Рэспу́бліка А́ўстрыя, А́ўстрыя (па-нямецку: Republik Österreich, Österreich Аўдыё De-Österreich.ogg ) — краіна ў Цэнтральнай Эўропе. Мяжуе зь Нямеччынай і Чэхіяй на поўначы, Славаччынай і Вугоршчынай на ўсходзе, Славеніяй і Італіяй на поўдні, Швайцарыяй і Ліхтэнштайнам на захадзе. У Аўстрыі жывуць амаль 9 мільёнаў чалавек. Тэрыторыя краіны складае 83,879 км². Ляндшафт вельмі гарысты, бо на большай частцы краіны знаходзяцца Альпы, то бок толькі 32% краіны знаходзіцца на вышыні меншай за 500 мэтраў ад узроўня мора, а самы высокі пункт складе 3,798 мэтраў[16]. Большасьць насельніцтва размаўляе на мясцовых баварскіх дыялектах нямецкай мовы ў якасьці роднай мовы[17], а стандартная нямецкая мова зьяўляецца афіцыйнай мовай краіны. Да іншых рэгіянальных адносяцца вугорская, градзішчанска-харвацкая і славенская мовы[16].

Аўстрыя
лац. Aŭstryja
па-нямецку: Republik Österreich
па-нямецку: Österreich
Сьцяг Герб
Дзяржаўны гімн
Край гор і вод, краіна струменяў[1]
Дата заснаваньня: 12 лістапада 1918
Афіцыйная мова: нямецкая[2] і аўстрыйская мова жэстаў[d][3]
Сталіца: Вена[4]
Форма кіраваньня: фэдэратыўная парлямэнцкая рэспубліка[d] і зьмяшаная рэспубліка[5][4]
прэзыдэнт Аўстрыі[7]: Аляксандар ван дэр Бэлен[6]
фэдэральны канцлер Аўстрыі[d]: Карл Нэгамэр[d]
Заканадаўчы орган: парлямэнт Аўстрыі[d]
Выканаўчы орган: фэдэральны ўрад Аўстрыі[d]
Плошча:
Насельніцтва:
Валюта: эўра
СУП (2022)
па ППЗ: 700,203 млрд $[10]
па ППЗ на душу насельніцтва: 64 750 $[10]
намінальны: 479,820 млрд $[10]
намінальны на душу насельніцтва: 53 4320 $[10]
Мэдыянны прыбытак: 34 911 $[11]
Індэкс дэмакратыі: 8,16[12]
Каэфіцыент Джыні: 30,2[13]
ІРЧП: 0,916[14]
Часавы пас: UTC+1[15]
Аўтамабільны знак: A
Бок аўтамабільнага руху: праваруч
Дамэн верхняга ўзроўню: .at
Тэлефонны код: +43
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Аўстрыя зьяўляецца фэдэратыўнай рэспублікай з парлямэнцкай прадстаўнічай дэмакратыяй, у якую ўваходзяць дзевяць фэдэратыўных земляў[16]. Сталіцай і найбуйнейшым горадам краіны зьяўляецца Вена, насельніцтва якой складае больш за 1,8 мільёнаў жыхароў[16][18]. Да іншых буйных гарадоў адносяцца Грац, Лінц, Зальцбург і Інсбрук. Аўстрыя стала вызначаецца як адна з самых заможных краінаў у сьвеце паводле СУП на душу насельніцтва. У краіне назіраецца даволі высокі ўзровень жыцьця. Паводле вынікаў 2018 году Аўстрыя заняла 20-ы радок у сьпісе індэксу разьвіцьця чалавечага патэнцыялу ў сьвеце. Рэспубліка абвесьціла сталы нэўтралітэт у зьнешнепалітычных справах у 1955 годзе. З таго ж году Аўстрыя стала чальцом Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў. У 1995 годзе краіна ўвайшла ў Эўрапейскі Зьвяз[16]. Аўстрыя зьяўляецца адным з заснавальнікаў АЭСР[19]. У 1995 годзе Аўстрыя далучылася да Шэнгенскага пагадненьня[20], а ў 1999 годзе адмовілася ад ўласнай нацыянальнай валюты і перайшла на выкарыстаньне эўра ў якасьці сродку аплаты[21].

Гісторыя

рэдагаваць

Старажытнасьць

рэдагаваць
 
Невялікая статуэтка жаночай фігуры, вядомая як Вэнэра Вілендорфская, выяўленая на тэрыторыі Аўстрыі.

Цэнтральна-эўрапейскія землі, тамака дзеля цяпер месьціцца сучасная Аўстрыя, была заселеная ў дарымскія часы рознымі кельцкімі плямёнамі. Старажытная кельцкая дзяржава Норык была захопленая Рымскай імпэрыяй і зробленая правінцыяй. Вайсковы лягер рымлянаў Карнунтум, які захаваўся да сучаснасьці, на ўсходзе Аўстрыі быў важным армейскім пунктам у Верхняй Паноніі. Тут месьціліся блізу 50 тысяч чалавек[22].

Сярэднявечча

рэдагаваць

Пасьля падзеньня Рымскай імпэрыі землі сучаснай краіны былі захопленыя баварцамі, славянамі і аварамі[23]. Кароль франкаў Карл Вялікі заваяваў тэрыторыю ў 788 годзе. Разам зь ім у рэгіёне пашырылася хрысьціянства[23]. У 803 годзе Карлам Вялікім была ўтвораная Аварская марка. Зьяўляючыся часткай Усходне-Франкскае каралеўства, аўстрыйскія землі ўтрымліваліся родам Бабэнбэргаў. Зямля, якая на той час была вядомая як Усходняя марка, была аддадзеная Леапольду Бабэнбэргу ў 976 годзе[24].

 
Першая згадка назвы Аўстрыя (Ostarrîchi) ў дакумэнце 996 году. Слова адзначанае чырвоным.

Першы запіс, які фіксуе ўжываньне назвы Аўстрыя, адсылае да 996 году, дзе рэгіён быў названы Ostarrîchi, спасылаючыся на тэрыторыі Бабэнбэргаў[24]. У 1156 годзе прывілей Privilegium Minus узняў Аўстрыю да статусу герцагства, вылучыўшы яе з складу Баварыі. У 1192 годзе Бабэнбэргі таксама набылі тытул герцагаў Штырыі. Па сьмерці Фрэдэрыка II у 1246 годзе род Бабэнбэргаў зьнік[25].

У выніку панаваньне над герцагствамі Аўстрыі, Штырыі і Карынтыі атрымаў кароль Багеміі Пржэмысл Атакар II[25]. Аднак ягонае кіраваньне скончылася з паразай у бітве на Мараўскім полі ў 1278 годзе, дзе перамогу здабыў кароль Германіі Рудольф I Габсбург[26]. Менавіта з родам Габсбургаў павязаная ўся астатняя гісторыя Аўстрыі ажно да сканчэньня Першай сусьветнай вайны. У XIV і XV стагодьдзях Габсбургі захапілі іншыя правінцыі ў непасрэднай блізкасьці ад герцагства Аўстрыі. У 1438 годзе герцаг Альбрэхт II быў абраны пераемнікам свайго цесьця імпэратара Жыгімонта на пасадзе імпэратарам Сьвятой Рымскай імпэрыі. Не зважаючы на тое, што Альбрэхт толькі год быў імпэратарам, але з гэтага часу кожны наступны імпэратар быў з Габсбургаў толькі за адзіным выключэньнем. Пасьля гэтага ўплыў роду ва ўсёй Эўропе значна пашырыўся.

