Перайсьці да зьместу

Бэрлін

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Бэрлін
ням. Berlin
Бэрлін
Герб Бэрліна Сьцяг Бэрліна
Першыя згадкі: 1197
Горад з: 1244
Краіна: Нямеччына
Кіруючы бургамістар: Kai Wegner[d]
Плошча: 892 км²
Вышыня: 34 м н. у. м.
Насельніцтва (2023)
колькасьць: 3 782 202 чал.
шчыльнасьць: 4240,14 чал./км²
Часавы пас: UTC+1
летні час: UTC+2
Тэлефонны код: 030
Паштовыя індэксы: 10001—14199
Нумарны знак: B
Геаграфічныя каардынаты: 52°31′0″ пн. ш. 13°23′0″ у. д. / 52.51667° пн. ш. 13.38333° у. д. / 52.51667; 13.38333Каардынаты: 52°31′0″ пн. ш. 13°23′0″ у. д. / 52.51667° пн. ш. 13.38333° у. д. / 52.51667; 13.38333
Бэрлін на мапе Нямеччыны
Бэрлін
Бэрлін
Бэрлін
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы
https://www.berlin.de/

Бэрлі́н (па-нямецку: Berlin) — сталіца Нямеччыны й адна з фэдэральных земляў Нямеччыны. З насельніцтвам каля 3,8 млн чалавек на 2023 год Бэрлін зьяўляецца самым вялікім горадам краіны[1]. Гэта самы вялікі паводле колькасьці насельніцтва горад Эўрапейскага Зьвязу й сёмы разам з прыгарадамі[2]. Разьмешчаны ў паўночна-ўсходняй частцы Нямеччыны. Месьцячыся на эўрапейскай раўніне, Бэрлін знаходзіцца пад уплывам умеранага сэзоннага клімату. Каля адной траціны тэрыторыі гораду складаецца зь лесу, паркаў, садоў, рэк і азёраў[3].

Першыя дакумэнтальныя сьведкі пра горад датуюцца XIII стагодзьдзем. Бэрлін быў цэнтрам маркграфства Брандэнбург і сталіцай Каралеўства Прусіі ў 1701—1918 гадох, Нямецкай імпэрыі ў 1871—1918 гадох, Ваймарскай рэспублікі ў 1919—1933 гадох і Трэцяга Райху ў 1933—1945 гадох[4]. Бэрлін у 1920-х гадох быў трэцім паводле велічыні муніцыпалітэтам у сьвеце[5]. Пасьля Другой сусьветнай вайны горад быў падзелены на дзьве часткі. Адна зь іх — Усходні Бэрлін, якая зьяўлялася сталіцай Нямецкай Дэмакратычнай Рэспублікі, а другая — Заходні Бэрлін — зьяўлялася заходненямецкім эксклявам, акружаным Бэрлінскім мурам з 1961 па 1989 гады[6]. Пасьля ўзьяднаньня Нямеччыны 3 кастрычніка 1990 году, горад аднавіў свой статус сталіцы краіны. Цяпер у ім месьцяцца 147 замежных амбасадаў[7][8].

Бэрлін ёсьць сусьветны горад культуры, палітыкі, СМІ й навукі[9][10]. Ягоная эканоміка грунтуецца перш за ўсё на сэктары паслугаў, які ахоплівае шырокі спэктар творчых індустрыяў, мэдыя-карпарацыяў і канфэрэнц-цэнтраў. Бэрлін таксама служыць цэнтрам кантынэнтальнага паветранага й чыгуначнага транспарту[11][12] й зьяўляецца папулярным турыстычным цэнтрам[13]. Значныя галіны прамысловасьці гораду ўключаюць інфармацыйныя тэхналёгіі, фармацэўтыка, біямэдычная інжынэрыя, біятэхналёгіі, электроніка, кіраваньне трафікам, а таксама аднаўляльнымі крыніцамі энэргіі.

Бэрлін зьяўляецца домам для вядомых унівэрсытэтаў, дасьледчых інстытутаў, аркэстраў, музэяў і знакамітасьцяў, а таксама ёсьць месцам правядзеньня шматлікіх спартовых спаборніцтваў[14]. Ягоныя гарадзкія ўмовы й гістарычная спадчына зрабілі яго папулярным месцам для міжнародных кінапраектаў[15]. Горад добра вядомы сваімі фэстывалямі, разнастайнымі помнікамі архітэктуры, начным жыцьцём, сучасным мастацтвам, грамадзкай транспартнай сеткай і высокай якасьцю жыцьця[16][17].

Мапа Бэрліна 1688 году

Паходжаньне назвы Бэрлін, невядома, але яно можа мець свае карані ў мове заходніх славянаў, якія раней жылі гэтым месцы, і быць зьвязана са старажытнапалабскім berl-/birl-, што азначае — «балота»[18]. Аднак народная этымалёгія зьвязвае назву зь нямецкім словам «Bär», што перакладаецца як мядзьведзь, зрэшты мядзьведзь знаходзіцца на гербе гораду.

Самыя раньнія сьведчаньні існаваньня паселішча ў раёне Бэрліну датуюцца 1192 годам[19]. Першыя пісьмовыя згадкі гарадоў у рэгіёне сучаснага гораду зьяўляюцца з канца XII стагодзьдзя. Шпандаў упершыню згадваецца ў 1197 годзе, а Кёпэнік у 1209 годзе, аднак гэтыя раёны не ўваходзілі ў Бэрлін да 1920 году[20]. Цэнтральная частка Бэрліну раней складалася з двух гарадоў. Кёльн упершыню згадваецца ў дакумэнце ў 1237 годзе, а іншы горад, які стаяў на рацэ Шпрэе, (Стары) Бэрлін, згадваецца ў дакумэнце ад 1244 году. Час згадваньня найстарэйшага з двух гарадоў і лічыцца часам заснаваньня Бэрліну. Два гарады зь цягам часу ўтварылі цесныя эканамічныя й сацыяльныя сувязі й у рэшце рэшт зьліліся ў 1307 годзе ў адзін горад, які стаў вядомы як Бэрлін.

