Перайсьці да зьместу

Аркадзь Моркаўка

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Аркадзь Моркаўка
лац. Arkadź Morkaŭka
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 26 студзеня 1900 (124 гады)
в. Зазер’е, Менскі павет, Менская губэрня (цяпер Пухавіцкі раён, Менская вобласьць)
Памёр 24 красавіка 1957
Менск
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці паэт, выкладчык, інжэнэр, партызан
Дэбют «К новаму году» // «Вольны сьцяг», № 1, 1922

Аркадзь Андрэевіч Моркаўка (26 студзеня 1900, в. Зазер’е, Менскі павет, Менская губэрня — 24 красавіка 1957, Менск) — беларускі паэт.

Нарадзіўся ў сялянскай сям’і чыгуначніка Андрэя Кандратавіча і Марыі Максімаўны (пам. 1919). Пачатковую адукацыю атрымаў у вясковай школе. Скончыў курсы тэлеграфістаў у Менску (1916), працаваў тэлеграфістам на станцыі Менск (1916—1924). Вучыўся ў Віцебскім электрамэханічным тэхнікуме (1924—1927). У 1928—1930 уваходзіў у рэдкалегію часопіса «Маладняк», у 1930 — у рэдкалегію часопіса «Полымя». Скончыў энэргетычны факультэт Беларускага політэхнічнага інстытуту (1934), працаваў інжынэрам, галоўным інжынэрам рэспубліканскай Палаты мер і вагі; адначасова — ва Ўсесаюзным энэргетычным таварыстве.

У гады нямецка-савецкай вайны ў менскім падпольлі: маючы тэхнічную адукацыю, вырабляў капсулы для мін на заказ падпольшчыкаў. У пасьляваенны час працягнуў працу ў Палаце мер і вагі. Па сумяшчальніцтве, да апошніх дзён, працаваў выкладнікам энэргетычнага факультэту Беларускага політэхнічнага інстытуту.

Друкавацца пачаў з 1922. Найбольш плённы паэтычны пэрыяд А. Моркаўкі прыпадае на 1924—1927[1]. Апублікаваў адзіную прыжыцьцёвую кнігу «Дым жыцьця» (1928). Друкаваўся ў многіх тагачасных пэрыядычных выданьнях. У 1930-я адышоў ад ад літаратурных справаў, не выступаў на старонках пэрыёдыкі.

Па сьмерці паэта выйшлі дзьве яго анталёгіі: «Гады, як ветразі» (1959), «Вершы» (1973). Творы А. Моркаўкі перакладаліся на расейскую, украінскую і чэскую мовы.

Паводле Р. Бярозкіна, паэзіі А. Моркаўкі 20-х гадоў уласьціва імкненьне да суб’ектыўнага, глыбока індывідуальнага і асабістага раскрыцьця праблем, якія хвалявалі тагачаснае савецкае грамадзтва[2]. На думку дасьледніка, у паэзіі А. Моркаўкі «непасрэдна грамадзкая тэма не знайшла глыбокага і тэмпэрамэнтнага выяўленьня»[3]. Паводле М. Мішчанчука, у паэзіі А.Моркаўкі на першы плян выходзіць не канстатацыя рэвалюцыйных перамен у жыцьці, а паглыбленае раскрыцьцё такіх спрадвечных паняцьцяў, як праца («Працуй»), лёс чалавецтва ў гістарычным пляне («Я жыў», «Сфінкс…»), месца чалавека ў сусьвеце («Накрыліся хаты»), хваляваньне — спакой («І ў зацішшы, кажуць, ёсьць навалы…»)[2]. Як адзначае С. Вірзоўскі, А. Моркаўка імкнуўся адысьці ад «маладнякоўскіх» тэм і вобразаў[4].

На думку М, Мішчанчука, паэт выкарыстоўваў традыцыі Янкі Купалы і Якуба Коласа, салідарызуючыся з Уладзімерам Дубоўкам, А. Гурло, Язэпам Пушчам і Ўладзімерам Хадыкам[2].