У 1526 годзе пасьля бітвы пры Могачы, Багемія і частка Вугоршчыны, якая не была захопленая асманамі, трапіла пад аўстрыйскае кіраваньне[27]. Праз асманскую навалу на Вугоршчыну канфлікты паміж Аўстрыяй і Асманскай імпэрыяй толькі павялічваліся, асабліва гэта выявілася ў доўгай Трынаццацігадовай вайне, якая трывала з 1593 па 1606 гады. Асманы каля 20 разоў урываліся ў Штырыю. У 1526 годзе адбылося далучэньне Харватыі да Аўстрыі. У канцы верасьня 1529 году Сулейман I зладзіў першую аблогу Вены, якая скончылася для асманаў беспасьпяхова, бо паводле словаў асманскіх гісторыкаў зарана пачалася зіма зь сьнегападамі.

XVII—XVIII стагодзьдзі

рэдагаваць
 
Бітва пад Венай 1683 году скончыла прасоўваньне асманаў далей у Эўропу.

За часам доўгага панаваньня імпэратара Леапольда I з 1658 па 1705 гады і пасля пасьпяховай абароны Вены ў 1683 годзе, дзякуючы каралю Рэчы Паспалітай Яну Сабескаму[28], большая частка Вугоршчыны трапіла пад аўстрыйскі кантроль паводле Карлавіцкага кангрэсу, які ладзіўся ў 1699 годзе прадстаўнікамі Сьвятой лігі. У 1713 годзе адбылося аднаўленьне кантролю над Італіяй і гішпанскімі Нідэрляндамі.

Імпэратар Карл VI адмовіўся ад многіх прыбыткаў сваёй імпэрыі, шмат у чым праз перасьцярогу за выжываньне роду Габсбургаў. Справа ў тым, што Карл ня меў сыноў, таму быў вымушаны скласьці Прагматычную санкцыю, паводле якой намагаўся перадаць уладу сваёй дачцэ Марыі Тэрэзіі. Па сьмерці Карла разгарнулася Вайна за аўстрыйскую спадчыну, у выніку якой Марыя Тэрэзія здолела замацавацца на троне, але мусіла саступіць Прусіі Сылезію. З уздымам Прусіі ўзмацнілася Аўстра-прускае суперніцтва на нямецкіх землях. Аўстрыя разам з Прусіяй і Расеяй удзельнічала ў падзелах Рэчы Паспалітай у канцы XVIII стагодзьдзя, атрымаўшы ў валоданьне Галічыну. З таго часу Аўстрыя стала радзімай клясычнай музыкі, прэзэнтаваўшы сьвету кампазытараў Ёзэфа Гайдна, Вольфганга Амадэя Моцарта, Людвіга ван Бэтговэна і Франца Шубэрта.

XIX і пачатак XX стагодьдзя

рэдагаваць
 
Мапа Нямецкага зьвязу, да складу якога ўваходзілі і аўстрыйскія землі.

Пазьней Аўстрыя брала ўдзел ў вайне супраць рэвалюцыйнай Францыі, якая была вельмі няўдалай у пачатку. Францускі імпэратар Напалеон Банапарт зьнішчыў Сьвятую Рымскую імпэрыю ў 1806 годзе, але за два гады да таго была ўтвораная Аўстрыйская імпэрыя[29]. Яшчэ некалькі гадоў удзелу ў Напалеонаўскіх войнах прывялі да ўварваньня кааліцыі ў Францыю. Перамога над Напалеона скончылася Венскім кангрэсам у 1815 годзе. У тым жа годзе быў створаны Нямецкі зьвяз пад прэзідэнцтвам Аўстрыі. Празь нявырашаныя сацыяльныя, палітычныя і нацыянальныя канфлікты нямецкія землі выбухнулі рэвалюцыямі 1848 году, накіраваныя на стварэньне адзінай Нямеччыны[30].

Існавалі розныя варыяцыі аб’яднанай Нямеччыны як то Вялікая Нямеччына альбо Вялікая Аўстрыя, ці нават проста Нямецкая канфэдэрацыя без Аўстрыі. Паколькі Аўстрыя не была гатовая адмовіцца ад сваіх нямецкамоўных тэрыторыяў на карысьць Нямецкай імпэрыі, якая паўстала 1848 году, карона новай імпэрыі была прапанаваная прускаму каралю Фрыдрыху Вільгэльму IV. У 1864 годзе Аўстрыя і Прусія ваявалі з Даніяй дзеля адрынаньня ад дацкага каралеўства Шлезьвігу і Гальштайну. Пасьля Прусія і Аўстрыя ўжо біліся адно з адным, паколькі дзяржавы ня здолелі ўмовіцца на тое, як Шлезьвіг і Гальштайн мусяць кіравацца. Пасьля паразы ў Аўстра-прускай вайне Аўстрыя мусіла пакінуць Нямецкую канфэдэрацыю і больш ня браць удзелу ў нямецкай палітыцы[31].

 
Этнічная мапа Аўстра-Вугоршчыны паводле стану на 1910 год.

Яшчэ ў 1848 годзе падчас Вясны народаў Аўстрыя здолела здушыць Вугорскую рэвалюцыю, але дзеля кампрамісу імпэрыя была рэфармаваная, у выніку чаго краіна стала Аўстра-Вугоршчынай. Новы ўклад прадугледжваў падвойны сувэрэнітэт Аўстрыйскай імпэрыі і Каралеўства Вугоршчыны, абодва ўтварэньне ачольваліся імпэратарам Францам Ёсіфам I[32]. У тыя часы імпэрыя мела пярэсты этнічны склад, то бок на тэрыторыі дзяржавы жылі немцы, вугорцы, харваты, чэхі, палякі, русіны, сэрбы, славакі, славенцы і ўкраінцы, а таксама меліся буйныя італьянскія і румынскія суполкі.

Кіраваць краінай стала ўсё цяжэй у эпоху новых нацыяналістычных рухаў, што патрабавала значнай залежнасьці ад таемнай паліцыі. Тым ня менш, урад Аўстрыі паспрабаваў у некаторых аспэктах зьмякчыць расклады. Гэтак у Цысьлейтаніі (аўстрыйскай частцы імпэрыі) законы і пастановы публікаваліся на васьмі мовах, а таксама ўсе нацыянальныя групы мелі права на школы на сваёй мове і на выкарыстаньне роднай мовы ў сфэры дзяржаўнага кіраваньня. Поруч з тым існавалі ў розных сацыяльных колах пангерманскія настроі, згодна зь якімі краіна мусіла аб’яднацца зь Нямецкай імпэрыяй[33]. Шмат аўстрыйскіх пранямецкіх нацыяналістаў пратэставалі супраць моўнага дэкрэту 1897 году міністра-прэзыдэнта Казімера Фэлікса Бадэні, які ўраўнаў нямецкую і чэскую мовы ў Багеміі і запатрабаваў ад дзяржаўнага чынавенцтва валодаць абедзьвюма мовамі. На практыцы гэта азначала, што дзяржаўная служба амаль выключна мусіла наймаць чэхаў, бо большасьць чэхаў сярэдняе клясы акрамя роднай чэскай мовы добра размаўлялі па-нямецку.

Скарыстаўшыся нестабільнасьцю ў Асманскай імпэрыі Аўстра-Вугоршчына анэксавала Босьнію і Герцагавіну ў 1908 годзе[34]. Забойства аўстрыйскага эрцгерцага Франца Фэрдынанда ў 1914 годзе ў Сараеве выклікала вайну паміж супраць Сэрбіі, якая пашырылася да Першай сусьветнай вайны. Канфлікт спрычыніў катастрафічныя наступствы для дзяржавы. Гэтак на франтах загінуў больш за мільён жаўнераў Аўстра-Вугоршчыны[35].