У 1435 годзе Фрыдрых I стаў курфюрстам маркграфства Брандэнбург, якім ён кіраваў да 1440 году[21]. Ягоны пераемнік, Фрыдрых II Жалезназубы, зрабіў Бэрлін сталіцай маркграфства, а наступныя чальцы сям’і Гагэнцолернаў кіравалі ў Бэрліне да 1918 году, спачатку ў якасьці абраных кіроўцаў Брандэнбургу, а потым як каралі Прусіі й у канчатковым выніку, як нямецкія імпэратары. У 1448 годзе грамадзяне паўсталі супраць будаўніцтва новага каралеўскага палацу Фрыдрыха II Жалезназубага. Гэты пратэст ня быў пасьпяховым, аднак, грамадзяне ў выніку страцілі шмат зь якіх сваіх палітычных і эканамічных прывілеяў. У 1451 годзе Бэрлін стаў каралеўскай рэзыдэнцыяй кіроўцаў Брандэнбургу, а ў 1518 годзе Бэрліну давялося адмовіцца ад свайго статусу вольнага Ганзейскага гораду. У 1539 годзе валадар і горад афіцыйна далучыліся да лютэранскай царквы[22].

Бэрлін у 1900 годзе
Фрыдрых II Вялікі

Трыццацігадовая вайна, якая працягвалася з 1618 па 1648 гады, спустошыла Бэрлін. Траціна дамоў былі пашкоджанымі альбо разбуранымі й горад страціў палову свайго насельніцтва[23]. Фрыдрых Вільгельм, вядомы як «Вялікі курфюрст», які стаў пераемнікам свайго бацькі Георга Вільгельма, пачаў праводзіць палітыку заахвочваньня іміграцыі й рэлігійнай цярплівасьці. Разам з Патсдамскім эдыктам, які быў напісаны ў 1685 годзе, Фрыдрых Вільгельм прапаноўваў прытулак францускім гугенотам. Больш за 15 тысячаў гугенотаў адправіліся ў Брандэнбург, зь якіх 6 тысячаў пасяліліся ў Бэрліне. Да 1700 году каля 20 адсоткаў жыхароў гораду былі французамі, і іхны культурны ўплыў на горад быў вельмі велізарным. Акрамя таго, у горад накіраваліся іншыя імігранты з Чэхіі, Польшчы й Зальцбургу.

Разам з каранацыяй Фрыдрыха I у 1701 годзе як караля, якая праходзіла ў Кёнігсбэргу, Бэрлін стаў новай сталіцай Каралеўства Прусіі, што было пасьпяховай спробай цэнтралізаваць разьмяшчэньне сталіцы ў вельмі распасьцёртым Прускім каралеўстве. Пасьля гэтай падзеі горад упершыню пачаў расьці. У 1740 годзе Фрыдрых II, вядомы як Фрыдрых Вялікі (1740—1786), прыйшоў да ўлады. У часы ягонага панаваньня Бэрлін стаў цэнтрам асьветы. Пасьля перамогі Францыі ў вайне Чацьвёртай кааліцыі, Напалеон Банапарт увайшоў у Бэрлін у 1806 годзе, але гораду было дазволена мець самакіраваньне. У 1815 годзе горад стаў часткай новай правінцыі Брандэнбург.

Прамысловая рэвалюцыя ператварыла Бэрлін ў XIX стагодзьдзі. Эканоміка гораду й ягонае насельніцтва значна павялічылася, а сам горад стаў асноўным чыгуначным вузлом і эканамічным цэнтрам Нямеччыны. Неўзабаве, некаторыя прыгарады ўвайшлі ў склад Бэрліну, што таксама павялічыла плошчу й колькасьць насельніцтва гораду. У 1871 годзе Бэрлін стаў сталіцай створанай Нямецкай імпэрыі. А 1 красавіка 1881 году горад аддзяліўся ад правінцыі Брандэнбург і ўтварыў асобную адміністрацыйна-тэрытарыяльную адзінку.

Падзел Бэрліну па сэктарах акупацыі саюзнымі войскамі

У 1902 годзе быў адкрыты мэтрапалітэн.

Пасьля Першай сусьветнай вайны ў 1918 годзе ў Бэрліне была абвешчана рэспубліка. У 1920 годзе ў Вялікі Бэрлін былі ўключаны дзясяткі мястэчкаў, вёсак і маёнткаў, якія месьціліся вакол Бэрліну. Гэтае дзеяньне і мела дачыненьне да Шпандаў і Шарлётэнбургу, а таксама шэрагу іншых абласьцёў, якія цяпер зьяўляюцца галоўнымі муніцыпалітэтамі. Пасьля гэтага пашырэньня, у Бэрліне налічвалася каля чатырох мільёнаў чалавек. У эпоху Ваймарскай рэспублікі Бэрлін стаў сусьветна вядомым як цэнтар культурнай трансфармацыі.

Руіны на Патсдамэрпляц у 1945 годзе

30 студзеня 1933 году Адольф Гітлер і нацысцкая партыя прыйшлі да ўлады. Нацысцкі рэжым зьнішчыў габрэйскую суполку Бэрліну, якая налічвала 170 тысячаў чалавек да 1933 году. Пасьля Крыштальнай ночы ў 1938 годзе, тысячы габрэяў гораду былі заключаны ў турму ў суседнім канцлягеры Захсэнгаўзэн, а на пачатку 1943 году былі адпраўленыя ў лягеры сьмерці, як то Асьвенцім, з прычыны чаго 19 траўня таго ж году горад быў аб’яўлены «юдэнфрай». Падчас Другой сусьветнай вайны вялікая частка Бэрліну была разбурана ў 1943—1945 гадох паветранымі налётамі й падчас бітвы за Бэрлін. Сярод сотняў тысячаў людзей, якія загінулі падчас бітвы за Бэрлін, паводле ацэнак, 125 тысячаў зьяўляліся грамадзянскімі асобамі[24]. Пасьля заканчэньня вайны ў Эўропе ў 1945 годзе Бэрлін атрымаў вялікі лік уцекачоў з усходніх правінцыяў. Дзяржавы-пераможцы падзялілі горад на чатыры сэктары, аналягічнымі зонамі акупацыі, якімі была падзелена ўся Нямеччына. На тэрыторыі сэктараў заходніх хаўрусьнікаў (ЗША, Вялікабрытанія й Францыя) быў створаны Заходні Бэрлін, у той час на тэрыторыі савецкага сэктару сфармаваўся Ўсходні Бэрлін[25].

