі даследаванняў, тэарэтычных абагульненняў, зробленых у межах навуковага метаду. Навуковая літаратура прызначана для інфармавання навукоўцаў і спецыялістаў пра апошнія дасягненні навукі, а таксама для замацавання прыярытэту на навуковыя адкрыцці. Звычайна, навуковая праца не лічыцца завершанай, калі яна не апублікавана[2].
Першыя навуковыя творы ствараліся ў розных жанрах — як трактаты, развагі, павучанні, дыялогі, падарожжы, жыццяпісы і нават у вершаваных формах[2]. Цяпер формы навуковай літаратуры стандартызаваны і складаюцца з манаграфій, аглядаў, артыкулаў, дакладаў (у тым ліку іх тэзісаў), аўтарэфератаў, рэфератаў і рэцэнзій. Цяпер у многіх краінах дзейнічае механізм атэстацыі навуковай літаратуры, які падтрымліваецца ўрадам або грамадскімі навуковымі арганізацыямі. У Беларусі, напрыклад, такую атэстацыю праводзіць ВАК (Вышэйшая атэстацыйная камісія). У ліку асноўных патрабаванняў да выдання навуковай літаратуры — абавязковае яе рэцэнзаванне. У межах гэтага працэсу выдавецтва або рэдакцыя навуковага часопіса перад публікацыяй новай навуковай працы накіроўвае яе некалькім (звычайна двум) рэцэнзентам, якія лічацца спецыялістамі ў гэтай галіне. Працэс рэцэнзавання мусіць выключыць публікацыі ў межах навуковай літаратуры матэрыялаў з грубымі метадалагічнымі памылкі або простымі фальсіфікацыямі, плагіятам. З пачатку XX стагоддзя назіраецца рэгулярнае экспанентнае павелічэнне аб’ёму публікаванай навуковай літаратуры. У сувязі з гэтым адным з найгалоўнейшых носьбітаў навуковай літаратуры ў цяперашні час сталі перыядычныя выданні, галоўным чынам, рэцэнзаваныя навуковыя часопісы. З канца XX стагоддзі назіраецца тэндэнцыя пераходу гэтых часопісаў з папяровых носьбітаў на электронныя, у прыватнасці, у інтэрнэт.
Навукова-папулярная літаратура — творы пра навуку, навуковыя дасягненні і пра навукоўцаў, прызначаныя для шырокага круга чытачоў. Навукова-папулярная літаратура накіравана як на спецыялістаў з іншых галін ведаў, так і на малападрыхтаваных чытачоў, у тым ліку дзяцей і падлеткаў[3]. У адрозненне ад навуковай літаратуры, творы навукова-папулярнай літаратуры не рэцэнзуюцца і не атэстуюцца.
Навукова-папулярная літаратура ўключае творы пра асновы і асобныя праблемы фундаментальных і прыкладных навук, біяграфіі дзеячаў навукі, апісанні падарожжаў і падобнае, напісаныя ў розных жанрах.
Найлепшыя папулярныя творы прапагандуюць дасягненні перадавой навукі ў форме найболей даступнай мэтавай аўдыторыі чытачоў. У паэтычнай форме напісаны першы ў Еўропе папулярны твор пра навуку — «Пра прыроду рэчаў» Лукрэцыя Кара. З гутарак узніклі «Гісторыя свечкі» М. Фарадэя і «Жыццё расліны» К. А. Ціміразева. Вядомы папулярныя творы, напісаныя ў форме календара прыроды, эцюдаў, нарысаў, «інтэлектуальных» прыгод і іншых.[3]
Даведачная літаратура
правіцьЛітаратура дапаможнага зместу, якая ўжываецца для атрымання агульнай, несумненнай інфармацыі па розных пытаннях. Асноўныя віды даведачнай літаратуры:
- Слоўнікі — парадкуюць інфармацыю па асноўных для пэўнай сферы ведаў (або для ўсёй мовы агулам) словах і выразах, часцей за ўсё — у алфавітным парадку;
- Даведнікі — інфармацыя ўпарадкавана нейкім іншым спосабам, у адпаведнасці з уласнай структурай пэўнай сферы ведаў (напрыклад, медыцынскі даведнік — па лакалізацыі захворванняў або характары сімптомаў);
- Энцыклапедыі — найбольш комплексныя і сістэмныя зборы інфармацыі па пэўнай сферы ведаў.
У ідэале даведачныя выданні мусяць толькі змяшчаць факты, якія лічаць аб’ектыўна вызначанымі і адэкватна адлюстроўваць узровень чалавечых ведаў на цяперашні час. Аднак на практыцы немагчыма цалкам аддзяліць факты ад інтэрпрэтацый і няяўных дапушчэнняў, таму нейкая доля тэндэнцыйнасці ёсць у кожным даведачным выданні. У некаторых выпадках гэтая доля даволі вялікая і мэтанакіравана зробленая: такая, у прыватнасці, большасць даведачных выданняў савецкай эпохі, асабліва ў гуманітарных ведах, — нават кароткія слоўнікавыя артыкулы ў іх ідэалагічна афарбаваны. Тычыцца гэта і адбору матэрыялу: так, у літаратурных энцыклапедыях, выпушчаных у СССР, знаходзілася месца для другарадных пісьменнікаў сацыялістычнай і камуністычнай арыентацыі, але не згадваліся значныя аўтары, вядомыя негатыўным стаўленнем да савецкага ладу. Нават праз кароткі час карыстацца такімі выданнямі як даведачнымі складана — занадта намаганняў даводзіцца выдатковаўць, каб аддзяліць факты ад інтэрпрэтацый; аднак менавіта гэта ідэалагічная афарбоўка робіць даведачныя выданні асабліва цікавымі як гістарычныя сведчанні, помнікі сваёй эпохі.