Міжваенны час

рэдагаваць
 
Нямецкамоўныя часткі былой імпэрыі. Чырвоным колерам пазначаныя межы навастворанай Аўстрыйскай рэспублікі.

У лістападзе 1918 годзе з краіны зьбег імпэратар Карл I Габсбург, а ўрад агалосіў стварэньне Германскай Аўстрыі, якая мусіла быць дэмакратычнай рэспублікай у складзе Нямецкай рэспублікі. У склад краіны мусілі ўвайсьці нямецкамоўныя часткі былой імпэрыі, выключаючы шэраг зь іх, як то Паўднёвы Тыроль і Нямецкая Чэхія[36]. Імкненьне да ўзьяднаньня да Нямеччыны было папулярным і падзялялася ўсімі сацыяльнымі коламі як у Аўстрыі, гэтак і ў Нямеччыне. Аднак Сэн-Жэрмэнскі і Вэрсальскі дагаворы забаранілі аб’яднаньне паміж Аўстрыяй і Нямеччынай[37]. Дагаворы таксама прымусілі Германскую Аўстрыю зьмяніць назоў на Аўстрыйскую рэспубліку[38]. У выніку больш за тры мільёны нямецкамоўных аўстрыйцаў апынуліся па-за межамі новай Аўстрыйскай рэспублікі і сталі меншасьцямі ў Чэхаславаччыне, Югаславіі, Вугоршчыне і Італіі[39].

 
Канцлер Аўстрыі, а потым і лідэр дзяржаўнага пераварорту Энгельбэрт Дольфус.

Па вайне інфляцыя моцна паслабіла крону, якая па-ранейшаму была валютай Аўстрыі. Увосень 1922 году Аўстрыі была прадастаўленая міжнароднай пазыка, дзякуючы намаганьням Лігі народаў[40]. На мэце ставілася задача ўнікнуць банкруцтва, атрымаць стабілізацыю валюты і палепшыць агульны эканамічны стану краю. У 1925 годзе крона была замененая на шылінг. У наступныя гады эканоміка краіны пачала расьці, але Вялікая дэпрэсія прыпыніла росквіт. Першая рэспубліка была скасаваная ў 1933 годзе, калі канцлер Энгельбэрт Дольфус прагалосіў аўтарытарны рэжым на ўзор італьянскага фашызму[41][42]. Адна з найбуйнейшых партыяў краіны Сацыял-дэмакратычная партыя мела ўласныя вайсковыя фармаваньні Шульцбунд, якія на пачатку 1934 году ўзьнялі паўстаньне, вядомае як Грамадзянская вайна ў Аўстрыі, якое доўжылася чатыры дні.

У лютым 1934 году некалькі жаўнераў Шульцбунду былі расстраляныя[43]. Сацыял-дэмакратычная партыя была забароненая, а многія ейныя сябры апынуліся за кратамі альбо эмігравалі[44]. 1 траўня 1934 году аўстрафашысты прынялі новую канстытуцыю, якая замацавала ўладу Дольфусу, але 25 ліпеня ён быў забіты ў спробе нацысцкага перавароту[45][46]. Ягоны пераемнік Курт Шушніг прызнаў той факт, што Аўстрыя была нямецкай дзяржавай, але ён таксама лічыў, што Аўстрыя мае заставацца незалежнай[47]. 9 сакавіка 1938 году ён абвесьціў аб рэфэрэндуме, які быў прызначаны на 13 сакавіка, каб вызначыцца зь незалежнасьцю Аўстрыі. Аднак, 12 сакавіка аўстрыйскія нацысты захапілі ўрад, у той час як нямецкія войскі акупавалі краіну[48]. 13 сакавіка 1938 году быў афіцыйна абвешчаны аншлюс Аўстрыі ў склад Трэцяха Райху, стаўшы правінцыяй Остмарк.

Сучаснасьць

рэдагаваць

Пасьля Другой сусьветнай вайны Аўстрыя часова страціла незалежнасьць, будучы падзеленай на чатыры акупацыйныя зоны паміж Францыяй, ЗША, Вялікабрытаніяй і СССР. Перамовы аб аднаўленьні незалежнасьці пачаліся ў 1947 годзе, але толькі ў 1955 годзе Аўстрыя зноў стала цалкам незалежнай дзяржавай па Дзяржаўнай дамове ад 15 траўня 1955. У кастрычніку таго ж году прыняты закон аб непарушным нэўтралітэце Аўстрыі.

Увесну 2017 году пасьля распаду вялікай кааліцыі была абвешчаны датэрміновыя выбары ў парлямэнт, якія прайшлі ў кастрычніку 2017 году. Аўстрыйская народная партыя (АНП) са сваім новым маладым лідэрам Сэбастыянам Курцам атрымала 31,5% галасоў. Другое месца заняла Сацыял-дэмакратычная партыя (СДП) з паказчыкам у 26,9% галасоў. Трэці радок атрымала Партыя Свабоды Аўстрыі (ПСА), якая атрымала 26 галасоў. У выніку сфармавалася кааліцыя паміж правацэнтрысцкай АНП і правапапулісцкай ПСА, а новым канцлерам краіны стаў Сэбастыян Курц. У 2021 годзе праз карупцыйны скандал Курц мусіў сысьці з сваёй пасады.

Геаграфія

рэдагаваць
 
Тапаграфічная мапа дзяржавы.

Аўстрыя зьяўляецца горнай краінай, большая частка краіны разьмяшчаецца ў Альпах[49]. З агульнай плошчы краіны (84 000 км²), толькі чацьвёртая частка мае раўнінны рэльеф, і толькі 32% плошчы Аўстрыі знаходзіцца ніжэй 500 мэтраў над узроўнем мора. Самая высокая частка краіны знаходзіцца ў Альпах на захадзе Аўстрыі, самая нізкая на раўнінах на ўсходзе.

Аўстрыю можна падзяліць на пяць частак. Большай зь якіх будуць Аўстрыйскія Альпы (62% ад агульнай плошчы краіны), Аўстрыйскія ўзгор’і Альпаў і Карпатаў (12% тэрыторыі), Усходняя частка, якая прылягае да Панонскай раўніны (12% тэрыторыі), другая горная частка (ніжэйшая за Альпы), знаходзіцца на поўначы краіны, вядомая як аўстрыйскае плято, знаходзіцца ў цэнтральнай Багеміі і займае каля 10% краіны, астатняя раўнінная частка вакол Вены займае 4% плошчы.

На тэрыторыі Аўстрыі разьмяшчаюцца чатыры экарэгіёны: цэнтральна-эўрапейскія зьмяшаныя лясы, панонскія зьмяшаныя лясы, аўстрыйскія хваёвыя і зьмешаныя лясы і шырокалісьцевыя лясы. Аўстрыя мела сярэдні паказьнік 3,55 з 10 паводле суцэльнасьці лясных ляндшафтаў у 2018 годзе, што ставіць краіну на 149 месца з 172 краінаў.

 
Кліматычная мапа Аўстрыі.

Большая частка Аўстрыі ляжыць у прахалоднай ці меранай кліматычнай зоне, дзе пераважае вільготны заходні вецер. Маючы амаль тры чвэрці краіны ў альпійскім рэгіёне, у Аўстрыі пераважае альпійскі клімат. На ўсходзе краю, дзе месьціцца Панонская раўніна і землі ўздоўж даліны Дунаю, клімат мае кантынэнтальныя рысы зь меншай колькасьцю дажджу ў параўнаньні з альпійскімі рэгіёнамі. Не зважаючы, што ў Аўстрыі назіраецца халодная зіма (ад -10°C да 0°С), тэмпэратура паветра ўлетку можа быць адносна высокай[50], сягаючы ўсярэднім да 25°С. У жніўні 2013 году былі зафіксаваныя максымумы ў 40,5°C[51].