Усе чатыры хаўрусьнікі мелі агульныя адміністрацыйныя абавязкі ў Бэрліне. Аднак у 1948 годзе, калі заходнія хаўрусьнікі правялі грашовую рэформу ў заходніх зонах Нямеччыны й трох заходніх сэктарах Бэрліну, Савецкі Саюз увёў блякаду на пад’язныя шляхі з Заходняга Бэрліну, якія ляжалі цалкам унутры савецкай кантраляванай тэрыторыі. Бэрлінскі паветраны мост, праведзены трыма заходнімі хаўрусьнікамі, пераадолеў гэтую блякаду, пастаўляючы прадукты харчаваньня й іншыя прадметы ў горад з 24 чэрвеня 1948 году да 11 траўня 1949 году[26]. У 1948 годзе на тэрыторыі былой ракетнай базы амэрыканская адмініністрацыя пабудавала лётнішча, якое пазьней стала аэрапортам Тэгель[26] (зачынены ў 2020 годзе). У 1949 годзе была створана Фэдэратыўная Рэспубліка Нямеччына, якая ў канчатковым выніку ўзьяднала ўсе амэрыканскія, ангельскія й францускія зоны, за выключэньнем зонаў гэтых трох краінаў у Бэрліне, а марксісцка-ленінская Нямецкая Дэмакратычная Рэспубліка была абвешчаная ўва Ўсходняй Нямеччыне. Заходні Бэрлін афіцыйна заставаўся акупаваным горадам, але палітычна ён быў вельмі цесна зьвязаны з Фэдэратыўнай Рэспублікай Нямеччыны, нягледзячы на ягонае геаграфічнае становішча. Заходні Бэрлін выпускаў свае паштовыя маркі, якія былі вельмі падобны на маркі ФРН, але з дадаткам слова «Бэрлін». У сфэры авіяцыйных перавозак у Заходнім Бэрліне былі прадстаўлены толькі амэрыканскія, брытанскія й францускія авіякампаніі.

Падзеньне Бэрлінскага муру

Існаваньне дзьвюх нямецкіх дзяржаваў павялічыла напругу ва ўзаемаадносінах паміж капіталістычным і сацыялістычным блёкамі, што ў выніку прывяло да халоднай вайны. Усходняя Нямеччына абвесьціла Бэрлін у якасьці сваёй сталіцы, што не было прызнана заходнімі дзяржавамі. Акрамя таго НДР кантралявала толькі палову тэрыторыі самога Бэрліну, ува Ўсходнім Бэрліне знаходзілася вялікая частка гістарычнага цэнтру гораду. Заходненямецкі ўрад, тым часам, быў створаны на часовай аснове ў Боне[27].

Бэрлін быў цалкам падзелены. Нягледзячы на тое, што жыхары заходняй часткі гораду маглі пераходзіць у яго ўсходнюю частку толькі праз строга кантралюемыя кантрольна-прапускныя пункты, для большасьці жыхароў Усходу падарожжа ў Заходні Бэрлін і ФРН было ўжо немагчыма. У 1971 годзе чатырохбаковае пагадненьне гарантавала доступ у й з Заходняга Бэрліну на машыне ці на цягніку праз Усходнюю Нямеччыну й скончыла патэнцыйныя хваляваньні аб закрыцьці маршрутаў[28]. У 1989 годзе, з заканчэньнем халоднай вайны й ціскам з боку насельніцтва Ўсходняй Нямеччыны падзеньне Бэрлінскага муру адбылося 9 лістапада 1989 году, пасьля чаго ён быў разбураны амаль цалкам. 3 кастрычніка 1990 году дзьве часткі Нямеччыны ўзьядналіся, як Фэдэратыўная Рэспубліка Нямеччына, Бэрлін зноўку стаў афіцыйнай нямецкай сталіцай. У чэрвені 1991 году Бундэстаг прагаласаваў за перанос усіх дзяржаўных адміністрацыйных структураў у Бэрлін, які цалкам быў завершаны ў 1999 годзе.

Ад 2014 да 2021 бургамістрам Бэрліна быў Міхаэль Мюлер.

Від на цэнтар Бэрліну. На пярэднім пляне праспэкт вуліца Унтэр-дэн-Ліндэн
Ускрайкі Бэрліну пакрытыя лясамі й шматлікімі азёрамі

Бэрлін разьмешчаны на паўночным усходзе Нямеччыны ў рэгіёне нізіны зь пераважна раўнінным рэльефам, часткі шырокай Паўночна-Эўрапейскай раўніны, якая ахоплівае амаль усю Эўропу ад паўночнай Францыі да заходняй частцы Расеі. Ледніковая даліна ад Бэрліну да Варшавы, паміж нізкім плято на поўначы й поўдні, была сфармавана за кошт талых водаў, якія працякалі зь ледзянога покрыва ў канцы апошняга зьледзяненьня ў рэгіёне. Рака Шпрэе працякае па гэтай даліне зараз. У Шпандаў, заходнім раёне Бэрліну, Шпрэе ўпадае ў раку Гафэль, якая працякае з поўначы на поўдзень праз заходні Бэрлін. Рэчышча Гафэлю больш падобнае на ланцуг азёраў, найбуйнейшымі зь якіх зьяўляюцца Тэгелер і Гросэр Ванзэе. Існуе таксама цэлы шэраг азёраў, якія сілкуюцца ў вярхоўях Шпрэе, якая працякае празь Вялікае Мюгельзэе ва ўсходнім Бэрліне[29].

Істотная частка сучаснага Бэрліну ляжыць на нізкім плато па абодва бакі даліны ракі Шпрэе. Большая частка акругаў Райннікендорф і Панкоў ляжаць на плато Барнім, тады як большасьць зь іншых акругаў, як то Шарлётэнбург-Вільмэрсдорф, Штэглітц-Зэйлендорф, Тэмпэльгоф-Шэнэбэрг і Нойкёльн ляжаць на плато Тэльтаў.

