Іван Іванавіч Лучыц-Федарэц

Іван Іванавіч Лучыц-Федарэц (26 лістапада 1938, Акропна, цяпер Драгічынскі раён, Брэсцкая вобласць — 14 верасня 2016, Мінск, Беларусь) — беларускі мовазнаўца і перакладчык. Адзін са складальнікаў «Этымалагічнага слоўніка беларускай мовы» (ЭСБМ).

Іван Іванавіч Лучыц-Федарэц
Дата нараджэння 26 лістапада 1938(1938-11-26)
Месца нараджэння
Дата смерці 14 верасня 2016(2016-09-14) (77 гадоў)
Месца смерці
Грамадзянства
Род дзейнасці навуковец
Навуковая сфера Філалогія
Месца працы
Навуковая ступень кандыдат філалагічных навук
Альма-матар
Вядомы як мовазнаўца, дыялектолаг, славіст, этымолаг, перакладчык

Біяграфія

правіць

Іван Іванавіч Лучыц-Федарэц нарадзіўся ў вёсцы Акропнае ў 1938 годзе. Пасля заканчэння першага класа сям'я пераехала ў Драгічын, бо яго бацьку інваліду Вялікай Айчыннай вайны прасцей было жыць у горадзе.

Пасля школы паступіў у Львоўскі ўніверсітэт імя Івана Франко.

Атрымаўшы вышэйшую адукацыю, працаваў экскурсаводам-перакладчыкам у Львоўскім аддзяленні «Інтурыст», дзе хутка авалодаў чэшскай, польскай, славацкай, сербскай і іншымі мовамі.

Пазней атрымаў запрашэнне на працу ў Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа пры Беларускай акадэміі навук і ўсё далейшае жыццё прысвяціў развіццю лінгвістыкі.

Памёр Іван Лучыц-Федарэц у Мінску 14 верасня, не дажыўшы месяц да свайго 78-мі годдзя.

На пахавальнае адпяванне прыйшоў Пробашч касцёла Святых Сымона і Алены ксёндз Уладзіслаў Завальнюк, каб пакланіцца яго праху і выказаць вялікую падзяку Івану Іванавічу ад усіх каталікоў Беларусі за пераклады богаслужэнняў на беларускую мову.

Навуковая дзейнасць

правіць

Пачаў навуковую дзейнасць з удзелу ў распрацоўцы калектыўнай манаграфіі «Лексіка Палесся ў прасторы і часе» (1971), у якой яго пяру належыць вялікая частка. Яна паслужыла асновай абароненай праз два гады кандыдацкай дысертацыі «Лінгва-геаграфічная характарыстыка і рэканструкцыя адной групы лексікі Палесся (жылыя і гаспадарчыя пабудовы)».

Палеская тэма з тых часоў аказалася адной з самых значных у яго творчасці: серыі артыкулаў, слоўнікавых падборак, яшчэ адной калектыўнай працы пад яго рэдакцыяй — «Лексіка гаворак Беларускага Прыпяцкага Палесся. Атлас. Слоўнік» (2008). Акрамя таго, Іван Лучыц-Федарэц удзельнічаў ва ўкладанні перакладных слоўнікаў: Беларуска-латышскага, Латышска-беларускага слоўніка і іншых.

Аднак самыя істотныя дасягненні ў беларускай лінгвістыцы і адначасова славістыцы ў цэлым звязаны з трыццацігадовай працай І. І. Лучыца-Федарца ў складзе аўтарскага калектыву «Этымалагічнага слоўніка беларускай мовы» (ЭСБМ). Імя Івана Іванавіча значыцца ў выходных даных 9-ці з 13-ці тамоў, што выйшлі да цяперашняга часу, прычым 6-ты том напісаны ім цалкам. Значны аб'ём слоўнікавых артыкулаў напісаны таксама для падрыхтаванага да друку 14-га тома ЭСБМ. Увесь гэты творчы надабытак складае не меней за 8 тысяч слоўнікавых артыкулаў, гэта значыць, каля чвэрці выдання ў цэлым, што з'яўляецца сведчаннем зусім унікальнага ўкладу ў беларускую этымалогію.

Акрамя славянскіх моў Іван Іванавіч дасканала валодаў англійскай, нямецкай і французскай мовамі. I не толькі ў нас, але і далёка за межамі Беларусі яго ведалі як выдатнага перакладчыка з гэтых моў.

Іван Іванавіч як беларускі мовазнаўца, буйны славіст і этымолаг, быў шырока вядомы па-за межамі нашай рэспублікі. Працяглы час ён займаў пасаду старшыні этымалагічнай камісіі пры Міжнародным камітэце славістаў.

З 1995 года быў адным з заснавальнікаў, актыўным удзельнікам і старшынёй мінскага аддзялення Заходнепалескага навукова-краязнаўчага таварыства.