Перайсьці да зьместу

Карл IV Люксэмбурскі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Карл IV Люксэмбурскі
маркграф[d], кароль і імпэратар
 
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 14 траўня 1316(1316-05-14)[1][2][3][…] або 14 траўня 1316(1316-05-14),
Памёр 29 лістапада 1378(1378-11-29)[1][2][3][…] (62 гады),
Пахаваны
Нашчадкі Катарына Люксембургская[d], Elisabeth of Bohemia[d], Вацлаў IV, Ганна Чэская[d], Жыгімонт Люксэмбурскі, Ёган фон Гёрліц[d], Маргарыта Багемская[d], Маргарыта Багемская[d] і Карал Багемскі[d][2]
Дынастыя Люксэмбургі[d]
Сужэнец Blanche of Valois[d][7], Anne of Bavaria[d], Ганна Сьвідніцкая[d] і Альжбета Памяранская[d]
Бацька Іаган Люксембургскі[d][7]
Маці Елізавета Багемская[d][7]

Карл IV (па-нямецку: Karl IV., па-чэску: Karel IV.; 14 траўня 1316 году, Прага — 29 лістапада 1378, Прага) — кароль Германіі з 11 ліпеня 1346, кароль Чэхіі з 26 жніўня 1346 году пад імем Карал I (каранаваны 2 верасьня 1347), імпэратар Сьвятой Рымскай імпэрыі з 5 красавіка 1355 году.

Сын чэскага караля Яна Сьляпога зь Люксэмбурскай дынастыі і князёўны Элішкі Пржэмыслаўны. Нарадзіўся ў 1316 годзе ў Празе, пры нараджэньні быў названы Вацлаў/Вэнцэль. Выхоўваўся ў Парыжы. У веку 15 гадоў, то бок у 1331 годзе, быў прызначаны намесьнікам у створаным ягоным бацькам каралеўстве ў Паўночнай Італіі і сутыкнуўся там з супрацівам і інтрыгамі. У веку 18 гадоў стаў намесьнікам бацькі ў Чэхіі. З прычыны выгнаньня ягонага брата Ёгана з Тыролю і часовага кіраваньня Карлам гэтай краінай, на якую спакушаўся Баварскі дом, узьнік глыбокі разлад паміж Вітэльсбахамі і Люксэмбургамі, які прывёў да шэрагу войнаў.

Зь імем Карла зьвязаны «залаты век» Чэхіі. Ён добра ведаў чэскую мову, клапаціўся пра разьвіцьцё гарадоў і шмат увагі надаваў сельскай гаспадарцы. Карл завёз у Чэхію вінаградную лазу з Бургундыі і сьлівавыя дрэвы зь Лятарынгіі, уладкаваў вадаёмы дзеля гадоўлі рыбаў. Карл застаўся ў гісторыі як аўтар першай у сярэдневечнай Эўропе сьвецкай аўтабіяграфіі. Быў ініцыятарам складаньня новай гістарычнай кронікі.

Яшчэ пры жыцьці імпэратара Людвіга IV Баварскага Карл з дапамогай папы Клімэнта VI дамогся абраньня пяцьцю курфюрстамі германскім каралём. Пры гэтым ён пайшоў на складаньне абмежавальных умоваў, у выкананьні якіх прымушаны быў прынесьці клятву папу ў Авіньёне. Тым ня менш, па сьмерці імпэратара ў 1347 годзе Карлу не атрымалася адразу ўзысьці на імпэрскі трон. На жаданьне Вітэльсбахаў каралём быў абраны ангелец Эдуард III, а калі ж той адмовіўся — маркграф мэйсэнскі Фрыдрых II Суворы, затым граф Гюнтэр фон Шварцбург, які неўзабаве цяжка захварэў, пагадзіўся адрачыся за грошы, і памёр. 25 ліпеня 1349 году Карл IV паўторна каранаваўся ў Аахэне. Зь Вітэльсбахамі Карл IV замірыўся жаніцьбай з Ганнай, дачкой курфюрста пфальцкага, і абяцаньнем пасяленьня іх у Брандэнбургу, дзе ён сам тым часам апекаваўся.