Раён Шпандаў часткова ляжыць у Бэрлінскай ледніковай даліне й часткова на раўніне Наўэн, якая цягнецца на захад ад гораду. Самымі высокімі пунктамі Бэрліну ёсьць Тоўфэльсбэрг і Мюгельбэрге на ўскраіне гораду, а ў цэнтры — Кройцбэрг. У той час як апошні зь іх мае вышыню ў 66 мэтраў над узроўнем мора, два першыя пункты маюць вышыню каля 115 мэтраў. Тоўфэльсбэрг насамрэч, зьяўляецца штучным пагоркам, які складаецца з гары друзу з руінаў Другой сусьветнай вайны.

Самае вялікае пашырэньне гораду ва ўсходне-заходнім напрамку дасягае 45 кілямэтраў, у паўночна-паўднёвым — 38 кілямэтраў. Плошча гарадзкой тэрыторыі — каля 892 км². Бэрлін цалкам акружае зямля Брандэнбург, горад знаходзіцца на адлегласьці 70 кілямэтраў ад мяжы з Польшчаю. Горад зьяўляецца адным з самых густанаселеных раёнаў краіны.

Горад знаходзіцца ў зоне памеранага клімату ў адпаведнасьці з сыстэмай клясыфікацыі клімату Кёпэна.

Лета цёплае й вільготнае, часам зь сярэднім максымумам у 22—25 °C і сярэднім мінімумам у 12—14 °C. Зіма адносна халодная зь сярэднім максымумам у 3 °C і сярэднім мінімумам ад —2 да 0 °C. Вясна й восень, як правіла, халодныя або мяккія. Жылая плошча Бэрліну стварае асобны мікраклімат, дзякуючы якому цяпло захоўваецца сярод будынкаў гораду, з-за чаго тэмпэратура ў цэнтры можа складаць на чатыры градусы вышэй за тэмпэратуру ў прылеглых раёнах[30].

Сярэднегадавая тэмпэратура ў Бэрліне-Далеме складае 9,2 °C, сярэднегадавая колькасьць ападкаў — 579 мм. Самымі цёплымі месяцамі зьяўляюцца ліпень і жнівень зь сярэдняй тэмпэратурай 18,4 і 17,8 °C, самыя халодныя месяцы — студзень і люты зь сярэдняй тэмпэратурай 0,5 і 1,2 °C. Самая высокая сярэдняя колькасьць ападкаў прыходзіцца на травень — 67 мм, самая нізкая на люты — 36 мм.

 Кліматычныя зьвесткі для Бэрліну 
Паказьнік Сту Лют Сак Кра Тра Чэр Ліп Жні Вер Кас Ліс Сьн Год
Абсалютны максымум t, °C 15,0 17,0 23,0 30,0 33,0 36,0 38,8 35,0 32,0 25,0 18,0 15,0 38,8
Сярэдні максымум t, °C 2,9 4,2 8,5 13,2 18,9 21,8 24,0 23,6 18,8 13,4 7,1 4,4 13,4
Сярэдняя t, °C 0,5 1,3 4,9 8,7 14,0 17,0 19,0 18,9 14,7 9,9 4,7 2,0 9,6
Сярэдні мінімум t, °C −1,5 −1,6 1,3 4,2 9,0 12,3 14,7 14,1 10,6 6,4 2,2 −0,4 5,9
Абсалютны мінімум t, °C −26,1 −25 −13 −4 −1 4,0 7,0 7,0 0,0 −7 −9 −24 −26,1
Норма ападкаў, мм 42,3 33,3 40,5 37,1 53,8 68,7 55,5 58,2 45,1 37,3 43,6 55,3 570,7
Крыніца: UN[31]

Адміністрацыйны падзел

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Адміністрацыйная мапа Бэрліну

Адпаведна закону аб рэгіянальнай рэформе ад 10 траўня 1998 году колькасьць акругаў была паменшана 1 студзеня 2001 году з 23 да 12: Мітэ, Фрыдрыхсгайн-Кройцбэрг, Панкоў, Шарлётэнбург-Вільмэрсдорф, Шпандаў, Штэгліц-Цэлендорф, Тэмпэльгоф-Шэнэбэрг, Нойкёльн, Трэптаў-Кёпэнік, Марцан-Гэлерсдорф, Ліхтэнбэрг і Райнікэнсдорф. Акругі падзяляюцца на 96 раёнаў.

Начны Бэрлін з выявай тэлевізійнай вежы Фэрнзэтурм

Тэлевізійная вежа Фэрнзэтурм (ням. Fernsehturm) на плошчы Аляксандарпляц у раёне Мітэ зьяўляецца адным з самых высокіх будынкаў у Эўрапейскім зьвязе, маючы вышыню ў 368 мэтраў. Пабудавана яна была ў 1969 годзе, і яе відаць з большай часткі цэнтральных раёнаў гораду. Бэрлін можна разгледзець зь ейнага паверху назіраньняў, які месьціцца на вышыні 204 мэтраў. Пачынаючы з алеі Карла Маркса на ўсход, праспэкт мае манумэнтальныя жылыя будынкі, выкананыя ў стылі сацыялістычнага клясыцызму эпохі Ёсіфа Сталіна. Побач з гэтай вобласьцю месьціцца Чырвоная ратуша (ням. Rotes Rathaus) з характэрнай чырвона-цаглянай архітэктурай. Перад ратушай стаіць фантан Нэптунбрунэн (ням. Neptunbrunnen), які ўяўляе сабой выяву міталягічнай групы трытонаў, якія пэрсаніфікацуюць чатыры асноўныя рэкі Прусіі, і Нэптун на вяршыні іх.

East Side Gallery зьяўляецца выставай пад адкрытым небам, якая выкарыстоўвае апошнія існыя часткі Бэрлінскага муру. Гэта самы вялікі пакінуты доказ гістарычнага падзелу гораду. У апошні час галерэя зьведала рэстаўрацыю.

Патсдамэрпляц

Брандэнбурская брама, якая месьціцца ў Бэрліне, зьяўляецца славутасьцю ня толькі гораду, але й усёй Нямеччыны. Выява брамы месьціцца на нямецкіх манэтах эўра. Будынак Райхстагу зьяўляецца традыцыйным месцам правядзеньня паседжаньняў парлямэнту Нямеччыны, ён зьведваў капітальны рамонт у 1950-х гадоў пасьля таго як атрымаў сур’ёзную шкоду падчас Другой сусьветнай вайны. Будынак быў зноў рэканструяваны брытанскім архітэктарам Норманам Фостэрам у 1990-я, які вырабіў шкляны купал над парлямэнцкай заляй, што дазваляе арганізаваць вольны доступ грамадзкасьці да парлямэнцкіх пасяджэньняў.