Навучальная літаратура
правіцьНавучальная літаратура, якая дзеліцца ў асноўным на ўласна падручнікі і зборнікі задач (практыкаванняў), мае нямала агульнага з даведачнай: як і даведачная літаратура, навучальная мае справу з той часткай ведаў па пэўным пытанні, якую лічыць больш-менш агульнапрызнанай. Аднак прызначэнне навучальнай літаратуры іншае — выкласці гэтую частку ведаў сістэмна і паслядоўна, каб адрасат склаў пра яе досыць поўнае і выразнае ўяўленне і авалодаў шэрагам патрабаваных у пэўнай галіне навыкаў, ці то ўменнем рашаць ураўненні або слушна расстаўляць знакі прыпынку. Гэта прагматычная задача вызначае асаблівасці будовы навучальных тэкстаў — паўторы, падхваты, праверачныя пытанні і заданні, і іншае.
Тэхнічная літаратура
правіцьТэхнічная літаратура — літаратура, якая адносіцца да галіны тэхнікі і вытворчасці (каталогі вырабаў, інструкцыі па эксплуатацыі, абслугоўванні і рамонце, каталогі дэталяў, патэнты і падобнае).
Літаратура па псіхалогіі і самаразвіцці
правіцьЛітаратура па псіхалогіі і самаразвіццю — літаратура, якая дае парады па развіцці здольнасцяў і навыкаў, дасягненні поспеху ў асабістым жыцці і працы, наладжванні адносін з навакольнымі, выхаванні дзяцей і падобнае.
Іншыя віды
правіцьТаксама ёсць духоўная, рэлігійная літаратура, рэкламная літаратура, вылучаная ў асобны від (улёткі, брашуры, рэкламныя праспекты і іншае), і іншыя віды.
Літаратура і носьбіты тэксту
правіцьЛітаратурны тэкст застаецца самім сабой незалежна ад матэрыяльнага ўвасаблення — рукапіс, кніга, камп’ютарны файл на маніторы. Аднак, эвалюцыя носьбітаў таксама ўплывае на саму літаратуру. Стан літаратуры ў аглядным мінулым цалкам вызначаецца цывілізацыйнай рэвалюцыяй, здзейсненай вынайдзеным Гутэнбергам кнігадрукаваннем, да гэтага кожны колькі-небудзь вялікі тэкст патрабаваў значных выдаткаў часу і сіл пісца, гэта накладала значныя абмежаванні на колькасць і характар тэкстаў, якія фіксаваліся на пісьме і выходзілі па-за межы непасрэднага кола сувязяў аўтара. На зыходзе XX ст. новая цывілізацыйная рэвалюцыя выклікала да жыцця два якасна новыя носьбіты тэксту — аўдыёкнігу і камп’ютарны файл. Цалкам магчыма, што шырокае распаўсюджанне гэтых носьбітаў неўзабаве прывядзе да новых сур’ёзных змен у структуры літаратурнай прасторы.
Глядзі таксама
правіцьЗаўвагі
правіць- ↑ Богаевский Б. Гомер Архівавана 16 верасня 2009. // Литературная энциклопедия: В 11 т. — [М.]: Изд-во Ком. Акад., 1929. — Т. 2. — Стб. 599—603.
- ↑ а б Научная литература / Тяпкин Б. Г. // Т. 17. Моршин — Никиш. — М. : Советская энциклопедия, 1974. — С. 335. — (Большая советская энциклопедия : [в 30 т.] / гл. ред. А. М. Прохоров; 1969—1978). (руск.)
- ↑ а б Научно-популярная литература / Лазаревич Э. А. // Т. 17. Моршин — Никиш. — М. : Советская энциклопедия, 1974. — С. 339. — (Большая советская энциклопедия : [в 30 т.] / гл. ред. А. М. Прохоров; 1969—1978). (руск.)
Літаратура
правіць- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 9: Кулібін — Малаіта / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1999. — Т. 9. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0155-9 (т. 9).
- Бахтин М. М. Эстетика словесного творчества. — М.: Искусство, 1986.
- Гадамер Г.-Г. Актуальность прекрасного. — М., 1991.
- Корман Б. О. Избранные труды по теории и истории литературы. — Ижевск, 1992.
- Рикёр П. Конфликт интерпретаций: Очерки о герменевтике. — М., 1995.
- Хайдеггер М. Бытие и время. — М., 1997.
- Rezeptionästhetik. Teorie und Praxis / Hrsg. R. Warning. — München: 1975.
- Iser W. Der Akt des Lesens: Theorie ästhetischer Wirkung. — München: 1976.