На думку дасьледніка беларускай літаратуры М. Гарэцкага:

« …галоўны матыў у творчасьці Моркаўкі — філязофскі разгляд розных зьяваў жыцьця. Ён закранае і сацыяльнае змаганьне, і сацыялістычнае будаўніцтва, і адносіны між горадам і вёскаю, і адносіны да каханае жанчыны і г. д., але скрозь ў яго пры гэтым зьяўляюцца філязофскія разважаньні, галоўны матыў якіх: хоць няма нічога вечнага, але сьвет прыгожы, жыцьцё патрабуе змаганьня, і таму будзем жыць і змагацца. На яго творчасьці ёсьць значны сьлед інтэлігенцкае замкнутасьці, у яго шмат пэўнага індывідуалізму і туманнага інтэлігенцкага касьмізму. Але ў яго вершах ёсьць, тым часам, і непасрэдная радасьць жыцьця, бадзёрасьць, дзейнае клясавае пачуцьцё[5]. »

У паэзіі ваеннага пэрыяду, А. Моркаўка ставіць у цэнтры сваіх вершаў вобраз чалавека, расьпятага на крыжы зямных дарог і трывог. На думку М. Мішчанчука, такім разуменьнем вайны ён збліжаўся з К. Чорным і апярэджваў шмат у чым тагачасную публіцыстычна-рытарычную паэзію[6].

  1. ^ Падстаўленка, В. «І зорка ў сэрцы начавала…»: паэзія Аркадзя Моркаўкі 1920-х гг. // Роднае слова. — 2009. — № 6. — С. 17—19.
  2. ^ а б в Мішчанчук, М. І. Лірыка Аркадзя Моркаўкі // Беларуская літаратура. — Мн.: Універсітэцкае, 1985. — В. 13. — С. 121.
  3. ^ Бярозкін, Р. З пакалення першых // ЛіМ. — 1970. — № 7.
  4. ^ Вірзоўскі, С. Нягучны, ды шчыры спеў // ЛіМ. — 1980. — № 4. — С. 15.
  5. ^ Гарэцкі, М. «Маладняк» за пяць гадоў. 1923—1928. — Менск: Беларускае дзяржаўнае выдавецтва, 1928. — 98—99 с.
  6. ^ Моркаўка Аркадзь // Беларускі пісьменнікі: Біябібліягр. слоўнік. У. 6 т. Лазарук — Перкін / Ін-т літ. імя Я. Купалы Ан Рэспублікі Беларусь, Беларус. Энцыкл.; Пад рэд. А. В. Мальдзіса; Рэдкал.: І. Э. Багдановіч і інш. — Мн.: БелЭн, 1994. — С. 332. — 524 с.
  • Моркаўка Аркадзь // Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік; Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав.рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 653 с.: іл. ISBN 5-340-00709-X
  • Моркаўка Аркадзь // Беларускі пісьменнікі: Біябібліягр. слоўнік. У. 6 т. Лазарук — Перкін / Ін-т літ. імя Я. Купалы Ан Рэспублікі Беларусь, Беларус. Энцыкл.; Пад рэд. А. В. Мальдзіса; Рэдкал.: І. Э. Багдановіч і інш. — Мн.: БелЭн, 1994. — С. 332. — 524 с.
  • Гілевіч Н. З тых, хто быў надоўга замоўк / «Пры крыніцах гаючае вады»: Старонкі кнігі пра творцаў // «Дзеяслоў», № 28. — Мінск. 2007, чэрв.;
  • Падстаўленка В. Аркадзь Моркаўка: віцебскі перыяд творчасці: (пра беларускага паэта) // Літаратурныя постаці Віцебшчыны: гісторыя і сучаснасць. — Віцебск: ВДУ, 2008. — 151 с ISBN 978—985-425-999-4 — C. 92—98

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]