Сярод выбітных месцаў гораду маецца нэаклясычны пляц Жандармэнмаркт, чыё імя ўзыходзіць да элітнага прускага фармаваньня «жандармаў» (франц. gens d'armes), якое тутака знаходзілася ў XVIII стагодзьдзі. На пляцы з кожнага зь ейных бакоў маюцца два аднолькавыя саборы, Францускі сабор і Нямецкі сабор. Канцэртная заля (ням. Konzerthaus), дом Бэрлінскага сымфанічнага аркестру, стаіць паміж двума саборамі.

Брандэнбурская брама ўначы

Музэйная выспа на рацэ Шпрэе ўяўяляе сабой месца разьмяшчэньня пяці дамоў-музэяў, пабудаваных з 1830 па 1930 гады, якія зьяўляюцца аб’ектам Сусьветнай спадчыны ЮНЭСКО. Аднаўленьне й будаўніцтва галоўнага ўваходу ва ўсе музэі, а таксама рэканструкцыя Гарадзкога палацу (ням. Stadtschloss), які месьціцца на той жа высьпе[32], абыйшлася гораду больш за 2 млрд эўра пасьля ўзьяднаньня краіны[33]. Акрамя таго, разьмешчаны на высьпе й прылеглы да Люстгартэну й палацу Бэрлінскі сабор, амбіцыйная спроба імпэратара Вільгельма II стварыць аналяг пратэстанцкай базылікі Сьвятога Пятра ў Рыме. У вялікім склепе сабору знаходзяцца парэшткі некаторых больш раньніх прадстаўнікоў прускай каралеўскай сям’і. Царква ў цяперашні час належыць пратэстанцкаму Зьвязу эвангельскіх цэркваў. Як і многім іншым будынкам, яму былі нанесеныя значныя пашкоджаньні падчас Другой сусьветнай вайны, але пасьля сканчэньня канфлікту сабор быў адноўлены. Найбольш добра захаваліся сярэднявечныя цэрквы Сьвятой Марыі, храм-помнік Мэмарыяльная царква кайзэра Вільгельма. Сабор Сьвятой Ядвігі зьяўляецца каталіцкім саборам Бэрліну.

Унтэр-дэн-Ліндэн цягнецца з ўсходу на захад гораду ад Брадэнбурскай брамы да месца былога Гарадзкога палацу й зьяўляецца адным з галоўных праспэктаў Бэрліну. Многія клясычныя будынкі маюцца ўздоўж вуліцы, тамака разьмешчаны й унівэрсытэт Гумбальта. Фрыдрыхштрасэ зьяўляецца легендарнай вуліцай Бэрліну, яна спалучае ў сабе традыцыі архітэктуры гораду XX стагодзьдзя з сучаснай архітэктурай Бэрліну.

Патсдамэрпляц быў перабудаваны з нуля пасьля 1995 году[34]. Да захаду ад яго разьмешчаны культурны цэнтар, у якім знаходзіцца Карцінная галерэя ў асяродзьдзях Новай нацыянальнай галерэі й Бэрлінскай філярмоніі. Помнік забітым габрэям Эўропы, помнік ахвярам Галакосту, разьмешчаны на поўначы ад пляцу[35].

Колькасьць насельніцтва Бэрліну:[36][37]

Насельніцтва (чал.)
1250 1450 1680 1709 1804 1871 1900 1913 1938 1945 1961 1989 2000 2011 (ацэнка) 2011 (перапіс) 2015
2 000 7 000 10 000 55 196 182 157 804 400 1 888 848 2 079 156 4 347 875 3 064 629 3 252 691 3 409 737 3 382 169 3 501 872 3 326 002 3 496 293
Sony Center

У мэтраполіі Бэрлін-Брандэнбург пражывае 6 024 000 чалавек (па зьвестках на 30 верасьня 2012) на тэрыторыі плошчай 30 370 квадратных кілямэтраў, у бэрлінскай аглямэрацыі — 4 341 592 чалавекі (па стане на 31 сьнежня 2013), а ў самім горадзе — 3 496 293 чалавекі (па стане на 30 верасьня 2015). Шчыльнасьць насельніцтва ў рэгіёне дасягае 194 жыхароў на адзін квадратны кілямэтар, у аглямэрацыі шчыльнасьць насельніцтва складае каля 1 160 жыхароў на 1 км², а ў горадзе — 3 921 чалавек на 1 км². Сярэдні век бэрлінца ў 2004 годзе складаў 41,7 гадоў. У сьнежні 2012 у Бэрліне пражывала каля 450 900 жыхароў-замежнікаў з 190 дзяржаваў. Гэта 14 % насельніцтва. Зь іх — каля 101 061 грамадзянаў Турэччыны, 46 945 грамадзянаў Польшчы, 19 771 — Італіі, 18 544 — Сэрбіі (разам з Косава), 17 596 — Расеі. Больш за 10 000 чалавек таксама налічваюць грамадзяне Баўгарыі, Францыі, ЗША, Віетнаму, Злучанага Каралеўства, Гішпаніі, Грэцыі, Босьніі й Герцагавіны й Аўстрыі. Найбольш прадстаўнічымі этнічнымі меншасьцямі Бэрліну зьяўляюцца (па стане на 2012, як грамадзяне іншых краінаў, гэтак і грамадзяне Нямеччыны): туркі (ад 180 000 да 210 000 чалавек; Бэрлін пасьля Турэччыны мае самую вялікую па колькасьці абшчыну этнічных турак у Эўропе), палякі (каля 100 000 чалавек), чарнаскурыя афрыканцы (каля 70 000 чалавек), расейцы (каля 50 000 чалавек) і інш. Колькасьць жанчын большая за колькасьць мужчынаў. Больш за 50 % бэрлінцаў жывуць безь сям’і.

