Грамадства

супольнасць асоб, стала звязаных рознымі адносінамі

Грамадства — сацыяльнае ўтварэнне, якое ўяўляе сабой галоўную ўмову жыццядзейнасці людзей, увасобленую ў канкрэтна-гістарычных формах і тыпах. Грамадства — шматзначнае паняцце, якое ў агульнапрынятым сэнсе азначае групу людзей, што характарызуецца агульнымі інтарэсамі і можа мець адрозненні ў культуры і адмысловыя ўстановы. Грамадства таксама можна азначыць як арганізаваную групу людзей, звязаных разам у рэлігійных, дабрачынных, культурных, навуковых, палітычных, эканамічных і іншых мэтах.

Вылучаюць шэраг абавязковых прыкмет сучаснага грамадства: наяўнасць пэўнай сукупнасці надзеленых воляй і свядомасцю індывідаў; існаванне агульных інтарэсаў; узаемадзеянне і супрацоўніцтва ў імя агульных мэт; стварэнне дзяржавы і рэгуляванне праз яе розных інтарэсаў; магчымасць развіцця і ўдасканалення грамадскіх інстытутаў шляхам іх рэфармавання і інш. Пры гэтым першаснай адзінкай грамадства лічыцца абстрактны індывід, а само грамадства асацыіруецца з сукупнасцю індывідаў. Аднак гэтыя прыкметы не лічацца вычарпальнымі і не прымаюцца ў якасці сукупнага крытэрыю для вызначэння чалавечага грамадства.

У гісторыі філасофіі, сацыялагічнай і прававой думкі ўсталявалася разуменне грамадства як сукупнасці людзей, аб'яднаных у адзінае цэлае па аб'ектыўных або суб'ектыўных прычынах. Геракліт лічыў грамадства адным з выяўленняў усеагульнага розуму (логасу), Дэмакрыт — штучным прадуктам працяглага натуральна неабходнага развіцця. Сакрат і Платон імкнуліся адшукаць аснову грамадства ў думцы пра яго, яго ідэі. Арыстоцель выводзіў паняцце грамадства з неабходнасці зносін свабодных і раўнапраўных людзей. Існавалі трактоўкі грамадства як злучэння многіх людзей, аб'яднаных агульнасцю патрэб, інтарэсаў, згоднасцю ў пытаннях права (Цыцэрон). Інтэлектуалы Н. Макіявелі, Т. Гобс бачылі ў грамадстве сродак сацыяльнага кантролю над сутнасцю індывіда і яго ўтаймавання. У перыяд буржуазных рэвалюцый у Заходняй Еўропе моцныя пазіцыі набылі розныя варыянты дагаворнай тэорыі грамадства (Г. Гроцый, Д. Дзідро). У процівагу грамадскаму дагавору Г. Гегель прапанаваў у якасці фактара, што фарміруе грамадства, шматбаковую ўзаемную залежнасць індывідаў у сумесным, найперш эканамічным, жыцці. У другой палове XIX ст. ўзнікла матэрыялістычная тэорыя грамадства (К. Маркс, Ф. Энгельс, У. Ленін, Г. Пляханаў). Яна аспрэчвае тое, што ключавое значэнне для грамадства мае індывід. Паняцце грамадства ў матэрыялістычным разуменні ўключае ўсю сукупнасць грамадскіх з'яў і інстытутаў, абумоўленых неабходнасцю ўзаемадзеяння людзей, іх разнастайнымі сувязямі і адносінамі. Грамадства на пэўнай ступені развіцця — гэта грамадска-эканамічная фармацыя, якая мае ўнутраную структуру і зменьваецца па аб'ектыўных законах.

У апошняй трэці XX ст. атрымалі прызнанне канцэпцыі, у якіх найважнейшым фактарам устанаўлення разнастайных сувязей паміж індывідамі і пераўтварэнняў у грамадстве лічыцца навукова-тэхнічны прагрэс і выкліканыя ім сацыяльна-эканамічныя вынікі. Асабліва вылучаюцца тэорыі індустрыяльнага грамадства, дзе асноўнай крыніцай складанага комплексу грамадскіх узаемасувязей паміж людзьмі выступае індустрыялізацыя, прагрэс навукі і тэхналогій, у прыватнасці, стварэнне сусветнай сістэмы камунікацыі і ўзнікненне глабальнага грамадства. Пашыранымі сацыяльна-эканамічнымі версіямі індустрыяльнага грамадства з'яўляюцца тэорыя дабрабыту і канцэпцыя аб «дзяржаве працвітання». Лагічным працягам тэорыі індустрыяльнага грамадства з'яўляюцца тэорыі постындустрыяльнага грамадства і інфармацыйнага грамадства. Існуюць таксама канцэпцыі адкрытых і закрытых грамадстваў.

Грамадства — асноватворная катэгорыя філасофіі і сацыялогіі. Філасофска-тэарэтычны аналіз грамадства магчымы толькі на базе даследавання яго ідэальнай мадэлі. На працягу ўсёй гісторыі чалавецтва адбываўся пастаянны пошук гэтай мадэлі і спробы яе апісаць.

Літаратура

правіць