Згодна з кліматычнай клясыфікацыяй Кёпэна Аўстрыя мае наступныя кліматычныя тыпы: акіянічны, прахалодны/цёплы вільготны кантынэнтальны, субарктычны/субальпійскі, тундравы/альпійскі і клімат ледавіковай шапкі. Важна адзначыць, што Аўстрыя часам можа адчуць вельмі халодныя зімы, але большасьць часу супастаўныя зь зімамі ў супастаўных кліматычных зонах, як то ў Паўднёвай Скандынавіі ці Ўсходняй Эўропе.

Палітыка

рэдагаваць
 
Будынак аўстрыйскага парлямэнту ў Вене.

Кіраўніком краіны ёсьць фэдэральны прэзыдэнт, які абіраецца на 6 гадоў. Урад узначалены фэдэральным канцлерам, міністры назначаюцца прэзыдэнтам. Парлямэнт Аўстрыі ёсьць двухпалатны Фэдэральны сход, які складаецца з Фэдэральнай рады і Нацыянальнай рады, якія базуюцца ў Вене. Фэдэральная рада складаецца з 64 дэпутатаў, якія абіраюцца парлямэнтамі земляў. Землі прадстаўлены рознай колькасьцю дэпутатаў (ад 3 да 12) у залежнасьці ад колькасьці насельніцтва. Нацыянальная рада складаецца з 183 дэпутатаў, якія абіраюцца паводле прапарцыйна-сьпісачнай сыстэмы.

 
Сядзіба фэдэральнага канцлера Аўстрыі.

На вяршыні судовай улады знаходзіцца канстытуцыйны суд, які можа аказваць значны ўплыў на палітычную сыстэму краіны праз скасаваньне законаў і пастановаў, якія былі складзеныя ў неадпаведнасьці з канстытуцыяй. З 1995 году Эўрапейскі суд можа адмяніць аўстрыйскія рашэньні ва ўсіх пытаньнях, вызначаных у законах Эўрапейскага Зьвязу. Аўстрыя таксама ажыцьцяўляе рашэньні Эўрапейскага суду па правах чалавека, бо Эўрапейская канвэнцыя па правах чалавека зьяўляецца часткай аўстрыйскае канстытуцыі. Аўстрыя мае 10 галасоў у Радзе Эўрапейскага Зьвязу і 18 месцаў у Эўрапейскім парлямэнце. Краіна мае прадстаўніцтва ў Эўрапейскай камісіі. Палітычная будова краіны заснавана на канстытуцыі ад кастрычніка 1920 году.

11 кастрычніка 2021 году канцлер Сэбастыян Курц сышоў у адстаўку пасьля ціску, выкліканага карупцыйным скандалам. Міністар замежных справаў Аляксандар Шаленбэрг з Аўстрыйскай народнай партыі замяніў яго на пасадзе канцлера[52]. Пасьля карупцыйнага скандалу з удзелам кіроўнай народнаяй партыяй, Аўстрыя атрымала трэцяга канцлерца за два месяцы пасьля таго, як 6 сьнежня 2021 году Карл Нэгамэр быў празначаны канцлерам Аўстрыі.

Замежныя дачыненьні

рэдагаваць
 
Будынак Эўрапейскага парлямэнту. Аўстрыя ўваходзіць да складу Эўразьвязу.

У 1955 годзе Дэклярацыя аб незалежнасьці Аўстрыі скончыла акупацыю Аўстрыі пасьля Другой сусьветнай вайны і вызнала Аўстрыю незалежнай і сувэрэннай дзяржавай. 26 кастрычніка 1955 году Фэдэральны сход зацьвердзіў пункт у канстытуцыі, паводле якога Аўстрыя прагаласіла пра ўласную свабодную волю ў сваім адвечным нэўтралітэце. У другім разьдзеле асноўнага закону згадваецца, што ва ўсе наступныя часы Аўстрыя не далучыцца да якіх-небудзь вайсковых альянсаў і не дазволіць стварыць любыя замежныя вайсковыя базы на сваёй тэрыторыі. З тых часоў Аўстрыя сфармавала сваю замежную палітыку, базуючыся на нэўтралітэце, які, аднак, адрозьніваецца ад нэўтралітэту Швайцарыі.

Аўстрыя пачала пераглядаць сваё вызначэньне нэўтралітэту пасьля распаду Савецкага Саюза, дазволіўшы пралёт над сваёй тэрыторыяй вайсковых сілаў іншых краінаў падчас вайны супраць Іраку ў 1991 годзе, а з 1995 году Аўстрыя бярэ ўдзел у распрацоўцы агульнай замежнай палітыкі і палітыкі бясьпекі ЭЗ. Таксама ў 1995 годзе краіна далучылася да праграмы Арганізацыі Паўночнаатлянтычнай дамовы Партнэрства дзеля міру, аднак гэта і было зробленая пасьля таго, як Расея ініцыявала аналягічную праграму. Пасьля Аўстрыя ўдзельнічала ў міратворчых місіях у Босьніі і Герцагавіне. Між тым, адзіная частка канстытуцыйнага закону аб нэўтралітэце 1955 году, якая датычыць замежных вайсковых базаў, па-ранейшаму цалкам выконваецца[53]. Аўстрыя падпісала Дагавор аб забароне ядзернай зброі[54], супраць якога выступілі усе сябры Арганізацыі Паўночнаатлянтычнай дамовы[55].

Аўстрыя надае вялікае значэньне ўдзелу ў Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і разьвіцьця ды іншых міжнародных эканамічных арганізацыях. Краіна гуляе актыўную ролю ў Арганізацыі па бясьпецы і супрацы ў Эўропе (АБСЭ).

Беларуска-аўстрыйскія дачыненьні

рэдагаваць

Дыпляматычныя дачыненьні паміж Рэспублікай Беларусь і Аўстрыяй былі ўсталяваныя ў лютым 1992 году. З 1993 году ў Аўстрыі функцыянуе амбасада Беларусі. У двухбаковым палітычным дыялёгу ладзяцца кансультацыі на розных узроўнях паміж замежнымі палітычнымі ведамствамі Беларусі і Аўстрыі. Была створаная Беларуска-Аўстрыйская камісія па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве. З 2006 году ў Аўстрыі дзеіць грамадзкая арганізацыя Аўстрыйска-Беларускае таварыства, якое ёсьць сябрам Аўстрыйскага аб’яднаньня таварыстваў сяброўства з замежнымі краінамі.

Бакамі сфармаваная дагаворна-прававая база беларуска-аўстрыйскіх дачыненьняў, якая ўлучае 13 дагавароў. У рамках разьвіцьця рэгіянальных сувязяў было падпісанае пагадненьне аб супрацы паміж Менскай вобласьцю і фэдэральнай зямлёй Карынтыя. Актыўна ўзаемадзейнічаюць Гомельская вобласьць і фэдэральная зямля Форарльбэрг. Аўстрыйскі горад Штокераў ёсьць пабрацімам Баранавічаў. 23—25 студзеня 2014 году колішні прэзыдэнт Аўстрыйскай акадэміі навук Гербэрт Манг наведаў Менск для ўдзелу ва ўрачыстасьцях з нагоды 85-годзьдзя з дня заснаваньня Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і да Дня беларускай навукі.

Узброеныя сілы

рэдагаваць
 
Аўстрыйскія вайскоўцы на танку Леапард 2, які ёсьць асноўным танкам узброеных сілаў Аўстрыі.