Па зьвестках статыстычнага ведамства (2015) 16,5% жыхароў Бэрліну зьяўляюцца лютэранамі, 9% каталікамі, 74,5% не зьяўляюцца чальцамі якой небудзь рэлігійнай супольнасьці, або належаць да іншых рэлігіяў (у т.л. 7,2% вызнаюць іслам).

Афіцыйнай мовай у Бэрліне зьяўляецца нямецкая. Акрамя таго распаўсюджаны бэрлінскі дыялект, які ўзьнік цягам стагодзьдзяў у выніку зьмешваньня ніжненямецкіх дыялектаў з дыялектамі, якія прынесьлі перасяленцы зь іншых рэгіёнаў Нямеччыны, а таксама замежнікі (францускія гугеноты, габрэі і іншыя). Тыпова бэрлінскімі формамі вымаўленьня зьяўляюцца, напрыклад, наступныя: ‚dat‘/‚wat‘/‚loofen‘/‚koofen‘, замест стандартнанямецкіх ‚das‘/‚was‘/‚laufen‘/‚kaufen‘ (па-беларуску: гэта, што, бегчы, купляць).

У 2014 годзе сукупны ўнутраны прадукт зямлі Бэрлін склаў 117,3 мільярдаў эўра, што на 2,2% болей у параўнаньні з 2013 годам. У 2015 сукупны ўнутраны прадукт на чалавека ў Бэрліне склаў 35 627 эўра[38]. Узровень беспрацоўя за 2015 год склаў 10,7% — найніжэйшы паказчык для гораду за апошнія 20 гадоў[39]. Найважнейшымі сэктарамі эканомікі Бэрліну зьяўляюцца крэатыўная й культурная эканоміка, турызм, біятэхналёгіі, мэдычная тэхніка, фармаіндустрыя, мэдыя/інфармацыйныя й камунікацыйныя тэхналёгіі, будаўніцтва, розьнічны гандаль, оптыка й энэргатэхніка.

Штаб-кватэра Deutsche Bahn на Патсдамэрпляц (трэці хмарачос зьлева)

Па стане на 2014 год найбуйнейшымі працадаўцамі ў Бэрліне былі наступныя прадпрыемствы (усе яны маюць галоўныя штаб-кватэры ў Бэрліне, за выключэньнем Siemens, штаб-кватэра якога знаходзіцца часткова ў Бэрліне, часткова — у Мюнхэне і Deutsche Post AG са штаб-кватэрай у Боне; у дужках пазначана агульная колькасьць супрацоўнікаў той ці іншай фірмы): Deutsche Bahn — 21 260 чалавек (з 276 310), Charité — 16 857 чалавек (з 16 857), Vivantes — 14 714 чалавек (з 14 714), Berliner Verkehrsbetriebe — 13 300 чалавек (з 13 300), Siemens — 12 000 чалавек (з 405 000), Deutsche Post AG — 10 000 чалавек (з 470 000)[40].

Бэрлін зьяўляецца адным з найважнейшых цэнтраў гарадзкога турызму ў Нямеччыне. У 2015 годзе нямецкую сталіцу наведала больш за 12 мільёнаў турыстаў, якія правялі ў ім каля 30 мільёнаў начовак[41]. Гэта ставіць Бэрлін у шэраг найбольш папулярных турыстычных гарадоў Эўропы, пасьля Лёндану й Парыжу[42]. Інтэрнацыянальныя госьці складаюць 40% турыстаў, што наведваюць Бэрлін. Больш за ўсіх прыязджае турыстаў зь Вялікабрытаніі, Італіі, Нідэрляндаў, Гішпаніі й ЗША. Турыстаў прывабліваюць архітэктура гораду, яго гістарычныя славутасьці, музэі, фэстывалі, начное жыцьцё і буйныя мерапрыемствы.

Галоўны вакзал Бэрліну ў раёне Маабіт

Бэрлін — важны міжнародны транспартны вузел, асабліва чыгуначны — ён злучае Заходнюю й Усходнюю Эўропу. У прыватнасьці, са сьнежня 2011 праз Бэрлін праходзіць цягнік МаскваПарыж, які спыняецца таксама і ў беларускіх гарадах[43]. У 2006 у Бэрліне быў здадзены ў эксплюатацыю новы Галоўны чыгуначны вакзал.

Сам горад абслугоўваюць 15 лініяў электрычкі, 10 лініяў мэтро, 22 трамвайныя лініі, 150 аўтобусных і 5 паромных. Аўтобусныя лініі падзяляюцца на экспрэсы (зь літарай X), г. зв. мэтробусы (т. б. звышхуткасныя; зь літарай M) і г. зв. омнібусы (т. б. звычайныя аўтобусы; з трохлічбавымі нумарамі). Начныя аўтобусы маюць перад нумарам літару N. Міжгароднія і міжнародныя аўтобусы адпраўляюцца з Цэнтральнага аўтавакзалу. Па стане на 2012 год у Бэрліне налічвалася таксама 7600 таксі[44], якія належалі 3 100 фірмам (тры чвэрці зь іх мелі ў наяўнасьці толькі па адным аўтамабілі).

У 2012 годзе на кожную 1000 бэрлінцаў прыходзілася 324 аўтамабілі. Аўтабан A111 (E26) злучае Бэрлін з Гамбургам і Ростакам, A113 — з Дрэздэнам і Котбусам, A115 (E51) — з Гановэрам і Ляйпцыгам. Акрамя таго, A114 выводзіць праз кальцавую дарогу на Шчэцінскі кірунак, а A103 — на Потсдамскі.

Разьвіты ў Бэрліне і роварны рух. Даўжыня адмысловых роварных сьцежак складала ў 2014 годзе 191 км[45]

Ад кастрычника 2020 году Бэрлін абслугоўвае аэрапорт Бэрлін-Брандэнбург. Аэрапорт Шэнэфэльд, які існаваў раней, стаў тэрміналам № 5 аэрапорта Бэрлін-Брандэнбург.

Бэрлін — важны культурны цэнтар, адзін з эўрапейскіх глябальных гарадоў[46].

Будынак Бэрлінскай філярмоніі ў Тыргартэне

Бэрлін мае адразу тры будынкі опэры: Дзяржаўная опэра Ўнтэр дэн Ліндэн, Нямецкая опэра і Комішэ опэра. Акрамя таго, у горадзе дзейнічаюць шматлікія аркэстры й хоры: Бэрлінскі філярманічны аркэстар, Аркэстар Канцэртгаўса, Нямецкі сімфанічны аркэстар Бэрліну, Хор Бэрлінскага радыё і інш.

