Аруба

астраўная краіна ў Паўночнай Амерыцы, частка Каралеўства Нідэрландаў

Аруба (нідэрл.: і пап’ям.: Aruba) — краіна на аднайменным востраве ў Карыбскім моры. З’яўляецца адной са складовых частак Каралеўства Нідэрланды, мае агульнае з Нідэрландамі грамадзянства. Плошча — 178,91 км². Насельніцтва (2010) — 101 484 чалавек. Сталіца — горад Араньестад.

Аруба
Aruba
Герб
Сцяг Герб
Гімн: «Aruba Dushi Tera»
Дата незалежнасці 1 студзеня 1986 (ад Нідэрландскія Антыльскія астравы)
Афіцыйныя мовы нідэрландская і пап'ямента
Сталіца горад Араньестад
Найбуйнейшыя гарады горад Араньестад
Форма кіравання Канстытуцыйная манархія
Каралева
Генерал-губернатар
Прэм'ер-міністр
Беатрыкс
Фрэдыс Рэфуньёл
Майк Эмам
Плошча
• Усяго

178,91 км²
Насельніцтва
• Ацэнка (2010)
Шчыльнасць

101484 чал.
567 чал./км²
ВУП
  • Разам (2007)
  • На душу насельніцтва

$2400 млн
$
Валюта флорын Арубы
Інтэрнэт-дамен .aw
Код ISO (Alpha-2) AW
Код ISO (Alpha-3) ABW
Код МАК ARU
Тэлефонны код +297
Часавыя паясы -4

Гісторыя

правіць

Першымі насельнікамі Арубы былі індзейцы-аравакі з племені какетыя, якія прыбылі з тэрыторыі сучаснай Венесуэлы ў канцы 1 тысячагоддзя н. э. Яны жылі малымі сямейнымі групамі на ўзбярэжжы, займаліся ловам рыбы, вырошчвалі кукурузу і клубневыя культуры. На мове аравакаў orubo значыла «добра размешчаны»[1].

У 1499 г. востраў был адкрыты іспанскай экспедыцыяй на чале з Алонса дэ Ахеда. У 1513 г. іспанцы гвалтоўна перасялілі мясцовых індзейцаў на Эспаньёлу для працы на рудніках, але ў 1515 г. па каралеўскаму загаду ўцалелыя какетыя вярнуліся на радзіму, дзе заняліся развядзеннем буйной рагатай жывёлы. Яшчэ ў XIX ст. індзейцы складалі прыкладна траціну ад усіх жыхароў Арубы[2].

У 1636 г. востраў быў захоплены галандскай Ост-Індскай кампаніяй, якая валодала ім да брытанскай акупацыі 18051816 гг. У 1816 г. востраў быў перададзены нідэрландскай манархіі. Галандцы і брытанцы амаль не клапаціліся пра Арубу, тут не існавала плантацыйных гаспадарак і сталых еўрапейскіх паселішчаў. Востраў часта наведвалі піраты[3].

Сітуацыя рэзка змянілася ў 1826 г., калі на Арубе было знойдзена золата. Здабыча золата і гуана прыцягвала перасяленцаў з іншых Антыльскіх астравоў і Еўропы. У выніку неміласэрнай эксплуатацыі абмежаваных прыродных рэсурсаў на востраве зніклі лясы, вычарпаліся многія крыніцы пітной вады. Але запасы каштоўных выкапняў аказаліся малымі і да 1916 г. былі практычна вычарпаны.

У 19281929 гг. на Арубе быў пабудаваны нафтаперапрацоўчы завод. На ім працавала каля 8000 чал. Да 1970-х гг. завод заставаўся адным з найбуйнейшых у свеце. Дзякуючы наяўнасці прамысловасці астравіцяне мелі высокі ўзровень жыцця адносна іншых краін Карыбскага мора. Ужо ў сярэдзіне XX ст. амаль не засталося непісьменных. У пасляваенны перыяд пачаў развівацца турызм, які ў нашы дні складае аснову мясцовай эканомікі.