Узброеныя сілы Аўстрыі фармуюцца на грунце ўсеагульнага воінскага абавязку[56]. Усе мужчыны, якія дасягнулі веку васемнаццаці гадоў і прыдатныя да службы, мусяць адслужыць у войску паўгады, пасьля чаго трапляюць у васьмігадовую рэзэрву. Хлопцы і дзяўчыны з шаснаццаці гадоў маюць права на добраахвотную службу. Адмоўнік ад вайсковай службы паводле ідэйных меркаваньняў мае права прайсьці альтэрнатыўную цывільную службу цягам дзевяці месяцаў. З 1998 году жанчынам-добраахвотніцам было дазволена стаць прафэсійнымі жаўнерамі.

Узроеныя сілы складаюцца з сухаземных, паветраных сілаў, войскаў міжнародных місіяў і спэцыяльнага прызначэньня, а таксама каманды падтрымкі і цэнтар падтрымкі сумесных сілаў. Улічваючы, што Аўстрыя ня мае выхаду да мора, у складзе войскаў няма вайскова-марскога флёту. У 2012 годзе выдаткі на абарону Аўстрыі адпавядалі прыблізна 0,8% ад СУП. На 2014 год у складзе арміі налічвалася 26 тысячаў жаўнераў[57], зь якіх 12 тысячаў былі прызыўнікамі. Прэзыдэнт Аўстрыі як кіраўнік дзяржавы намінальна ёсьць вайскаводам узброеных сілаў. Міністар абароны ажыцьцяўляецца камандваньне ўзброенымі сіламі Аўстрыі.

 
Самалёт-зьнішчальнік Эўрафайтэр тайфун аўстрыйскіх вайскова-паветраных сілаў.

З заканчэньнем Халоднай вайны і, што яшчэ важней, з скасаваньнем «Жалезнай заслоны», якая аддзяляла Аўстрыю ад ейных суседзяў з сацыялістычнага блёку Вугоршчыны і колішняй Чэхаславаччыны, аўстрыйскія вайскоўцы пачалі дапамагаць аўстрыйскім памежнікам ў ахове дзяржаўнай граніцы. Дапамога была скончаная ў 2008 годзе, калі Вугоршчына і Славаччына далучыліся да Шэнгенскай зоны, у выніку чаго памежны кантроль паміж краінамі быў скасаваны. У адпаведнасьці з канстытуцыяй Аўстрыі, узброеныя сілы могуць быць скарыстаныя толькі ў абмежаванай колькасьці выпадкаў, у асноўным дзеля абароны краіны і дапамогі ў выпадках надзвычайнай сытуацыі, напрыклад, у выніку стыхійных бедзтваў[58]. Таксама войска можа выступаць у якасьці дапаможных паліцэйскіх сілаў.

Аўстрыя не ўваходзіць у вайсковыя блёкі і ёсьць нэўтральнай краінай. Падчас канфліктаў у краінах суседняй Югаславіі, у краіне ўздымалася пытаньне аб парушэньні нэўтральнасьці і неабходнасьці ўвайсьці ў склад НАТО. Але ўрад Аўстрыі не пайшоў на зьмены і краіна надалей прытрымліваецца нэўтральнасьці. Аўстрыйскія ўзброеныя сілы рыхтуюцца выключна да абароны краіны.

Адміністрацыйны падзел

рэдагаваць

Паводле канстытуцыі Аўстрыя ёсьць фэдэратыўнай рэспублікай, якая падзяляецца на дзевяць земляў[16]: Бургенлянд, Карынтыя, Ніжняя Аўстрыя, Верхняя Аўстрыя, Зальцбург, Штырыя, Тыроль, Форарльбэрг, Вена. Такая структура была зацьверджана паводле канстытуцыі 1920 году, зь некаторымі радагаваньнямі ў 1929 годзе. Надчас уваходжаньня ў склад Трэцяга Райху сыстэма была скасавана, аднак зноўку адноўлена ў 1945 годзе. Землі ў сваю чаргу падзяляюцца на акругі і статутныя гарады. Акругі падпадзяляюцца на грамады, а статутныя гарады падзяляюцца як на раёны, гэтак і грамады. Вена унікальная тым, што гэта адначасова і горад, і зямля.

Эканоміка

рэдагаваць
 
Краявіды Вены.

Эканоміка Аўстрыі заснаваная па прынцыпах рынкавай гаспадаркі. Гэта адна з самых разьвітых краінаў Эўропы, якая таксама ўваходзіць у дзясятку самых заможных краінаў сьвету (калі лічыць стасунак СУП на душу насельніцтва). Яшчэ да 1980-х гадоў многія з найбуйнейшых галінавых прадпрыемстаў Аўстрыі былі ва ўласнасьці дзяржавы, аднак у апошнія дзесяцігодзьдзі прыватызацыя зьнізіла колькасьць дзяржаўнай уласнасьці ў гаспадарцы да ўзроўню, супастаўнага зь іншымі эўрапейскімі эканомікамі.

Падаткі складаюць 43% нацыянальнага прыбытку, што крыху ніжэй, чым у скандынаўскіх краінах. Узровень беспрацоўя вагаецца ад 4,4% да 6,8%. Каэфіцыент Джыні, які адлюстроўвае рознасьць прыбыткаў паміж багатымі і беднымі, складае 29 і зьяўляецца адным з самых нізкіх у сьвеце. Сукупны ўнутраны прадукт у 2002 годзе складаў 200,7 млрд эўра, вытворчасьць СУП на 1 занятага (вытворчасьць працы) — 58,3 тыс. эўра. Інфляцыя ў Аўстрыі адна з самых нізкіх (каля 1,8%), індэкс спажывецкіх цэнаў 2002 году да 1996 году складаў 108,8, а агулам у Эўрапейскім Зьвязе — 110,8.

Прыкладна 2,2% СУП прыходзіцца на сельскую гаспадарку, 32,3% на прамысловасьць, 65,5% — сфэра паслугаў, транспарт, банкаўскі і страхавы сэктар. Трэцяя частка аб’ёму прамысловай вытворчасьці прыходзіцца на дзяржаўны сэктар эканомікі. Тым ня менш у Аўстрыі існуюць праблемы ў сельскай гаспадарцы, зьвязаныя з эўрапейскай інтэграцыяй. Коштавая палітыка, якая праводзіцца Эўрапейскім Зьвязам у галіне сельскагаспадарчай вытворчасьці, прывяла да таго, што 69% усіх сельскагаспадарчых земляў аказаліся нерэнтабэльнымі. Нямеччына — гістарычны галоўны гандлёвы партнэр Аўстрыі, што зрабіла краіну ўразлівай да хуткіх зьмяненьняў у нямецкай эканоміцы. З таго часу, як Аўстрыя стала дзяржавай-сябрам Эўрапейскага Зьвязу, яна наблізілася да іншых эканомік ЭЗ, зьнізіўшы сваю эканамічную залежнасьць ад Нямеччыны. Акрамя таго, сяброўства ў ЭЗ прыцягнула замежных інвэстараў, якіх прываблівае дасяжнасьць Аўстрыі да адзінага эўрапейскага рынку і блізкасьць да галоўных эканомік ЭЗ.

Транспарт

рэдагаваць
 
Арльбэрскі тунэль трансальпійскай электрыфікаванай чыгункі.