Музычная сцэна Бэрліну вельмі разнастайна: сярод тых артыстаў і гуртоў, што дзейнічалі, або дзейнічаюць у Бэрліне (у т.л. заснаваныя не ў ім), варта назваць Гэрбэрта фон Караяна, Ніну Гаген, Tangerine Dream, Пола ван Дайка, Дэйвіда Боўі, Ігі Попа, Die Ärzte, Rammstein, U2, X-Perience, Оляфа Егліцу (зь Real McCoy) і інш.

Штогод у лютым у Бэрліне праводзіцца міжнародны кінафэстываль, вядома таксама пад назвай Бэрліна́ле — адзін з найбольш значных кінафэстываляў у сьвеце (разам з Канскім і Вэнэцыянскім). На фэстывалі Berliner Theatertreffen (даслоўна па-беларуску: Бэрлінскія тэатральныя сустрэчы) прадстаўляюцца нямецкамоўныя навінкі тэатральнага сэзону. Іншымі буйнымі фэстывалямі зьяўляюцца міжнародны літаратурны, Фэст джазу, фэстываль танцаў, Young Euro Classics і Бэрлінскі біенале.

У праграме пастаянных мерапрыемстваў Бэрліну замацаваліся таксама розныя карнавалы, парады, канцэрты на вольным паветры. Найбольш вядомымі зь іх зьяўляюцца Карнавал культур, Christopher Street Day, Бэрлінскі карнавал і Myfest. З 1989 да 2006 у сучаснай нямецкай сталіцы штогод ладзіўся найбуйнейшы ў сьвеце тэхнапарадLoveparade.

Сярод найбольш вядомых тэатраў Бэрліну можна назваць Бэрлінэр ансамбль, Friedrichstadt-Palast, Volksbühne, Schaubühne am Lehniner Platz, Нямецкі тэатар, Тэатар імя Максіма Горкага[47], Renaissance-Theater, а таксама тэатар юнага гледача Grips-Theater.

Theater des Westens і Тэатар на Патсдамскім пляцы прапануюць, у першую чаргу, мюзіклы. Вядомымі тэатрамі-кабарэ зьяўляюцца Die Wühlmäuse, Distel і Quatsch Comedy Club. Акрамя таго, у Бэрліне шырока прадстаўлена вольная тэатральная сцэна.

Музэй Бодэ на Музэйнай высьпе.

Бэрлін мае вялікую колькасьць музэяў. У 1841, па загадзе караля, сучасная Музэйная выспа (паўночная частка выспы Шпрэеінзэль), якая абмываецца Купфэрграбэнам і Шпрэе, была вылучана пад «раён, прызначаны для мастацтва й старажытнасьцяў». Ужо тады там быў адкрыты Стары музэй, а пасьля каралеўскага загаду зьявіліся таксама Новы музэй, Старая Нацыянальная галерэя, цяперашні Музэй Бодэ і Пэргамскі музэй. У 1999 годзе Музэйная выспа была ўключана ў Сьпіс Сусьветнай спадчыны ЮНЭСКО[48].

Па-за межамі Музэйнае выспы ёсьць шмат іншых цікавых музэяў па розных тэмах. Музэй прыродазнаўства са сваімі 30 мільёнамі экспанатаў і найвышэйшым у сьвеце шкілетам дыназаўру зьяўляецца найбуйнейшым прыродазнаўчым музэем у сьвеце. У Нямецкім тэхнічным музэі на плошчы ў 25 000 м² прадстаўлены экспанаты й экспэрымэнты па тэме «тэхніка». Бэрлінская карцінная галерэя й Новая нацыянальная галерэя — гэта музэі мастацтва, а Bauhaus-Archiv — архітэктуры. У Нямецкім гістарычным музэі прадстаўлены 2000 год нямецкай гісторыі, а ў Габрэйскім музэі — гісторыя нямецкіх габрэяў.

У паляўнічым палацы Грунэвальд прадстаўлена калекцыя карцін XV-XIX стагодзьдзяў. У Музэйным цэнтры ў раёне Далем сканцэнтравана некалькі этналягічных калекцыяў. Музэй на Чэкпойнт Чарлі (таксама вядомы як Музэй Бэрлінскага муру) распавядае пра моманты з жыцьця падзеленай Нямеччыны. Непадалёк ад яго, на Потсдамскім пляцы, у 2005 годзе паўстаў Помнік ахвярам галякосту.

Іншыя славутасьці

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Калёна Перамогі

Бэрлін у мастацтве

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пачынаючы зь XIX стагодзьдзя, калі Бэрлін стаў мільённым горадам, пра яго і пра жыцьцё ў ім было напісана шмат песень[49]. Сярод, бадай, найбольш вядомых, варта назваць Berliner Luft (1899, даслоўна па-беларуску: Бэрлінскае паветра) Паўля Лінкэ, Pack die Badehose ein (1951), Sonderzug nach Pankow (1983) Уда Ліндэнбэрга, Summer in Berlin (1984, заходненямецкага гурта Alphaville), Wand an Wand (1987, усходнебэрлінскага гурта City).

Неаднаразова да бэрлінскае тэматыкі зьвярталася дачка гораду Марлен Дытрых (напрыклад, Berlin Berlin, Ich hab noch einen Koffer in Berlin, Sonntags angeln gehn і інш). Прысьвечаны Бэрліну і песьні некаторых замежных выканаўцаў: Дорога на Берлин з рэпэртуару Леаніда Ўцёсава, Neuköln Дэйвіда Боўі, Oh Berlin ад U2, Crying in Berlin у выкананьні Боні Тайлер і інш.

Алімпійскі стадыён у раёне Вэстэнд

У Бэрліне дзейнічаюць каля 2000 спартовых клюбаў, актыўнымі чальцамі якіх зьяўляюцца каля 550 000 чалавек[50]. У 2010 годзе 145 бэрлінскіх камандаў удзельнічалі ў розных нямецкіх бундэсьлігах[51]. Найбольш вядомымі бэрлінскімі клюбамі зьяўляюцца футбольныя «Гэрта» й «Уніён», баскетбольны «Альба», хакейны «Айсбэрэн», гандбольны «Фюксэ», клюбы амэрыканскага футболу «Бэрлін Рэбэлс» і «Бэрлін Адлер», а таксама валейбольны «Бэрлін Рэсайклінг Волез».