У 1956 г. Аруба ўвайшла ў склад Нідэрландскіх Антыльскіх астравоў. Але ў 1971 г. на востраве разгарнуўся рух за незалежнасць. 1 студзеня 1986 г. Аруба выйшла са складу Нідэрландскіх Антылаў і набыла асобны аўтаномны статус. Меркавалася, што ў 1996 г. будзе абвешчана незалежнасць. Аднак на сходзе ў Гаазе ў 1994 г. пераход да поўнай самастойнасці быў адкладзены на няпэўны тэрмін[4].

Геаграфія і прырода

правіць
 
Карта Арубы

Аруба ўваходзіць у групу Паўднёвых Падветраных Малых Антыльскіх астравоў. Знаходзіцца ў 27 км на поўнач ад узбярэжжа Венесуэлы. Выцягнута ў даўжыню на прыкладна 30 км, у шырыню — на 8 км[5]. Утворана каля 90 — 95 млн гадоў таму ў выніку вулканічнай актыўнасці. Частка паверхні сфарміравана пазнейшымі асадкавымі пародамі, пераважна вапнякамі[6]. Найвышэйшы пункт — узгорак Джаманота (188 м). Узбярэжная зона славіцца сваімі пляжамі з белым пяском і спакойнай вадой. Частку ўзбярэжжа атачае каралавы рыф, за якім месціцца Іспанская лагуна. На заходнім узбярэжжы — 3 глыбакаводныя залівы, што выкарыстоўваюцца як марскія парты.

Клімат марскі трапічны. Сярэдняя тэмпература вагаецца ад 27 °C да 29 °C на працягу года. Сезон дажджоў цягнецца з кастрычніка па снежань, аднак агульная колькасць ападкаў вельмі малая, каля 200 мм у год. На востраве ўвесь час не хапае пітной вады. Для забеспячэння ёю насельніцтва выкарыстоўваюцца апрасняльныя ўстаноўкі[7].

Флора паўпустынная, шмат кактусаў, акацый, а таксама Malpighia emarginata, Coccoloba swartzii і інш. Фаўна прадстаўлена шматлікімі птушкамі, чарапахамі і амаль знішчаным мясцовым відам грымучых змей Crotalus unicolor[8].

Палітыка

правіць

Аруба з’яўляецца часткай Каралеўства Нідэрландаў, аднак пры гэтым разглядаецца як самастойная дзяржава, якая захоўвае федэратыўную сувязь з Нідэрландамі і агульнае з імі грамадзянства. Абарона вострава і знешнія сувязі фактычна кантралююцца Нідэрландамі.

Главой выканаўчай улады з’яўляецца Каралева Нідэрландаў Беатрыкс, прадстаўленая на Арубе генерал-губернатарам (прызначаецца на шасцігадовы тэрмін па рэкамендацыі Кабінета Міністраў), і прэм’ер-міністр, які ўзначальвае Кабінет Міністраў (ад 7 да 9 міністраў, паўнамоцны міністр прадстаўляе інтарэсы Арубы ў Гаазе).

Заканадаўчая ўлада прастаўлена аднапалатным паламентам (Staten). У яго склад уваходзіць 21 прадстаўнік, выбраны тэрмінам на 4 гады. Грамадзяне карыстаюцца выбарчым правам з 18 гадоў. На выбарах 2009 г. амаль палову галасоў выбаршчыкаў атрымала Арубская Народная Партыя (Arubaanse Volkspartij).

Вярхоўным органам судовай улады з’яўляецца Сумесны Вярхоўны Суд, які прызначаецца манархам[9].

Дзейнічае Канстытуцыя 1985 г.