Транспартная сыстэма Аўстрыі выдатна разьвіта і эфэктыўная. Аўстрыя ёсьць адной з найбольш разьвітых чыгуначных дзяржаваў Эўропы. Працягласьць чыгуначных шляхоў складае звыш 6000 км. Аўстрыйская фэдэральная чыгунка ганарыцца бездакорнай дакладнасьцю руху цягнікоў. Сетка дзяржаўных аўтобусных маршрутаў Bundesbus не саступае чыгуначнай сеткі і часта выкарыстоўваецца дзеля зьдзяйсненьня невялікіх паездак паміж населенымі пунктамі і выездаў на прыроду. Да некаторых лыжных курортаў у Тыролі і Форарльбэргу можна дабрацца толькі на аўтобусе ці самаходзе.

Кампаніі, якія прапануюць арэнды аўтамабіляў, маюць філіі ва ўсіх буйных гарадах краіны. Мясцовыя дарогі знаходзяцца ў выдатным стане, але на горных дарогах неабходна выконваць асьцярожнасьць. Рух у Аўстрыі правабаковы. У некалькіх буйных аўстрыйскіх гарадах існуе трамвайны транспарт, як то ў Вене, Гмундэне, Грацы, Інсбруку, Лінцы. Трамвайная сыстэма раней існавала ў Зальцбургу, але на сёньня яна не працуе. На вялікай колькасьці чыгуначных станцыяў можна запазычыць ровар і вярнуць яго на іншай станцыі. У Аўстрыі шмат роварных маршрутаў, у прыватнасьці, многія зь іх цягнуцца зздоўж Дунаю, а таксама зьвязваюць нямецкі Шварцвальд і Вену. Маюцца горныя віды транспарту, як то фунікулёры, лыжныя ліфты, лінныя дарогі і лінныя пад’ёмнікі.

Аўстрыю адносяць да Альпійскага турыстычнага раёну заходнеэўрапейскай зоны Эўрапейскага рэгіёну. Гэта краіна традыцыйнага зімовага турызму. Сёньня для Аўстрыі турызм ёсьць адной з асноўных крыніц прыбытку. У гэтай галіне працуюць 70 тысяч сярэдніх і дробных турыстычных прадпрыемстваў, да якіх улучаюць гатэлі, рэстарацыі, курортна-лекавыя ўстановы, басэйны і пляжы. У турыстычнай галіне працуюць 350 тысяч чалавек. Паводле ўдзельнай вазе валавых паступленьняў ад турызму ў СУП краіны Аўстрыя займае адно зь вядучых месцаў у сьвеце, а паводле прыбыткаў ад турыстычнага сэктару эканомік малых краінаў Эўропы трывала ўтрымлівае лідуючыя пазыцыі[59].

У Аўстрыі даўно сфармаваная і наладжаная сыстэма абслугоўваньня турыстаў. Многія мястэчкі і вёскі, як то Бад-Гастайн, Мільштат, Ішгль, Санкт-Антан-ам-Арльбэрг і Майргофэн, ператварыліся ў найбуйнейшыя эўрапейскія курорты, а колішнія сельскія жыхары займаюцца гатэльным бізнэсам.

Дэмаграфія

рэдагаваць
 
Аўстрыйскія дзеці.

Паводле ацэнак, насельніцтва Аўстрыі складала блізу 8,9 мільёнаў чалавек паводле стану на 2020 год згодна зьвестак Статыстычнага камітэту Аўстрыі[60]. У гарадах жыве 77% насельніцтва Аўстрыі. Насельніцтва Вены перавышае 1,9 мільёнаў чалавек[61], а калі зважаць на прадмесьці — колькасьць аглямэрацыі сягае 2,6 мільёнаў чалавек. Такім чынам, каля чвэрці ўсяго насельніцтва краіны ёсьць жыхарамі сталіцы і прадмесьцяў. Вена вядомая сваімі культурніцкімі імпрэзамі і высокім узроўнем жыцьця. Пасьля сталічнага гораду найбуйнейшымі гарадамі дзяржавы ёсьць Грац (291 007), Лінц (206 604), Зальцбург (155 031), Інсбрук (131 989) і Клягенфурт (101 303). Сучасныя межы Аўстрыі былі вызначаны Сэн-Жэрмэнскай дамовай у 1919 годзе, у некаторых жыхароў Аўстрыі да нашых дзён засталіся сваякі ў суседняй Чэхіі, Славаччыне і Вугоршчыне.

Паводле зьвестак Эўрастату на 2018 год у Аўстрыі налічвалася каля 1,69 мільёнаў жыхароў, якія былі народжаныя па-за межамі краіны, што адпавядае прыкладна 19,2% ад агульнай колькасьці насельніцтва. Зь іх 928 700 ці 10,5% ад колькасьці насельніцтва нарадзіліся ў іншых дзяржавах Эўрапейскага Зьвязу, а 762 000 ці 8,6% нарадзіліся па-за межамі ЭЗ[62]. У выніку, колькасьць эмігрантаў у краіне адна з самых вялікіх паказьнікаў у Эўропе, большы ён толькі ў Люксэмбургу і Швайцарыі. Большасьць эмігрантаў прыехала з Сэрбіі, Чарнагорыі, Турэччыны і Нямеччыны.

 
Двухмоўны знак у зямлі Бургенлянд.

Стандартны аўстрыйскі варыянт нямецкай мовы выкарыстоўваецца ў Аўстрыі, але ў першую чаргу выкарыстоўваецца толькі ў адукацыі, публікацыях, аб’явах і на афіцыйных сайтах. Пераважна гэты варыянт амаль ідэнтычны стандартнай нямецкай мове Нямеччыны, але зь некаторымі лексычнымі розьніцамі. Стандартная нямецкая мова выкарыстоўваецца ня толькі ў Нямеччыне, Аўстрыі, Швайцарыі і Ліхтэнштайну, а таксама сярод значных нямецкамоўных меншасьцяў у Італіі, Бэльгіі і Даніі. Аднак, шырокі распаўсюд мае нестандартная нямецкая мова, якую вывучаюць у школах, але баварскі дыялект, які таксама вядомы як аўстрыйскі дыялект. Такім чынам, зважаючы на ўсю колькасьць дыялектаў, у тым ліку алеманскую мову, якой карыстаюцца блізу 4%, носьбітамі нямецкай мовы ў краіне ёсьць 88,6% насельніцтва. Таксама ў Аўстрыі размаўляюць па-турэцку (2,28%), па-сэрбску (2,21%), па-харвацку (1,63%), па-ангельску (0,73%), па-вугорску (0,51%), па-басьнійску (0,43%), па-польску (0,35%), па-альбанску (0,35%), па-славенску (0,31%), па-чэску (0,22%), па-арабску (0,222 %) і па-румынску (0,21%)[63].

У Карынтыі і Штырыі жыве значная колькасьць карэннай славенскамоўнай меншасьці, у той час як ва ўсходняй правінцыі Бургенлянду, якая раней належыла вугорцам за часам існаваньня Аўстра-Вугоршчыны, існуюць значныя вугорскамоўныя і харвацкамоўныя меншасьці. Харвацкая, вугорская і славенская мовы маюць афіцыйны рэгіянальны статус у згаданых аўстрыйскіх правінцыях[64][65].

Найбуйнейшая рэлігійная арганізацыя Аўстрыі — Рымска-каталіцкі касьцёл. Дзяржава падтрымлівае царкву, у краіне існуе 1% царкоўны падатак, які абавязаны плаціць усе грамадзяне краіны, але грамадзянін можа вызваляцца ад сплаты падатку на пісьмовую заяву аб адмове ад каталіцтва. Рымска-каталіцкая царква ў 2000 годзе мела 5651479 вернікаў альбо 72,1% насельніцтва.