Бэрлін неаднаразова станавіўся месцам міжнародных спаборніцтваў. У 1936 годзе горад прымаў XI Летнія Алімпійскія гульні, у 2006 — частку адборачных матчаў, чвэрцьфіналаў і фінал Чэмпіянату сьвету па футболе, у 2009 — Чэмпіянат сьвету па лёгкай атлетыцы, у 2024 — гульні Чэмпіянату Эўропы па футболе 2024 году[52]. Штогод у горадзе праводзіцца Бэрлінскі маратон і фінал Кубку Нямеччыны па футболе.

Да найбуйнейшых спартовых пляцовак Бэрліну належаць Алімпійскі стадыён (разьлічаны на 74 649 месцаў)[53], стадыён Ан дэр Альтэн Фёрстэрай (22 012 месцаў), Спортпарк імя Фрыдрыха-Людвіга Яна (19 000 месцаў) і Мэрсэдэс-Бэнц-Арэна (да 17 000 месцаў).

  • Тэлеканал «Н24»
  1. ^ Amtes für Statistik Berlin-Brandenburg. Bevölkerungsstand in Berlin am 30. September 2015. [1].
  2. ^ INSEE. «Population des villes et unités urbaines de plus de 1 million d’habitants de l’Union européenne»
  3. ^ «Gren Berlin». Andrea Schulte-Peevers, Lonely Planet Publications
  4. ^ «Documents of German Unification, 1848—1871». Modern History Sourcebook.
  5. ^ «Topographies of Class: Modern Architecture and Mass Society in Weimar Berlin». (Social History, Popular Culture, and Politics in Germany) www.h-net.org.
  6. ^ «Berlin Wall». Encyclopædia Britannica.
  7. ^ «Berlin — Capital of Germany». German Embassy in Washington.
  8. ^ «Diplomatic Berlin»(недаступная спасылка). Deutschland Online.
  9. ^ Davies, Catriona (10 April 2010). «Revealed: Cities that rule the world — and those on the rise». CNN.
  10. ^ Sifton, Sam (31 December 1969). «Berlin, the big canvas». The New York Times.
  11. ^ «ICCA publishes top 20 country and city rankings 2007». ICCA.
  12. ^ «Berlin City of Design Press Release». UNESCO.
  13. ^ «Berlin-Tourismus 2010 mit neuem Rekord». Amt für Statistik.
  14. ^ «World Heritage Site Museumsinsel». UNESCO.
  15. ^ Нямецкае прэс-агенцтва(de). Hollywood Helps Revive Berlin's Former Movie Glory (анг.) // Радыё «Нямецкая хваля», 9 жніўня 2008 г. Праверана 28 траўня 2016 г.
  16. ^ Flint, Sunshine (12 December 2004). «The Club Scene, on the Edge». The New York Times.
  17. ^ «The Monocle Quality Of Life Survey» (PDF). www.denmark.dk.
  18. ^ Berger, Dieter (1999). «Geographische Namen in Deutschland». Bibliographisches Institut. ISBN 3-411-06252-5.
  19. ^ «Berlin dig finds city older than thought». Associated Press.
  20. ^ «Spandau Citadel». Berlin tourist board.
  21. ^ «The Hohenzollern Dynasty». Antipas.
  22. ^ «Berlin Cathedral». SMPProtein.
  23. ^ «Brandenburg during the 30 Years War». WHKMLA.
  24. ^ Clodfelter, Michael (2002), «Warfare and Armed Conflicts- A Statistical Reference to Casualty and Other Figures, 1500—2000» (2nd ed.), McFarland & Company, ISBN 0-7864-1204-6
  25. ^ «Agreement to divide Berlin». FDR-Library.
  26. ^ а б «Berlin Airlift / Blockade». Western Allies Berlin.
  27. ^ «Berlin official website; History after 1945». City of Berlin.
  28. ^ «Ostpolitik: The Quadripartite Agreement of September 3, 1971». US Berlin Embassy.
  29. ^ «Satellite Image Berlin». Google Maps
  30. ^ «Weather.com». weather.com.
  31. ^ World Weather Information Service (недаступная спасылка)
  32. ^ «Neumann: Stadtschloss wird teurer». Berliner Zeitung
  33. ^ «Das Pathos der Berliner Republik». Berliner Zeitung
  34. ^ «Construction and redevelopment since 1990». Senate Department of Urban Development.
  35. ^ «A Forest of Pillars, Recalling the Unimaginable». The New York Times.
  36. ^ [2]. Berliner Adreßbuch : für d. Jahr ... ; unter Benutzung amtl.
  37. ^ Zensus 2011 Ausgewählte Ergebnisse
  38. ^ Bruttoinlandsprodukt (BIP) je Einwohner nach Bundesländern im Jahr 2015 (ням.)
  39. ^ Arbeitslosenquote in Berlin von 1999 bis 2015 (ням.)
  40. ^ Top 200 der Berliner Unternehmen (ням.)
  41. ^ Amt für Statistik Berlin-Brandenburg (ням.)
  42. ^ Tourismuskonzept der Stadt Berlin (ням.)
  43. ^ РЖД запускает поезд Москва - Берлин - Париж (рас.)
  44. ^ Taxigewerbe in Berlin (ням.)
  45. ^ Berlins Kampf gegen das Auto (ням.)
  46. ^ Global Power City Index
  47. ^ Maxim Gorki Theater - Startseite (ням.)
  48. ^ World Heritage Site Museumsinsel. (анг.)
  49. ^ Der Berlin-Song hat echte Konjunktur
  50. ^ lsb-berlin – Über uns (ням.)
  51. ^ Daten und Fakten zur Sportmetropole Berlin (ням.)
  52. ^ EURO 2024 host cities: Venue guide (анг.). UEFA. Праверана 7 ліпеня 2024 г.
  53. ^ Zahlen und Fakten zum Berliner Olympiastadion (ням.)

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]