Карл IV пайшоў на вялікія саступкі князям. У Залатой буле 1356 году курфюрсты атрымалі амаль сувэрэнныя правы ў сваіх княствах. Парадкаваньне абраньня на сталец ухіліла ўмяшаньне папы ў выбары, што выклікала разлад з авіньёнскім дваром. Канфлікт з папам быў разьвязаны дараваньнем дзесяціны і выданьнем гэтак званай каралінскай булы дзеля абароны ільготаў духавенству. Значнай заслугай Карла IV стала заснаваньне зьвязу земскага міру.

Два разы Карл IV зьдзяйсьняў паходы ў Італію. Першы раз у 1354 годзе, каб каранавацца ў Міляне каралём і ў Рыме імпэратарам у 1355 годзе. Другі раз Карл выправіўся ў інтарэсах папы, дзеля вайны зь мілянскім родам Вісконці. Але пра разьвіцьцё свайго спадчыннага ўладаньня, Чэхіі, Карл клапаціўся больш, чым пра імпэрыю.

Пабудаваны Карлам замак Карлштайн.

Надасланы Карлам у якасьці палоннага ў Авіньён, Кола дзі Рыенца паразумеўся з Інакенцыюсам VI і вярнуўся ў Італію ўвосень 1353 году як прадстаўнік пантыфіка, каб супрацоўнічаць з гішпанскім кардыналам, але здолеў толькі здабыць ганебную сьмерць на прыступках Капітоліюма. Гібан пісаў пра гэта: «Капітоліюм стаяў зараз на крыві Рыенцы, калі Карл IV спусьціўся з Альпаў, каб каранавацца каронай Італіі і імпэрыі».

Франчэска Пэтрарка спадзяваўся на Карла IV, але затым глыбока ў ім расчараваўся. Карл быў каранаваны ў Рыме кардыналам Остыі ў велікодны дзень 1355 году, а затым вярнуўся ў Прагу, як пісаў паэт: «з каронай, якую ён атрымаў без адзінага ўдару мяча, з кашалём, поўным манэтаў, які ён прывёз пустым; але з малой славай за добрыя справы, і зь вялікай ганьбай за зьневажэньне імпэратарскай велічы. О! калі б твой прадзед і дзед сустрэлі цябе на альпійскім перацягу, што б яны сказалі, ты падумаў? Імпэратар рымлянаў на імя, на праўду ты ўсяго толькі кароль багемскі»[8].

Кіраваньне ў Нямеччыне

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Помнік Карлу IV ля Карлава моста ў Празе.

Шляхце ў гарадах ён надаў шмат палёгак. У 1350 годзе выдаў новае ўкладаньне, якое, аднак, пазьней прымушаны быў адмяніць. Кароль заахвочваў горназаводзтва і земляробства, зрабіў Вэлтаву да Эльбы суднаходнай, пабудаваў у Празе «новы горад» (Новае места), Градчаны і знакаміты праскі Карлаў мост, заснаваў там арцыбіскупства і ў 1348 годзе першы ў імпэрыі ўнівэрсытэт (на ўзор парыскага), прыцягнуў у Прагу вялікую колькасьць мастакоў і рамесьнікаў.

Празь першую сваю жонку, на згоду Вітэльсбахаў, забясьпечыў сабе вялікую частку Верхняга Пфальцу, а праз другую жонку, Ганну Яворскую, набыў княствы Явор і Сьвідніца (1368); годам раней ён купіў Лужыцкую зямлю. Па-майстэрску скарыстаўшы разлады ў доме Вітэльсбахаў, Карл здолеў дамагчыся брадэнбурскую марку маркграфамі Людовікам і Атонам (1368), а неўзабаве пасьля таго, як жывым застаўся толькі Атон, за ўзнагароду, ён павінен быў адмовіцца ад маркі.

За вялікія сумы грошай і пасьля доўгіх высілкаў Карл IV дамогся абраньня свайго сына Вэнцэля сваім пераемнікам у 1376 годзе. Вялікія выдаткі Карла IV прымушалі яго абкладаць цяжкімі падаткамі і закладваць імпэрскія гарады, што прывяло да заснаваньня швабскага гарадзкога зьвязу ў 1376 году. Паміраючы ў Празе, Карл пакінуў Чэхію, Сылезію і рымскую карону Вэнцэлю, Брандэнбург — Жыгімонту, Лужыцкія землі — Ёгану, трэцяму з сваіх сыноў.