Другой паводле колькасьці ёсьць Эвангелічная царква Аўгсбурскага і Гэльвэтынскага вызнаньня (ЭЦАіГВ), якая аб’ядноўвае дзьве аўтаномныя адна ад адной Царквы лютэранаў і рэфарматаў. Лютэране і рэфарматары канчаткова атрымалі права свабоднага веравызнаньня сваіх вучэньняў толькі ў 1781 годзе, а цалкам был ўроўненыя ў правах з каталікамі яшчэ праз стагоддзе[66]. Каля паловы пяцідзесятнікаў Аўстрыі[67] не зьяўляюцца грамадзянамі гэтай краіны і наведваюць эмігранцкія суполкі.

Культура

рэдагаваць
 
Моцарт ёсьць адным з самых вядомых аўстрыйскіх кампазытараў.

Аўстрыя зрабіла вялікі ўнёсак у розныя формы мастацтва, у першую чаргу сярод у музыку. Краіна шырока вядома дзякуючы шматлікім выбітным кампазытарам, якія маюць непасрэднае датыченьне да Аўстрыі, як то Франц і Ёзэф Гайдн, Фэрэнц Ліст, Франц Шубэрт, Антон Брукнэр, Ёган Штраўс-старэйшы і Ёган Штраўс-малодшы, а таксама чальцоў Другой венскай школы, як то Арнольд Шэнбэрг, Антон Вэбэрн і Альбан Бэрг. Самым знакамітым прадстаўніком краіны ёсьць Вольфганг Амадэй Моцарт, які нарадзіўся ў Зальцбургу, у незалежнай эпархіі Сьвятой Рымскай імпэрыі, якая пазьней увайшла ў склад Аўстрыі. Вялікую частку сваёй кар’еры Моцарт правёў у Вене.

Вена доўгі час ёсьць важным цэнтрам эўрапейскай музыкі. У XVIII і XIX стагодзьдзя шмат кампазытараў заахвоціліся перабрацца ў Вену, бо гэтаму садзейнічалі Габсбургі, што зрабіла Вену сапраўднай эўрапейскай сталіцай клясычнай музыкі. У эпоху барока, славянскія і вугорскія народныя музычныя традыцыі спарадзілі пэўны ўплыў на аўстрыйскую музыку. Аднак статус Вены як музычнага цэнтру пачаў уздымацца яшчэ ў пачатку XVI стагодзьдзя. Людвіг ван Бэтговэн большую частку свайго жыцьця правёў у Вене. У цяперашні час нацыянальны гімн Аўстрыі, аўтарства якога належыць Моцарту, быў абраны ў якасьці дзяржаўнага пасьля Другой сусьветнай вайны, замяніўшы традыцыйны аўстрыйскі гімн Ёзэфа Гайдна.

Аўстрыец Гэрбэрт фон Караян 35 гадоў быў галоўным дырыгентам Бэрлінскай філярмоніі. Ён лічыцца адным з найвялікшых дырыгентаў XX стагодзьдзя, і быў дамінуючай фігурай у эўрапейскай клясычнай музыцы 1960-х гадоў да сваёй сьмерці[68].

Тэатар і кінэматограф

рэдагаваць
 
Вядомы аўстрыйска-амэрыканскі актор Арнольд Шварцэнэгер.

Саша Калёўрат быў аўстрыйскім піянэрам кінавытворчасьці. Выбітныя кінаматаграфісты Білі Ўайлдэр, Фрыц Лянг, Ёзэф фон Штэрнбэрг і Фрэд Зынэман паходзілі з Аўстрыйскай імпэрыі. Вілі Форст, Эрнст Марышка і Франц Антэль узбагацілі папулярнае кіно ў нямецкамоўных краінах. Аўстрыйскі рэжысэр Міхаэль Ганэке стаў сусьветна вядомым дзякуючы сваім кінастужкам, атрымаўшы Залаты Глёбус за свой крытычна вядомы фільм «Белая стужка» 2010 году.

Першым аўстрыйскім рэжысэрам, які атрымаў прэмію Оскар, быў Штэфан Руцовіцкі. Шэраг аўстрыйскіх актораў дасягнулі міжнароднай ухвалы за сваё творчасьць. Сярод іх Пэтэр Лёрэ, Гэльмут Бэргер, Курд Юргенс, Зэнта Бэргер, Оскар Вэрнэр і Кляўс Марыя Брандаўэр. Акторка Гэдзі Ламар і актор Арнольд Шварцэнэгер сталі міжнароднымі зоркамі кіно ў Галівудзе. Крыстоф Вальц дасягнуў вядомасьці ў першую чаргу дзякуючы здымкам у фільмах «Бясслаўныя вырадкі» і «Джанга вызвалены», атрымаўшы прэмію Оскар як найлепшы актор другога пляну ў 2010 і 2012 гадах. Макс Райнгарт быў майстрам відовішчных і праніклівых тэатральных пастановак. Ота Шэнк быў ня толькі выбітным сцэнічным акторам, але яшчэ працаваў дырэктарам опэрнага тэатру.

Мастацтва і архітэктура

рэдагаваць

Сярод аўстрыйскіх мастакоў і архітэктараў варта вылучыць мастакоў Фэрдынанда Георга Вальдмюлера, Рудольфа фон Альта, Ганса Макарта, Густава Клімта, Оскара Какошка, Эгана Шыле, Карла Моля і Фрыдэнсрайха Гундэртвасэра, фатографаў Інге Морат і Эрнста Гааса, а таксама архітэктараў Ёгана Бэрнгарда Фішэра фон Эрляха, Ота Вагнэра, Адольфа Лёоса і Ганса Голяйна.

Літаратура

рэдагаваць

Свой унёсак у разьвіцьцё сусьветнай літаратуры зрабілі аўстрыйскія паэты, пісьменьнікі і раманісты. Да вядомых раманістаў можна аднесьці Артура Шніцлера, Штэфана Цвайга, Томаса Бэрнгарда, Робэрта Музыля. Вядомымі аўстрыйскімі паэтамі зьяўляюцца Георг Тракль, Франц Вэрфэль, Франц Грыльпарцэр, Райнэр Марыя Рыльке, Адальбэрт Штыфтэр, Карл Краўс, а таксама дзіцячая аўтарка Эва Ібатсан.

 
Традыцыйны венскі шніцаль.

Аўстрыйская кухня паходзіць з кухні Аўстра-Вугоршчыны і пераважна ўлучае стравы каралеўскай кухні, якая фармавалася на працягу стагодзьдзяў. Кухня славіцца сваёй сбалянсаванасьцю ялавічыны і сьвініны зь незлічонымі варыяцыямі гародніны. У дадатак да нацыянальных рэгіянальных традыцыяў, на кухню зрабілі ўплыў вугорская, чэская, польская, габрэйская, італьянская, балканская і француская кухні, зь якіх былі запазычаныя ня толькі стравы, але і мэтады гатаваньня ежы. Такім чынам, аўстрыйская кухня — адна з самых мультыкультурных і транскультурных у Эўропе.

Тыповыя аўстрыйскія стравы ўключаюць венскі шніцаль, швайнсбратэн, кайзэршмарн, кнёдэль, захэр і тафэльшпіц. Карэнтыйскі каснудэльн уяўляе сабой варэнікі, запраўленыя тварогам, бульбай, зелянінай і мятай. Іх вараць і падаюць з масьляным соўсам, а таксама салатай. Папулярныя таксама стравы зь лісічкамі. З Аўстрыі паходзяць знакамітыя цукеркі Моцарткугель, а сама краіна славіцца кававай традыцыяй. Спажываючы больш за 8 кг кавы ў год, Аўстрыя займае шосты радок у сьпісе краінаў з найвялікшым спажываньнем кава ва ўсім сьвеце[69].