Культура

правіць
 
Архітэктура Аран’естада

Насельнікі Арубы адносяць сябе да некалькіх дзясяткаў этнічных супольнасцяў, што вызначае значную стракатасць мясцовай культуры. Гэта выяўляецца ў святкаванні памятных дат, характэрных для Нідэрландаў, Карыбскіх краін, Лацінскай Амерыкі і ЗША. Асабліва яркім мясцовым святам з’яўляецца зімовы карнавал, які суправаджаецца адначасова карыбскай, лацінаамерыканскай і галандскай музыкай і скончваецца маляўнічым нядзельным гранд-парадам. У мінулым карнавалы прымяркоўваліся да заканчэння вялікага посту. Спаленне пудзіла мома сімвалізавала завяршэнне зімовага святочнага цыкла. Гэты звычай падтрымліваецца і ў нашы дні[10].

З 2009 г. на Арубе праводзіцца міжнародны фестываль кіно[11], які набывае ўсё большы прэстыж.

Традыцыйная кулінарыя складаецца са страў з кукурузы і бабовых, якія звычайна тушацца ў печы і падаюцца з мясам (ялавічына, казляціна) або рыбай. Дзякуючы запазычванню іншаземных традыцый і зменам у ладзе жыцця большасць сучасных жыхароў Арубы аддае перавагу імпартным прадуктам: рысу, кураціне, гародніне. Пераважаюць італьянскія і кітайскія закусачныя. Аднак у кавярнях таксама можна пакаштаваць традыцыйныя пірагі пастэчы з сырам ці мясам і чорныя (па колеру) салодкія выпечкі[12][13].

Звычайна кожны насельнік Арубы з дзяцінства ведае некалькі моў. Адной з афіцыйных моў з’яўляецца галандская. Шырока распаўсюджаныя англійская і іспанская мовы. Многія размаўляюць на партугальскай, французскай, кітайскай і інш. Французская мова выкладаецца ў школах і карыстаецца папулярнасцю з-за магчымасці працягваць адукацыю ва ўплывовых універсітэтах Францыі і Бельгіі. Аднак галоўнай мовай лічыцца мясцовая крэольская мова пап'ямента. Яна выкладаецца ў школах і выкарыстоўваецца на дзяржаўным узроўні. З пашырэннем іміграцыі і ўплыву іншаземных культур, перш за ўсё амерыканскай, карыстанне пап’ямента набыло важнае значэнне для вылучэння культурных асаблівасцяў менавіта тубыльцаў самой Арубы[14].

Сістэма адукацыі ў агульных рысах нагадвае галандскую. На Арубе дзейнічае 68 школ, якія даюць пачатковую адукацыю, 12 школ — сярэднюю, 5 устаноў — вышэйшую адукацыю. Аднак да вышэйшай адукацыі адносяць таксама атрыманне прафесійных ведаў. Універсітэт Арубы рыхтуе спецыялістаў са званнямі бакалаўраў і магістраў у галінах права, фінансаў, эканомікі, а таксама кіравання турыстычнымі прадпрыемствамі[15]. Акрамя таго, працуюць 2 медыцынскія школы, якія забяспечваюць выпускнікоў універсітэцкімі дыпломамі[16][17].

Установы адукацыі фінансуюцца дзяржавай, а іх якасць лічыцца адной з найвышэйшых у Карыбскім рэгіёне.

Зноскі

правіць
  1. History
  2. Our History
  3. The Pirate Priest Treasure of Aruba
  4. Timeline: Aruba
  5. Geography of Aruba Архівавана 16 мая 2013.
  6. Geological Origins of Aruba(недаступная спасылка)
  7. The World Geographical Encyclopedia / John F. McCoy, Project Editor. — Thompson Gale, 2003. P. 30.
  8. Rebecca Elliott, Birds, flora and fauna of Aruba
  9. POLITICAL STABILITY Архівавана 25 сакавіка 2012.
  10. Experiencing the Carnival of Aruba
  11. arubainternationalfilmfestival.com Архівавана 8 мая 2021.
  12. Countries and Their Cultures:Aruba
  13. Culinary tips from top Aruban chefs
  14. The role of Papiamento in Aruban nationalism Архівавана 10 ліпеня 2012.
  15. University of Aruba Архівавана 11 мая 2011.
  16. Аureus University Aruba(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 30 верасня 2012. Праверана 4 кастрычніка 2012.
  17. Xavier University School of Medicine Foundatio