Найбольш папулярнымі гатункамі піва ў Аўстрыі ёсьць лягер і пшанічнае піва. На сьвяты, як то Каляды ці Вялікдзень, папулярнае піва бок. Землі Ніжняя Аўстрыя, Бургенлянд, Штырыя і сама Вена традыцыйна лічацца віннымі. Гатункі вінаграду грунэр фэльтлінэр[70] і цвайгельт[71] вырошчваюцца дзеля стварэньня найбольш вядомых гатункаў аўстрыйскага віна. У Верхняй Аўстрыі, Ніжняй Аўстрыі, Штырыі і Карынтыі традыцыйна выпрадукоўваецца сыдар.

  1. ^ а б в http://www.austria.gv.at/site/5131/default.aspx
  2. ^ а б в 8.1 // Канстытуцыя Аўстрыі (ням.)
  3. ^ а б в 8.3 // Канстытуцыя Аўстрыі (ням.)
  4. ^ а б в г Federal Constitutional Law
  5. ^ а б #Österreich // (нявызначаны загаловак)
  6. ^ а б http://www.bundespraesident.at/dr-heinz-fischer/
  7. ^ канстытуцыя
  8. ^ http://www.statistik.at/web_de/static/k37_054436.pdf
  9. ^ а б https://www.statistik.at/web_de/statistiken/menschen_und_gesellschaft/bevoelkerung/bevoelkerungsstand_und_veraenderung/bevoelkerung_zu_jahres-_quartalsanfang/023451.html
  10. ^ а б в г «World Economic Outlook Database April 2022». International Monetary Fund.
  11. ^ https://news.gallup.com/poll/166211/worldwide-median-household-income-000.aspxGallup.
  12. ^ а б 2020 Democracy Index
  13. ^ а б https://data.worldbank.org/indicator/SI.POV.GINI
  14. ^ а б Human Development ReportПраграма разьвіцьця ААН, 2022.
  15. ^ а б Central Intelligence Agency, Center N. F. A. The World Factbook (анг.)Washington, D.C.: Central Intelligence Agency, U.S. Government Printing Office, 1981. — ISSN 0277-1527; 1553-8133
  16. ^ а б в г д е «Austria». The World Factbook.
  17. ^ «Die Bevölkerung nach Umgangssprache, Staatsangehörigkeit und Geburtsland». Statistik Austria.
  18. ^ «Probezählung 2006 – Bevölkerungszahl». Statistik Austria.
  19. ^ «Austria About». OECD.
  20. ^ «Austria joins Schengen». Migration News.
  21. ^ «Austria and the euro». European Commission.
  22. ^ «Rome’s metropolis on the Danube awakens to new life». Archäologischer Park Carnuntum.
  23. ^ а б Johnson 1989. С. 19.
  24. ^ а б Johnson 1989. С. 20—21.
  25. ^ а б Johnson 1989. С. 21.
  26. ^ Johnson 1989. С. 23.
  27. ^ Johnson 1989. С. 26.
  28. ^ Johnson 1989. С. 26—28.
  29. ^ Johnson 1989. С. 34.
  30. ^ Johnson 1989. С. 36.
  31. ^ Johnson 1989. С. 55.
  32. ^ Johnson 1989. С. 59.
  33. ^ «Das politische System in Österreich». Vienna: Austrian Federal Press Service. 2000.
  34. ^ «The Annexation of Bosnia-Herzegovina, 1908». Mtholyoke.edu.
  35. ^ Grebler, Leo; Winkler, Wilhelm (1940). «The Cost of the World War to Germany and Austria-Hungary». Yale University Press. ISBN 0-5989-4106-1.
  36. ^ Moos, Carlo (2017), «Südtirol im St. Germain-Kontext», in Georg Grote and Hannes Obermair (ed.), «A Land on the Threshold. South Tyrolean Transformations, 1915–2015». Oxford-Berne-New York: Peter Lang. — С. 27—39. — ISBN 978-3-0343-2240-9
  37. ^ «Treaty of Peace between the Allied and Associated Powers and Austria; Protocol, Declaration and Special Declaration [1920 ATS 3»]. Australian Treaty Series.
  38. ^ Mary Margaret Ball. «Post-war German-Austrian Relations: The Anschluss Movement, 1918–1936». — С. 18—19.
  39. ^ Brook-Shepherd 1998. С. 246.
  40. ^ Brook-Shepherd 1998. С. 257—258.
  41. ^ Johnson 1989. С. 104.
  42. ^ Brook-Shepherd 1998. С. 269—270.
  43. ^ Brook-Shepherd 1998. С. 283.
  44. ^ Johnson 1989. С. 107.
  45. ^ Johnson 1989. С. 109.
  46. ^ Brook-Shepherd 1998. С. 292.
  47. ^ Ryschka, Birgit (1.01.2008). «Constructing and Deconstructing National Identity: Dramatic Discourse in Tom Murphy's The Patriot Game and Felix Mitterer's In Der Löwengrube». Peter Lang. — ISBN 978-3-6315-8111-7.
  48. ^ Johnson 1989. С. 112—113.
  49. ^ «Alps». Encyclopædia Britannica.
  50. ^ «Average Conditions, Vienna, Austria». British Broadcasting Corporation.
  51. ^ «Klimamittel». Austrian Meteorological Institute.
  52. ^ «Sebastian Kurz: Austrian leader resigns amid corruption inquiry». BBC News.
  53. ^ «Austria’s Permanent Neutrality». New Austrian Information.
  54. ^ «Chapter XXVI: Disarmament — No. 9 Treaty on the Prohibition of Nuclear Weapons». United Nations Treaty Collection.
  55. ^ «122 countries adopt 'historic' UN treaty to ban nuclear weapons». CBC News.
  56. ^ Prodhan, Georgina (20.01.2013). «Neutral Austria votes to keep military draft». Reuters.
  57. ^ «Defence Data». Europa.eu.
  58. ^ «Austria 1920 (reinst. 1945, rev. 2013)». Constitute.
  59. ^ Общая характеристика туризма в Австрии
  60. ^ «Presse». Statistik Austria.
  61. ^ «Probezählung 2006 — Bevölkerungszahl». Statistik Austria.
  62. ^ «Migration and migrantpopulation statistics». Europa.eu.
  63. ^ «Die Bevölkerung nach Umgangssprache, Staatsangehörigkeit und Geburtsland». Statistik Austria.
  64. ^ «Die verschiedenen Amtssprachen in Österreich». DemokratieWEBstatt.at.
  65. ^ «Regional Languages of Austria». Rechtsinformationssystem des Bundes.
  66. ^ Религия Австрии Архівавана 21 верасня 2007.
  67. ^ Austria // New International Dictionary of Pentecostal and Charismatic Movements, The / Stanley M. Burgess, Eduard M. Van Der Maas. — Grand Rapids, Michigan: Zondervan; Exp Rev edition, 2002. — С. 29. — 1328 с. — ISBN 0310224810
  68. ^ Rockwell, John (17.07.1989). «Herbert von Karajan Is Dead; Musical Perfectionist was 81». The New York Times. — С. A1.
  69. ^ «Coffee: Who grows, drinks and pays the most?». BBC News.
  70. ^ «Gruner Veltliner Wine». Wine-Searcher.
  71. ^ «Zweigelt Wine». Wine-Searcher.

Літаратура

рэдагаваць
  • Brook-Shepherd, Gordon The Austrians: a thousand-year odyssey. — New York: Carroll & Graf Publishers, Inc, 1998. — ISBN 978-0-7867-0520-7
  • Johnson, Lonnie Introducing Austria: a short history. — Riverside: Ariadne Press, 1989. — ISBN 978-0-9294-9703-7

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць